Вы тут

Дзейнічаць без пасрэднікаў


Форум мае адбыцца ў другой палове верасня ў гарадскім пасёлку Зэльва. Для яго падрыхтоўкі створаны аргкамітэт пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валянціна Семянякі. Днямі адбылося чарговае пасяджэнне аргкамітэта, на якім вызначаны трэкі ўзаемадзення малых гарадоў беларускага і расійскага рэгіёнаў.


Фота zelwa.by

Ніжагародская вобласць — адзін з нямногіх расійскіх рэгіёнаў, якія мае сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Гродзенцы вырашылі скарыстацца прамымі кантактамі з ніжагародцамі для наладжвання партнёрскіх сувязяў. Такім чынам узнікла ідэя правесці сумесны форум з удзелам прадстаўнікоў адобвух рэгіёнаў.

— Трэба сказаць, што нашых будучых расійскіх партнёраў, у першую чаргу, зацікавіў фармат аб’яднання Гродзенскай вобласці, які называецца Партнёрскі альянс раёнаў па ўстойлівым развіцці. У яго склад уваходзіць шэсць раёнаў вобласці. Менавіта іх патэнцыял было вырашана аб’яднаць для агульных праектаў, — адзначыў Валянцін Семяняка.

Такая дамоўленасць стала лейтматывам І з’езда малых гарадоў Гродзеншчыны і Ніжагародской вобласці. Форум адбыўся летась у гарадскім пасёлку Вача расійскага рэгіёна. Беларуская дэлегацыя прэзентавала на ім свой эканамічны патэнцыял.

— Мы прадставілі там прадукцыю мясакамбіната, фабрыкі мастацкіх вырабаў, буклеты мэблевай фабрыкі. Уся выставачная экспазіцыя была вельмі добра прынята, усё, што мы прывезлі, было даволі хутка раскуплена, — успамінае старшыня Слонімскага райсавета дэпутатаў Алег Таргонскі. — Мы заўважылі, што надзвычай папулярныя ў расіян нашы льняныя вырабы.

У сваю чаргу, беларусы зацікавіліся вытворчасцю гаспадарчых прылад на аб’яднанні «Праца» ў гарадскім пасёлку Вача Ніжагародскай вобласці. Тут вырабляюць сякеры, нажы, малаткі і іншыя рэчы метадам прамой коўкі. Гэта надае асаблівую трываласць вырабам у адрозненне ад парашковай металургіі. Прадукцыя даражэйшая, але больш якасная. Як аказалася, гэтая вытворчасць доўгі час была ў заняпадзе, але мясцовыя прадпрымальнікі вырашылі яе аднавіць. Магчыма, такая прадукцыя магла б мець попыт і сярод беларускіх спажыўцоў. Звярнулі ўвагу гродзенцы і на казакоўскую філігрань — рэчы з дроту вельмі тонкай работы. Сувеніры, упрыгажэнні атрымліваюцца дзівосных узораў. Яны робяцца ўручную майстрамі на прадпрыемстве мастацкіх вырабаў.

— Патэнцыял Ніжагародской вобласці даволі значны. Гэта трэці рэгіён Расійскай Федэрацыі ў такім плане. Вельмі важна, што абодвы бакі гатовыя ўзаемадзейнічаць у рамках імпартазамяшчэння ва ўмовах санкцый. Паколькі ніжагародцы актыўна развіваюць сельскую гаспадарку, яны вядуць перагаворы па супрацоўніцтве з Мастоўскім рамонтным заводам і Шчучынскім занальным інстытутам раслінаводства. Расіяне зацікаўленыя ў пастаўках на іх рынак прадуктаў харчавання, асабліва мясной і малочнай прадукцыі, а таксама вырабаў лёгкай прамысловасці, — падкрэсліў Валянцін Семяняка.

Ён заўважыў, што пакуль ёсць пытанне лагістыкі, але ўжо наладжаны авіямаршрут Мінск — Ніжні Ноўгарад. Вырашаецца пытанне па арганізацыі прамога чыгуначнага маршруту. Лагістычныя кампаніі гатовыя забяспечваць суправаджэнне грузаў у абодва бакі.

Для гродзенскага альянсу раёнаў важна дзейнічаць у рамках нацыянальнй праграмы па ўстойлівым развіцці. Супрацоўніцтва з Ніжагародскай вобласцю якраз і з’яўляецца ў дадзеным сэнсе перспектыўным, таму што тут задзейнічаны эканамічны складнік. Менавіта такі акцэнт мяркуецца зрабіць на ІІ з’ездзе малых гарадоў Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей.

— На гэты раз мы ставім задачу і просім, каб прыязджалі прадстаўнікі бізнесу. Гэтым самым мы зможам мінімізаваць пасрэдніцкія структуры, працаваць непасрэдна. Хочацца, каб наша прадукцыя была больш шырока прадстаўлена. Такія сустрэчы дапамогуць узгадніць усе моманты. Магчыма, варта звярнуць увагу на тое, як выконваюцца сумесныя праграмы. Трэба, каб людзі адчулі карысць у эканоміцы, каб з’явіліся новыя працоўныя месцы, новыя лагістычныя схемы, ішла рэалізацыя прадукцыі. Галоўнае — пошук рэсурсаў для забеспячэння ўстойлівасці нашых тэрыторый. Наш партнёрскі альянс зацікаўлены ў гэтым, — заўважыў Алег Таргонскі.

Другі з’езд малых гарадоў адбудзецца ў другой палове верасня ў Зэльве. Мяркуецца, што ён пройдзе ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі». Чакаецца каля ста чалавек у складзе ніжагародскай дэлегацыі, у тым ліку артысты і рамеснікі, якія будуць непасрэдна задзейнічаны на кірмашы.

— І Зэльва, і Вача падобныя паміж сабой і па колькасці насельніцтва, і па эканамічным развіцці. Ёсць нямала агульных напрамкаў, напрыклад, па пытаннях добраўпарадкавання тэрыторый, эфектыўным развіцці сельскай гаспадаркі. Да таго ж, расійскі бок выказаў высокую зацікаўленасць да абласнога свята «Дажынкі», якое адбудзецца 23 верасня ў Зэльве, — паведаміў старшыня Зэльвенскага райсавета дэпутатаў Вадзім Панасік.

Плануецца, што падчас з’езда будзе разгледжана некалькі трэкаў па інтарэсах. У іх ліку аграпрамысловы комплекс, дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Гродзенцы падзеляцца вопытам работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, па стварэнні музеяў сельскага быту. Таксама будзе трэк, прысвечаны турызму з удзелам расійскіх тураператараў. Гродзенцы мяркуюць зацікавіць сваімі санаторыямі, ландшафтнымі і вытворчымі турыстычнымі маршрутамі. Будуць наладжвацца адносіны паміж маладзёжнымі суполкамі. Плануецца заключыць дагаворы аб супрацоўніцтве паміж раёнамі Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.