Вы тут

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў: Мы працуем на стадыі ініцыатывы


Паступальнае развіццё эканомікі заўсёды стаіць на парадку дня ў ліку першых. Бо эканоміка — гэта бесперабойнае функцыянаванне прадпрыемстваў, новыя рабочыя месцы, прыстойная сацыяльная сфера. І забяспечыць усё пералічанае заклікана эфектыўная заканатворчая дзейнасць. Аб гэтым і не толькі мы гаворым са старшынёй Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, дэпутатам па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1 Леанідам Брычом.


Фота: БелТА

— Пачну з таго, што ў нашай камісіі цесныя зносіны з Міністэрствам эканомікі, якое па сутнасці з’яўляецца штабам эканамічнай палітыкі краіны, — гаворыць Леанід Рыгоравіч. — Менавіта ў міністэрстве распрацоўваюцца нарматыўныя дакументы, якія датычаць развіцця эканомікі. На стадыі падрыхтоўкі законапраектаў мы актыўна супрацоўнічаем са спецыялістамі міністэрства, а потым выносім дакументы і прапановы на разгляд парламентарыяў. За апошнія гады распрацаваны, прыняты і ўдасканалены шэраг законапраектаў. Скажам, прыняты новыя рэдакцыі Закона аб гаспадарчых таварыствах, Закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Змяненні ў апошнім, якія ўступілі ў сілу ў студзені гэтага года, накіраваны на далейшае развіццё інстытута дзяржаўна-прыватнага партнёрства праз спрашчэнне шэрага працэдур у дадзенай сферы, гэта значыць, на актывізацыю прыцягнення прыватнага капіталу для стварэння інфраструктурных праектаў і вырашэння сацыяльна-эканамічных задач.

Сёння, ва ўмовах санкцыйнага ціску, інвестыцыі набываюць асаблівую важнасць. Напрыклад, за 2022 год толькі замежныя інвестыцыі ў эканоміку краіны склалі каля 7 мільярдаў долараў. Палова з іх — расійскія ўкладанні, але ёсць у гэтым спісе і іншыя краіны, у ліку інвестараў мы бачым бізнес з Нідэрландаў, іншых прадстаўнікоў блізкага і далёкага замежжа. Таму змяненне і ўдакладненне закона выглядае вельмі своечасовым.

— Заўсёды актуальнай застаеца праблема банкруцтва, санацыі прадпрыемстваў. На што абапіраліся ў камісіі пры выпрацоўцы змяненняў у адпаведны закон?

— Абапіраліся на меркаванне практыкаў, на пасыл кіраўніка дзяржавы аб тым, што трэба імкнуцца захаваць прадпрыемствы і рабочыя месцы. Гаворка ідзе пра надзвычай важны законапраект «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці», прыняты ў другім чытанні і зусім нядаўна падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Закон не толькі ўдакладніў папярэдніка — «Закон аб банкруцтве», але, як бачым, і змяніў назву. Пры распрацоўцы быў улічаны і рэалізаваны пасыл Прэзідэнта аб тым, што галоўнай мэтай становіцца не давесці прадпрыемства да ліквідацыі, а максімальна яго аздаравіць. Такім чынам, павялічваюцца магчымасці для абароны правоў прадпрыемстваў, якія аказаліся ў цяжкім фінансавым становішчы. Вялікая роля адводзіцца мясцовым органам улады, яны павінны маніторыць сітуацыю са станам прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці і на стадыі пачатку эканамічнага «захворвання» прымаць меры да аздараўлення. Усё для таго, каб у выніку не развальваць прадпрыемства, не ліквідаваць вытворчасць, не звальняць людзей, а даць магчымасць падняцца.

У першым чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным прагназаванні і праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь». Названы закон быў прыняты чвэрць стагоддзя таму, змены наспелі даўно, яны абумоўленыя неабходнасцю павышэння эфектыўнасці сістэмы прагназавання і планавання. Умацоўваюцца рэгіянальныя і галіновая сістэмы прагназавання, карэкціруецца ўзровень зацвярджэння дакументаў, у тым ліку ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі.

Мы актыўна працуем і над тымі законапраектамі, якія яшчэ не паступілі ў камісію, працуем на стадыі падрыхтоўкі, ініцыятывы. Гэта датычыць законапраекта, які будзе рэгуляваць падаткаабкладанне інвестараў. Яшчэ адзін законапраект адрэгулюе некаторыя аспекты развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Асноўная праблема, якая прадыктавала змены, заключаецца ў тым, што прыватны бізнес, у тым ліку малы, не належным чынам удзельнічае ў сацыяльным развіцці дзяржавы.

