Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Галоўны прынцып работы нашай дзяржавы — гэта спакойнае ўдасканаленне таго, што напрацавала чалавецтва


Сёлета тэма ўдасканалення адукацыйнай сістэмы не проста актуальная, а нават вострая. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова адзначаў, што ў найбліжэйшы час неабходна вырашыць усе праблемы ў сферы адукацыі і анансаваў канкрэтную размову па гэтай тэме. 


Месяц таму, у жніўні, прайшла нарада, прысвечаная гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года. Тады Прэзідэнта цікавілі не лічбы і справаздачы, а праблемы. Размова атрымалася крытычнай. На мерапрыемства спецыяльна былі запрошаны кіраўнікі Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю, каб пачуць ацэнкі кантралюючых органаў. Тады Аляксандр Лукашэнка не прыняў даклады міністра адукацыі і віцэ-прэм’ера, даручыў сістэме адукацыі аператыўна зрабіць работу над памылкамі. Пра яе вынікі і далажылі Прэзідэнту. 

На цяперашнюю нараду былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы і кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Для таго, каб валодаць сітуацыяй у адукацыі і аператыўна вырашаць праблемы на месцах, на мерапрыемстве прысутнічалі старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў, начальнікі раённых упраўленняў адукацыі. Удзел у нарадзе ўзялі і кіраўнікі ВНУ, супрацоўнікі ўстаноў адукацыі. Размова працягвалася каля трох гадзін. 

«Школа — гэта храм»

На пачатку нарады Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што тэма адукацыі апошнім часам пастаянна гучыць з тэлеэкранаў і не сыходзіць з першых палос прэсы. «Сапраўды, чаму і як вучыць, хвалюе, як аказалася, не толькі мяне, але і ўсё грамадства, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта добра».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў жніўні, калі аб гатоўнасці да новага навучальнага года дакладваў міністр адукацыі, занадта ўсё добра было на паперы, а ў жыцці аказалася куды больш празаічна: не гатовыя да прыёму дзяцей школы, не вырашаныя пытанні з арганізацыяй падвозу дзяцей да школ, харчавання і іншыя, не менш сур’ёзныя праблемы. Нягледзячы на немалую колькасць пытанняў у адукацыйнай сферы, беларускі лідар хацеў пачуць не статыстычныя даныя, а канкрэтную інфармацыю аб прынятых урадам мерах па вырашэнні вызначаных пытанняў і прапановы па далейшай рабоце ў гэтым кірунку.

«Хачу, каб вы мяне зразумелі, я, як кіраўнік дзяржавы, ужо неаднаразова казаў: школа — гэта храм, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У гэтым, калі хочаце, увесь сакральны сэнс. Тут павінен быць жалезны парадак і дысцыпліна: як у арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і ў матэрыяльным плане. Школа закладвае падмурак будучыні не проста грамадзяніна, а чалавека».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на абавязковы ўдзел дзяцей у добраўпарадкаванні месца, дзе яны вучацца. «Выхоўвайце моладзь працай, тады і стаўленне да школы ў іх будзе адпаведнае, — патлумачыў сваё патрабаванне кіраўнік дзяржавы. — На жаль, мы ад гэтага прынцыпу —добрага савецкага прынцыпу — адышлі». 

Пры гэтым, па словах Прэзідэнта, усе школы павінны быць загружаны, дзе трэба — арганізаваны падвоз. Перш за ўсё гэта датычыцца Мінска. «Я ўжо казаў, што мы пачынаем будаваць у мікрараёнах, якія развіваюцца, сучасныя школы ў выглядзе палацаў, а ў цэнтральных раёнах Мінска, дзе, натуральна, насельніцтва доўга жыве, старэе, дзяцей практычна няма, школы пустуюць або запоўнены не цалкам, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Дык лепш падвесці дзяцей з мікрараёнаў у гэтыя школы — намоленыя месцы, а зэканомленыя сродкі накіраваць на іншыя патрэбы, у тым ліку заработную плату настаўнікаў. Без празмернасцяў! Не да гэтага. Проста па-гаспадарску трэба падысці да гэтай праблемы». 

