Вы тут

Метэаролагі расказалі пра незвычайныя ападкі і тэмпературы ў Беларусі


За 2022 год адзначана 46 небяспечных метэаз’яў. З іх 23 выпадкі вельмі моцнага ветру, восем — вельмі моцнага дажджу, 14 — вельмі моцнага снегу, адзін — буйнога граду дыяметрам 22 мм, сведчаць метэаролагі. Леташняя зіма стала адзінаццатым па ліку найбольш цёплым сезонам за ўсю гісторыю метэаназіранняў і адзначылася студзеньскай навальніцай. Вясна на поўдні Беларусі пачалася на месяц раней, а ў астатняй часты краіны спазнілася на два тыдні. Леташні жнівень паказаў гістарычны мінімум ападкаў і паўтарыў рэкорд жніўня-2010, які лічыўся самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў. А восень вызначылася вераснем, які стаў самым халодным за апошнія 20 гадоў. Якімі яшчэ пагоднымі выкрутасамі здзіўляла летась надвор’е, расказалі ў Белгідрамеце.


Чырвоны ўзровень зімовай небяспекі

Сярэдняя тэмпература мінулай зімой склала −1,8 ºС, што на 1,6 ºС вышэй за кліматычную норму. Пры гэтым у краіне за зіму выпала ў сярэднім 150 мм ападкаў (122 % кліматычнай нормы), а тэмпературны і вільготны рэжым зімовага сезону быў неаднародным, расказала Таццяна ЧЭТЫРКА, начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамету:

— У снежні 2021-га тэмпература была на градус ніжэй за норму, а студзень і люты — цяплейшымі за норму крыху больш як на два градусы. Пры гэтым студзень-2022 увайшоў у дваццатку найбольш цёплых студзеняў за гісторыю метэаназіранняў, заняўшы 17 месца. А люты-2022 — восьмым найбольш цёплым лютым за пасляваенны перыяд. У снежні адзначаўся нязначны недабор ападкаў (95 % ад нормы). У студзені было празмернае ўвільгатненне (169 % ад нормы), а ў лютым — 104 %.

Са студзеня па люты у Беларусі ў асобныя суткі назіраліся туманы, мяцеліцы, галалёдзіца, наліпанні мокрага снегу — гэта звычайныя з’явы для зімы. А вось незвычайнымі сталі першыя навальніцы, якія прагрымелі 17 студзеня на метэастанцыях «Высокае» і «Брэст». А 14 студзеня летась зафіксавалі дзесяць выпадкаў моцнага ветру, парывы якога дасягалі 25-29 метраў у секунду. Пры гэтым на метэастанцыі «Слаўгарад» зафіксаваны парыў ветру 30 метраў за секунду, а на метэастанцыі «Палеская» — 32 метры. У краіне ў той дзень быў абвешчаны найвышэйшы чырвоны ўзровень небяспекі. Парывы ветру 25-27 м/с адзначаліся 17 і 18 студзеня, а таксама 19 лютага.

Вясна пачалася ў лютым

Завяршэнне зімы на мове кліматолагаў азначае «ўстойлівы пераход сярэднесутачнай тэмпературы паветра праз нуль градусаў у бок павышэння». Такі перыяд летась наступіў на поўдні краіны з 4 па 15 лютага (на два-чатыры тыдні раней звычайных тэрмінаў). 13-20 сакавіка вясна прыйшла ў астатнія рэгіёны Беларусі, спазніўшыся на адзін-два тыдні. Веснавы сезон заняў 78 месца ў рэйтынгу ад самага халоднага да самага цёплага. Яго сярэдняя тэмпература аказалася на 1,1 ºС ніжэй за норму.

— Па ападках вясна была блізкая да нормы — 110 %. Праўда ў сакавіку адчуваўся іх істотны недабор (выпала адно 17 % ад нормы), гэты месяц стаў найбольш засушлівым за пасляваенны перыяд. На 19 метэастанцыях на Гродзеншчыне, Віцебшчыне, Міншчыне і Брэстчыне ўстаноўлены гістарычныя мінімумы сумы ападкаў за месяц. Празмернае ўвільгатненне (дзве месячныя нормы) назіралася ў красавіку, які стаў самым вільготным за пасляваенны перыяд, — засведчыла спецыяліст. — У красавіку на дзевяці станцыях Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей абнавіліся гістарычныя максімумы ападкаў за месяц. У маі ападкі былі набліжаны да кліматычнай нормы (98 %).

Пры гэтым тэмпературны і вільготны рэжым вясной быў неаднародны. Сакавік быў блізкі да тэмпературнай кліматычнай нормы, а красавік і май сталі халоднымі з адмоўнай анамаліяй 2,1 ºС і 1,8 ºС адпаведна. Снег поўнасцю сышоў у канцы сакавіка-пачатку красавіка, а вясна стала досыць ветранай (парывы да 15 м/с і больш). 12 мая зафіксаваны выпадкі ўзмацнення ветру да 25-28 метраў за секунду. На метэастанцыі «Клічаў» у Магілёўскай вобласці — 31 м/с.

Хвалі інтэнсіўнай цеплыні і гістарычны мінімум ападкаў

З 31 мая да 6 чэрвеня ўключна ў Беларусь летась прыйшло лета, якое стала трэцім найбольш цёплым за гісторыю метэаназіранняў пасля лета-2010 і лета-2021, расказалі спецыялісты, заўважыла Таццяна Чэтырка:

— Сярэдняя тэмпература летняга сезону склала +19,4 ºС, што на 1,4 ºС вышэй за норму. Летась адзначана ад 31 да 61 вельмі гарачых дзён (норма — 29-59 дзён) з сярэдняй тэмпературай 25 ºС і вышай, а таксама ад 2 да 26 вельмі спякотных дзён (норма — 1-13 дзён) з тэмпературай +30 ºС і вышай. За летні сезон-2022 выпала 86 % ападкаў ад кліматычнай нормы. Пры гэтым у чэрвені выпаў 91 % ад нормы ападкаў, у ліпені — 117 % нормы, а ў жніўні — 37 % ад нормы.

