Вы тут

30 гадоў таму адбыўся першы фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне


Трыццаць гадоў таму ўвечары над маладзечанскім стадыёнам, запоўненым гледачамі, з верталёта пасыпаліся паўтары тысячы гваздзікоў і паўсотні ружаў...

Так пачынаўся І Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна».

Хоць дата ад году заснавання круглая, сёлетні фестываль адбываецца дваццаць другі раз і менавіта гэтымі днямі — 9—10 чэрвеня. Давайце ўспомнім, як ён калісь пачынаўся, і паглядзім, чым радуе сёння.


Слова — паэзіі

Трыццаць гадоў таму ўпершыню сабралі ў Маладзечне спевакоў, кампазітараў, паэтаў, музыкаў дзеля мэты, якая тады была сфармулявана наступным чынам: «стварыць умовы для адраджэння нацыянальнай культуры, даць ёй новы імпульс, выявіць маладыя таленты». З тых часоў прынцып «захоўваць традыцыі, адкрываць маладыя таленты» спраўджваецца. Колькі маладых спевакоў пачало шлях да вялікага поспеху з маладзечанскай сцэны, колькі нашых улюбёных песень упершыню прагучала менавіта тут! І вельмі сімвалічна, што ўчора, перад першым урачыстым канцэртам, адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар ініцыятара з'яўлення фестывалю, легендарнага дырыжора Міхаіла Фінберга, які сваёй няўрымслівасцю, талентам надаў яму непаўторны каларыт...

Сёння заслужаны калектыў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга — адзін з галоўных удзельнікаў фестывалю.

Адметны фестываль і тым, што задумваўся не толькі як музычны, але і як паэтычны. Беларускае паэтычнае слова суправаджае тут на кожным кроку, пачынаючы з праекта «Бачу Беларусь такой» — на банерах і інфармацыйных лістоўках, на аўтобусных прыпынках, у грамадскім транспарце, на білбордах і інфармацыйна-рэкламных стэндах можна прачытаць чатырохрадкоўі паэтаў-класікаў. Сёння паэтычныя чытанні адбываюцца ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка», а ў 17.00 у Палацы культуры адбудзецца літаратурна-музычная гасцёўня «Радзіма мая міралюбная», а таксама падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Радком вярнуся па вясне» сярод маладых паэтаў у гонар памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэта Міколы Мятліцкага.

На кожным фестывалі гучаць песні на словы вядомага паэта Алеся Бадака, які сёння ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Памятаю, як удзельнічаў у самым першым фестывалі, які адбыўся ў 1993-м. Было здорава... Узнёсла... Адчувалася асаблівае хваляванне ва ўсіх, і ў арганізатараў, і ў выступоўцаў. Памятаю, як задоўга да самога фестывалю мы збіраліся — артысты, кампазітары, паэты — у кабінеце Міхаіла Фінберга і абмяркоўвалі, якім павінен быць фестываль, якія песні павінны прагучаць... Канешне, гэты форум — яркая з'ява на небасхіле беларускай культуры. Памятаю нават твары гледачоў на тым, першым, фестывалі — я не ведаю, хто яны, як іх завуць, але як шчыра яны рэагавалі на кожнае выступленне! Тады, дарэчы, паэты выступалі ўперамежку са спевакамі на галоўнай сцэне, і адчуванне свята, якое тады ўзнікла, помніцца па сёння. Не толькі для артыста, але і для паэта надзвычай важна, калі ты выходзіш на вялікую сцэну і бачыш зацікаўленыя твары, чуеш воплескі... Памятаю, як мы хадзілі па горадзе, а вуліцы былі спрэс запоўненыя людзьмі, і не толькі самімі маладзечанцамі, але і гасцямі, які прыязджалі з усіх куткоў Беларусі. У першым канцэрце таксама бралі ўдзел госці, запомнілася выступленне Юрыя Антонава. Памятаю і конкурс маладых выканаўцаў... Тады Алена Саўленайтэ з песняй Ігара Паліводы на верш Максіма Багдановіча «Па-над белым пухам вішняў...» атрымала Гран-пры і аўтамабіль у падарунак. Я быў амаль што на ўсіх фестывалях... І не магу сказаць, што нейкія з наступных горшыя, у кожным свая «разынка». А тое, што найлепшыя традыцыі фестывалю працягваюцца і сёння, прыдумляюцца новыя цікавыя формы яго правядзення, безумоўна. Выдатна, што працягваецца конкурс маладых выканаўцаў. Я шмат разоў быў у яго журы і з цікавасцю назіраў, як маладыя спевакі паглыбляюцца ў беларускую паэзію. Зразумела, за трыццаць гадоў памянялася рытміка, манера выканання, памяняліся тэксты — тыя, што сёння пішуцца, не падобныя да тых, што гучалі ў 1990-х, але гэта нармальная з'ява. Мяняецца час, мяняемся мы... Калісь у Маладзечне дэбютавала мая песня «Заварожаная фея» ў выкананні Аляксандра Саладухі. А сёлета на фестывалі прагучыць песня на мае словы «Добрыя людзі» ў выкананні Анатоля Ярмоленкі і ансамбля «Сябры».