Арыентавацца на вучняў, абітурыентаў, студэнтаў

Спыніўшыся на пытанні зместу адукацыйнага працэсу, а дакладней — падручнікаў, па якіх вучацца дзеці, кіраўнік дзяржавы прызнаўся: яго вельмі непакоіць, што да іх якасці па-ранейшаму ёсць пытанні. «Мы вымушаныя рэагаваць на звароты грамадзян і разбірацца, што не так з нашымі падручнікамі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Лічу, што гэта сур’ёзная недапрацоўка Міністэрства адукацыі на працягу ўжо шэрагу гадоў. Больш за тое, калі мы рыхтуем падручнікі, мадэрнізуем, пішам новыя, рашаем пытанне паступлення ў ВНУ і гэтак далей, мы сыходзім з таго, як мы гэта разумеем. Трэба арыентавацца на тых, хто будзе ў гэтым працэсе: вучні школ, абітурыенты, студэнты. На іх трэба глядзець! Яны не валодаюць такімі ведамі, як мы, і вопыту ў іх ніякага. Таму арыентавацца трэба на іх і рыхтаваць падручнікі пад іх». Гэтае патрабаванне кіраўніка дзяржавы датычыцца і сістэмы ацэнкі ведаў. 

Яшчэ на педагагічным савеце 24 жніўня 2021 года Аляксандр Лукашэнка казаў пра недапушчальнасць пастаяннага перакройвання навучальных праграм і планаў, бясконцага выдання новых падручнікаў. Кіраўнік дзяржавы адзначаў, што неабходна вярнуцца да савецкага досведу, узяць найлепшыя дапаможнікі і іх паступова дапрацоўваць, удасканальваць, а не друкаваць новыя.

Беларускі лідар заўважыў, што новы калектыў заўсёды арыгінальнічае і хоча паказаць свой спрыт. Гэта, па яго словах, нікому не патрэбна. «Галоўны прынцып работы нашай дзяржавы і любых працэсаў, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве, — гэта спакойнае ўдасканаленне таго, што напрацавала чалавецтва, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Мы стаім, як я казаў, паўтараючы цытату вялікага, на плячах гіганта. Не трэба саскокваць з гэтых плеч: мы страцім усё тое, што чалавецтва напрацавала да нас. Трэба выкарыстаць гэта дзеля будучыні. Таму трэба ўдасканальваць, не саромецца ўзяць найлепшае з таго, што было».

«Ніякіх кардынальных рашэнняў быць не павінна!»

Спыніўся кіраўнік дзяржавы і на такім важным пытанні, як падыходы да атэстацыі за курс сярэдняй школы і паступленне ў ВНУ. «Шмат праведзена ацэнак: і БІСІ, і іншыя сацыялагічныя цэнтры апытвалі вучняў, студэнтаў, навучэнцаў і настаўнікаў, бацькоў, як будзем жыць далей — у сярэдняй школе і вышэй, — паведаміў ён. — Скажу прама: я прыняў прапановы Мінадукацыі аб змене парадку паступлення ў ВНУ. Мы гэта прайшлі сёлета. І з той умовай, што мы яшчэ раз вернемся да гэтага пытання. Калі камісія па кантролі за ходам уступных іспытаў або ўступнай кампаніі прадставіць сваё заключэнне, іншыя кантралёры выкажуцца, а таксама педагогі скажуць аб вартасцях і, можа быць, недапрацоўках, якія мелі месца». 

Прэзідэнт хацеў пачуць прынцыповую адзнаку новай сістэмы паступлення. Ён пацікавіўся, ці дазволіла яна ўбачыць кожнага абітурыента, забяспечыць справядлівыя адносіны да тых, хто паступае, і стварыць роўныя ўмовы і магчымасці для атрымання адукацыі ў вышэйшых навучальных установах, спытаў, ці будуць яшчэ нейкія прапановы ў спецыялістаў і педагогаў, каб палепшыць ужо існуючы парадак.

