Вы тут

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»


На XXX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы — шмат гасцей з розных краін свету. Краінай — Ганаровым госцем з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Будзе працаваць прадстаўнічы стэнд — «Кнігі Расіі». Прыедзе даволі шмат кнігавыдаўцоў, распаўсюджвальнікаў кнігі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, іншых расійскіх гарадоў, прыедуць паэты, празаікі, перакладчыкі, публіцысты. Сярод іх — і Уладзіслаў АРЦЁМАЎ, вядомы рускі паэт, перакладчык. Многія гады рэдагуе літаратурна-мастацкі часопіс «Москва». Даволі часта наведваецца ў Беларусь, з якой яго яднаюць крэўныя повязі. Галоўны рэдактар «Москвы» прыехаў пазнаёміць беларускіх чытачоў са сваім часопісам, са сваімі новымі кнігамі. Журналіст «Звязды» сустрэўся з расійскім пісьменнікам і задаў некалькі пытанняў. 


— «Так кто же мы — деревья? Облака?/ Нет тверже нас, и нету нас покорней.../ Славянский дух течет через века — / Дыхание! — а держит крепче корня». Так заканчваецца Ваш верш «Славянскі дух», дзе Вы пішаце і пра свайго палескага дзеда і пра свайго прадзеда з Курска... Уладзіслаў Уладзіміравіч, і ў Вашым уласным жыцці шмат усяго такога замешана — і Беларусь, і Расія... Як гэта адбілася на Вашай творчасці? 

— Я рос у беларускай вёсцы, Жукавец, што стаіць на рацэ Бярэзіне, у Мінскай вобласці. Таму натуральным чынам першыя словы вымавіў на беларускай мове. У тры гады мяне завезлі ва Узбекістан, там я перавучыўся на рускую мову. У шэсць гадоў бабуля прыехала за мною і завезла назад у вёску. Памятаю, як равеснікі рагаталі над маім рускім маўленнем — «ре», «че», замест цвёрдых беларускіх «рэ», «чэ»... Ізноў хутка загаварыў на беларускай. У юнацтве паехаў у Расію і ізноў перайшоў на рускую. 

У беларускай мове болей старажытнага духу, яна бліжэй да вытокаў мовы, якая некалі была агульнай. Я заўважаў у час вучобы ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага, што мне «Слова пра паход Ігаравы» болей зразумелы твор, чым маім рускім аднакурснікам. Адчуваць гэтыя старажытныя карэнні мовы вельмі важна для пішучых. Гэта безумоўна ўплывае на стыль і пабудову вершаў і прозы, нават калі і не праяўляецца ўяўна. 

— Сёння ў чытача, на крайні выпадак — гэта відавочна ў Беларусі, калі гаварыць пра чытача масавага, старога, прывучанага да літаратуры савецкага часу, адно пытанне: «Пра што пішуць зараз пісьменнікі? Каго чытаць?» Пры ўсім шматабліччы напісанага, выдадзенага каго б Вы асабіста параілі б прачытаць? Не проста добры раман, добрую аповесць, а кнігу, дзе ёсць што-небудзь важнае, пісьменнікам заўважанае ў часінах сённяшніх...

— Годная, вартая і параўнальна аб’ектыўная кніга пра «часіны сённяшнія» можа з’явіцца гадоў праз пяцьдзесят. Пакуль жа мы ўсе топчамся ў бурлівым патоку жыцця, заўважаючы стракатыя падрабязнасці, але не ўяўляючы агульнай паўнавартаснай карціны. І сучасныя кнігі даволі дакладна фіксуюць гэтыя падрабязнасці. Ёсць адна старажытная кніга, у якой найболей яскрава адлюстраваны дух сённяшняга часу — «Апакаліпсіс» Іанна Багаслова. 

Калі вы жадаеце даведацца пра палітычны расклад і настроі ў вышэйшых эшалонах расійскай улады, то магу параіць мастацка-публіцыстычныя раманы Анатолія Салуцкага. Гэта чалавек мудры, з багатым жыццёвым вопытам, шмат што ведае. Мы друкавалі гэтыя раманы ў часопісе «Москва». У іх ёсць тонкі аналіз узаемаадносін народа і дзяржавы, аналіз змен, якія адбыліся ў краіне за апошнія трыццаць гадоў. 

Мне па службовым абавязку даводзіцца чытаць шмат рукапісаў сучаснай прозы. Як правіла, усе гэтыя творы падпадаюць пад вызначэнне — «бягучая літаратура». 

