Вы тут

Вандроўка па філіялах Музея гісторыі горада Мінска


Калі турысты прыязджаюць у беларускую сталіцу, як думаеце, што жадаюць наведаць (акрамя паркаў і гандлёвых цэнтраў)? Гэта, напэўна, павінна быць нешта, што апісвае Мінск, яго мінулае, сучаснасць і, можа, нават будучыню, нешта, што закранае розныя бакі жыцця — ад побыту гараджан да свецкіх прыёмаў і культурнай спадчыны розных перыядаў. Прыкладам такога месца з'яўляецца Музей гісторыі горада Мінска. Толькі ёсць адзін нюанс: ён складаецца з 10 філіялаў. Кожны з іх цікавы сваімі выставамі, інтэр'ерамі і праграмамі. Турысты часам нават не здагадваюцца, што Лошыцкая сядзіба і музей Мінскай конкі — гэта часткі аднаго цэлага. У рамках выязнога семінара з Нацыянальным агенцтвам па турызме «Звязда» наведала некалькі філіялаў гэтай маштабнай установы і гатова з вамі падзяліцца ўражаннямі.


Мінск губернскі і народная творчасць

Дом, з якога пачалося наша падарожжа, з'яўляецца толькі часткай музея «Лошыцкай сядзібы». У яго склад таксама ўваходзяць прысядзібны флігель і домік брамніка.

Шлях да адкрыцця асноўнага будынка быў няпросты. Ён прайшоў рэстаўрацыю, якая актыўна крытыкавалася СМІ за «навадзел». Аднак пазбегнуць гэтага было нельга. Аднапавярховая частка дома была пабудавана яшчэ ў ХVІІІ ст. Аднак пасля 1990-х гг. будынак знаходзіўся ў крытычным стане, практычна на мяжы знішчэння. Таму было прынята рашэнне перабудаваць сцены ў аднапавярховай частцы з выкарыстаннем новага бруса. Двухпавярховая каменная частка канца ХІХ ст. засталася пры гэтым некранутай. Таксама пры рэстаўрацыі быў захаваны арыгінальны інтэр'ер дома, а ў некаторых месцах наведвальнікі могуць убачыць нават аўтэнтычныя дэкаратыўныя элементы.

Калі толькі заходзіш у вестыбюль памяшкання, першае, на што звяртаеш увагу, — печ (самая старая ў асабняку). А іх тут, дарэчы, цэлая калекцыя: 12—16 штук! Чаму такая разбежка ў лічбах? Справа ў тым, што палічыць іх вельмі цяжка, бо ў доме спецыфічная сістэма пячной архітэктуры. На адзін комін прыходзіцца некалькі печаў адначасова. Таму дакладную лічбу назваць не можа ніхто.

Далей праходзім у пакой, аформлены ў высакародных зялёных тонах. Калісьці тут была бібліятэка і гасцёўня. Увесь інтэр'ер аформлены ў найлепшых традыцыях эклектыкі канца ХІХ — пачатку ХХ. Менавіта ў гэты перыяд пры Яўстафіі і Ядзвіге Любанскіх сядзіба дасягнула піку сваёй папулярнасці і развіцця. Праходзім праз жаночы пакой і трапляем у бальную залу. Адтуль ужо даносіцца музыка. Яна запрашае гасцей пазнаёміцца з музычнай культурай таго перыяду. У Лошыцкай сядзібе рэгулярна праходзяць розныя музычныя мерапрыемствы, у тым ліку балі. Напрыклад, 4 сакавіка будынак напоўніцца прыгожымі парамі для правядзення «Балю кветак». Для таго, каб гэта не ўспрымалася як стылізаваная вечарынка, музей ладзіць у гарадской ратушы мерапрыемствы па вывучэнні бальнай культуры і этыкету.

Што асабліва ўражвае — дык гэта незвычайнае размяшчэнне пакояў. Як думаеце, куды трапіць госць, калі вырашыць выйсці з бальнай залы? У ванны пакой. І гэта зроблена не проста так. Справа ў тым, што для таго перыяду купель з водаправодам лічылася цэлым адкрыццём. Таму крыху пахваліцца ёю перад гасцямі гаспадарам было вельмі прыемна, таму што менавіта гэты будынак рабіў іх сядзібу перадавой.

Цяпер мы можам бесперашкодна хадзіць па экспазіцыі музея. Аднак у той час далей бальнай залы прапускалі нямногіх. Толькі самых блізкіх і шаноўных гасцей. А ў асабістыя пакоі гаспадыні ўвогуле ніхто, акрамя яе, не смеў заходзіць. Менавіта з гэтай прычыны таямніцы ніколі не пакідалі гэтых сцен.