Думаю, нікога не варта пераконваць, што падаткі трэба плаціць усім, і малы бізнес павінен тое рабіць нароўні з прадпрыемствамі, у тым ліку і дзяржаўнай формы ўласнасці. Як мы ведаем, за кошт падаткаў жыве сацыяльная сфера. Усе ж хочуць, каб добра функцыянавалі ахова здароўя, адукацыя, культура. Але многія суб’екты гаспадарання скарысталі недасканаласць заканадаўства і здолелі ўхіліцца ад выплаты падаткаў. Апошняе робіцца як быццам цалкам на законных падставах. Маю на ўвазе, напрыклад, драбленне бізнесу, калі тры-чатыры дзясяткі супрацоўнікаў малога прадпрыемства пераводзяць у ІП, і падаткі становяцца ўжо на парадак меншыя. Камітэт Дзяржкантролю прадставіў нам інфармацыю пра падобныя спосабы адносна законнага ўхілення ад падаткаў. У выніку ў бюджэт паступаюць сумы ў разы меншыя. Вось такія моманты і прадугледжвае закон, які яшчэ на стадыі распрацоўкі.

Але ж хачу падкрэсліць, што змяненнямі ў заканадаўстве ніхто не ставіць мэту ліквідаваць прадпрымальніцтва як клас альбо задушыць малы бізнес, як тое гучыць з асобных інфармацыйных рэсурсаў. Стымулы для развіцця, ільготы, прадугледжаныя папярэднім законам, застаюцца і атрымаюць новае развіццё. Гэта сусветная практыка.

— Даволі часта бываю ў вёсках, у сельсаветах. З кіраўнікамі мясцовай улады заўсёды заходзіць гаворка пра тое, як важна развіваць бізнес на вёсцы. На жаль, у сельскай мясцовасці шмат памяшканняў, якія не выкарыстоўваюцца, а маглі б прыносіць карысць людзям. Стаяць зачыненыя на замок будынкі магазінаў. Парламентарыі ведаюць пра гэта?

— Сёння ў Палаце прадстаўнікоў на кантролі выпрацоўка прапаноў па паляпшэнні работы Белкаапсаюза. Сапраўды, пара даць магчымасць ініцыятыўным людзям набыць гэтую нерухомасць і надаць ёй другое жыццё. Нават калі новы гаспадар створыць адно рабочае месца ў той жа ўмоўнай краме, гэта лепш, чым пабудова будзе стаяць гадамі, а то і дзесяцігоддзямі, ды разбурацца.

Мы адкрытыя для любых прапаноў у плане развіцця вясковага бізнесу, гатовыя падмацаваць заканадаўча самыя канструктыўныя і рэальныя.

— Прапаную пагаварыць пра работу ў акрузе. Літаральна за дзень перад нашай размовай вы праводзілі прыём грамадзян. З чым цяпер ідуць людзі да дэпутата парламента?

— Варта сказаць, што працэнтаў 70 ад усіх зваротаў па-ранейшаму датычыць работы ЖКГ, добраўпарадкавання тэрыторый, працаўладкавання маладых людзей, пенсіённага заканадаўства. Звароты па пытаннях удасканалення дзеючага заканадаўства актыўна паступалі падчас абмеркавання праекта абноўленай Канстытуцыі. Цяпер выбаршчыкі найчасцей прыходзяць па праблемах, звязаных са штодзённым жыццём. Напрыклад, нядаўна наведвальнікі ўзнімалі праблемы пенсіённага забеспячэння. Прыйшоў чалавек, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які раней жыў і працаваў ва Украіне. Цяпер са зразумелых прычын ён не можа пацвердзіць свой стаж у суседняй краіне. Дык вось, ён прапануе замацаваць заканадаўча норму, па якой бы запіс у працоўнай кніжцы станавіўся падставай для залічэння перыяду работы ў пенсіённы стаж. Гэта складанае пытанне, яго трэба вывучаць.

Радуе, калі людзі прыходзяць з канкрэтнымі прапановамі па паляпшэнні сваёй тэрыторыі: вуліцы, дома, мікрараёна. На папярэднім прыёме ў мяне быў такі гараджанін сталага веку. Ён прадставіў цэлы план па добраўпарадкаванні свайго раёна, там і падсыпка вуліцы, уладкаванне святлафора каля школы, шэраг іншых пунктаў. Гэты дакумент мы перадалі ў выканаўчыя органы ўлады. Ужо паступіў адказ, прапановы грамадзяніна ўзялі на заметку, бо выглядаюць яны слушнымі, паабяцалі асобныя пункты ўключыць у праграму работы на наступныя гады.

— Ведаю, што кожны прыезд у акругу пачынаеце з наведвання працоўных калектываў. Якія праблемы ўзнімаюць там, з якім настроем працуюць брастаўчане ў Заходняй акрузе?

— Так, мікраклімат у калектывах — найлепшы паказчык здароўя грамадства. У калектывах, я б сказаў, усё спакойна, людзі працуюць на карысць сваёй сям’і і дзяржавы. Стараюся бываць на ўсіх святочных мерапрыемствах у сваёй акрузе: абавязкова павіншаваць ветэранаў з Днём Перамогі, прадстаўнікоў працоўных калектываў — з дзяржаўнымі святамі. 15 лютага быў на мерапрыемствах з нагоды Дня памяці воінаў-інтэнацыяналістаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.