Вы тут

Мэр Гродна Андрэй Хмель расказаў аб інвестыцыйных праектах горада


У першую чаргу, акцэнт зроблены на рэканструкцыю былога піўзавода пад шматфункцыянальны турыстычны комплекс. Гэта адзін са 116 інвестпраектаў, якія рэалізоўваюцца малым і сярэднім бізнесам. Адным з перспектыўных кірункаў турыстычнага Гродна з'яўляецца развіццё гасцінічнага і рэстараннага сэрвісу.


Падчас прэс-тура старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель запрасіў журналістаў на самы грандыёзны ў горадзе будаўнічы аб'ект — комплекс былога піўзавода, дзе цяпер вядуцца маштабныя работы па рэканструкцыі. Доўгі час стан завода выклікаў вельмі сумнае ўражанне. Аб'ект папросту разбураўся. Між тым ён мае гістарычную каштоўнасць з пункту гледжання прамысловай архітэктуры. Летась тут пачаліся работы па яго ўзнаўленні, і справа ідзе. Інвестары мяркуюць здаць адноўлены турыстычны комплекс у будучым годзе.

— Лічу, што роўных яму не будзе нават у СНД, бо аб'ект, па-першае, цікавы сваёй гісторыяй, па-другое, знаходзіцца ў маляўнічым месцы на беразе Нёмана, амаль у цэнтры горада, і, па-трэцяе, тут будзе сапраўдны гастранамічны цэнтр горада, дзе размесцяцца 15 фудкортаў з рознымі кухнямі. Аб'ект стане месцам прыцягнення як мясцовых жыхароў, так і турыстаў, у тым ліку з пункту гледжання сямейнага адпачынку, — зазначыў Андрэй Хмель.

Комплекс таксама прадугледжвае будаўніцтва гасцініцы. І гэты кірунак сёння вельмі важна развіваць, лічыць мэр. У Гродне не хапае нумароў, каб прыняць усіх ахвотных. Мэр звярнуў увагу на высокі рост турыстаў з Расіі. Нават у буднія дні запаўняльнасць перавышае 90 %, застаюцца толькі самыя дарагія нумары. Таму некаторыя інвестары набылі гістарычныя будынкі менавіта для арганізацыі гасцінічнага сэрвісу.

— Літаральна нядаўна прададзены гістарычны аб'ект на вуліцы Замкавай, гэта цэнтр горада, каля Нёмана, былы медыцынскі інтэрнат. І я ўпэўнены, што атрымаецца вельмі прыгожы аб'ект гасцінічнага бізнесу. Побач знаходзіцца былы Дом быту, вядзецца размова аб яго продажы. Ён таксама будзе абсталяваны пад гасцініцу, — паведаміў мэр.

Ёсць надзея, што справа з гасцінічным фондам палепшыцца пасля ўводу ў эксплуатацыю дзвюх вялікіх гарадскіх гасцініц «Беларусь» і «Гродна». Абодва аб'екты знаходзяцца ў стадыі рэканструкцыі. Праўда, па гасцініцы «Гродна» ёсць праблемы з інвестыцыямі, яе фінансаванне прыпынена з-за недахопу сродкаў. Пытанне з уласнікамі будзе вырашацца ў найбліжэйшы час.

На думку старшыні гарвыканкама, інвестыцыйны клімат у горадзе спрыяльны. Толькі за апошнія гады рэалізавана пустых аб'ектаў на суму 30 мільёнаў рублёў. Гарадскім бюджэтам таксама ўкладваюцца сродкі ў развіццё культурнага і турыстычнага патэнцыялу горада.

— Нядаўна ў нас быў няўдалы вопыт продажу басейна «Лазурны», які затым доўга прастаяў, але мы знайшлі сродкі як у абласным, так і ў гарадскім бюджэце для яго аднаўлення, — расказаў мэр горада. — Сёння вядзецца рэканструкцыя басейна пад аквацэнтр для сямейнага адпачынку, гэта будзе ўльтрасучасны аб'ект, мы яго ўвядзём у 2025 годзе як прыклад інвестыцый горада.

Намаганні гарадскіх уладаў скіраваны на падрыхтоўку да знамянальнай даты. Праз пяць гадоў Гродна будзе адзначаць 900-гадовы юбілей. Многія аб'екты плануецца завяршыць за гэту пяцігодку. У прыватнасці, ёсць планы прывесці ў парадак, а дакладней, поўнасцю адбудаваць гарадскую набярэжную, якая злучыць адноўлены піўзавод і старажытныя гродзенскія замкі. Мэр Гродна ўпэўнены, што гэта тэрыторыя стане яшчэ адным месцам прыцягнення турыстаў і прыемным падарункам гораду да юбілею.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.