Вы тут

Як маладыя вучоныя дапамагаюць зрабіць краязнаўства масавай з'явай?


Аляксандр Бараноўскі — адзін з цікавых маладых гісторыкаў нашай краіны. Працуе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Актыўна займаецца гістарычным краязнаўствам. Аўтар асобных манаграфій і многіх навуковых публікацый на старонках «Беларускага гістарычнага часопіса», «Беларускай думкі» і іншых перыядычных выданняў. Мы вырашылі пагутарыць з маладым вучоным пра яго стаўленне да краязнаўчай працы. І вось што пачулі ў адказ...


— Аляксандр, як бы Вы вызначылі саму формулу, сам тэрмін «краязнаўства»? На Ваш погляд, краязнаўства ў Беларусі чымсьці істотным адрозніваецца ад краязнаўства ў іншых краінах, напрыклад, у Расіі?

—  Пачну з жартоўнага азначэння, якое аднак мае рацыю, аўтарства называць ня буду. Краязнаўства – гэта метад, каб не спіцца вясковаму настаўніку. Калі сур’ёзна, то, на мой погляд, няма адзінага азначэння тэрміна. Мне бліжэй наступны. Краязнаўства – форма грамадскай дзейнасці, накіраваная на ўсебаковае вывучэнне пэўнага рэгіёна, яго гісторыі, культуры, мастацтва, эканамічнага развіцця, насельніцтва і прыроды. Мне скаладана сказаць, думаю, што на постсавецкай прасторы адрозненні нязначныя. У Расійскай Федэрацыі краязнаўчы рух больш структураваны і там прасцей знайсці спонсара, які дапаможа з выданнем кніг. Але гэта ўжо пытанне традыцый. Ды і, магчыма, такое назіранне толькі вонкавае…

—  З чаго пачаўся Ваш персанальны краязнаўчы вопыт?

—  Усё пачалося з артыкула «Прывід забытай мінуўшчыны» ў раённай газеце. Нават і сёння памятаю назву гэтай літаратурнай замалёўкі. Яе аўтар абураўся тым, што сядзібны дом, у якім жыў у 1903–1904 гг. легендарны паэт Айчыны Янка Купала, амаль разбураны і нікому не патрэбны. Зачапіла два моманты. Па-першае, што народны пясняр Беларусі жыў і працаваў на Сенненшчыне. Па-другое, чаму разбураны сядзібны дом. Назапашаны матэрыял аформіў у якасці даследчай працы, з ёй атрымаў дыплом за першае месца ў занальным туры абласной краязнаўчай алімпіяды. У далейшым даследчая праца лягла ў аснову першай маёй кнігі «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі», якую выдаў, калі быў студэнтам 4 курсу гістфаку Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

—  І ўвогуле, калі гаварыць пра настаўніцтва ў краязнаўстве, наколькі істотнай падаецца Вам яго роля ў развіцці заняткаў па вывучэнні рэгіёнаў, па даследванню Айчыны?

— Лічу, што настаўніцтва вельмі запатрабавана. Пры адказе абапіраюся на свой уласны досвед. Мне пашанцавала, бо на першым курсе ў мяне выкладаў выдатны краязнаўца, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар. Яго кандыдацкая дысертацыя нават прысвечана краязнаўству — «Гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 1961–1991 гг.». З такім выкладчыкам нельга было не ўлюбіцца ў прадмет і не працягваць уласнае даследаванне роднай Сенненшчыны. Мікалай Васільевіч нам заўсёды казаў, што кожны студэнт можа напісаць і выдаць працу. Дзякуючы яго рэкамендацыям і кіраўніцтву Дзяніса Юрчака, майго ўніверсітэцкага навуковага бацькі, і ўбачыла свет першая кніга.

— Вы — прадстаўнік Віцебшчыны, родам з Сянно... Гэтая акалічнасць уплывае на Вашы гісторыка-краязнаўчыя зацікаўленні?

