Вы тут

Кустодзіеўскі погляд на жыццё ўзбагачае вясну ў Нацыянальным мастацкім


Творы рускага мастака Барыса Кустодзіева, здаецца, складана не ведаць зусім. Хоць бы па рэпрадукцыях — яго вобразы даволі вядомыя і пазнавальныя, як, напрыклад, «Купчыха за чаем». Пышная жанчына радуецца жыццю і наталяецца гарачым напоем, толькі што з самавара, вальяжна пазірае на свет, які існуе вакол з горадам і шпілямі цэркваў. Узгадалі? Вядомы твор, што праўда, знаходзіцца не ў Беларусі. Але ў калекцыі нашага Нацыянальнага мастацкага музея ёсць іншыя карціны мастака, які бачыў прыгажосць у простых з’явах і ўвасабляў яе буянне — праз яркія фарбы, напоўненыя жыццём постаці людзей, захапляльныя пейзажы ці сцэны святаў, у якіх адлюстравана чалавечая радасць існавання. 


Вось хоць бы паглядзець «Масленіцу» — адзін з твораў Кустодзіева, які знаходзіцца ў ліку шэдэўраў калекцыі рускага мастацтва нашага галоўнага музея: снежная зіма лаванне адразу звяртаюць да вядомай хрысціянскай традыцыі, калі чалавеку дадзена магчымасць гульнуць напоўніцу перад тым, як стрымліваць сябе ў вялікі пост. Для Кустодзіева вось такое адчуванне радасці жыцця наогул характэрнае: ён рана і цяжка захварэў, цярпліва змагаўся, рабіў аперацыі, пераадольваў боль, але пры гэтым працаваў і цаніў кожны дзень жыцця. Можа, таму яно ў яго такое прыгожае і напоўненае яркімі эмоцыямі? Калі чалавек вымушаны змагацца і радавацца кожнаму імгненню, падаранаму лёсам, то зафіксуе яго ва ўсім багацці колераў. Яны часам рэжуць вока, але гэтая пярэстасць — своеасаблівая метафара. З аднаго боку — свету, які бачыў мастак (ён адлюстроўваў расійскае правінцыйнае жыццё), а з другога — яго прызнання: глядзіце, я ёсць, я бачу і адчуваю. Нават будучы прыкаваным да інваліднага вазка Барыс Кустодзіеў не мог не працаваць. Так і пісаў — нібыта ўкладваў усю сваю энергію ў карціны, кожная з якіх магла стаць апошняй. А яшчэ любіў фіксаваць моманты жыцця і ўсіх сваіх блізкіх, каханую жонку на фота — зробленыя ім здымкі пачатку ХХ стагоддзя можна паглядзець на выстаўцы, каб зразумець крыніцы жыццялюбства мастака. Гэтыя здымкі трапілі на выстаўку ў Мінск са збору Астраханскай карціннай галерэі імя П. Дагадзіна — стварылі магчымасць лепш зразумець творцу, які шмат зрабіў, пры тым, што рана пайшоў з жыцця. Але аснова для стварэння выстаўкі ўсё ж ёсць у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — карціны майстра. А калі далучыць творы з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе захоўваюцца кнігі, ілюстраваныя Барысам Кустодзіевым, то атрымліваецца годны юбілей мастака, які вучыўся ў Пецярбургу, але яшчэ да рэвалюцыі паспеў заявіць пра сябе на міжнародных выстаўках. Ён яшчэ ў маладым узросце атрымліваў прэстыжныя ўзнагароды ў Бельгіі, Германіі, Італіі, Швецыі. Пасля шмат што зменіцца і для яго асабіста і на яго радзіме, але галоўнае, што ён, інтэлігент і чалавек вытанчаны, знайшоў той стыль, калі можна было балансаваць і заставацца сабой. Пярэстасць і асаблівы кустодзіеўскі артыстызм часам схіляюць да думак пра штучнасць і іранічнага стаўлення да таго, што мы маем сёння. Бо ўсё часова... Гэта прыклад, калі жыць немагчыма і вельмі балюча, то цані жыццё, бо яно вышэй за тваё самаадчуванне, таму і дорыць магчымасць існаваць «насуперак» без асаблівых умоў. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.