Вы тут

Колькасць вакансій расце


Рынак працы імкліва мяняецца. Не так даўно была патрэба ў інжынерах і эканамістах, цяпер ёсць попыт на кваліфікаваных рабочых. На сёння ў базе даных службы занятасці Гродзенскай вобласці звыш 14 тысяч вакансій, гэта на дзве тысячы больш, чым летась. Садзейнічанне ў пошуку працы атрымаў сёлета кожны другі заяўнік. Аб формах работы з беспрацоўнымі расказаў начальнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Собаль.

 


Партрэт чалавека, які шукае работу, на Гродзеншчыне не змяняецца на працягу апошніх гадоў. Гэта мужчына ва ўзросце 44 гадоў, які мае агульную сярэднюю адукацыю і доўгі час нідзе не працуе. Дарэчы, мужчыны складаюць амаль 70 працэнтаў усіх беспрацоўных.

У рэгіёне ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва складае ўсяго 0,2 працэнта. Гэта даволі нізкі паказчык, які не выходзіць за рамкі прагнозу. Між тым колькасць заяўленых свабодных месцаў павялічваецца. Большую частку складаюць менавіта рабочыя спецыяльнасці.

Работа абласных органаў улады вядзецца ў адпаведнасці з дзяржпраграмай «Рынак працы і садзейнічанне занятасці», якая разлічана на 2021—2025 гады. Па словах Аляксандра Собаля, работа ў гэтым кірунку эфектыўная. Ён паведаміў, што ў першым квартале гэтага года ў службу занятасці звярнулася больш за пяць тысяч чалавек, амаль 2,5 тысячы атрымалі статус беспрацоўных. Кожны другі заяўнік знайшоў садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Тым, хто меў патрэбу, прапанавана прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка, аказана фінансавая падтрымка ў выглядзе бязвыплатных субсідый. Больш за 800 чалавек мелі магчымасць падчас пошуку працы паправіць сваё матэрыяльнае становішча на часовых работах. Забяспечана і прафінансавана занятасць каля 600 навучэнцаў у свабодны ад вучобы час.

— Сёння грамадзяне, якія шукаюць працу, могуць звяртацца як непасрэдна ў службу занятасці, так і ў раённыя камісіі, якія створаны ў адпаведнасці з нормамі Дэкрэта № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Усяго ў вобласці дзейнічае 20 камісій, у склад якіх уваходзяць каля 400 чалавек. Яны апрацоўваюць звесткі з базы даных працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы, і аказваюць ім дапамогу ў працаўладкаванні. У першую чаргу гаворка ідзе аб асобах, якія ўпершыню трапілі ў гэту базу, а таксама тых, хто з'яўляецца плацельшчыкам жыллёва-камунальных паслуг, — удакладняе Аляксандр Собаль.

Камісіі разглядаюць звароты, якія сведчаць аб цяжкім матэрыяльным становішчы, а таксама па вызваленні ад аплаты паслуг ЖКГ па павялічаных тарыфах. Толькі за тры месяцы гэтага года камісіямі былі прыняты адпаведныя рашэнні адносна 2,5 тысячы чалавек.

Усяго за першы квартал у камісіі звярнуліся 4,5 тысячы чалавек. Трэба сказаць, што большасць зваротаў адбываецца па запрашэнні саміх камісій. У асноўным людзі звяртаюцца па атрыманне дакументаў, якія пацвярджаюць занятасць грамадзян, а таксама па кансультацыі. А вось зваротаў адносна працаўладкавання паступае менш. Як правіла, людзі шукаюць працу самастойна. На думку Аляксандра Собаля, раённым камісіям сумесна з органамі па занятасці насельніцтва неабходна прыняць меры па максімальным уцягванні ў працоўную дзейнасць грамадзян, якія ўпершыню трапілі ў базу даных. Сёння рынак працы мае вялікі патэнцыял.

Існуе нямала формаў для таго, каб пашырыць магчымасці ў пошуках занятасці. Гэта і адрасныя мерапрыемствы, і выезды ў сельскія выканаўчыя камітэты. Папулярнымі становяцца кірмашы вакансій. У першым квартале іх праведзена больш за 60. Дзякуючы ім у працоўную дзейнасць уцягнута каля чатырох тысяч чалавек. Адзінаццаць кірмашоў адбудзецца ў чэрвені.

— Электронныя кірмашы вакансій — гэта прагрэсіўная форма паслуг для вырашэння пытанняў працаўладкавання ў рэжыме рэальнага часу. Яны значна скарачаюць час на пошук работы і сёння найбольш запатрабаваны, бо падчас іх прэтэндэнт мае магчымасць азнаёміцца з вакансіямі, рэжымам працы і ўмовамі непасрэдна з наймальнікам, — зазначае Аляксандр Собаль.

Па словах спецыяліста, у адпаведнасці з нормамі Дэкрэта № 3, урад штоквартальна вызначае пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. У 2023 годзе ў гэты спіс уключаны Зэльвенскі і Слонімскі раёны Гродзенскай вобласці.

Усяго за мінулы год у службу занятасці вобласці звярнулася 23,5 тысячы чалавек. Больш за 20 тысяч былі працаўладкаваны. Амаль 170 чалавек атрымалі субсідыі для арганізацыі сваёй справы.


У тэму

Працаўладкаванне інвалідаў праверылі ў КДК Гродзенскай вобласці

Дзяржаўная праграма «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» прадугледжвае арганізацыю і фінансаванне мер па адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У 2022 годзе на кампенсацыю затрат наймальнікаў па стварэнні працоўных месцаў у рамках інклюзіі бюджэтам было выдаткавана 2,7 мільёна рублёў і працаўладкаваны 25 чалавек. Фінансавыя сродкі выкарыстаны для набыцця абсталявання.

Дзяржаўнымі кантралёрамі выяўлены выпадкі, калі на атрыманыя сродкі арганізацыі дакументальна працаўладкоўваюць людзей з інваліднасцю, а потым пераводзяць іх на іншыя працоўныя месцы з прычыны эканамічнай неабходнасці — з-за адсутнасці заказаў, сыравіны, сертыфікацыі. У выніку чалавек не забяспечваецца пастаяннай работай на спецыяльна створаным для яго месцы.

Адной з арганізацый было даведзена заданне па стварэнні двух працоўных месцаў для інвалідаў з набыццём чатырох відаў абсталявання. У выніку таго, што не ўсё абсталяванне было своечасова пастаўлена, працоўнае месца стварылі на тых вытворчых магутнасцях, якія былі, хоць штат работнікаў там быў укамплектаваны і неабходнасці ў новым працоўным месцы не было.

Па выніках кантрольных мерапрыемстваў КДК Гродзенскай вобласці падрыхтаваны шэраг прапаноў па ўдасканальванні заканадаўства ў частцы стварэння працоўных месцаў для інвалідаў па эфектыўным выкарыстанні бюджэтных сродкаў у рамках дзяржпраграмы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.