«Тут і цяпер мы павінны вызначыць механізм працы сярэдняй школы і ВНУ на перспектыву і вырашыць галоўную задачу — забяспечыць нашу моладзі ўмовамі для прафесійнага станаўлення і развіцця ў сваёй краіне, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Падкрэслю: найбольш таленавітыя і перспектыўныя абітурыенты павінны быць запатрабаваны ў нас, на Радзіме. Гэта маё жалезнае правіла».

У гэтай сувязі Прэзідэнт нагадаў сваё нядаўнае наведванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, дзе ён яшчэ раз пераканаўся ў тым, што разумных дзяцей, якія любяць Беларусь, у нас сапраўды шмат. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу падтрымаць іх, паказаць ім перспектыву самарэалізацыі і кар’ернага росту. «Калі казаць па-простаму, накіраваць на шлях ісцінны, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Усе хібы ў гэтым плане ад нас: мы вінаваты, не дзеці. Таму давайце пачынаць з сябе, але ніякіх кардынальных рашэнняў пасля нашай сённяшняй сустрэчы быць не павінна! Усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што настаўнікі, выкладчыкі і вучні стаміліся ад таго, што мы пастаянна рэвалюцыйным чынам спрабуем удасканальваць сістэму адукацыі. Пара заканчваць з гэтым». 

«Трэба ўдасканальваць тое, што ёсць»

Па ўказаных пытаннях з дакладам выступіў міністр адукацыі. Андрэй Іванец расказаў: нягледзячы на тое, што да пачатку новага навучальнага года многія заўвагі былі ліквідаваны, а рэкамендацыі выкананы, засталіся работы, якія выковаюцца ў цяперашні час. Яны датычацца ажыццяўлення бяспечных маршрутаў дзяцей ад дома да школы і наадварот, навядзення парадку на прышкольных тэрыторыях. Кажучы аб забеспячэнні падвозу навучэнцаў, на якім засяродзіў увагу Прэзідэнт, міністр паведаміў, што школьны аўтапарк будзе абнаўляцца. Аднак, па яго словах, ёсць і праблемныя моманты ў гэтым пытанні — не хапае кіроўцаў. Нямала вакантных ставак і сярод медыцынскага персаналу школ. «Міністэрствам аховы здароўя прыняты ўсе неабходныя меры для камплектавання даных ставак за кошт сумяшчальніцтва і супрацоўнікаў паліклінік і фапаў», — удакладніў, як вырашаецца праблема, кіраўнік ведамства.

Кажучы аб тым, што яшчэ патрабуецца выканаць для навядзення парадку ў школах, міністр адзначыў, што вызначаны пералік з 270 школ, якія патрабуюць капітальнага рамонту па ўсёй краіне. Пастаўлена задача — выканаць рамонтныя работы да 2026 года ўключна. Сродкаў, па словах міністра, дастаткова, галоўнае, эфектыўна іх выкарыстаць. 

Асаблівай увагі, на думку, Андрэя Іванца, патрабуе пытанне падпісання сертыфікатаў гатоўнасці школ. «Мяркую, што гэты дакумент павінен быць распрацаваны і зацверджаны на ўзроўні ўрада, — паведаміў ён. — Гэтую работу ўжо праводзім. У чацвёртым квартале будзе прынята пастанова ўрада, дзе будуць прапісаны дакладныя крытэрыі гатоўнасці да пачатку навучальнага года, а таксама склады камісій, якія будуць прымаць. Кантралюючыя органы павінны разам з намі, школамі, органамі кіравання адукацыі, правяраць гатоўнасць школ, а не прыходзіць ужо пасля таго, як ужо праведзена адпаведная работа».

