Кожны год вясна прыносіць з сабой жаданне жыццёвых пераменаў. І калі на глабальныя крокі — змену работы, або ўвогуле сферы дзейнасці, або нават, барані Бог, мужа — рашучасці не хапае, можна хаця б памяняць імідж: напрыклад, прычоску. І тут самым зберагалым рашэннем будзе не цалкам адстрыгчы даўжыню, а «зрабіць грыўку». Тым больш, што грыўкі цяпер у модзе — расказваем, якія менавіта і каму такія пойдуць.
У прынцыпе, грыўка — той варыянт, калі «і ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя»: рэзкіх пераменаў быццам бы няма, а вобраз стаў больш яркім. Але гэта толькі ў выпадку, калі абраны варыянт вам падыходзіць. Калі ж не — вы будзеце доўга яе адрошчваць, лаючы сябе, што паддаліся вясноваму жаданню новага. Так што выбар выгляду грыўкі — пытанне важнае. Якія варыянты сёння ў модзе? І што раяць стылісты?
Гэта візітная картка 2022 года, і яна па-ранейшаму на грэбні моднай хвалі. Падоўжаная, яна распадаецца на дзве палоўкі па абодва бакі твару. «Шторка» была прыдуманая ў далёкіх 1970-х (натхняемся вобразамі Брыджыт Бардо). Выдатна выглядае і з карэ, і з доўгімі валасамі, і з рознага роду пучкамі і прычоскамі. Не патрабуе дбайнай або складанай укладкі, падыходзіць у прынцыпе да любой формы твару. За што і любімая модніцамі розных узростаў. Ідэальная для квадратнага твару — робіць яго рысы мякчэйшыми і больш вытанчанымі.
Не з’яўляецца ўльтрамоднай, затое папулярная ўжо шмат сезонаў запар. Зробіць больш стыльнай практычна любую прычоску. Спалучаецца як з доўгімі валасамі, так і з зусім кароткай стрыжкай. Бонус — маскіруе маршчынкі на лбе. І ўкладваць яе проста. Асіметрыя зрокава «выцягвае» твар, што немалаважна для дзяўчат з круглай формай твару. Таксама гэта аптымальнае рашэнне для трохвугольнай формы твару. Гушчыню такой грыўкі варта выбіраць, зыходзячы з формы твару (дакладней, з вышыні ілба). Мінус толькі адзін — такі чубок закрывае адно вока, але калі вас гэта не раздражняе — тады «касая грыўка» практычна бяспройгрышны варыянт.
Была вельмі папулярная пару-тройку гадоў таму. Тады яе яшчэ назвалі «поні». Падыходзіць далёка не ўсім. Дакладней, толькі дзяўчатам і жанчынам з авальнай формай твару — а такім правільным тварам пасуе наогул любая форма грыўкі. Затое, калі вы шчаслівая ўладальніца менавіта такой формы твару, густая прамая грыўка схавае ваш узрост, зробіць вас маладзейшай і дадасць нефармальную нотку ў ваш вобраз. Выразная лінія зрэзу акцэнтуе ўвагу на прыгажосці вачэй. Вышэй або ніжэй броваў будзе гэты зрэз — не важна, усё роўна вашы вочы візуальна стануць ярчэйшымі. Падкрэсліць такую форму чубка лепш пры дапамозе выразнай геаметрыі стрыжкі: ідэальныя «партнёры» — карэ без падаўжэння наперадзе або прамы зрэз валасоў да плячэй. І памятайце: выбіраючы такую грыўку, вы «падпісваецеся» на тое, каб рэгулярна карыстацца прасам для валасоў, таму што прамая густая грыўка пры хвалістасці астатняй прычоскі будзе выглядаць ненатуральна.
