Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» разам з міліцыянерамі наведалі адну з гаспадарак Міншчыны і пракантралявалі ход уборачнай кампаніі


Жніво — гарачая пара не толькі для аграрыяў. Многія дзяржаўныя органы і службы зацікаўленыя ў гарантаванні харчовай бяспекі ў нашай краіне. Каб своечасова і без страт сабраць ураджай, меры прымаюць і супрацоўнікі органаў унутраных спраў.


Яшчэ задоўга да пачатку жніва міліцыя праінспектавала ўсе прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу краіны. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў праверылі, наколькі да сезонных работ падрыхтаваная тэхніка, ацанілі ўмовы, створаныя для сушкі і захоўвання збожжавых, зернебабовых і кармавых культур. Указаныя недахопы неабходна было выправіць да старту ўборачнай кампаніі.

Аднак ці ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў АПК добрасумленна падрыхтаваліся да найбольш адказнага ў сельскагаспадарчым цыкле перыяду? Гэтым пытаннем задаюцца і праваахоўнікі, якія ўжо паўторна працягваюць інспектаваць мехдвары, фермы і зернесховішчы. З пачаткам уборачнай кампаніі работы ў міліцыянераў стала яшчэ больш — кожны дзень людзі ў пагонах клапоцяцца аб тым, каб сабраны ўраджай быў цалкам захаваны: каб ніводнае зярнятка не было страчана або ўкрадзена. З такой мэтай на пастаяннай аснове кантралююцца і месцы пражывання механізатараў энерганасычанай тэхнікі.

Для папярэджання правапарушэнняў у сферы АПК органамі ўнутраных спраў рэгулярна праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы. У адзін з такіх рэйдаў разам з супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама накіраваліся і карэспандэнты «Звязды».

Спраўнасць тэхнікі — пытанне № 1

Як расказаў намеснік начальніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Парганаеў, на тэрыторыі прысталічча знаходзіцца 13 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У перыяд уборачнай у гаспадарках прызвычаіліся да частых візітаў супрацоўнікаў міліцыі. Гэтым разам праверачныя мерапрыемствы чакалі філіял «Мінскі» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». Прадпрыемства з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Мінскім раёне. Спецыялізуецца на вытворчасці мяса птушкі, яго перапрацоўцы і рэалізацыі. Раней гэта была 1-я Мінская птушкафабрыка, якая ўвайшла ў склад буйнога холдынга. Сюды і накіравалася наша рэйдавая інспекцыя.

Аб сваім візіце кіраўніцтва прадпрыемства апавясцілі, але раптоўных праверак, па словах праваахоўнікаў, таксама хапае.

У машынна-трактарным парку, куды адразу накіраваліся правяраючыя, шумна — майстры рамантуюць два трактары. Няспраўнасць, па іх словах, нязначная: да вечара трактары зноў адправяцца на палеткі.

— Тая тэхніка, якая задзейнічана ва ўборачнай, у вас уся спраўная? — цікавіцца ў начальніка цэха механізацыі філіяла «Мінскі» Аляксея Акуліча супрацоўнік АБЭЗа.

— За выключэннем аднаго камбайна з 23, якія стаяць на балансе гаспадаркі, — адказвае ён. — Але і гэты камбайн на працягу дня будзе падрамантаваны і вернецца на жніво. Калі падчас рамонту механізатару патрэбная дапамога, непаладкі ліквідуюцца ў механізаваным цэху (пры ўмове, калі камбайн знаходзіцца недалёка). Як правіла, рамантуемся ў полі — дзеля гэтых мэт створана выязная група.

Як адзначае намеснік дырэктара па механізацыі філіяла «Мінскі» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Васіль Шэўчык, натуральна, што падчас работы тэхніка ламаецца, але няспраўнасці аператыўна ліквідуюцца — машыны не прастойваюць. Ён расказаў, што падрыхтоўка пачалася задоўга да ўборачнай. «Тэхніка была дэфектавана ў канцы года, як толькі мы ўбралі з поля кукурузу, — удакладніў намеснік дырэктара гаспадаркі. — Зімой-вясной ажыццяўляўся яе планавы рамонт. Тыдні за два-тры ўсе камбайны прайшлі тэхнічны агляд і былі гатовыя да ўборкі ўраджаю».