Спыніўшыся на пытанні арганізацыі харчавання навучэнцаў, міністр адукацыі заўважыў, што ўкараняюцца новыя тэхналагічныя карты страў. «Гэта станоўча адзначаюць як бацькі і навучэнцы, так і кантралюючыя органы, — дадаў ён. — Сёння вядзецца закупка і пастаўка больш як тысячы адзінак тэхналагічнага абсталявання для сталовых. Гэта не перашкаджае выкарыстоўваць тое абсталяванне, якое ўжо ёсць, і якасна забяспечваць харчаванне нашых школьнікаў. Плануем, што да пачатку наступнага навучальнага года ўсе школы будуць поўнасцю мадэрнізаваны ў харчблоку для поўнай гатоўнасці пераходу на новыя падыходы да арганізацыі харчавання». Міністр звярнуў увагу на тое, што ўкараненне новых страў у школьнае меню дазволіла скараціць адыходы на 15 — 30%. 

Кіраўнік ведамства расказаў, што наладжана прамая сувязь з бацькамі навучэнцаў — пастаянна працуюць гарачыя лініі. З пачатку навучальнага года ў адрас Міністэрства адукацыі паступіла каля тысячы зваротаў. Сярод іх былі станоўчыя водгукі, але не абышлося без скаргаў. Праводзіцца разбіральніцтвы, у тым ліку з выездам на месцы, прымаюцца адпаведныя рашэнні. 

Аб рабоце над удасканаленнем вучэбных дапаможнікаў, кіраўнік ведамства адзначыў, што з 2015 па 2021 гады забяспечаны выпуск поўнай лінейкі падручнікаў для школьнікаў з 1 па 11 клас. Цяпер новыя вучэбныя дапаможнікі не выдаюцца, ідзе працэс іх перавыдання і ўдасканалення. Па яго словах, да вырашэння якасці вучэбных дапаможнікаў прыцягнута ўсё грамадства. «У цэлым, лінейка вучэбных дапаможнікаў, якая склалася, адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, — рэзюмаваў Андрэй Іванец. — Нам трэба ўдасканальваць тое, што сёння ёсць. Куды рухацца, мы таксама бачым і разумеем».

«Не міністр павінен рамантаваць школы»

Прэзідэнт звярнуў увагу на пытанне, якое не агучыў міністр адукацыі. Кіраўніка дзяржавы інфармуюць, што быццам бы самыя прасунутыя, высокакваліфікаваныя спецыялісты з’язджаюць з краіны. Пры гэтым гэта датычыцца і тых, хто скончыў вышэйшую або сярэдне-спецыяльную навучальную ўстанову і не адпрацаваў па размеркаванні. Андрэй Іванец запэўніў, што ўсе, хто навучаецца на бюджэтнай форме, абавязаны адпрацоўваць устаноўленыя тэрміны. «Міністэрства адукацыі кантралюе гэтую работу, ёсць адзінкавыя выпадкі, калі выпускнікі кампенсуюць выдаткаваныя дзяржавай сродкі на іх падрыхтоўку, — удакладніў кіраўнік ведамства. — У адзінкавых выпадках гэтыя сродкі кампенсуюцца ў судовым парадку. Сёння і бюджэтнік, і платнік, па нашым перакананні, павінен адпрацоўваць. Адпаведныя змяненні гатовы ўнесці ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі». 

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што калі ёсць дзесьці праблема, то яе неабходна вырашаць радыкальным чынам. Па яго словах, непрымальна для краіны, калі спецыялісты з’язджаюць за мяжу. «А мы спакойна да гэтага адносімся: ВНУ скончыў — два гады адпрацаваў, — заўважыў беларускі лідар. — Што такое два гады? Гэта лічыце, мы яго навучалі ў ВНУ і яшчэ — праз настаўніцтва, набыццё вопыту — мы яго навучаем два гады на працы. У школе, дапусцім, калі гэта настаўнік. Лічу, што тут павінны дзейнічаць забаронныя меры, як бы гэта ні было непапулярна. Або хаця б паўзабаронныя. Правільна, мэтавік — не менш пяці гадоў (павінен адпрацаваць. — Зв.). А можа быць, дзесьці акуратна арыентаваць і да сямі гадоў. У адваротным выпадку не ідзі ў мэтавікі. Да паступлення ты павінен ведаць: дзяржаўная ВНУ — платна- няплатна мы цябе рыхтуем. Што такое платна? Яны ж капейкі плацяць. Я параўноўваю з узроўнем аплаты там, на Захадзе. Там шалёныя грошы гэта каштуе». 