Градуяваная, або, як кажуць у народзе, «ірваная» грыўка таксама з намі ўжо шмат гадоў, і сёння па-ранейшаму любімая і актуальная. Усё таму, што градуіроўка дае магчымасць зрабіць больш мяккімі і жаноцкімі няправільныя рысы твару. Падыходзіць у першую чаргу для квадратных, трохвугольных, круглых твараў (але ў кожным выпадку даўжыня яе павінна быць рознай). Укладваць такі чубок не складана, і з ім можна стварыць мноства цікавых вобразаў і з распушчанымі, і з сабранымі валасамі. Градуяваная грыўка вельмі дэмакратычная — добра выглядае і з падвітымі валасамі, і з прамымі. У нашы дні такі выгляд грыўкі стылісты раяць як дадатак да каскадных стрыжак — усякага роду «лесвічак» рознай даўжыні.
Любімая грыўка мадэляў на подыумах, яна традыцыйна сустракаецца на модных паказах. Калі падаўжэнне рэзкае і геаметрычнае, гэта надае вобразу рысачку бунтарства і смеласці. Калі падаўжэнне мяккае і паступовае, вобраз атрымліваецца далікатным і вытанчаным. Гэта форма грыўкі здольная візуальна скарэктаваць шырокія скулы і шыракаваты лоб. Трэба сказаць, такі чубок дома не адстрыжэш, ды і ў цырульні па суседстве — таксама латарэя. Каб вобраз атрымаўся сапраўды стыльным, трэба ісці ў неблагі салон — там падбяруць тып падаўжэння і «глыбіню» паўкола менавіта пад вашыя рысы твару. Гэты від грыўкі патрабуе ўкладкі — кожную раніцу патрэбныя будуць стайлінгавыя сродкі і каля 10 хвілін вашага часу. Затое вобраз будзе, безумоўна, стыльным. Аднак такая грыўка катэгарычна не падыдзе уладальніца квадратнай формы твару. Ды і дзяўчатам з круглым тварам варта сем разоў адмераць, перш чым адзін раз адрэзаць.
Калі вы шукаеце альтэрнатыву пластычнай хірургіі, каб памаладзець гадоў на дзесяць, вельмі кароткая грыўка з гэтым справіцца. Калі яна пасуе вам. Вострамодны трэнд тоіць у сабе мноства небяспек. Выглядае такая грыўка вельмі стыльна, асабліва ў спалучэнні з доўгімі валасамі, але падыходзіць, па сутнасці, толькі адной форме твару — авальнай, з правільнымі рысамі. У астатніх выпадках — падкрэсліць усе недахопы і няправільнасці. Адрошчваць яе цяжка, укладваць складана (прычым укладка спатрэбіцца кожны дзень), асабліва калі ў вас непаслухмяныя валасы. Мыць галаву з грыўкай наогул і з ультракароткай у прыватнасці прыйдзецца часцей, чым вы прывыклі, пакуль чубка ў вас не было — справа ў тым, што грыўка становіцца «бруднай» значна хутчэй асноўнай масы валасоў. А калі такая форма вам спадабаецца, да цырульніка прыйдзецца хадзіць у сярэднім раз у два тыдні, каб грыўка не губляла выгляд. Так што залатое правіла пра «адмяраць» і «адрэзаць» тут з’яўляецца ключавым.
Варыянт для самых асцярожных і прадуманых. Мацуецца штучная грыўка гэтак жа, як накладныя локаны (праз пару разоў вы прылаўчыцеся, і працэс прымацавання аксэсуара не будзе займаць у вас больш, чым некалькі секунд). З яе дапамогай можна зразумець, ці падыдзе вам грыўка наогул і абраны варыянт у прыватнасці. І даведацца пра меркаванне навакольных — калі правільна падабраць тон грыўкі пад ваш колер валасоў, ніхто і не здагадаецца, што яна «фальшывая». Праўда, не ўсім зручна цэлы дзень хадзіць з такой прыладай на галаве, і многія аддаюць перавагу нажніцам цырульніка перад «падманкай». Але тут ужо выбар за вамі — стрыгчы ці не стрыгчы.
Дзіяна РОНІНА
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.