Падымаемся на другі паверх (у мінулым гарышча) і бачым вялікую калекцыю твораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбонка памяці». Гэта часовая экспазіцыя. Аднак у яе межах музей ладзіць шэраг цікавых мерапрыемстваў, напрыклад, адно з іх — майстар-клас для школьнікаў па вырабе лялек-берагінь.

Настальгія па маладосці

Перамяшчаемся ў іншы філіял «Музея гісторыі горада Мінска», а менавіта ў экспазіцыйныя залы на Ракаўскай, 17. Толькі заходзіш у памяшканне — адразу адчуваеш дух сацрэалізму. Спачатку жорсткі індустрыяльны, бо ў вялікай зале ў асноўным прадстаўлена тэхніка і карціны з выявай рабочых. Але ў другой зале ўсё мяняецца. Тут мякка, але ўпэўнена пераносяць народжаных у СССР у часы іх маладосці. Карціны са сцэнамі штодзённасці цудоўна дапаўняюць экспанаты таго часу. Тут і прадметы інтэр'еру, і посуд, і жаночыя ўборы. Варта сказаць, што на карцінах намаляваныя рэальныя людзі, таму сярод іх можаце пазнаць кагосьці са старэйшых знаёмых або сваякоў. Характэрна і тое, што экспазіцыя падзелена па тэматычных блоках. Напрыклад, калі вы жадаеце паглыбіцца ў атмасферу дзяцінства для вас ідэальна падыдзе куток, дзе вісіць кранальная карціна Эрлера «Цішыня» і побач стаяць дзіцячыя цацкі таго часу, стульчык і шмат маленькіх чаравічкаў.

Творчасць Савіцкага і гісторыя горада

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага размешчана ў самым цэнтры Мінска, недалёка ад гарадской ратушы. Сам будынак галерэі з'яўляецца помнікам архітэктуры ХVІІІ стагоддзя. На першым паверсе тут прадстаўлена экспазіцыя Мінска губернскага. Падымаемся на другі паверх і трапляем у свет народнага мастака. Трэба адзначыць, што рэстаўрацыя гэтага будынка першапачаткова ішла пад галерэю Міхаіла Савіцкага. На жаль, творца не дажыў да яе адкрыцця. Тут сабрана вялікая калекцыя яго работ. Можна знайсці нават студэнцкую, якая значна адрозніваецца ад усіх іншых. Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены інструменты і асабістыя рэчы, якімі карыстаўся сам мастак. Яго работы — гэта не тое, што разгледзіш мімаходзь, у іх асабістая трагедыя і боль усяго свету зліваюцца разам і спрабуюць дастукацца да гледача. Для таго каб прасякнуцца гэтым, патрэбны час. На яго карціны трэба глядзець на рознай адлегласці і пры розным асвятленні. Вы здзівіцеся, але элементарныя сюжэты пры такім эксперыменце зайграюць па-новаму.

На любы густ і колер

Апошнімі пунктамі нашага падарожжа сталі археалагічны музей «Верхні горад» разам з экспазіцыямі «Карэтная» і «Мінская конка». Большасць артэфактаў, прадстаўленых у археалагічным музеі, былі знойдзены ў гістарычным цэнтры Мінска. Размяшчэнне філіяла таксама невыпадковае: ён спраектаваны над археалагічным раскопам 2007—2008 гг. з арачнымі падмуркамі гаспадарчай пабудовы манахаў-бернардынцаў пачатку ХVІІІ стагоддзя.

Далей мы паглядзелі экспазіцыі «Карэтнай» і «Мінскай конкі». На апошнім пункце ўдзельнікаў семінара чакала прэзентацыя праграмы «Рух «Мінск — Парыж». Тут і ў конным вагончыку «пракаціцца» можна, і нямое кіно паглядзець, і нават паспрабаваць намаляваць карціну.

За насычанай праграмай час праляцеў незаўважна і хутка прыйшлося падводзіць вынікі семінара. «Калі цікавяцца, што можна ўбачыць у Мінску, мы задаём пытанне: «А што вы хочаце ўбачыць? Які Мінск вы хочаце, такі мы вам і пакажам», — адзначыла падчас правядзення круглага стала Ганна Вашчынчук, начальнік аддзела якасці і вучэбна-аналітычнай работы дзяржаўнай установы «Нацыянальнае агенцтва па турызме». Таксама яна дадала, што была прыемна здзіўлена атмасферай у выставачных залах на Ракаўскай, 17 і святочнай праграмай «Рух «Мінск — Парыж».

Гісторыя Мінска багатая і разнастайная. Музеяў шмат — на любы густ і колер. Тут вам і Мінск археалагічны, і губернскі, і мастацкі, і паўсядзённы. Выбірайце, што душы заўгодна. Але лепш знайдзіце час і паступова наведайце ўсё, каб пазнаць горад як мага бліжэй.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.