Аднак, як высветлілі супрацоўнікі міліцыі, няспраўная тэхніка на прадпрыемстве ўсё ж такі ёсць. Але яна не задзейнічана ва ўборачнай кампаніі, таму прастойванне машын ніякім чынам не ўплывае на ход жніва. «У дадзенага прадпрыемства вельмі вялікая колькасць тэхнікі: яно ўвесь час узбуйнялася тымі гаспадаркамі раёна, якія працавалі нерэнтабельна, — заўважае Вячаслаў Парганаеў. — У спадчыну з неэфектыўнымі прадпрыемствамі 1-й Мінскай птушкафабрыцы дастаўся і іх няспраўны аўтапарк. Але колькасць машын, якім патрэбны рамонт, змяншаецца».

Інспектар звярнуў увагу на транспартны сродак, які ў разабраным выглядзе стаяў на адной з пляцовак прадпрыемства. Як высветлілася, грузавік рамонту не падлягае і спісаны з балансу. «Здыміце з тэхнікі тое, што яшчэ можна выкарыстаць, астатняе размясціце на пляцоўцы для металалому, — у такім выглядзе машына тут не павінна знаходзіцца, — зрабіў заўвагу Вячаслаў Парганаеў і вынес рэкамендацыі: — Самае галоўнае, каб тэхніка не стаяла. Калі можна яе выкарыстаць — выкарыстоўвайце. Калі захады па аднаўленні рабіць не ўдаецца, перапрадайце іншым прадпрыемствам.

Зразумела, што за кароткі час (у пачатку ліпеня мы праводзілі маніторынгавыя мерапрыемствы па вывучэнні колькасці сельскагаспадарчага транспарту, яго тэхнічнага стану) разабрацца з усёй няспраўнай тэхнікай складана. Мы павінны бачыць, што канкрэтна было зроблена для рамонту той ці іншай адзінкі, што спісана на металалом, а што прададзена. Разабраныя машыны, безгаспадарліва кінутыя запчасткі ствараюць умовы для крадзяжу, а гэтага дапусціць нельга».

На ўліку — кожны літр

Рэйдавая група накіравалася на заправачную станцыю, якая знаходзіцца на тэрыторыі машынна-трактарнага парка. Вячаслаў Парганаеў запрасіў дакументацыю па сённяшняй запраўцы аўтатранспартных сродкаў. Вывучыўшы запісы, супрацоўнік міліцыі ўдакладніў, ці ўсе машыны запраўляюцца там. Аказалася, што не ўсе. Некаторая тэхніка (у прыватнасці, камбайны) для таго, каб сэканоміць час, ажыццяўляе запраўку адразу ў полі — дзеля гэтага выязджае бензавоз.

— А тут хто запраўляецца? — пытаецца падпалкоўнік міліцыі.

— У асноўным, трактары, пагрузчыкі, — кажа Аляксей Акуліч. — Як тут, так і ў полі запраўка ажыццяўляецца толькі ў прысутнасці супрацоўнікаў нашай службы бяспекі.

Асноўнае пытанне, на якое на заправачнай станцыі звярнулі ўвагу інспектары, — мэтавае выкарыстанне паліва. На запраўцы ўстаноўлена сістэма відэаназірання, таму несанкцыянавана зліць паліва ў каністру або папоўніць бак уласнага транспартнага сродку нерэальна. Працэс, які адбываецца на заправачнай станцыі, са свайго кабінета ў рэжыме рэальнага часу бачыць кіраўнік гаспадаркі.

Дзеля папярэджання крадзяжу паліва рэгулярна ў поле выязджаюць і супрацоўнікі службы бяспекі прадпрыемства. Праверыць, ці не «згубіў» па дарозе ў поле трактар або грузавік дзясятак-другі літраў, няцяжка і супрацоўнікам аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Усё гэта лёгка пракантраляваць, маючы на руках дарожны ліст, які пасля запраўкі выдаецца кіроўцу машыны, і ўбачыўшы лічбы на табло спідометра. Дзякуючы сістэме GPS-навігацыі, устаноўленай на вялікагабарытнай тэхніцы, факт крадзяжу паліва ўстанавіць увогуле проста.

Калі ж у механізатара па месцы жыхарства ці яшчэ ў нейкім месцы будзе выяўлена афарбаванае паліва (такое паліва знаходзіцца толькі на балансе сельгаспрадпрыемстваў), то за крадзеж трэба будзе адказваць па законе. Не пазбегне адказнасці і старонні чалавек, які захоўвае афарбаваныя літры. На прадпрыемствах Мінскага раёна міліцыянерамі ўжо выяўлены факты дробных крадзяжоў паліва. Дзеянням нядобрасумленных супрацоўнікаў даецца прававая ацэнка.

