Вы тут

Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Федэрацыі тэніса Расіі Тарпішчавым


Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Федэрацыі тэніса Расіі. «Даўно мы не бачыліся, цэлую вечнасць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. У свой час Шаміль Тарпішчаў вучыў Аляксандра Лукашэнку гуляць у тэніс. «Гэта мой настаўнік па тэнісе», — згадаў Прэзідэнт. «Я раўняўся толькі на вас. Таму я вучань», — парыраваў Шаміль Тарпішчаў. Але Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што спецыяліст і Ельцына навучыў гуляць у тэніс, і яго заадно. «Я адзін час нядрэнна асвоіў тэніс. Але вельмі цяжкі від спорту, самы цяжкі, мне здаецца. Там і мазгі ў парадку павінны быць, і фізічна павінен... І самы траўматычны від. Але тэніс — гэта справа добрая, вельмі добрая», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён расказаў, што даведаўшыся аб хуткай сустрэчы Шамілем Тарпішчавым, вырашыў для сябе аднавіць заняткі тэнісам: «Я калі ў графіку паглядзеў, што мы з табой сустрэнемся, падумаў: трэба тэрмінова выйсці на корт і пачынаць гуляць у тэніс. Ужо так кідацца на мяч не буду, але паціху аднаўлюся».


Фота: БелТА

«Няхай іншыя бегаюць», — пажартаваў кіраўнік Федэрацыі тэніса Расіі. Ён падарыў Прэзідэнту сваю кнігу «Стрэс нараджае чэмпіёнаў. Загадкі псіхалогіі», у якой расказвае аб характэрных, а часам і ўнікальных прыкладах таго, як псіхалагічны стан прымушае нават падрыхтаванага спартсмена здаваць выйграныя пазіцыі або наадварот, паспяхова выйсці з, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі. Шаміль Тарпішчаў расказаў, што зараз піша працяг, бо тыраж кнігі разышоўся адразу. Прэзідэнт адказаў, што знаёмы з кнігай і лічыць вельмі актуальнай, цікавай і важнай выбраную аўтарам тэму.

«У тэнісе мы не правалімся»

У размове з журналістамі Шаміль Тарпішчаў расказаў, што з Аляксандрам Лукашэнкам яны даўнія сябры. І на сустрэчы абмяркоўвалі, перш за ўсё, справы тэніса, нашы і ў свеце. «Калі зараз узяць вынікі беларускіх і расійскіх тэнісістаў, то мы сумарна наймацнейшыя ў свеце сёння. Мы практычна выйгралі ўсё. І ў такі складаны час трэба было перагледзець каляндар, каб падтрымаць дзяцей ад 12 да 19 гадоў — наш бліжэйшы рэзерв, каб яны не выпалі з арбіты. Мы аб’ядналіся ў сумесных спаборніцтвах і зборах. Цікавасць больш у тым, каб не страціць тую сістэму і методыку, якая ў нас склалася. У нас адны і тыя ж трэнеры, яшчэ з Савецкага саюза адна і тая ж школа, адно і тое ж разуменне класічнага тэніса. І адпаведна, метадычна мы можам супрацоўнічаць, што з’яўляецца простай, добрай і рэальнай справай», — адзначыў Шаміль Тарпішчаў. Ён расказаў, што шмат разоў гуляў у тэніс з Прэзідэнтам Беларусі. «Мы з ім сябруем даўно і акрамя таго, што ён выбітны чалавек, ён яшчэ спецыяліст па ўсіх відах спорту, таму што сам закікаўлены спартсмен. Нам лёгка размаўляць, таму што мы гаворым на адной мове. Таму ў нас ніякіх праблем няма. Я думаю, што ў тэнісе мы не правалімся. У нас зорачак шмат і па сістэме і метадалогіі ў такі складаны час, у нас справы дакладна не горш, а можа і лепш, чым у іншых відах», — адзначыў прэзідэнт Федэрацыі тэніса Расіі.

Па яго словах, для папулярызацыі тэніса федэрацыі рэгулярна праводзяць аматарскія турніры. Адзін з іх пройдзе 15–16 красавіка ў Мінску ў Палацы тэніса Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі. Турнір на Кубак пасольства Расіі ў Беларусі будзе прысвечаны Дню яднання народаў дзвюх краін. Яго ўдзельнікамі стануць 16 пар тэнісістаў (па восем ад расійскага і беларускага боку), сярод якіх вядомыя палітыкі, прадстаўнікі бізнесу, грамадскія дзеячы. «Гэта дае імпульс развіццю тэніса ў рэгіёнах і з’яўляецца паказчыкам таго, што тэніс любому ўзросту пакорны. Тэніс для жыцця карысны. У дзіцяці, якое прыходзіць у тэніс узнікаюць словы „трэба, павінен, абавязаны“, што спатрэбіцца ў жыцці», — падкрэсліў Шаміль Тарпішчаў. 

Ён таксама расказаў, як вядзецца дыялог з міжнароднымі тэніснымі арганізацыямі. Сёння няма праблем з удзелам спартсменаў у турнірах ITF і WTA. Няма праблем і з дзіцяча-юнацкім тэнісам, бо ў свой час арганізацыя Tennis Europe вырашыла, што дзеці могуць гуляць усюды. «Праблемы ўзнікаюць толькі з Вялікабрытаніяй. Таму што ITF і WTA — выключна спартыўныя арганізацыі, якія не ўмешваюцца ў палітыку. А калі ўмешваецца ўлада, яна наязджае на спорт, а не садзейнічае спорту. Таму са спартыўнага пункту гледжання пытанне ў тэнісе выбудавана больш правільна, чым у іншых відах спорту. Што да Алімпійскіх гульняў, пасыл МАК быў зроблены. Але ён зроблены такім чынам, што многія рэчы павінны вырашаць федэрацыі па відах спорту. Гэта будзе к лету, не раней», — расказаў Шаміль Тарпішчаў. 

У сваю чаргу, старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка заўважыў, што ў статутах прафесійных асацыяцый дакладна прапісана: у турнірах удзельнічаюць спартсмены без нацыянальнай прыкметы і выключна па рэйтынгу. Аднак сёлета, звярнуў ён увагу, арганізатары Уімблдона сталі прыкрывацца патрабаваннямі ўрада Вялікабрытаніі.

Як заўважыў Шаміль Тарпішчаў, нягледзячы на ўсе цяжкасці, беларускія і расійскія тэнісісты дастойна выступаюць на міжнародным узроўні. Ён расказаў, што падчас Кубка Федэрацыі ў 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка паабяцаў паказаць спартсменку, якая ў будучыні выйграе турнір серыі Вялікага шлема: «І мы пайшлі на трэніроўку Арыны Сабаленкі. І Аляксандр Рыгоравіч паказаў на яе, як на будучую пераможцу Вялікага шлема. Я пагадзіўся. І калі яна выйграла, я гэта ўспомніў». 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.