Вы тут

Юбілейны рэпартаж. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек адзначае 85 год


Тэатралізаваную экскурсію па закуліссі ў гонар свайго 85-гадовага юбілею сёння правёў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек (Энгельса, 20).


Работнікамі тэатра былі падрыхтаваны два арыгінальныя маршруты – дарослы і дзіцячы. Больш за сто чалавек сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнай экскурсіі тэатра пад назвай «BIRTHDAY TRIP». Такое мерапрыемства па ініцыятыве тэатра традыцыйна праводзіцца ў ліпені вось ужо трэці год.

Да пачатку мерапрыемства карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрыем Сямёнавым. Ён расказаў, чаму менавіта ў такім фармаце вырашылі святкаваць юбілей і ў чым адметнасць дадзенага мерапрыемства.

— Юбілей тэатра мы сёлета традыцыйна святкуем не толькі разам з работнікамі тэатра, але і з яго прыхільнікамі ў вельмі крэатыўным фармаце тэатралізаванай экскурсіі, у праграму якой уключылі шмат сюрпрызаў для дзяцей і дарослых: майстар-класы па змене касцюмаў за тры секунды, па вырабе плюшавых мішак з падручных тканін, расказы пра батлейку, — паведаміў Дзмітрый Сямёнаў. — Усё гэта толькі частка запланаваных мерапрыемстваў. Спадзяюся, гледачы атрымаюць сапраўднае задавальненне ад зносін з акцёрамі тэатра і экскурсіі па тэатральных закутках. Унікальнасць мерапрыемства ў тым, што гледачы, артысты і лялькі памяняюцца месцамі з нагоды свята.

Напачатку экскурсіі прыхільнікам тэатра прапанавалі падзяліцца на дзве каманды і паўдзельнічаць у міні-сцэнцы, дзе медыцынская сястра — гераіня спектакля «Запіскі юнага ўрача», актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Наталля Кот-Кузьма прапанавала кожнаму госцю на некаторы час стаць урачом.

Кожны куток тэатра з часам стаў месцам для тэатралізаванага дзейства. Акцёр тэатра Цімур Муратаў паказаў, як за тры секунды можна пераапрануцца ў іншы касцюм – ад Карлсана да Шчаня. 

Далей гасцей правялі ў музей, дзе паказалі беражліва захаваныя лялькі з лепшых спектакляў. Наведвальнікам адкрылася ўнікальная магчымасць — на свае вочы ўбачыць і пачуць гісторыю стварэння легендарных лялек са спектакляў «Майстар і Маргарыта», «Дзед і жораў», «Сымон-музыка», «Цар Ірад», «Партызанская казка», «Клоп», «Цудоўная Галатэя» і іншыя.

Экскурсія доўжылася паўтары гадзіны, бо ў юных наведвальнікаў узнікала шмат пытанняў.

Юбілейнае падарожжа па тэатры выдалася, на дзіва, поўным адкрыццяў і непераўзыдзеных эмоцый ад удзела ў працэсе. Наступным этапам стаў майстар-клас па вырабе плюшавых мішак з розных тканін. Гасцям падрабязна расказалі пра тэхналогію пашыву лялек.

Галоўная ўрачыстасць чакала гасцей у глядзельнай зале. Прыхільнікаў тэатра сустрэлі лялькі, якія сядзелі на месцы гледачоў, нібыта гледачы і лялькі памяняліся месцамі. Напрыканцы сустрэчы кіраўніцтва і работнікі падзякавалі гасцям за іх адданасць і зацікаўленасць «жыццём» тэатра.

Салодкія падарункі і фотазона чакалі юных гасцей тэатра напрыканцы экскурсіі. За правільныя адказы сюрпрызы атрымалі і дарослыя.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.