Сотні ратавальнікаў з веласіпедамі можна было ўбачыць сёння раніцай на «Барысаў-Арэне». Гэта месца традыцыйна збірае тысячы людзей, якія падтрымліваюць сваіх землякоў на футбольным полі. Менавіта тут ратавальнікі далі старт IX велапрабегу. Сёлета ён прысвечаны Году міру і стваральнай працы, а таксама 170-годдзю пажарнай службы Беларусі.
Больш за 40 кіламетраў, 400 чалавек, флэшмоб на «Барысаў-Арэне» і абшары нашай прыгожай краіны — усё гэта было на маршруце сем’яў ратавальнікаў. На гэты раз да мерапрыемства далучыліся і работнікі Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканама. Прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Міншчыны ў 9.00 ужо былі на арэне, дзе кожны стаў удзельнікам флэшмоба.
Тут прайшла і ўрачыстая цырымонія адкрыцця мерапрыемства. Ратавальнікаў, членаў іх сем’яў, ветэранаў службы прывітаў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч.
— У Год міру і стваральнай працы мы шмат гаворым пра міралюбівыя і стваральныя традыцыі беларусаў, — звярнуўся да прысутных Сяргей Лапановіч. — Я рады, што наш велапрабег праводзіцца ўжо ў дзявяты раз, ён стаў яшчэ адной выдатнай традыцыяй. Мы цяпер больш, чым калектыў, бо мы, а гэта амаль паўтысячы чалавек (нашых сяброў, блізкіх і родных), з задавальненнем праводзім разам не толькі працоўны час, але і вольны. Прыемна, што мы нязменна выбіраем актыўныя формы адпачынку.
Удакладніўшы, што да велапрабегу далучыліся прадстаўнікі Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму, Сяргей Лапановіч адзначыў, што ратавальнікі падзяляюць са спартсменамі Міншчыны імкненне да здаровага ладу жыцця і пастаяннага фізічнага ўдасканалення. Велапрабег, які кожны раз праходзіць у новым рэгіёне вобласці, дазваляе азнаёміцца з прыгажосцю і адметнасцю беларускай прыроды і даведацца пра гісторыю розных куткоў нашай Радзімы.
Да ўдзельнікаў велапрабегу звярнуўся старшыня Барысаўскага раённага выканкама Мікалай Карповіч. Ён прывітаў усіх на барысаўскай зямлі, адзначыў значнасць работы ратавальнікаў для грамадства і падкрэсліў, што гэты велапрабег праходзіць у юбілейны для ўсяго ведамства год.
Падтрымаў настрой удзельнікаў велапрабегу і начальнік Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Яўген Булойчык. Ён падкрэсліў, што ратавальнікі з’яўляюцца прыкладам для жыхароў рэгіёнаў у тым, як трэба развіваць спорт.
Пасля доўгачаканага старту сотні раварыстаў накіраваліся ў бок вёскі Перасады. Там ратавальнікі ўсклалі кветкі да мемарыяла ў памяць пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і высадзілі алею. Сюрпрызам для ўдзельнікаў велапрабегу сталі музычныя нумары і гасціннасць жыхароў вёскі: іх сустрэлі караваем.
Пасля невялікага прыпынку веласіпедысты пераадолелі яшчэ два дзясяткі кіламетраў да вёскі Глівін. У гэтай вёсцы ратавальнікі таксама выказалі даніну павагі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут усіх чакалі смачная гарбата і бутэрброды. Падмацаваўшыся, удзельнікі велапрабегу адправіліся да апошняй кропкі. Фінішавалі ратавальнікі ў аздараўленчым лагеры «Світанак».
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС
Расказвае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?