Калі разважаць болей абстрактна, то, на мой погляд, самае важнае і заўсёды самае сучаснае ў літаратуры — гэта лірыка. Лірыка болей устойлівая, чым эпас. Эпас пераменлівы, яго забірае час. Лірычнае ў літаратуры — вечнае і сапраўднае, не падуладнае часавым пераменам, не залежнае ад палітычных раскладаў. Катул і Ясенін пісалі пра каханне. Стагоддзі мінуліся, а каханне ўсё тое самае... 

— Здараецца, літаратурныя крытыкі гавораць пра тое, што «адчуванне прыгажосці і гармоніі... прыходзіць толькі да тых, хто здолее адолець страх і падняцца над мітуслівай драбязою»... Літаратура здольная адключыць у чытача страх, можа пасунуць нас да прыгажосці і гармоніі? Ці гэта зусім не літаратуры задачы? 

— Калі герой Дастаеўскага гаворыць: «Прыгажосць выратуе свет», я гэта разумею зусім канкрэтна. Пачуццё прыгажосці і гармоніі закладзена ў кожным чалавеку з самых яго вытокаў. Гэта ў сучасным свеце — апошняе апірышча чалавека. Ёсць яшчэ адно апірышча — мараль. Але з маральнымі запаветамі разабрацца лягчэй, і гэта даўно зроблена. «Не забі!» «Ну, чаму ж?» — аспрэчвае спакуснік. — Напрыклад, забіць ворага народа ці контру — дазволена і нават ухвальна«. «Не ўкрадзі». «Глупства, — ізноў нашэптвае д’ябал — «рабуй нарабаванае» і гэтак далей... 

А вось з прыгажосцю разабрацца не так і лёгка. Не так проста пераканаць чалавека, што якая-небудзь брыдкая мазня, выстаўленая ў музеі сучаснага жывапісу, з’яўляецца вяршыняй, шэдэўрам. Нават калі пад ёю цэннік ў дзвесце мільёнаў нейкіх істотных адзінак... Чалавек, каб не выглядаць белай варонай, пэўна, апусціць голаў і пагодзіцца, але ў глыбіні душы застанецца пры сваёй думцы. 

Тое самае і ў літаратуры. Цалкам відавочна, што агіднае і нізкае ў літаратуры ёсць праява страху і нянавісці. Прыгажосць і гармонія — праява дабрыні і любові. 

— Часопіс «Москва» сёння... Не пытаюся, як выжываеце. У кожнага з «тоўстых» часопісаў свае рэцэпты. Ранейшыя часіны і чытацкай ўвагі, і дзяржаўнай падтрымкі ўжо не вярнуць... Як знаходзіце тыя галоўныя празаічныя і паэтычныя творы, якім даеце жыццё на старонках «Москвы»?..

— Ёсць правераныя аўтары, за якімі мы назіраем, з якімі сябруем і пастаянна да іх звяртаемся, друкуем іх новыя творы. Гэтыя аўтары блізкія нам па духу і накірунку. Мы — часопіс рускай культуры, традыцыйнай, класічнай, здаровай. Даволі шмат матэрыялаў збіраем у паездках па краіне, праводзячы семінары і нарады маладых пісьменнікаў. Часам выдатныя рукапісы прыходзяць на адрас рэдакцыі самі па сабе...

— Пра сённяшнюю беларускую літаратуру ёсць нейкае ўяўленне ў Маскве, у Расіі?

— Самае прыблізнае. Літаратурная крытыка ў заняпадзе. Ранейшыя сувязі разарваны, узнаўляюцца яны цяжка і марудна. 

Сочыце за публікацыямі ў іншых «тоўстых» літаратурных часопісах Расіі? Якія з іх, акрамя «Москвы», параілі б выпісаць чытачам у Беларусі? 

— Калі ў 90-я гады краіна наша разбуралася, вядомы міліярдэр Сорас, самы злосны вораг праваслаўя і ўсяго рускага, выдзеліў немалыя грошы для так званай «падтрымкі» «тоўстых» літаратурна-мастацкіх часопісаў Расіі. Гэтыя грошы атрымалі ўсе часопісы ліберальнага характару. 

Але два часопісы, на шчасце, аказаліся па-за межамі гэтых «клопатаў». Часопісы «Москва» і «Наш современник».
— І яшчэ адно пытанне напрыканцы... Вы раней шмат перакладалі з беларускай паэзіі. Ці няма жадання ўгледзецца ў сучасную беларускую паэзію і паспрабаваць нешта перакласці на рускую?

— У маладосці я шмат перакладаў не толькі з беларускай, але і з іншых моў па падрадкоўніках. Складаней усяго перакладаць з беларускай. А ўвогуле пераклады адымаюць шмат сіл і часу. Зараз у мяне складанасці і з тым, і з другім. Няма ні часу, ні той энергіі, што была раней. Паспець бы напісаць сваё. 

Гутарыў Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.