Радасць, як па нотах

Песні заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь кампазітара Алега Елісеенкава ўпрыгожваюць кожны маладзечанскі фестываль. Сёлета ў гасцей фестывалю было дзве магчымасці сустрэцца з кампазітарам. Учора прайшоў праект «Асоба эпохі» — кампазітар стаў героем аўтарскай праграмы галоўнага рэдактара музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяны Якушавай, якая і правяла сустрэчу. А ў вялікай зале Палаца мастацтваў адбыўся творчы вечар Алега Елісеенкава:

— З фестывалем я супрацоўнічаю ад яго заснавання. У 1993-м годзе мяне запрасілі прыняць удзел у канцэрце адкрыцця, які тады адбыўся на стадыёне, — яшчэ не збудавалі Летняга амфітэатра. Была пастаўлена агромністая сцэна, удзельнічалі ўсе вядучыя эстрадныя калектывы... Вядома, аснову складаў аркестр пад кіраваннем Міхаіла Фінберга, таму што Фінберг быў ініцыятарам і фактычна стваральнікам гэтага фестывалю. І вось у канцэрце адкрыцця ён зрабіў мой аўтарскі блок — у рэпертуары артыстаў аркестра ўжо меліся мае песні. Іх выконвалі і салісты аркестра, і Аляксандр Саладуха, і Анатоль Ярмоленка з ансамблем «Сябры». Па-мойму, чатыры песні мае былі ў гэтым блоку... Памятаю, як я выйшаў на сцэну, як мяне прадстаўлялі вядучыя, у тым ліку як маладзечанца, земляка. Пасля я сеў за раяль... Бачыў шматтысячную глядацкую аўдыторыю, што запоўніла стадыён... Гэта наклала і вялікую адказнасць, і дало вялікую радасць. Я быў захоплены грандыёзнай падзеяй — грандыёзнай і для нашай краіны, і для Маладзечна, і для мяне. Сёлета, акрамя ўдзелу ў праекце Таццяны Якушавай «Асоба эпохі», у праграме фестывалю мой творчы вечар «Добрыя людзі», з удзелам цудоўных беларускіх артыстаў. Назву канцэрта мы далі паводле назвы песні на верш Алеся Бадака, якую выконвае Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры». Была падрыхтавана і прэм'ера маёй песні на словы Уладзіміра Мазго «Жаўруковая мова». Вельмі сімвалічна, што на фестывалі беларускай песні і паэзіі прагучала песня пра родную мову. Маладзечна — мой родны горад, хаця я даўно прыязджаю сюды як госць (я і напісаў нядаўна песню на вершы Алеся Бадака «Мы дома не госці», якая таксама, дарэчы, была ўключана ў праграму майго творчага вечара). Лічу, недарэмна менавіта ў Маладзечне прыжыўся фестываль беларускай песні і паэзіі — гэта высокакультурны, інтэлектуальны, развіты горад з цудоўнымі людзьмі, якія старанна рыхтуюцца да кожнага такога свята.

Улада голасу

Конкурс маладых выканаўцаў у Маладзечна зрабіў вялікі ўплыў на лёс адной з салістак Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга, вядомай спявачкі Наталлі Тамела.

— Гэты фестываль, вядома, прайшоў чырвонай стужкай праз усё маё жыццё. З яго я пачынала сваю творчую дзейнасць. Першае маё выступленне адбылося ў 1993 годзе, на самым першым фестывалі. Я ўжо працавала ў аркестры. А потым Міхал Якаўлевіч Фінберг сказаў: «У наступным конкурсе маладых выканаўцаў ты будзеш удзельнічаць, рыхтуйся». Кампазітар Эдуард Зарыцкі напісаў мне песню, была таксама песня «Грэх» Леаніда Захлеўнага — ад пачатку, праўда, яна належала Тамары Раеўскай, яна мне яе падарыла. Вось з гэтымі дзвюма песнямі я і выступала ў конкурсе. Праспявала, думаю, удала, мне далі першае месца... Для Міхала Фінберга фестываль значыў вельмі шмат, адпаведна, вельмі шмат ён значыў для ўсіх нас, ягоных артыстаў. Мы рыхтаваліся да «Маладзечна» загадзя, удасканальвалі сваю праграму, нешта мянялі... У фестываль укладзена шмат сіл і працы, найперш Міхала Якаўлевіча, але і ўсяго нашага аркестра, салістаў, музыкантаў, і важна, каб працягваліся закладзеныя Фінбергам традыцыі. Вельмі добра, што адкрылі мемарыяльную дошку ў ягоны гонар — мы, салісты, вырашылі выканаць падчас адкрыцця ўрывак з песні, прысвечанай Міхалу Якаўлевічу, дзе ёсць словы «Анёл вас праводзіць да дзвярэй».

Заўтра XXІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна — 2023» завершыцца, мы паслухаем заключны канцэрт, даведаемся імёны пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў, будзем дзяліцца ўражаннямі... Пра ўсё гэта чытайце ўжо хутка на нашым сайце і ў рэпартажы на старонках «Звязды».

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.