Вы тут

Аляксандр Бурда: Кожны малады чалавек сам павінен думаць аб сваёй будучыні


У 27 гадоў ён адказвае за ідэалагічнае і кадравае забеспячэнне прадпрыемства з калектывам у больш як 3,3 тысячы чалавек, карыстаецца павагай сярод падначаленых і з'яўляецца арыенцірам для калег. Аляксандр Бурда — начальнік упраўлення развіцця персаналу РУП «Белмытсэрвіс». У найбуйнейшую лагістычную кампанію краіны ён трапіў тры гады таму і прайшоў шлях ад вядучага спецыяліста да начальніка ўпраўлення. У чым сакрэт кар'ернага поспеху, пацікавіліся ў маладога кіраўніка карэспандэнты.


Пра сям'ю, армію і грамадскае жыццё

— Аляксандр, кажуць, што задаткі лідара фарміруюцца ў дзяцінстве. У якой сям'і нарадзіўся будучы кіраўнік?

— У звычайнай вясковай, якая з Брэсцкай вобласці пераехала ў Барысаў. Бацька працуе ў лясной галіне, маці — урач у ваенным шпіталі. Сястра пайшла па матчыным шляху: яна стаматолаг. У Барысаве я скончыў сярэднюю школу № 16 імя Івана Барысюка. Вельмі ўдзячны настаўнікам, бо менавіта тыя веды і навыкі, якія ў далейшым развіваліся падчас вучобы ва ўніверсітэце і ў рабоце, — у мяне са школьнага парога. Пачынаючы з чацвёртага класа вёў выпускныя вечары. Быў піянерам, пасля ўступіў у шэрагі БРСМ. Усе грамадскія ініцыятывы ніколі не праходзілі міма мяне. Усё гэта паспяхова сумяшчалася з вучобай і са спортам. Пэўных поспехаў дасягнуў у спартыўна-бальных танцах, перамагаў на абласных спаборніцтвах. Аднак у адзін момант мне падалося, што сапраўдны мужчына павінен займацца нечым больш сур'ёзным — так я стаў гуляць у футбол. Пачынаў на прафесійным узроўні, цяпер займаюся больш для сябе: з'яўляюся капітанам футбольнай каманды «Белмытсэрвіс».

— Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, якой дзейнасцю хацелі займацца? І ці спраўдзіліся ў выніку вашы спадзяванні?

— У Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ішоў мэтанакіравана. У мяне заўсёды было вялікае жаданне служыць дзяржаве і грамадству. Разумеў, што неабходныя веды і навыкі для далейшай работы я магу атрымаць у Акадэміі кіравання. Працэс паступлення быў дастаткова сур'ёзны. Падрыхтоўку да паступлення пачаў яшчэ ў 10 класе, у выніку трапіў на бюджэт. Вучыўся па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка».

— Служыць беларускаму народу можна і ў арміі, органах унутраных спраў... Не даводзілася ў якасці прафесійнай дзейнасці разглядаць сілавыя структуры?

— У арміі служыў, з'яўляюся лейтэнантам запасу. Больш за тое, я хацеў трапіць у армію. Мог быць камісаваны па стане здароўя, але прайшоў дадатковае абследаванне і атрымаў дазвол на службу. Гатовы стаць на абарону Радзімы ў любы момант.

— Некаторыя робяць наадварот: прыпісваюць сабе хваробы, якіх насамрэч не існуе. У сучаснага пакалення сфарміравалася неадназначнае меркаванне наконт службы ў арміі. Некаторыя разважаюць аб большай эфектыўнасці кантрактнай арміі. Цікава пачуць на гэты конт ваша меркаванне...

