Вы тут

Тут дэ Дуброўна. Чым здзіўляе турыстаў раённы музей


Калі ты, паважаны чытач, калі-небудзь завітаеш у Дубровенскі раён, што на Віцебшчыне, абавязкова наведай мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. У ім, як і ў іншых падобных установах, ёсць цікавінкі, што не знойдзеш больш нідзе. Тут можна пазнаёміцца не толькі з гісторыяй Дубровеншчыны, але і паглядзець на ўнікальныя экспанаты. Але пра ўсё — па парадку.


Дубровенскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які размяшчаецца ў горадзе Дуброўна, зусім новы — яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 3 студзеня 2020 года. Багатыя музейныя фонды былі сабраныя і дагэтуль, аднак уваходзіны музейныя супрацоўнікі пад кіраўніцтвам дырэктара Наталлі Аўчаровай адзначылі тры гады таму. Разынкай адноўленага будынка з’яўляецца прасторная выставачная зала з высокай столлю, амаль, як у Эрмітажы. Тут праводзяцца мастацкія выставы і ладзяцца канферэнцыі. Усяго ў музеі шэсць залаў, некаторыя з іх яшчэ знаходзяцца на стадыі мадэрнізацыі і ўдасканалення.

Зала «Дуброўна — скрозь час» дэманструе наведвальнікам бытавую культуру беларусаў, але не толькі сялянскую. Зала падзелена на дзве часткі: адна ўяўляе сабой тыповую вясковую хату з характэрнымі прадметамі побыту. Тут ёсць і печка, і чырвоны кут, і калыска, і кросны. Экскурсаводы раскажуць і аб прыкметах, у якія верылі нашы продкі, калі збіралі ставіць хату на новым месцы. Напрыклад, беларусы верылі, што на пажарышчы будавацца было небяспечна, а каб праверыць, ці добрае месца абралі гаспадары пад будучую сядзібу, ставілі там на ноч міску. Калі павук паспеў сплесці павуціну — значыць у хаце будзе дабрабыт, а сям’я стане шчаслівай і вялікай.

Асаблівай увагі ў этнаграфічнай зале заслугоўваюць ручнікі, адметнасць менавіта дубровенскіх — вышыўка толькі чырвона-чорнымі ніткамі па краях. Да вырабу набожнікаў — ручнікоў, якімі ўпрыгожвалі чырвоны кут, — падыходзілі з самай высокай адказнасцю. Унутраны бок вышыўкі часам быў лепшы за знешні, не дапускалася наяўнасць вузлоў і вісячых нітак. У калекцыі музея захоўваецца адзіны ручнік з надпісам, якому ўжо больш за 100 гадоў. Яго краязнаўцы прывезлі з экспедыцыі з вёскі Мардахі, дзе ручнік не адно пакаленне быў сямейнай рэліквіяй, якая перадавалася ад маці дачцэ ў спадчыну. Гэта вясельны ручнік, на якім значацца словы на старой мове: «Ни садись ли миня ни тлкай нагою мне радныя гыварили в зелин сад гулять меня рано пташечка запела». Над словамі — выявы кветак і хлопца на кані, агульны сэнс лёгка разумеем мы і сёння — «береги честь смолоду». Лічылася, што калі дзяўчына жыла правільна, то распускалася, як кветка, і абавязкова павінна была сустрэць свайго чалавека.

Другая палова залы паказвае інтэр’ер мяшчан і характарызуецца прасторнымі асобнымі пакоямі. На Дубровеншчыне праходзіла мяжа яўрэйскай аселасці, таму большасць заможнага насельніцтва складалі яўрэі. Напрыклад, Разенбаум быў тут заснавальнікам першай льномануфактуры, традыцыі якой сёння жывуць у вытворчых працэсах Дубровенскага льнозавода. Першая на тэрыторыі Беларусі мануфактура па вытворчасці гадзіннікаў была заснавана таксама на Дубровеншчыне, чым мясцовыя жыхары ганарацца. Адзін такі дубровенскі гадзіннік захоўваецца ў Эрмітажы.

У зале «Дубровеншчына ў гады Другой Сусветнай вайны» прадстаўлены ваенныя старонкі летапісу раёна. Цэнтральная экспазіцыя — дыярама — прысвечана бою ў раёне стратэгічнага транспартнага вузла Вайскавіцы на подступах да Ленінграда. Падчас абарончай аперацыі 20 жніўня 1941 года экіпаж танка Калабанава і Усава з танкавай гарматы падбіў 22 нямецкіх танка. Асобны стэнд прысвечаны Героям Савецкага Саюза, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За шклом адной са шматлікіх вітрын захоўваецца гармонік ураджэнца вёскі Калінаўка Дубровенскага раёна Уладзіміра Яфрэмавіча Прусава, які вызваляў сваю малую радзіму. З гэтым музычным інструментам, які быў байцу Прусаву надзейным таварышам у самыя цяжкія хвіліны ваеннага ліхалецця, Уладзімір дайшоў да Берліна. Пасля мужчына завёў сям’ю ў Расіі, аднак не аднойчы вяртаўся дадому, падчас адной з сустрэч з землякамі перадаў у музей гармонік.