— Віцебшчына перад усім! Мяне яе краязнаўцу цікавіць родны Сенненскі край. Сфера ж навуковых інтарэсаў палягае ў даследаванні месца і ролі Віцебскай губерні ў дзяржаўна-тэрытарыяльным уладкаванні Савецкай Беларусі ў 1919–1924 гг. Разумею, што нельга замыкацца на адзін рэгіён, ці мікрарэгіён. Аднак, гісторыя Беларусі складаецца з лакальных гісторый, у тым ліку і Віцебшчыны. Як прыклад, даследаванне старонак жыцця Аляксея Казака на Сенненшчыне прывялі мяне на агульнарэспубліканскі ўзровень, было ўстаноўлена, што гэты чалавек пэўны час узначальваў Цэнтральнае бюро краязнаўства.

— Якія тэмы Вам асабіста падаюцца меней распрацаванымі ў беларускім краязнаўстве, патрабуюць большай увагі?

— Гісторыю ствараюць людзі – гэта аксіёма. Лічу, што ўсё роўна не хапае лакальных (па раёнах) біяграфічных даведнікаў, прысвечаных вядомым ураджэнцам і людзям, якія звязалі свой лёс з пэўнай мясцовасцю. Таксама вельмі актуальным і перспектыўным з’яўляецца стварэнне на мікраўзроўні краязнаўчых атласаў і карт славутасцей. Менавіта падчас іх падрыхтоўкі павінен раскрыцца патэнцыял краязнаўцаў – аматараў. Іх стварэнне не патрабуе значных высілкаў. Галоўнае — фіксацыя і папулярызацыя славутасцей.

—  Дарэчы, якія рэгіёны падаюцца Вам найбольшымі цэнтрамі краязнаўчай працы? Ад чаго, ад якіх намаганняў гэта залежыць?

—  Буду шчырым, за ўсю Беларусь не магу адказаць. Паколькі з’яўляюся прадстаўніком Віцебшчыны, пра свой рэгіён і буду казаць. Сёння абласным цэнтрам паўночнага рэгіёна краіны па праву з’яўляецца Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. Асобна, напэўна, вылучыў бы Лепельшчыну. У астатнім, у асноўным усё трымаецца на адным чалавеку. Віцебскі раён — Мікалай Півавар, Міёрскі — Вітольд Ермалёнак, Пастаўскі — Ігар Пракаповіч, Чашніцкі — Віктар Грыбко і г.д. Што прыкра, гэта ўсё не маладыя людзі.

Цэнтры фарміруюцца вакол апантаных людзей. Таму ўсё залежыць ад чалавечага фактара. Сапраўдны цэнтр склаўся, калі ёсць трохкутнік краязнаўцы — мясцовыя органы ўлады — навукоўцы. Калі гэтага няма, тады атрымліваецца прыблізна так: «Краязнаўца – вельмі паважаны чалавек, але ў іншым горадзе!», «яны ж дылетанты» — і краязнаўца ў выніку застаецца сам-насам з самім сабой.

—  Усё ж такі, ці патрабуе краязнаўства пэўных арганізацыйных высілкаў, метадычнай падрыхтоўкі?

— Лічу, што на сённяшні момант стварэнне нейкай адзінай краязнаўчай арганізацыі не з’яўляецца актуальным. Краязнаўчы рух развіваецца без такого адміністрацыйнага цэнтра. Галоўнае — не перашкаджаць. А калі казаць пра метадычны і навуковы цэнтр, то такімі цэнтрамі з’яўляюцца Адзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, абласныя бібліятэкі, музеі і ўніверсітэты. Інстытут гісторыі НАН Беларусі заўсёды гатовы падказаць, даваць парады краязнаўцам, што мы і робім падчас сваіх шматлікіх рэгіянальных канферэнцый, падчас падрыхтоўкі зборнікаў артыкулаў ў рамках серыі кніг «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» і калі да нас проста звяртаюцца.

