Вы тут

Беларускія барцы вяртаюцца на міжнародную арэну


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны.


Героі тыдня. Ілья Шымановіч стаў пераможцам адкрытага чэмпіянату краіны на дыстанцыі 50 метраў брасам — 26,65 секунды. У папярэднім заплыве лідар беларускай зборнай абнавіў свой жа нацыянальны рэкорд Беларусі ў згаданым відзе — 26,28 сек. Гэта найлепшы вынік сезона ў свеце і другі ў гісторыі плавання — хутчэйшы за беларуса быў толькі рэкардсмен планеты Адам Піці — 25,95 сек. Ілья Шымановіч таксама паказаў найлепшы вынік у свеце на дыстанцыі 100 метраў брасам — 58.41 секунды. Аліна Змушка ўстанавіла рэкорд Беларусі на 100 метрах брасам — 1,06,47 секунды. Рэкардсменкай краіны стала Настасся Шкурдай, у рашаючай гонцы на дыстанцыі 200 м на спіне яна паказала вынік ў 2,06,95 секунды. Гэта дазволіла спартсменцы абнавіць свой жа нацыянальны рэкорд і выканаць нарматывы адбору на Алімпійскія гульні-2024, чэмпіянат свету-2023, Сусветную ўніверсіяду-2023.

Перамогі тыдня. У казахстанскім Шымкенце прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па кулявой стральбе — Гран-пры «Алтын Мерген». У турніры ўзялі ўдзел стралкі з пяці краін. У стральбе з малакалібернай вінтоўкі найлепшымі былі беларускія спартсменкі. На першым месцы — Уладзіслава Пранько, на другім — Лізавета Цыдзік, на трэцім — Таісія Палюшык. У мужчынскіх спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі чэмпіёнам стаў Уладзімір Сарноў, сярэбраны і бронзавы медаль заваявалі Ілья Чаргейка і Ян Чыгілейчык адпаведна.

Навіны тыдня. Выканкам Аб'яднанага свету барацьбы (UWW) прыняў рашэнне дапусціць беларускіх і расійскіх спартсменаў да спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Згодна з рашэннем Выканкама UWW, спартсмены з Беларусі і Расіі будуць дапушчаны да міжнародных стартаў пры выкананні рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта, у адпаведнасці з якімі барцы павінны выступаць у нейтральным статусе. Таксама кіраўніцтва Аб'яднанага свету барацьбы прапануе МАК змякчыць крытэрыі, якія дазваляюць беларусам і расіянам выступаць на міжнародных спаборніцтвах. Акрамя таго, арганізацыя забяспечыць дадатковыя меры бяспекі на турнірах для аховы спартсменаў.

Савет Сусветнай федэрацыі таэквандо (Wоrld Tаеkwоndо) вырашыў дапусціць беларусаў і расіян у якасці нейтральных атлетаў да ўдзелу ў міжнародных турнірах. Першым такім стартам стане чэмпіянат свету 2023 года, які пройдзе ў Баку ў канцы мая. Рашэнне аб выступленні нейтральных спартсменаў з беларускімі і расійскімі пашпартамі на іншых стартах, якія не знаходзяцца пад эгідай Wоrld Tаеkwоndо, будзе прынята пасля сусветнага форуму ў Азербайджане. Згодна з заявай Wоrld Tаеkwоndо, удзел любых індывідуальных атлетаў у спаборніцтвах, якія праводзяцца арганізацыяй, будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з дакладнымі прынцыпамі і рэкамендацыямі, устаноўленымі Выканкамам МАК.

Медалі тыдня. У румынскім горадзе Ясы завяршыўся міжнародны турнір па кікбоксінгу Lеgеndеlе Mоldоvеі. Сярод удзельнікаў з Малдовы, Венгрыі, Украіны, Балгарыі і Нарвегіі былі і беларусы Віктар Нечытайла і Максім Казак. Абодва беларускія байцы заваявалі ўзнагароды вышэйшай пробы.

Аб'ява тыдня. Хакейны клуб «Дынама-Мінск» абвясціў аб расставанні з галоўным трэнерам каманды Крэйгам Вудкрафтам. Сёлетні сезон Кантынентальнай хакейнай лігі стаў для Вудкрафта чацвёртым запар і сумарна пятым у якасці галоўнага трэнера мінскага «Дынама». Усяго Крэйг правёў за рулём клуба 303 матчы, што з'яўляецца рэкордам. За час работы канадца «зубры» чатыры разы выходзілі ў плэй-оф (у 2017-м, 2021-м, 2022-м і 2023-м), але кожны раз спыняліся на стадыі першага раўнда. Кантракт Вудкрафта з «Дынама» заканчваецца 30 красавіка. На дадзены момант канадскі спецыяліст працягвае заставацца галоўным трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па хакеі.

Поспех тыдня. У Майкопе (Рэспубліка Адыгея) завяршыўся першы этап Кубка Расіі па веласпорце на шашы сярод жанчын. Лідарам агульнага заліку стала беларуска Ганна Церах. Яна перамагла ў гонцы на дыстанцыі 120 кіламетраў і стала найлепшай у групавым заездзе на 104 кіламетры. У заключны дзень турніру прайшла гонка з раздзельнага старту, у якой Ганна паказала другі вынік. «Бронза» дасталася яшчэ адной прадстаўніцы Беларусі Анастасіі Кіпцікавай.

Каманда тыдня. Этапам у падмаскоўным Адзінцове завяршыўся рэгулярны чэмпіянат Маладзёжнай лігі Расіі па валейболе сярод дзяўчат. У Маладзёжнай валейбольнай лізе выступае і бела руская «Мінчанка». Фарм-клубам «Мінчанкі» з'яўляецца юніёрская зборная Беларусі. Рэгулярны чэмпіянат МВЛ сезона 2022/2023 дзяўчаты завяршалі ў Адзінцове, дзе правялі чатыры матчы, у кожным з якіх атрымалі перамогу. Беларуская каманда двойчы абгуляла маскоўскі клуб «Дынама-Акадэмія» (3:1, 3:0), а таксама гаспадынь пляцоўкі з «Зарэчча-Адзінцова» (3:2, 3:2). Такім чынам, у 26 гульнях рэгулярнага сезона беларуская каманда здабыла 18 перамог і набрала 51 бал. Гэты вынік стаў 4-м сярод 14 удзельнікаў чэмпіянату, дзякуючы чаму беларускія валейбалісткі атрымалі права выступіць у фінальным этапе турніру.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.