Пры гэтым чэрвень і жнівень былі вельмі цёплымі, а ліпень — крыху халаднейшым, чым звычайна. Сярэдняя тэмпература чэрвеня скала 19 ºС (на два градусы вышэй за норму). Чэрвень-2022 заняў сёмае месца ў дзесятцы найбольш цёплых першых летніх месяцаў. Сярэдняя тэмпература ліпеня была на 0,5 ºС ніжэй кліматычнай нормы, а жніўня — на 2,8 ºС вышэй. Жнівень-2022, дарэчы, паўтарыў рэкорд 2010 года, які стаў найбольш цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў.

— З 24 чэрвеня да 5 ліпеня ўключна пачалася хваля інтэнсіўнай цеплыні. У ліпені было ад аднаго да дзевяці дзён з максімальнай тэмпературай +30 ºС пры норме адзін—тры дні. А на поўдні краіны ў трэцяй дэкадзе чэрвеня зарэгістравалі такую з’яву, як трапічныя ночы, калі тэмпература ноччу не апускалася ніжэй за +20 ºС, — адзначыла спецыяліст.

Жнівень стаў чацвёртым найбольш засушлівым апошнім месяцам лета за пасляваенны перыяд. У Валожыне адзначаны гістарычны мінімум ападкаў за апошнія больш як 70 гадоў — за месяц летась тут выпала ў сярэднім 5,1 мм ападкаў (7 % ад нормы). Папярэдні такі мінімум назіралі ў 1973 годзе. З 12 да 30 жніўня ўключна ў Беларусі была чарговая хваля інтэнсіўнай цеплыні — цягам трох-пятнаццаці дзён максімальная тэмпература паветра днём была 30 ºС і вышай. Аднак пры гэтым на асобных станцыях 8 жніўня назіралася мінімальная тэмпература ў 6,2 ºС.

У сувязі з сухім надвор’ем у апошняй дэкадзе жніўня на большай частцы тэрыторыі Беларусі адзначалася высокая пажаранебяспека (чацвёрты клас гарымасці). Напрыканцы месяца на поўдні Міншчыны адзначаўся і пяты клас небяспекі — надзвычайная пажаранебяспека. Такая сітуацыя захоўвалася і ў першай дэкадзе верасня.

Халодны верасень і засушлівы лістапад

Леташняя восень была блізкай да кліматычнай номы і ўвайшла (на 16-м месцы) ў двадцатку найбольш вільготных сезонаў з 1945 года. Верасень быў на 2,3 ºС халаднейшым за норму, а кастрычнік — на 2,1 ºС цяплейшым (ён стаў чацвёртым найбольш цёплым кастрычнікам з 1945 года), агучыла восеньскія паказчыкі падстаўніца Белгідрамету:

— У верасні выпала 125 % кліматычнай номы, у кастрычніку — 138 %, у лістападзе — 105 %. Аднак з-за нераўнаменага выпадзення ападкаў у Гродзенскай і Брэсцкай аобласцях лістапад увайшоў у дзясятку найбольш засушлівых месяцаў за пасляваенны перыяд. 14-16 лістапада па ўсёй краіне адзначана аканчэнне вегетацыйнага перыяду, а 15-18 лістапада тэмпература перайшла праз нуль у бок паніжэння, што сведчыла пра пачатак кліматычнай зімы.

Тэмпературны рэжым апошняга месяца 2022-га аказаўся ніжэйшым за кліматычную норму з адмоўнай анамаліяй ад 0,1 да 1,5 ºС. А на поўдні і ўсходнім поўдні краіны назіралася станоўчая анамалія паветра: ад 0,1 да 1 ºС.

У снежні на тэрыторыю краіну выходзіла тры паўднёвыя цыклоны, з-за чаго колькасць ападкаў (моцнага і мокрага снегу — а гэта вельмі небяспечная метэаз’ява) ў Беларусі склала да двух месячных нормаў. А вось на поўдні Брэстчыны, амаль па ўсёй Гомельшчыне і па ўсходу Магліёўшчыны колькасць ападкаў перавысіла дзве месячныя нормы. На метэастанцыі «Мсіцслаўе» выпала амаль тры месячныя нормы.

Сёлетні студзень пачаўся з анамальна цёплага надвор’я. У першы ж дзень 2023-га адхіленне тэмператуы паветра склала 9-16 ºС. На многіх метэастанцыях былі перавышаны абсалютныя максімумы тэмпературы паветра для студзеня. Да гэтага абсалютны студзеньскі максімум +11,9 ºС фіксіраваўся 22 студзеня 1993 года на метэастанцыі «Высокае», а 1 студзеня 2023-га на гэтай станцыі тэмпература паказала +16,4 ºС.

Мінімальная тэмпература паветра летась зафіксавана 13 студзеня на станцыі «Касцюковічы» — −23,8 ºС, а максімальная — зарэгістравана 28 чэрвеня на поўдні Гомельшчыны (метэастанцыя «Лельчыцы») — +34,3 ºС. У большасці раёнаў краіны гадавая сума ападкаў перавысіла кліматычную норму, а максімум ападкаў адзначаны на метэастанцыі «Касцюковічы» (927,8 мм, або 144 % кліматычнай нормы). Менш за ўсё ападкаў выпала на метэастанцыі «Палеская» ў Брэсцкай вобласці (83 % ад нормы).

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.