— Ці дастатковай Вам падаецца медыйная ўвага да краязнаўства? Ці патрэбен беларускім краязнаўцам свой масавы часопіс?

— Я б не сказаў, што краязнаўцы абдзелены медыйнай увагай. Усё ж такі мэтавая аўдыторыя краязнаўцаў — іх рэгіён ці мікрарэгіён, і тут адзіным сродкам масавай інфармацыі выступае раённая газета. Раёнкі недзе з 1980-х гг. не толькі друкуюць краязнаўцаў, але і самі штатныя супрацоўнікі пішуць краязнаўчыя тэксты. Канешне ж, усё залежыць ад чалавечага фактара. Напрыклад, у 2018–2019 гг. мы разам з галоўным рэдактарам раёнкі «Голас Сенненшчыны» рабілі краязнаўчы летапіс раёна «Двукоссе» (на гербе Сянно выява двух кос). «Двукоссе» выходзіла на 1 старонку рэгулярна раз на месяц. Назапашаны аўтарскі партфель (я запрашаў калег з Мінска, Віцебска, Лёзна і інш.) стаў асновай удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі «Сенненскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна», якая адбылася 1–2 ліпеня 2022 г. у Сянно і была арганізавана Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Сенненскім райвыканкамам.

Наконт краязнаўчага часопіса — лічу, што дадзенае выданне вельмі патрэбна. Але яно павінна стаць сапраўды масавым, а для гэтага трэба сапраўды дайсці да кожнага краязнаўцы. Выданне часопіса вырашыла б шэраг пытанняў. Па-першае, спрыяла б выкараненню дылетанцтва ў даследаваннях. Па-другое, аказвала метадычную дапамогу краязнаўцам, як у свой час гэта рабіў часопіс «Наш край». Пэўныя інструкцыі трэба актуалізаваць і перавыдаць, іншыя трэба распрацоўваць, як напрыклад — выкарыстанне Інтэрнэт-крыніц. Па-трэцяе, часопіс — годная пляцоўка для публікацыі матэрыялаў краязнаўцаў. У склад рэдкалегіі павінны ўваўсці гісторыкі, археолагі, архівісты, філолагі, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, і, зразумела, краязнаўцы. Такому часопісу трэба заваёўваць свайго чытача. «Наш край» у свой час рэалізоўваўся бясплатна, а калі стаў па - сапраўднаму масавым, то перайшоў на падпіску.

—  Ці правільна гаварыць пра тое, што асноўнымі пляцоўкамі ў развіцці краязнаўчай працы сёння з’яўляюцца бібліятэкі краіны?

—  Так, дарэчы, на ўсіх узроўнях: сельскія, раённыя, абласныя. Пра кожную трэба сказаць асобна. Сельскія бібліятэкі, акрамя таго, што збіраюць краязнаўчы матэрыял, захоўваюць розныя гістарычныя артэфакты. І гэта невыпадкова, паколькі ў наваколлі няма музеяў, мясцовыя жыхары нясуць усё менавіта ў бібліятэку. Трапляюць у сельскія бібліятэкі і дакументы калгасаў пасля іх ліквідацыі. Сам неаднаразова знаёміў у бібліятэках з летапісамі ліквідаваных калгасаў.

У раённых бібліятэках краязнаўчая праца, зразумела, на больш высокім узроўні. Яны ладзяць прэзентацыі кніг, сустрэчы з гісторыкамі і краязнаўцамі. Супрацоўнікі бібліятэкі ствараюць краязнаўчую бібліяграфію, збіраюць і сістэматызуюць краязнаўчы матэрыял. Гэта значная дапамога для краязнаўцаў.