Міністр адукацыі ўдакладніў, што на цяперашні момант платнікі кампенсуюць не больш як 50 — 70% ад кошту сваёй адукацыі. Па яго словах, фактычна сёння ў краіне няма платнай вышэйшай адукацыі, гэта паўплатная адукацыя, якую субсідзіруе або ўніверсітэт, або дзяржава. 

Аляксандр Лукашэнка ўказаў на недастатковую ўвагу губернатараў да пытання замацавання кадраў на месцах. «Вам там больш бачна, — патлумачыў Прэзідэнт. — Каляіна абазначана на ўзроўні Міністэрства адукацыі і ўрада — дзейнічайце! Не міністр павінен рамантаваць вам школы, а вы гэта павінны рабіць. Не міністр павінен вазіць дзяцей. Прынята рашэнне, выдзяляем аўтобусы, паглядзіце, куды гэтыя аўтобусы выкарыстоўваюць. Ёсць школьны аўтобус — ён павінен выкарыстоўвацца для школы. І тады не 10 гадоў, а 20 гадоў ён будзе без рамонту». Губернатарам даручана разабрацца, наколькі рацыянальна выкарыстоўваецца школьны аўтапарк. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што грошы трэба лічыць. «Мы занадта бяздумна трацім вялізныя грошы невядома куды, — канстатаваў ён. — Мы выдаткоўваем з бюджэта каласальныя сумы на адукацыю: яна ж у нас бясплатная. Нават платная, толькі плацяць іншыя».

Акрамя таго, у Аляксандра Лукашэнкі склалася ўражанне, што ў школах збіраюцца ствараць рэстараны. «І кадраў не хапае прыгатаваць дзеткам паесці, — удакладніў ён. — Паслухайце, вы ад зямлі адарваліся. Усе вы — кухары, дома сваім дзецям гатуеце ежу. Нармальна гатуеце, а ў школах прыгатаваць немагчыма. Можа быць, вы да кухараў там падыходзіце як да кухараў і афіцыянтаў у рэстаранах? Дык гэта не рэстаран! Дзіця павінна прыйсці ў школу і ў патрэбны момант нармальна перакусіць. І яно павінна ўзяць тое, што хоча. Таму давайце разбірацца і глядзець, хто там куды цягне прадукты харчавання. Я ўжо казаў пра свінаферму — каля школы трэба трымаць. Што, гэтага няма? А гэта грошы! І ў краіне гэта выліваецца ў мільёны-мільёны рублёў. Вось ваш і заробак».

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы прапанаваў вывучыць міжнародны вопыт, але галоўнае, каб ён падыходзіў нам. І не трэба, па яго словах, сілком пхаць дзецям ежу. Хоча дзіця — няхай есць, не хоча — то і прымушаць не варта. «Гэта ненармальна, калі ў Беларусі, дзе ўмеюць цаніць прадукты харчавання, выкідваюць гэта на сметніцу», — рэзюмаваў Прэзідэнт, кажучы аб нерацыянальным выкарыстанні ў школах прадуктаў. 

Сістэмныя недахопы, якія патрабуюць увагі 

Аб асноўных праблемных момантах у адукацыйнай сферы на нарадзе далажылі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў і генеральны пракурор Андрэй Швед. Старшыня Камітэта дзяржкантролю адзначыў, што самая вялікая бяда ў тым, што праблемы, якія ёсць у тым ліку ў школах, вырашаюцца ў апошні момант. «Мы ўнеслі прапанову: усё, што датычыцца тэхрамонтаў (і бягучага, і капітальнага), гэта можна рабіць з адной крыніцы, — паведаміў Васіль Герасімаў. — У кожным раёне ёсць свае будаўнічыя арганізацыі. Не трэба па ўсёй краіне ўмоўна шукаць умоўна іпэшнікаў для таго, каб яны пафарбавалі двое дзвярэй. 