— Яно празрыстае. Дастаткова паглядзець на паўднёвую мяжу нашай краіны. Не дай бог, якая-небудзь непрадбачаная сітуацыя — каму мы потым будзем тлумачыць пра кантрактную армію? Мужчына, калі ён здаровы, прыдатны для службы ва Узброеных Сілах, абавязаны адслужыць. Будзе гэта ваенная кафедра пры ўніверсітэце, служба ў рэзерве або тэрміновая ваенная служба — прайсці праз гэта трэба адназначна. Армія — гэта сур'ёзная школа, якая дала мне вельмі многае. Больш за тое, армія дысцыплінуе. У маім узводзе служылі дастаткова дарослыя хлопцы, усе — з вышэйшай адукацыяй. Калектыўная адказнасць многаму вучыць: памыляецца адзін, адказваюць усе. Таму і з гэтага пункту гледжання такая школа патрэбная. Скажу шчыра, была думка застацца ў арміі, аднак жыццё склалася па-іншаму.

— Падчас навучання ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь вы ўзначальвалі камітэт пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Наколькі складана было сумяшчаць вучобу з грамадскай дзейнасцю?

— Ёй пачаў займацца на другім курсе, на трэцім узначаліў пярвічную арганізацыю БРСМ. Паралельна сумяшчаў работу журналістам у прэс-цэнтры, які займаўся асвятленнем дзейнасці навучальнай установы, і, па мерках студэнта, меў нядрэнны заробак. Маім кіраўніком, а таксама першым настаўнікам у журналісцкай дзейнасці была цяперашні прэс-сакратар прэм'ер-міністра Аляксандра Ісаева. Мы выпускалі газету «Зеркало», стваралі кантэнт для сайта Акадэміі кіравання, вялі сацыяльныя медыя ВНУ. Сумяшчаць гэта з вучобай і работай у БРСМ было нескладана. У многіх студэнтаў існуе меркаванне, што, калі яны вучацца на адны «дзявяткі» і «дзясяткі», гэтага дастаткова для працаўладкавання. Гэта не зусім так. Для таго, каб цябе заўважылі, трэба прыкладаць шмат намаганняў, у тым ліку ўдзельнічаць у грамадскай, навуковай дзейнасці. Кожны малады чалавек сам павінен думаць аб сваёй будучыні (пажадана з першага курса), а не чакаць, што нехта падумае пра гэта за яго. Часу на раскачку няма, асабліва цяпер. Вельмі канкурэнтаздольны рынак, шмат высокакваліфікаваных кадраў, і, вядома, работадаўца будзе выбіраць з плеяды маладых выпускнікоў тых, у каго ўжо ёсць пэўны вопыт работы.

— Сёння Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі актыўна развіваецца, рэалізоўвае грамадска значныя праекты, удзельнічае ў найважнейшых ініцыятывах. Як лічыце, ці патрэбна кожнаму юнаму беларусу ўступаць у маладзёжную арганізацыю?

— Абсалютна перакананы, што патрэбна. Супрацоўнікі нашага прадпрыемства ўцягнуты ў грамадска-палітычнае жыццё краіны. Сёлета мы стварылі галіновы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Маладыя людзі да 31 года ў стапрацэнтным складзе ўступілі ў БРСМ. Калі вярнуцца да вытокаў, БРСМ — правапераемнік камсамола. Беларусь — адна з нямногіх краін, якая на такім высокім узроўні захавала пераемнасць пакаленняў. А да піянераў яшчэ ёсць акцябраты — самыя маленькія нашы школьнікі. Пераемнасць пакаленняў у гэтым пытанні павінна быць. Традыцыі ж не толькі ў тым, каб павязаць піянерам гальштук або павесіць значок члена БРСМ. Гэта і дапамога дзецям-сіротам, і пажылым людзям, і валанцёрскі рух, і патрыятычнае выхаванне. Усё гэта з'яўляецца асновай для станаўлення беларускага грамадзяніна, планамернага яго ўваходу ў грамадска-палітычнае жыццё нашай краіны. 2020 год паказаў, што без гэтага ніяк. І, магчыма, тады дзеці адносіліся да БРСМ не зусім сур'ёзна, некаторым здавалася, што іх прымушаюць уступаць у маладзёжную арганізацыю, то цяпер падрастаючае пакаленне па-іншаму ўспрымае сваё ўступленне, разумее, для чаго гэта трэба. Самае важнае — БРСМ з'яўляецца той маладзёжнай арганізацыяй, якая вялікую ўвагу ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню моладзі, сваімі праектамі не дае ўсумніцца ў нашай гісторыі. Асабліва гэта датычыцца перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць асобныя недружалюбныя нам краіны, якія дагэтуль спрабуюць перапісаць гісторыю, робяць герояў з тых, хто забіваў нашых прадзедаў і дзядоў.

