Вы тут

Дзяржзаказ для каледжаў і фінансавая незалежнасць


Дзяржзаказ для каледжаў

Упершыню ў Казахстане больш за 10 тысяч студэнтаў каледжаў навучаецца па заказе прадпрыемстваў.


«Укараняецца мэтавая падрыхтоўка кадраў па заяўках прадпрыемстваў з абавязацельствам працаўладкавання. Дадзены кірунак намі распачаты з гэтага навучальнага года і ўжо сёлета больш за 10 тысяч студэнтаў навучаецца па заказе прадпрыемстваў», — паведаміла першы віцэ-міністр асветы Казахстана Шалпан Карынава на прэс-канферэнцыі ў Службе цэнтральных камунікацый.

Яна растлумачыла, што для гэтага арганізацыя заключае дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы з каледжам. Разам з тым прадпрыемства бярэ на сябе абавязацельствы па арганізацыі практыкі, стажыроўкі педагогаў на сваёй базе і далейшае працаўладкаванне выпускнікоў.

Адукацыйныя праграмы абнаўляюцца па патрабаваннях работадаўцы. У працэсе навучання студэнты могуць праходзіць практычнае навучанне на прадпрыемстве. «Такім чынам пасля заканчэння навучання 100 працэнтаў выпускнікоў у рамках мэтавага дзяржзаказу змогуць працаўладкавацца на гэтых прадпрыемствах», — дадала Шалпан Карынава.

Не вытрымаў 500 дзяўчат…

У індыйскім горадзе Сундаргарх 17-гадовы студэнт каледжа Маніш Шанкар Прасад страціў прытомнасць падчас экзамену, калі ўбачыў, што ў аўдыторыі ён знаходзіцца адзін з 500 дзяўчатамі. Пра гэта паведамляе The Tіmes of Іndіa.

Паводле інфармацыі выдання, Прасад прыйшоў здаваць экзамен па матэматыцы. Аднак калі ён зайшоў у аўдыторыю, то ўбачыў некалькі сотняў дзяўчат — і ніводнага хлопца. З-за гэтага студэнт моцна занерваваўся, у яго забалела галава, паднялася тэмпература і ён страціў прытомнасць.

Як растлумачылі сваякі Прасада, той заўсёды быў вельмі сарамлівым, таму адчуў сябе некамфортна ў асяроддзі дзяўчат. У адміністрацыі каледжа заявілі, што прычынай таго, што студэнт трапіў у жаночую аўдыторыю, магла стаць памылка пры запаўненні анкеты, калі ён пазначаў пол.

Маладыя, але багатыя

У Расіі студэнты разлічваюць стаць фінансава незалежнымі да 21,3 года, высветлілі эксперты «АшчадСтрахаванне жыцця».

«У сярэднім па краіне для ўсіх узроставых груп гэты паказчык складае 25,8 года. Характэрна, што 38 працэнтаў апытаных навучэнцаў ВНУ заявілі, што ўжо лічаць сябе фінансава незалежнымі», — адзначаецца ў даследаванні.

Большасць апытаных студэнтаў (78,6 працэнта) лічыць, што фінансава незалежны чалавек можа цалкам сябе забяспечыць, мае стабільны заробак, які пакрывае ўсе патрэбы і буйныя пакупкі (63,8 працэнта), жыве ва ўласным жыллі (62,3 працэнта). Пры гэтым 27,3 працэнта маладых рэспандэнтаў думае, што такі чалавек атрымлівае пасіўны даход ад інвестыцый і ўкладаў (27,3 працэнта).

«Маладыя людзі большае значэнне надаюць магчымасці шмат падарожнічаць (17,3 працэнта рэспандэнтаў студэнцкага ўзросту) супраць 14 працэнтаў па ўсіх узроставых групах) і меншае — дапамозе блізкім (14,5 працэнта студэнтаў супраць 17 працэнтаў апытаных усіх узростаў)», удакладнілі эксперты.

Акрамя таго, на думку 95,2 працэнта студэнтаў, падмурак фінансавай незалежнасці — прыстойная заработная плата. У той жа час яны мяркуюць, што месячны даход павінен складаць не менш як 80,7 тысячы рублёў.

Таксама 58,6 працэнта апытаных прадстаўнікоў студэнцтва лічыць наяўнасць укладаў, накапляльных рахункаў, праграм накапляльнага страхавання жыцця абавязковай умовай матэрыяльнай свабоды. Пры гэтым па ўсіх узроставых групах апытаных з пералічаным пагадзілася ў сярэднім усяго 43,8 працэнта рэспандэнтаў.

Паводле вынікаў апытання, маладыя людзі лічаць, што неабходная для іх сума зберажэнняў — 3,6 мільёна рублёў.

«49,2 працэнта моладзі для фінансавага дабрабыту спатрэбіцца рэнта, 17,9 працэнта разлічвае на сваю справу, 10,4 працэнта будзе выкарыстоўваць альтэрнатыўныя інструменты, а 5,9 працэнта — інвеставаць у акцыі і аблігацыі. Адметна, што цікавасць да каштоўных папер у маладога пакалення вышэйшая, чым у сярэднім па ўсіх узроставых групах: 5,9 працэнта супраць 3,5 працэнта», — падкрэслілі эксперты.

Сяргей СТАРЫНАЎ


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.