Старшыня КДК звярнуў увагу на праблемы, звязаныя з рамонтам стадыёнаў, вокнаў і дахаў школ, асабліва гэта датычыцца сельскай мясцовасці. У канкрэтных установах адукацыі фіксуюцца пытанні з абсталяваннем кабінетаў працы, тэхналогіяй прыгатавання ежы, негатоўнасцю харчблокаў. Звярнуў увагу старшыня Камітэта дзяржкантролю і на нараканні ў адрас школьных падручнікаў, працэсу правядзення ўступнай кампаніі. «Аднак поўнасцю мяняць сістэму немэтазгодна, — падкрэсліў Васіль Герасімаў. — Пастаянна бударажыць народ нікому не трэба». 

Падчас свайго выступлення генеральны пракурор Андрэй Швед выказаў занепакоенасць тым, што не ўсе даручэнні кіраўніка дзяржавы выконваюцца Міністэрствам адукацыі. «Сістэмныя недахопы, якія з году ў год паўтараюцца, патрабуюць увагі да наступных праблем, — канкрэтызаваў ён. — Гэта фармальнае падпісанне сертыфікатаў. Я лічу, што трэба карэнным чынам не толькі памяняць сістэму і зрабіць гэта літаральна сёння, але і вызначыць адказнасць службовых асоб, якія падпісваюць гэтыя дакументы. Мерапрыемствы, якія праводзіліся ў канцы жніўні — верасні, яшчэ выявілі сістэмныя недахопы па планаванні бягучых і капітальных рамонтаў. Гэта праблема хранічная. Лічу, што да гэтага пытання трэба сістэмна падысці і навесці парадак. Праблемы ёсць не толькі з неасваеннем, недастатковым або несвоечасовым фінансаваннем, але і з разбазарваннем бюджэтных сродкаў».

Спыніўшыся на эксперыменце з харчаваннем школьнікаў, генпракурор канстатаваў, што сістэма аказалася не ў поўнай меры гатова да змяненняў. Андрэй Швед згодны з Прэзідэнтам, што хопіць эксперыментаў — людзі ад гэтага стаміліся. Звярнуў увагу генеральны пракурор і на арганізацыю навучальнага працэсу. У прыватнасці, ён лічыць недапушчыльным, што ў школах колькасць гадзін англійскай мовы у тыдзень прывышае колькасць гадзін беларускай і рускай мовах у сукупнасці. «Арганізацыя навучальнага працэсу патрабуе карэннага перагляду, — лічыць Андрэй Швед. — Тыя сістэмныя недахопы, якія ёсць у сістэме адукацыі, патрабуюць пастаннага кантролю і ўвагі, у першую чаргу з боку Міністэрства адукацыі і органаў выканаўчай улады».

Трэба лепш рыхтаваць настаўнікаў, тады будзе менш працы з падручнікамі

Лепей за непасрэдных удзельнікаў адукацыйнага працэсу — вучняў, настаўнікаў і бацькоў, ніхто яго праблемы не ведае. Таму пра тое, што найбольш іх хвалюе, Прэзідэнт спытаў у Ірыны Роднік, дырэктара сярэдняй школы № 73 горада Мінска, настаўніка рускай мовы і літаратуры. Яна расказала аб рабоце якасці школьнай адукацыі. Прэзідэнт пацікавіўся не гераічнымі учынкамі ў гэтым накірунку, а вывадамі дзяржаўнага ўзроўню. 

Ірына Роднік акрэсліла пытанні, якія хвалююць педагогаў на месцы. Адно з самых важных для настаўнікаў і вучняў — падручнікі і навучальныя дапаможнікі. Па словах Ірыны Роднік, падручнікі нядрэнныя, але настаўнікам патрэбен час, каб адпрацаваць лінейку падручнікаў з 5 па 11 класы. 