Абласным бібліятэкам уласціва ўсё вышэй адзначанае, толькі на больш высокім узроўні. І тут мне хацелася сказаць некалькі слоў адносна працы Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна. Яна з’яўляецца флагманам краязнаўчага руху на Віцебшчыне. Бібліятэка надае вялікую ўвагу стварэнню электронных краязнаўчых рэсурсаў. Сярод іх — «Художники Витебска», «Афганистан. Без права на забвенье», «Человек года Витебщины», «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944». Асобна трэба астанавіцца на камбінаванай базе дадзеных «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць». Гэта сапраўдная электронная энцыклапедыя, якая распавядае пра гісторыю, эканамічнае развіццё і культурнае жыццё 21 раёна Віцебскай вобласці.

Трэба адзначыць, што бібліятэка стымулюе краязнаўцаў вобласці на новыя адкрыцці, паколькі штогод, на працягу амаль дзесяці гадоў, на базе ўстановы ладзяцца навукова-практычныя канферэнцыі. Падчас іх краязнаўцы-аматары і навукоўцы абмяркоўваюць акутуальныя пытанні гісторыі Віцебшчыны. Дзякуючы гэтым навуковым форумам дылетанцтва становіцца ўсё менш. Артыкулы, што прайшлі апрабацыю на канферэнцыі, публікуюцца ў сапраўды «брэндавым» зборніку бібліятэкі «Віцебскі край». Падсумоўваючы вышэйзгаданае, трэба падкрэсліць значную ролю бібліятэк краіны ў краязнаўчым руху Беларусі.

—  Наколькі шмат у развіцці краязнаўства на тым ці іншым гістарычным адрэзку залежыць ад школы, увогуле ад айчыннай сістэмы адукацыі?

—  Школа — гэта наша ўсё. Менавіта там чалавек пачынае прылучацца да гістарычнага мінулага свайго краю і краіны ў цэлым. Пры гэтым вельмі важна асоба настаўніка. Прывяду два прыклады. Выдатны сенненскі краязнаўца Кірыл Анікіевіч вучыўся ў Сенненскім павятовым двухкласным вучылішчы, дзе пэўны час працаваў настаўнікам і Еўдакім Раманаў. Менавіта Е. Раманаў заахвоціў свайго вучня на даследаванне родных мясцін. Асноўная праца К. Анікіевіча «Сенненскі павет Магілёўскай губерні» — настольная кніга для краязнаўцаў Сенненскага, Бешанковіцкага, Крупскага, Талачынскага, Чашніцкага раёнаў. У маім жыцці таксама быў такі чалавек — першая настаўніца гісторыі Святлана Яроменка. Яна падтрымлівала мае гістарычныя пошукі. Пад яе кіраўніцтвам была падрыхтавана першая даследчая праца.

Калі сам пэўны час працаваў у школе, таксама натхняў вучняў на вывучэнне нашай Сенненшчыны: удзельнічалі ў краязнаўчых канферэнцыях, здымалі фільмы пра родныя мясціны, наведвалі знакавыя месцы горада, рабілі папяровыя макеты страчаных архітэктурных помнікаў.

За мінулыя часы мне складана казаць, але сёння айчыннай сістэмай адукацыі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця школьнага і вузаўскага краязнаўства. Працуе цэлы Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Праводзіліся турысцка-краязнаўчыя экспедыцыі «Наш край», «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» і інш.

Актыўна развіваецца ўніверсітэцкі краязнаўчы рух. Удзельнікі школьных гурткоў працягваюць развівацца ў агульнаўніверсітэцкіх краязнаўчых гуртках. Падчас маёй вучобы ў ВДУ імя П. М. Машэрава такім асяродкам быў клуб «Краязнавец».

—  Краязнаўства, краязнаўчая праца і гістарычная навука... У чым тут павінна праяўляцца супольнасць, паяднанасць? Ці патрэбны дысертацыйныя даследаванні, звязаныя і з гісторыяй краязнаўства, і з яго арганізацыяй на сучасным этапе?

