Вы тут

«Мы — малайцы, праявілі характар». Валейбалісткам не да сціпласці


Ярка, маляўніча, эмацыянальна было ў нядзелю на «Чыжоўка-Арэне». Тут разгарэўся фінал жаночых спаборніцтваў па валейболе. Забягаючы наперад, адзначым, што беларускія юніёркі атрымалі бліскучую перамогу.


Фота: БелТА.

Першая партыя для нашай жаночай зборнай адкрыта не задалася. Расійскія валейбалісткі атрымалі верх з лікам 25:16. Аднак гэтая перамога так і засталася для іх адзінай і нядоўгай. Ужо ў другой партыі нашы прыгажуні сталі гуляць больш рашуча і ўпэўнена — мяч за мячом прылятаў на поле расіянак. Такім чынам, у другой партыі з лікам 25:18 выйграла каманда Беларусі. У трэцяй і чацвёртай партыях нашы спартсменкі не без цяжкасці перамаглі з лікам 25:13 і 25:20 адпаведна. Такім чынам, з лікам 3:1 беларуская зборная стала чэмпіёнам ІІ Гульняў краін СНД па валейболе, Расія здавольваецца «серабром», «бронзу» забрала каманда Казахстана.

«Гэта была вельмі яркая гульня, мы ўсе адчулі бясконцую колькасць эмоцый, — расказала гулец беларускай зборнай па валейболе Ларыса Язэпава. — Мы шчаслівыя, што выйгралі гэты турнір. Ён значны для нас, мы да яго вельмі доўга рыхтаваліся».

Нягледзячы на перамогу, спартсменка лічыць, што ім не ўдалося выкласціся на максімум, але вынік радуе. «У нас былі матчы з камандамі з розных краін. Мы ўсе вельмі стараліся. Зразумелая справа, што не ўсе гульні ўдалося правесці так, як мы хацелі, на максімуме. Але апошняя гульня паказала, што ўся наша работа была праведзена нездарма. Вядома, былі дзесьці і правалы, але я лічу, што ў цэлым мы выступілі ўдала».

«Не толькі задаволены, але і шчаслівы! — падзяліўся ўражаннямі з журналістамі галоўны трэнер юніёрскай зборнай U-16 Генадзь Александровіч. — На самай справе была праведзена вельмі вялікая работа, дзяўчаты цярпелі, стараліся. Я трэнер у жыцці добры, але часам магу іх папрасіць папрацаваць строга. Расія згуляла вельмі прыстойна, практычна не памылялася, але мы малайцы, праявілі характар, пераламалі ход сустрэчы, прыйшлося сякія-такія тактычныя нарыхтоўкі зрабіць, але малайцы, што яны гэта выканалі. Я вельмі рады за дзяўчат».

У валейбалістак на трыбунах была вельмі моцная падтрымка. За матчам назіралі і перажывалі за дзяўчат прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

Не меней напружана было і на пляцоўцы сталічнага Палаца спорту. Там завяршыліся спаборніцтвы па валейболе сярод мужчынскіх юніёрскіх зборных у рамках ІІ Гульняў краін СНД. Чэмпіён мужчынскага турніру вызначыўся ў сустрэчы каманд Беларусі і Расіі, якія раней атрымалі па чатыры перамогі, не прайграўшы пры гэтым ні сэта. Аднак у вырашальным матчы зборная Расіі была мацнейшай за каманду Беларусі, нягледзячы на тое, што ў кожным адрэзку нашы спартсмены навязвалі сур'ёзнае супраціўленне. Такім чынам, з лікам 3:0 (25:19 25:21, 25:19) чэмпіёнам ІІ Гульняў краін СНД па валейболе стала каманда Расійскай Федэрацыі. Беларусь атрымліва сярэбраныя медалі турніру.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.