Датычна падручнікаў кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на падрыхтоўку настаўнікаў у нашых ВНУ.. Прэзідэнт упэўнены, што трэба якасна рыхтаваць настаўнікаў, тады і не будзе праблем з падручнікамі. Дапамагаць развівацца маладому спецыялісту павінны працадаўцы, старэйшыя калегі. Сама адукацыя павінна быць больш практыкаерыентаванай. Пры чым, гэта тычыцца не толькі адукацыі, але і любой сферы. Аляксандр Лукашэнка настойвае на тым, каб настаўнікі былі максімальна дасведчанымі і падрыхтаванымі ў сваім прадмеце, і расказвалі пра розныя бакі з’яў ці падзей. «Усё павінна зыходзіць з ведаў. І настаўнік свае веды і свой досвед павінен сюды прыносіць. А мы ўсё шукаем «Буквар», дзе будзе прапісана, як мы павінны сябе паводдзіць, — падсумаваў ён, дадаўшы, што не павінна быць так, што падручнік палохае вучня. «Ён баіцца да нейкага падручніка дакрануцца, а падручнік павінен прыцягваць вучня да сябе, яму павінна быць прыемна трымаць гэты падручнік у руках. І я казаў, што не трэба на гэта шкадаваць грошай, трэба выдаць добры падручнік, напісаны добрым шрыфтам, ілюстраваны. І галоўнае — веды, веды, веды. Тэзіс, калі там коратка напісана, настаўнік растлумачыць, што гэта такое, падручнік будзе канспектам для вучня. Ён убачыць 1939 год — уз’яднанне заходняй і савецкай Беларусі ў адзінае — і настаўнік павінен тут шырэй даць. Вучань убачыў адзін радок і ўспомніў, што яму настаўнік казаў, — вось у яго веды адклаліся. Гэта значыць трэба рыхтаваць настаўніка, тады будзе менш працы над падручнікамі і рознага роду дапаможнікамі, іх менш будзе. Рэктары запрошаны, каб яны разумелі, што і з іх мусіць быць адпаведны попыт за падрыхтоўку спецыялістаў», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падкрэсліў, што ў найбліжэйшы час будзе праведзена размова аб абавязках рэктараў, пра што дамаўляліся падчас нарады аб развіцці БДУ у жніўні. 

Ірына Роднік таксама звярнула ўвагу, што ў школе варта больш сур’ёзна ставіцца да пытанняў прафарыентацыі, каб вучні свядома абіралі будучую прафесію. «Тыя, каму не трэба ісці ў 10-ы клас, няхай ідуць у сярэднюю спецыяльную ўстанову. Там ёсць выдатныя прафесіі на любы густ. Трэба пераламаць меркаванне многіх бацькоў, што абавязкова павінна быць вышэйшая адукацыя. Калі яму патрэбна вышэйшая адукацыя, ён зможа яе потым прадоўжыць», — сказала дырэктар школы.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец звярнуў увагу, што сёння ў каледжы прымаюць без іспытаў, толькі па конкурсе атэстатаў. «У гэтым годзе мы ўбачылі, што конкурс у каледжы вельмі вялікі. У некаторыя былі нават чэргі. Працэнт паступлення хлопчыкаў і дзяўчынак пасля 9 класаў за апошнія два гады павялічыўся з 35 працэнтаў амаль да 50 працэнтаў», — прывёў ён статыстыку. Як заўважыў Прэзідэнт, досвед паказвае, што найлепшымі спецыялістамі становяцца тыя, хто спачатку атрымаў сярэднюю профільную адукацыю, а затым адвучыўся ў ВНУ.