—  Лічу, што гісторыкі і краязнаўцы ўзаемазалежныя. Краязнаўцы – гэта па сутнасці дарэвалюцыйныя карэспандэнты гісторыкаў. Яны дапамагаюць у выяўленні новых помнікаў, правядзенні археалагічных раскопак, звяртаюць увагу гісторыкаў на тыя ці іншыя факты з гістарычнага мінулага свайго края, папулярызуюць працы гісторыкаў. У сваю чаргу, гісторыкі даюць метадычныя парады краязнаўцам, выступаюць у якасці рэцэнзентаў іх прац, перадаюць ім найбольш цікавыя дакументы пра іх рэгіён. Зразумела, усё вышэй адзначанае,  – ў ідэале. Бывае і такое, што краязнаўцы не ідуць на кантакт з гісторыкамі, а гісторыкі лічаць іх дылетантамі. У краязнаўцаў і гісторыкаў адна мэта — вывучэнне нашай Бацькаўшчыны. Для гісторыка – гэта прафесія, для краязнаўцы — стан душы.

На сённяшні дзень у Беларусі абаронена тры кандыдацкія дысертацыі па гісторыі беларускага краязнаўства ў савецкі час. Ёсць некалькі кандыдацкіх дысертацый па галінах краязнаўства. Усё гэта сведчыць пра высокі ўзровень айчыннага краязнаўства. Бо менавіта краязнаўчы рух з’яўляецца прадметам дысертацыйных даследаванняў. На сучасным этапе вельмі запатрабаваны дысертацыйныя даследаванні. Нават тэму прапаную — «Гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 1992–2022 гг.». Гэты трыццацігадовы перыяд зусім не падобны да іншых: з’яўленне інтэрнэту, велізарная колькасць краязнаўчых форумаў, падрыхтоўка і выданне кніг «Памяць» у новым фармаце і інш.

—  У гісторыі беларускага краязнаўства апошніх дзесяцігоддзяў добра вядомыя імёны Генадзя Каханоўскага, Віталя Скалабана, ды і шмат яшчэ каго... Якім бы чынам Вы прапанавалі ўшанаваць для наступных пакаленняў памяць пра іх?

—  Краязнаўцы – вельмі апантаныя людзі. Увесь свой вольны час яны прысвячаюць любімай справе. За асабістыя сродкі набываюць гістарычныя артэфакты, выдаюць кнігі. Таму ў першаю чаргу я прапаную выдаваць зборнікі прац выбітных краязнаўцаў, куды пад адной вокладкай павінны ўвайсці газетныя артыкулы, матэрыялы канферэнцый, асобныя працы. Лічу вельмі правільным арганізацыю і правядзенне імянных краязнаўчых і наукова-практычных канферэнцый. Дарэчы ў лістападзе 2023 г. на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь адбудуцца ІІ Скалабанаўскія чытанні.

—  Ведаю, што Вы настойліва займаецеся падрыхтоўкай навукова-практычнай канферэнцыі да 100-годдзя Цэнтральнага бюро краязнаўства. Раскажыце, калі ласка, пра гэта падрабязней.

—  У 2024 г. мы будзем адзначаць 100-годдзе арганізаванага краязнаўства. У сувязі з гэтым Інстытутам гісторыі НАН Беларусі запланавана маштабная навукова-практычная канферэнцыя «Гістарычнае краязнаўства Беларусі: вопыт, праблемы і перспектывы развіцця». Пры дапамозе органаў мясцоваў улады мы плануем запрасіць па адным прадстаўніку з кожнага раёна, з гарадоў, з абласных цэнтраў. Запланавана праца 7 панэляў. На кожнай панэлі будуць выступаць некалькі экспертаў. Ідэя панэлі – наладзіць жывыя зносіны паміж спецыялістамі і краязнаўцамі. Краязнаўцы артымаюць метадычныя парады ад экспертаў. Адбудуцца і звычайныя секцыйныя пасяджэнні, дзе будуць абмеркаваны актуальныя пытанні краязнаўства Беларусі. Пакуль усе задумкі раскрываць не будзем.

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.