У адной з невялікіх залаў знаходзіцца рэпрадукцыя «Бібліі для бедных» Васіля Кораня. Аб тым, што гэты майстар разьбы па дрэве, які жыў і працаваў у ХVІІ стагоддзі, нарадзіўся на Дубровеншчыне, супрацоўнікі музея даведаліся некалькі гадоў таму.

Васіль Корань — адзін з першых рускіх гравёраў па дрэве і стваральнік першай у Расіі гравіраванай ілюстраванай Бібліі. Ён працаваў у тэхніцы лубка — аднаго з самых папулярных і складаных народных жанраў мастацтва таго часу. На працягу чатырох гадоў ён ствараў серыю работ, якая атрымала назву «Біблія для бедных» (для тых, хто не ўмеў чытаць і пісаць). Адзіны часткова ўцалелы экземпляры гэтай работы захоўваецца зараз у Аддзеле рэдкай кнігі Дзяржаўнай Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу.

А ў 80-я гады мінулага стагоддзя рускі мастак Віктар Пензін арганізаваў таварыства мастакоў, якія імкнуліся аднавіць старажытную тэхніку разьбы лубок. Цэлых 10 гадоў Пензін працаваў над рэпрадукцыяй Бібліі, падбіраючы натуральныя фарбы і даследуючы тэхнікі вырабу. А пасля, дзякуючы вялікай даследчай працы рускага мастацтваведа Антаніны Саковіч, Пензін прыехаў з выставай у Дуброўна, на радзіму майстра Кораня. Ён падарыў Дубровенскаму раённаму музею альбом рэпрадукцыі з 36 лістоў, якія паглядзець сёння, можа, любы ахвотны.

Асобная зала музея прысвечана знакамітым землякам – тым, хто ў розныя стагоддзі праслаўляў Дубровеншчыну. Сярод іх — Сяргей Заранка, які пісаў партрэты царскай сям’і; беларускі драматург Алесь Дудараў; Герасім Акулаў — майстар разьбы па дрэве ХVІІ стагоддзя, адзін са стваральнікаў іканастасаў трох цэркваў у Ізмайлаўскай падмаскоўнай сядзібе цара Аляксея Міхайлавіча. Цэлая сцяна і арт-аб’ект у выглядзе брыга «Меркурый», прысвечаны ўраджэнцу Дуброўна Аляксандру Казарскаму — ваеннаму мараку, герою руска-турэцкай вайны. Яго брыг «Меркурый» вытрымаў 4-гаддзінны бой з караблём праціўніка, які па моцы пераўзыходзіў яго ў 10 разоў. З таго бою на вадзе судна Казарскага выйшла са 122 дзіркамі ў ветразях і 99 — у корпусе. Сярод нашых сучаснікаў прадстаўлены знакамітыя спартсмены і прадпрымальнікі, адзін з іх — Мікалай Мартынаў, стваральнік абутковага холдынга «Марка».

У яшчэ адной выставачнай зале знаходзяцца вырабы майстроў народнай творчасці Дубровеншчыны. Сярод іх — гонар не толькі месцічаў, але і ўсіх беларусаў — «марачоўская свістулька». Справа ў тым, што рэгіён здаўна славіўся глінянымі рамёствамі, тут былі цэлыя кварталы з майстэрнямі. Аднак пасля вайны ў раёне толькі адна майстар Ганна Марачова займалася глінянай цацкай, яе вырабы былі вядомыя далёка за межамі вобласці. «Марачоўская свістулька» мае свой непаўторны вобраз і каларыт, яна выраблялася з аднаго кавалка гліны, прычым вырабу не надаваўся канкрэтны від птушкі альбо жывёлы, а толькі сілуэт. Астатняе — міфалагічны зборны вобраз. Некаторыя з дубровенцаў і сёння ўспамінаюць, як на Вялікдзень уся дзятва бегла да цёткі Ганны, якая дарыла малым свае свістулькі. Амаль страчаную ўнікальную тэхніку сёння аднаўляюць майстры мясцовага Дома рамёстваў, сярод якіх – кераміст Вольга Аляксеева.

Рэгулярна ў музеі праходзяць і фотавыставы, прысвечаныя малой радзіме ў самых цікавых яе праявах. Адным словам, паважаны чытач, лепш адзін раз убачыць, чым шмат разоў пачуць!

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.