Вы тут

Беларускія мастакі натхняюцца жыццялюбствам Леаніда Шчамялёва


Вялікая выстаўка на другім паверсе Палаца мастацтва з 23 лютага аддадзена жывапісцам. Традыцыйны праект, які збірае лепшыя творчыя сілы, дае падставу для роздума пра лёс асобы ў мастацтве і мастацтва асоб. Справа ў тым, што раз на два гады секцыя жывапісу Беларускага саюза мастакоў ладзіць праект пад назвай «Лабірынт». Сэнс яго не толькі ў тым, каб агледзець зробленае і ацаніць, куды і як рухаецца айчыннае выяўленчае мастацтва, але яшчэ і ў тым, каб у гледача была магчымасць пазнаёміцца з рознымі аўтарамі, пабачыць іх творы, выкананыя ў розных жанрах, пазнаць розныя творчыя манеры, зразумець сутнасць розных тэхнік жывапісу.


А сёлета праект атрымаў натхняльны штуршок і адмысловы акцэнт: «Прысвячэнне» — асобе народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, якому сёлета споўнілася б 100 гадоў. Так, спачатку года ў гледача была магчымасць агледзець рэтраспектыўныя выстаўкі твораў майстра. Але даніну павагі яму вырашылі аддаць і калегі. Леанід Шчамялёў меў непасрэднае дачыненне да дзейнасці Беларускага саюза мастакоў: амаль 30 гадоў свайго жыцця ён аддаў працы ў саюзе, быў першым намеснікам старшыні, старшынёй рады і старшынёй мастацкага фонду, узначальваў праўленне. І заўсёды шчыра цікавіўся тым, што адбываецца ў творчай супольнасці. Вось яна нібыта і трымае справаздачу перад ім за тое, што робіць зараз.

— Леанід Дзмітрыевіч — каласальная фігура для нашай культуры. Гэта чалавек яркага лёсу, які нарадзіўся ў знакамітым горадзе Віцебску, вызваляў нашу краіну падчас вайны. Ён нібыта лунае на сваім кані над Мінскам — гэта яго знакамітая праца, — гаворыць народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. — Ён як педагог многіх з нас выхаваў і сам быў прыкладам. Чалавек, які радаваўся жыццю кожную гадзіну, кожную хвіліну. Таму прысвяціць творчыя намаганні гэтай знакавай асобе — гонар для кожнага жывапісца.

Але ўсё ж гэта найперш супольная выстаўка — агляд нашых сучасных творцаў. Пры падрыхтоўцы выстаўкі далі кліч па ўсёй краіне, каб мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі прапаноўвалі свае творы. Усяго было прадстаўлена 264 творы, для экспазіцыі адабралі 140. Нехта спыніцца каля традыцыйных беларускіх пейзажаў, іншыя адзначаць яркія работы мэтра Зоі Літвінавай, кагосьці зачэпяць вобразы ў творах Сяргея Рымашэўскага, актыўная публіка папулярных мастацкіх імпрэз зноў будзе здзіўляцца адточанасці ў работах моднай Алесі Скарабагатай. Але сярод мастакоў, чые творы прадстаўлены на выстаўцы, не проста калегі, але ёсць і вучні Шчамялёва, напрыклад, Уладзімір Крываблоцкі (Леанід Дзмітрыевіч шмат гадоў выкладаў у мастацкім вучылішчы). За святлом і за колерам трэба ісці на выстаўку жывапісу: адчуваецца, што асоба майстра натхніла арганізатараў на адчуванне прыгажосці жыцця. А гэта заўсёды своечасова.

— Леанід Дзмітрыевіч быў аптыміст і вельмі любіў жыццё, пры тым, што давялося яму перажыць, — адзначае жывапісец Рыгор Несцераў. — А ў нас выпаў складаны перыяд: прайшлі кавід, цяпер тое, што адбываецца побач з нашай краінай, нас прызямляе. У такія моманты ўсім патрэбнае душэўнае ўзрушэнне, каб адчуць, што ўсё кепскае скончыцца і трэба жыць далей. А мастацтва — першы памочнік на гэтым шляху. Яно паказвае, што ў складаныя моманты дапамагае прыгажосць і душэўная гармонія. Я веру, што мы працягнем сустракацца, а мастакі будуць радаваць душу гледачоў.

Старшыня секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Грышкевіч адзначае: у складаныя часы — а іншых у нашым жыцці не бывае — можа нарадзіцца новае мастацтва, яно можа быць і ў гэтай зале. І запэўніў, што сёлета сярод іншых будзе яшчэ 2 вялікія выставы. Летам — прысвечаная Казіміру Малевічу. А напрыканцы году — біенале жывапісу, графікі і скульптуры.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала. 

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.