Пра калектыўную адказнасць і кадры

— Колькі чалавек знаходзіцца пад вашым непасрэдным падначаленнем?

— Калі ўлічваць цэнтральны апарат упраўлення і яго філіялы ў рэгіёнах, то амаль восемдзесят.

— Аднак у цэлым вы адказваеце за кадравае забеспячэнне прадпрыемства, а гэта больш як 3,3 тысячы чалавек... Якія задачы знаходзяцца ў зоне вашай адказнасці?

— Работа ў гэтым кірунку не зводзіцца толькі да таго, каб адпускаць супрацоўніка ў адпачынак або рыхтаваць загад аб яго працаўладкаванні. Гэта яшчэ і ідэалагічная работа, штодзённае ўзаемадзеянне з чалавекам. Пачынаючы з таго, з усмешкай або з сумам ён прыйшоў на работу, і заканчваючы тым, з якім настроем ён пойдзе дахаты. Гэтае пытанне глабальнае і комплекснае.

— Мяркую, што вы кіруеце людзьмі, якія старэйшыя за вас. Ці не ўзнікае складанасцяў з-за ўзроставай розніцы?

— Сапраўды, ва ўпраўленні практычна ўсе супрацоўнікі старэйшыя за мяне. Ніякіх складанасцяў або непаразуменняў у нас няма. Напэўна, гэта звязана з тым, што імкнуся быць шчырым, тактоўным і ветлівым у адносінах да людзей. Унікаю ў сацыяльна-побытавыя ўмовы супрацоўнікаў, ведаю іх статус, колькі дзяцей выхоўваецца ў сем'ях, нават дні нараджэння. Гэта калі казаць пра асабістыя адносіны. А прафесійнае будуецца на асабістым. Калі людзі бачаць, што ты да іх добра ставішся, стаіш за іх гарой, то яны будуць адказваць табе тым жа, нягледзячы на ўзрост. У адказ на паважлівыя адносіны ў сваёй рабоце людзі аддаюцца на ўсе 100 працэнтаў, а для кіраўніка гэта самае важнае.

— У чым прычына поспеху такога імклівага кар'ернага росту?

— Складана адказаць на гэтае пытанне, але паспрабую. Магчыма, на гэта паўплывала маё выхаванне, характар. Імкнуся дасягаць поспеху ў любых пачынаннях, ніколі не спыняюся, калі ёсць пэўныя бар'еры і перашкоды. Люблю людзей, яны мне адказваюць тым жа: верай, падтрымкай, клопатам і адносінамі да справы.

Падчас гутаркі ў кабінеце майго суразмоўцы загучала музычная кампазіцыя. Як высветлілася, гімн РУП «Белмытсэрвіс». Гэта азначае, што на прадпрыемстве пачаўся абедзенны перапынак. Дынамікі ўсталяваны ў кожным кабінеце, таму пра адпачынак падчас працоўнага дня ведаюць усе.

— Аляксандр, чыя ідэя?

— Генеральнага дырэктара прадпрыемства. Тэкст гімна перапісвалі тройчы. З трэцяй спробы трапілі: хацелі, каб кожнае слова кранала сэрца. А вось працоўны дзень на прадпрыемстве пачынаецца з гучання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Такую палітыку мы прынялі яшчэ ў 2019 годзе. Таму да падзей, якія адбыліся ў 2020 годзе, мы ўжо падышлі максімальна падрыхтаванымі, у тым ліку дзякуючы гэтаму рашэнню. У выніку на прадпрыемстве з калектывам у 3,3 тысячы чалавек, з аб'ектамі інфраструктуры па ўсёй краіне, у нас не было ні аднаго факта несанкцыянаваных мерапрыемстваў. За тры хвіліны да заканчэння абедзеннага перапынку гучыць спартыўная песня — нефармальная кампазіцыя пра нашы спартыўныя дасягненні. Людзі прызвычаіліся. Яны ўжо не ўяўляюць пачатак працоўнага дня без Дзяржаўнага гімна, як і абедзенны перапынак — без афіцыйнага гімна «Белмытсэрвіс».