Парадак і дысцыпліна

Трапіць на зернесушыльны комплекс гаспадаркі хутка і бесперашкодна не атрымалася. Служба бяспекі прадпрыемства пацікавілася ў нас мэтай візіту і запатрабавала дакументы, якія пацвярджаюць асобу. Павышаныя меры бяспекі накіраваны перш за ўсё на папярэджанне несанкцыянаванага доступу да харчовых запасаў. Толькі пасля таго, як кіраўніцтва прадпрыемства пацвердзіла мэту рэйдавага мерапрыемства і нас сустрэў прадстаўнік комплексу, мы апынуліся каля гор збожжа чорнага і жоўтага колеру — да сушкі рыхтаваліся чарговыя партыі прывезеных рапсу і жыта.

У начальніка цэха захоўвання прадукцыі раслінаводства інспектар пацікавіўся, як вядзецца ўлік збожжа, калі машыны прыбываюць з палёў. Васіль Канопліч расказаў, што ў спецыяльным журнале фіксуецца, колькі (у тонах) зерня прывозіцца, таксама ўказваецца яго вільготнасць, якая вымяраецца на месцы.

Вячаслаў Парганаеў недакладнасцяў у дакументацыі не выявіў, але пацікавіўся, наколькі аб’ектыўна фіксуецца вільготнасць збожжа. Пераканацца ў правільнасці запісаў інспектару прапанавалі адразу на месцы. Начальнік цэха набраў у спецыяльны прыбор прывезенае нядаўна зерне. Лічба практычна супала з той, якая была запісана ў журнале. Як заўважаюць спецыялісты, невялікая недакладнасць у падліках дапускаецца: калі браць зерне ў розных месцах з адной партыі збожжа, вільготнасць можа адрознівацца.

— Галоўнае, каб на зернесушыльных комплексах вёўся належны ўлік збожжа, усе ўстройствы былі спраўныя, на самім комплексе захоўвалася чысціня, — абазначыў прыярытэтныя кірункі інспекцыі ў згаданай лакацыі намеснік начальніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама. — Асноўная ж задача прадпрыемства — выканаць дзяржаўны заказ па збожжавых і забяспечыць сябе кармамі на цэлы год. Дасягнуць гэтага можна, калі ва ўсім будзе парадак. Пры яго ўмове гаспадарка правядзе ўборку ў тэрмін і не дапусціць страты ўраджаю.

Як расказаў намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Віталь Грышанаў, надвор’е дазваляе перапрацоўваць, але не дазваляе на поўную магутнасць запусціць камбайны. «Прадпрыемствы агракамбіната знаходзяцца ў сямі раёнах Мінскай вобласці: Дзяржынскім, Стаўбцоўскім, Мінскім, Крупскім, Валожынскім, Капыльскім і Слуцкім, — заўважыў ён. — Мы вырошчваем усю лінейку сельгаскультур, за выключэннем бульбы, іншай гародніны і лёну. Практычна ўвесь ураджай прапускаем праз птушкагадоўлю і жывёлагадоўлю. Мы поўнасцю забяспечваем сябе кармамі».

Умовам захоўвання збожжа, зернебабовых і кармавых культур — асаблівая ўвага з боку праваахоўных органаў. «Памяшканні, у якіх захоўваецца сабраны ўраджай, тэхніка, павінны быць пад замком, — звяртае ўвагу Вячаслаў Парганаеў. — У сховішчах праводзіцца асвятленне, памяшканні забяспечваюцца вартаўніком. Рэкамендуем, каб кіраўніцтва прадпрыемства ўзаемадзейнічала з Дэпартаментам аховы МУС. Сярод работнікаў павінны быць жалезная дысцыпліна, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў».

Як звярнуў увагу дырэктар філіяла «Мінскі» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Максім Хацько, пільны кантроль за дзейнасцю прадпрыемства ў перыяд уборачнай кампаніі з боку органаў унутраных спраў з’яўляецца важным складнікам гарантавання харчовай бяспекі краіны. «Падобныя праверкі не даюць расслабіцца, прымушаюць паглядзець на рэчы па-іншаму, аб’ектыўна ацаніць сітуацыю», — лічыць кіраўнік гаспадаркі.

Аб’язджаць з інспекцыяй усе палі, на якіх вядуць уборачныя работы механізатары прадпрыемства, мы не сталі. Выбарачна праінспектавалі некалькі ўчасткаў. Тэхніка працуе, людзі задзейнічаныя. Толькі на адным полі адначасова ўдалося назіраць у рабоце шэсць камбайнаў. «Супрацоўнікі прадпрыемства сапраўды займаюцца ўборачным працэсам, тэхніка не прастойвае — у зман кіраўніцтва гаспадаркі нас не ўвяло», — рэзюмаваў Вячаслаў Парганаеў. Як выконваюцца дадзеныя падчас рэйдавага мерапрыемства даручэнні, у хуткім часе будзе праверана.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.