Вы тут

У музеі Ціманаўскай школы захоўваецца ўнікальная калекцыя экспанатаў


У Ціманаўскай школе Клімавіцкага раёна аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвяцілі цэлую залу музея. Заходзіш і – быццам губляешся ў часе. На стэндах кадры з жыцця вёсак Савініцкага сельсавета. Нават не верыцца, што іх ужо няма... З сямейных фотаальбомаў сюды перакачавалі кавалачкі дарагога сэрцу іх ўладальнікаў жыцця з тварамі родных і знаёмых, вясельнымі застоллямі, сямейнымі святамі, кранальнымі выпускнымі вечарамі. Фотаапарат зафіксаваў на памяць мясцовыя славутасці, сельскую немудрагелістую архітэктуру, дзяўчынак ў белых фартушках і нязвыклых да ўрачыстых касцюмаў хлопчыкаў. Адных «выпускных» здымкаў Савініцкай школы захавалася за некалькі гадоў. Будынкі школ у Савінічах і Ціманава вельмі падобныя, пабудаваная па аднаму і таму ж праекту. І зараз, калі Савініцкай школы ўжо няма, яе выпускнікі з асобай настальгіяй ходзяць па класах Ціманаўскай. Разам з Савінічамі з карты Клімавіцкага раёна зніклі Студзянец, Шышкаўка, Ігнатаўка, Горкі, Будзішча, Кісляць, Канчары. Для перасяленцаў з забруджаных вёсак у аграгарадку Ціманава быў пабудаваны цэлы пасёлак. Тут ўжо выраслі дзеці тых, хто сюды пераехаў, растуць унукі. І тое, што калісьці жыхары забруджаных вёсак захоўвалі як самую каштоўную рэліквію, для нашчадкаў ужо не мае цаны. Затое гэтыя фота і рэчы вельмі добра ўпісаліся ў экспазіцыю залы. 


Фота Таццяны Падліпскай.

Шмат цікавых экспанатаў перадала выпускніца Савініцкай школы, якая пасля аварыі жыла ў Мінску, – Лідзія Шавялёва. А вось фотаальбом, ліхтарык, футляр для акуляраў, скураны кашалёк, якія належалі Ганне Тарасенка з вёскі Студзянец. Яна ж гаспадыня радыёпрыёмніка, які набыла яе сям’я ў далёкім ужо 1964 годзе, крэсла і сямейнага куфэрку, што перадаваўся з пакалення ў пакаленне на працягу, мабыць, 100 гадоў. Цяпер гэта цікавыя музейныя экспанаты. У калекцыі таксама пенсійнае пасведчанне, гадзіннікі і каралі былой жыхаркі Горак Клаўдзіі Антонавай.

— Чарнобыльская трагедыя адарвала людзей ад родных мясцін, раскідала па свеце, — канстатуе дырэктар школы Пётр Шашкоў. — Дзякуючы жыхарам, мы стварылі музей, якога вы болей нідзе не ўбачыце. Магчыма, на тэму трагедыі нешта і ёсць, але не Клімавіцкага раёна. Чаго толькі каштуе ўнікальная калекцыя фатаграфій нашых страчаных ужо населеных пунктаў. Гэтых здымкаў у нас болей паўтысячы. Вельмі хацелася, каб нашы наведвальнікі ўспрымалі трагедыю на кантрасце. Каб прасякнуліся той бядой, якая ўварвалася ў жыццё нашага раёна. Таму тут можна ўбачыць і фота таго самага рэактара ЧАЭС, які стаў прычынай трагедыі. Мы расказваем пра прынцып яго дзеяння, прычыны трагедыі і яе маштаб. Гэта таксама трэба ведаць, каб пазбегнуць падобнага роду памылак. 

Экскурсіі па музеі праводзяць у асноўным школьнікі. Акрамя залы ў гонар зніклых вёсак ёсць таксама некалькі іншых экспазіцый, якія расказваюць пра этнаграфію, падзеі Вялікай Айчыннай вайны і гісторыю сістэмы адукацыі ў Ціманава. Першая школа ў гэтым населеным пункце з’явілася 130 гадоў таму. Дзякуючы музею школьнікі добра ведаюць, чым Клімавіцкі раён ганарыцца зараз, і без запінкі могуць расказваць пра тое, што тут было ў ранейшыя часы. 

Дарэчы, школьны музей у Ціманава не адзіны напамін пра страшную трагедыю XX стагоддзя, калі спакойнае жыццё ў краіне парушыў разбуральны атам. Ёсць яшчэ памятны знак, прысвечаны населеным пунктам, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.