— Наколькі такія карпаратыўныя элементы эфектыўныя?

— Патрыятызм у шырокім сэнсе гэтага слова нараджаецца на аснове лакальнага патрыятызму. Любоў да сваёй сям'і, прадпрыемства, малой радзімы, у цэлым да краіны — усё ўзаемазвязана. Афіцыйны гімн прадпрыемства таксама з'яўляецца элементам лакальнага патрыятызму. Лічу, што кожны чалавек павінен палюбіць сваё месца працы. Пазіцыі, каб на РУП «Белмытсэрвіс» людзі прыходзілі з задавальненнем, заўсёды прытрымліваецца і наш генеральны дырэктар. І дзеля гэтага робіцца многае. Супрацоўнікі прыходзяць у калектыў з добрым настроем, ведаюць, што іх падтрымаюць у той ці іншай са цыяльнай сітуацыі. На прадпрыемстве дастаткова сур'ёзны сацыяльны пакет. Гэта выплаты да святочных дат (напрыклад, да Дня Незалежнасці), санаторна-курортнае лячэнне супрацоўнікаў, аздараўленне дзяцей за кошт прадпрыемства, матэрыяльная дапамога і іншае. У нас кожны супрацоўнік, а таксама члены іх сем'яў застрахаваныя. Тых, хто хварэў на CОVІD, мы за кошт прадпрыемства адпраўлялі на аздараўленне ў санаторыі.

— Вы знаёміцеся з кожным, хто ўладкоўваецца на прадпрыемства?

— Вядома. Арганізоўваю сумоўе з кіраўніком, знаёмлю з калегамі. Калі чалавек уладкоўваецца на працу, мая задача — стварыць умовы для таго, каб ён прыносіў сваёй дзейнасцю максімальную карысць прадпрыемству, не адцягваўся на побытавыя рэчы і з першых дзён быў паглыблены ў працоўны працэс.

— Ці шмат на прадпрыемстве моладзі?

— Сёння паказчык моладзі на прадпрыемстве вышэйшы, чым у сярэднім па краіне. 21 працэнт супрацоўнікаў — людзі ва ўзросце да 31 года, а ў цэнтральным апараце лічба яшчэ больш высокая — 25 працэнтаў. Гэта значыць, што чацвёртая частка супрацоўнікаў цэнтральнага апарату (а пад цэнтральным апаратам мы маем на ўвазе цэнтр кампетэнцый усяго прадпрыемства) — людзі да 31 года. Наш генеральны дырэктар ніколі не глядзіць на ўзрост, а перш за ўсё ацэньвае кампетэнцыі і бачыць тое, што можа вырасці з таго ці іншага маладога спецыяліста. Потым гэтых маладых людзей суправаджаем, у нас ёсць перспектыўны кадравы рэзерв. Сістэма навучання за кошт сродкаў прадпрыемства, далейшае ўдасканаленне (курсы, магістратура і інш.) — усе дарогі адкрыты.

— Было б добра, каб наша інтэрв'ю пачыталі тыя маладыя людзі, якія думаюць, што дасягнуць поспехаў у прафесійнай дзейнасці ў нашай краіне немагчыма...

— Той, хто так думае, абсалютна не мае рацыі. Па-першае, у краіне створаны ўсе магчымасці. Любы малады чалавек можа пабудаваць уласную кар'еру. Прычым зрабіць гэта самастойна. Неабходны намаганні і веды — асноўныя складнікі поспеху. Немалаважнае значэнне мае і імкненне чагосьці дасягнуць, чаму-небудзь навучыцца, а не сядзець без справы і чакаць, пакуль нехта прыйдзе і пакліча цябе на работу з вялікім заробкам. Такога не будзе. Але тое, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для паспяховага жыцця, — адназначна. І наша прадпрыемства з'яўляецца гэтаму яркім прыкладам.

