Вы тут

У аграгарадку Парэчча адбылося свята ў гонар вакзала


Вакзал пабудаваны 161 год таму, калі праз населены пункт пачалася пракладка першай у Беларусі чыгункі. Па ёй праз Парэчча ў снежні 1862 года прайшоў першы цягнік. Парэцкі вакзал можна ўбачыць у кінафільмах «Зімародак», «Двое на востраве слёз», «Мяне завуць Арлекіна» і іншыя. Будынак захаваўся да сённяшняга часу, праўда, быў адноўлены 10 гадоў таму. Усё гэта стала падставай для таго, каб зладзіць тут брэндавае свята. Сёлета яно адбылося ў трэці раз. 


Загадчыца Парэцкай бібліятэкі Алена Санюк пазнаёміла з чытаючым вагонам. Разам з паліцамі кніг усталявана фотазона з акном вагона. Таксама тут можна было пазнаёміцца з гісторыяй Парэцкага чыгуначнага вакзала. Як сведчаць дакументы, 161 год таму па тэрыторыі Беларусі прайшоў першы поезд на ўчастку Гродна-Парэчча. Участак быў часткай магістралі Пецярбург-Варшава. А ў канцы ХІХ стагоддзя на станцыі Парэчча кожны дзень курсіравалі 12-14 паяздоў, як пасажырскіх, так і таварных. Ужо тады станцыя ўяўляла сабой важны чыгуначны вузел, праз які ішлі цягнікі ў Друскенікі, Вільнюс, Санкт-Пецярбург і Варшаву. У самім мястэчку былі пабудаваны дамы для персанала, быў свой чыгуначны клуб і крама. Дарэчы, у 70-80-я гады ХХ стагоддзя загадчыцай крамы была вядомая мясцовая прадпрымальніца Ганна Шандарук. 

— З аграгарадком звязаны ўвесь мой лёс, — кажа яна. — Тут я пачынала сваю дзейнасць у чыгуначнай краме, але бачыла, што ў населеным пункце не хапае сучасных гандлёвых кропак. Узялася за гэту справу, каб задаволіць попыт мясцовых жыхароў і шматлікіх турыстаў. У сезон тут заўсёды шматлюдна, многія прыязджаюць адпачываць у мясцовы санаторый. 

Дарэчы, мелі чыгуначнікі і свой аркестр, а на прывакзальнай плошчы ў выхадныя гудзеў базар, куды з’язджаліся з усіх навакольных вёсак. 

Менавіта прывакзальная плошча і стала месцам правядзення брэндавага свята. Як паведаміў старшыня Парэцкага сельвыканкама Андрэй Мацкевіч, для аграгарадка вельмі важны такі ўнікальны статус. Дзе, як не тут, шырока адзначаць свята вакзала, які ўвасабляе і гісторыю, і сучаснасць. Да таго і нагода адпаведная — прафесійнае свята чыгуначнікаў, якое прыпадае на першую нядзелю жніўня. 

— Жыццё многіх мясцовых звязана з працай на чыгунцы. Падчас свята вакзала стала традыцыяй уручаць ім граматы і падарункі. Стаж некаторых дасягае сарака гадоў. І сёння наша станцыя не губляе свайго значэння. Чыгунка запатрабавана рознымі катэгорыямі насельніцтва. Людзі ездзяць адсюль на працу, на вучобу ў Гродна, цягніком вяртаюцца назад. У летні сезон сюды ездзяць дачнікі, грыбнікі. Бываюць дні, калі цягніком прыбывае некалькі сотняў пасажыраў. Папулярнасць гэтага віду транспарту звязана яшчэ і з невысокім коштам паездкі. Напрыклад, білет з Гродна да Парэчча каштуе 1рубель 30 капеек, у той час кошт маршруткі больш за 4 рублі. 

Па словах старшыні сельвыканкама, паступалі заявы наконт змянення раскладу руху цягніка Гродна-Парэчча. Усе пытанні на сённяшні дзень урэгуляваны. Для зручнасці пасажыраў быў арганізаваны дапаўняльны рэйс маршруткі ў дачныя кааператывы. 

Удзельнікі свята наведалі і музей Беларускай чыгункі, які размясціўся ў будынку вакзала. Ствараўся ён агульнымі намаганнямі як навукоўцаў, так і саміх работнікаў чыгункі. Тут сабрана нямала спецыяльных прылад, якія сёння можна назваць экспанатамі. 

Чэслаў Тамулевіч працуе на чыгунцы больш за 30 гадоў. Ён добра ведае ўсё прылады, якія прадстаўлены ў музеі. Многімі карыстаўся і сам напачатку сваёй працы. 

— Вось гэтыя кляшчы прызначаны для пад’ёма шпалаў пры ўкладцы, а гэтай універсальнай лапатай карыстаўся памочнік машыніста для загрузкі вугалю ў топку. У нас захавалася два паравоза, якія часам выкарыстоўваюць для здымкаў фільма, экскурсій, але яны не на хаду, бо для руху трэба заліваць амаль 9 тон вады, гэта стратна даволі, — зазначыў Чэслаў Тамулевіч. 

Ён звярнуў увагу на кляймо завода вядомых расійскіх прамыслоўцаў Дзямідавых. Менавіта яны пастаўлялі рэйкі для пракладкі першай чыгункі, якая прайшла праз Парэчча. 

Неяк былі чуткі, што сюды з Гродна будзе хадзіць рэтра-поезд, і такая падзея сапраўды адбылася. На станцыю прыбыў сапраўдны паравоз, адбылося тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам артыстаў, усе яны былі апрануты ў адпаведныя старажытным часам касцюмы. Але ідэя не атрымала развіцця, хаця гэта было б цікава і турыстам, і мясцовым жыхарам. Затое ля вакзала ўстаноўлены макет рэтра-паравоза. Гэта стала «фірменнай» фотазонай аграгарадка.

Увогуле свята было даволі шматлюдным. Сюды цягніком прыехала нямала гродзенцаў. Сустрэча адбылася даволі ўрачыстай, з удзелам дзіцячага аркестра VIP-BAND, лаўрэата шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурса. У канцэртнай праграме выступілі салісты і музычныя калектывы аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама. Цёпла прымалі жыхары і цыганскі тэатр «Рада». 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.