Пра маладзёжны парламентарызм, бацькоўства і традыцыйныя каштоўнасці

— Вы з'яўляліся членам Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі першага склікання, першым намеснікам старшыні Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Як трапілі і якія задачы вырашалі?

— У Маладзёжны парламент быў дэлегаваны ад Мінска і займаўся патрыятычнымі праектамі. Паралельна працуючы ў Маладзёжнай палаце, адказваў за валанцёрства, эканоміку, патрыятычнае выхаванне моладзі. У прыватнасці, курыраваў алічбоўку помнікаў: мы ездзілі па ўсёй краіне і займаліся ўстаноўкай таблічак з QR-кодам, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Цяпер праект «Лічбавая зорка» праводзіцца пад эгідай БРСМ. У рамках дзейнасці ў Маладзёжнай палаце даводзілася прымаць удзел у работах па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Сімвалічна, што ўжо будучы супрацоўнікам «Белмытсэрвіс» разам з калегамі на лагойскіх могілках мы добраўпарадкавалі пахаванне Іосіфа Камінскага — адзінага дарослага жыхара Хатыні, які выжыў.

— Ці спатрэбіўся вопыт маладзёжнага парламентарызму?

— Безумоўна. Маладзёжны парламентарызм вучыць паглыбляцца ў працэсы, якія адбываюцца, не быць дылетантам падчас выступлення перад аўдыторыяй.

— Ведаю, што вы працуеце над дысертацыяй. Як знаходзіце час яшчэ і на навуковую дзейнасць?

— Хачу развівацца ва ўсіх кірунках. З'яўляюся маладым бацькам, таму сумяшчаць усё няпроста. Аднак у сутках — 24 гадзіны, таму вольную хвіліну знаходжу. Менш часу застаецца на сон.

— Віншуем вас з папаўненнем у сям'і! Некаторыя маладыя людзі, якія будуюць кар'еру, увогуле аб дзецях не задумваюцца...

— Больш шчаслівага статусу, чым бацька, у свеце не існуе. У мяне дачка, яе завуць Міраслава. Найлепшага імгнення, чым тое, калі ў першы раз узяў яе на рукі пры выпісцы з радзільнага дома, не адчуваў ніколі. Дзеці — гэта самае святое, дарагое, што можа быць. З іх з'яўленнем жыццё мяняецца кардынальна. Ты ўжо жывеш не для сябе. Усё робіш для таго, каб твайму дзіцяці было добра. Бацькоўства максімальна дысцыплінуе. Адназначна ўсім дзяўчатам трэба імкнуцца цяжарыць і нараджаць, хлопцам — станавіцца бацькамі і выхоўваць будучае пакаленне патрыётаў-беларусаў.

— А вось у некаторых «цывілізаваных» краінах так не лічаць. На тым жа Захадзе набірае папулярнасць субкультура «чайлдфры», калі людзі свядома не нараджаюць дзяцей...

— Яны ж не толькі гэта прапагандуюць. У іх і ЛГБТ — гэта нармальна, што для нас дзікунства, і аднаполыя шлюбы... Беларусам з гэтымі каштоўнасцямі не па адной дарозе ад слова «зусім». Мы адмаўляем еўрапейскія каштоўнасці, для нас гэта нават не тэма для размовы. Вядома, ёсць пэўная катэгорыя людзей, але мы не маем права іх асуджаць, гэта іх выбар. Але выступаем выключна супраць прапаганды тых еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія нам спрабуюць навязаць. Не атрымаецца. Самае галоўнае, што іх не ўспрымае наш народ.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і з архіва героя


Аўдыяверсія праекта — на радыё Пілот-FM.

Пра­ект ство­ра­ны пры фі­нан­са­вай пад­трым­цы ў ад­па­вед­нас­ці з Ука­зам Прэ­зі­дэн­та № 131 ад 31 са­ка­ві­ка 2022 го­да.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.