Цэнтралізаваны экзамен паказаў сваю эфектыўнасць

Аляксандр Салаўёў, начальнік адзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама расказаў аб атэстацыі за курс сярэдняй школы. Першае пытанне ад Прэзідэнта — што яшчэ трэба дапрацаваць у гэтым плане. Па словах спецыяліста, цэнтралізаваны экзамен сябе апраўдаў, падтрыманы і павінен быць працягнуты ў далейшым. Адзінае пажаданне, якое было выказана ўсімі зацікаўленымі — правядзенне цэнтралізаванага экзамена ў буднія дні. Гэта прапанова паступіла з месцаў падчас правядзення дыялогавых пляцовак. Яна падтрыманая, і ў новым навучальным годзе экзамены пройдуць пасля 25 мая. 

Асобна Аляксандр Салаўёў спыніўся на тэстах. Сёння па яго словах, яны састаўлены не так, як усе прывыклі: паменшылася колькасць заданняў, дзе на выбар можна паставіць «птушачку», і павялічылася колькасць заданняў, якія патрабуюць канкрэтнага адказу. «Такі падыход паказаў вучням, што проста адгадаць не атрымаецца, толькі сур’ёзная падрыхтоўка па навучальным прадмеце дапаможа атрымаць высокі вынік. Гэта спрыяла росту матывацыі навучэнцаў», — расказаў ён. Спецыяліст падкрэсліў, што новая форма выніковай атэстатацыі дазваляе ў кароткія тэрміны праводзіць больш глыбокі аналіз, своечасова ўносіць карэктывы ў працу настаўнікі і тым самым павышаць якасць адукацыі. 

Раней выпускнікі школы здавалі некалькі экзаменаў па выніках навучання. Зараз арганізавана два цэнтралізаваныя экзамены: адзін па рускай ці беларускай мовах на выбар і другі — па іншым прадмеце на выбар. Затым цэнтралізаванае тэсціраванне па адным прадмеце. Напрыклад, тыя, хто паступае ў медыцынскія ўніверсітэты здаюць цэнтралізаваны экзамен па хіміі і цэнтралізаванае тэсціраванне па біялогіі. Прэзідэнт пацікавіўся, ці той гэта шлях, якім трэба ісці. «Сістэма працуе, яна паказала, што яна эфектыўная, — адказаў Аляксандр Салаўёў. — Я ўпэўнены, што пройдзе час і мы ўбачым: цэнтралізаваны экзамен быў своечасовым і гэта пайшло на карысць». 

Сістэма адбору абітурыентаў справядлівая і празрыстая 

Ад пытанняў адукацыі ў школе праз пытанні ўступнай кампаніі — да вышэйшай адукацыі. Сяргей Каспяровіч, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта прадставіў свае прапановы па ўдасканаленні правіл прыёмы ў ВНУ. Ён быў адным з распрацоўшчыкаў новых правіл прыёмнай кампаніі і адразу на практыцы ўбачыў, як гэта працуе. Выснова — працуе добра. Але пакуль нельга казаць, што ўсе задачы вырашаны. 

Першая прапанова рэктара тычыцца паступлення таленавітай і матываванай моладзі. Напрыклад, паступленне «мэтавікоў». Па словах Сяргея Каспяровіча, варта перанесці тэрміны на канец чэрвеня — пачатак ліпеня, калі ў абітурыента ёсць атэстат на руках. «Поўнасцю апраўдана на мэтавую падрыхтоўку ўвесці ніжні парог сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Тут гаворка ісці можа пра асобныя групы спецыяльнасцяў, медыцынскіх, педагагічных, так і пра шырэйшы круг спецыяльнасцяў, каб мы маглі паменшыць суб’ектыўнасць з пункту гледжання заказчыкаў і іншых фактараў», — прапанаваў Сяргей Каспяровіч. Міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў, што гэта вельмі добрая прапанова. Але гэта не павінна тычыцца спецыяльнасцей, запатрабаваных эканомікай — сельская гаспадарка, ваенныя спецыяльнасці і іншыя, там дзе кожны спецыяліст на вагу золата. 

Сяргей Каспяровіч лічыць мэтазгодным працягнуць практыку правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд, але толькі ў рэгіянальных ВНУ, і праводзіць заключны этап у адзін дзень. «Таксама падтрымліваю прапанову міністра аб тым, каб прадаставіць права выпускнікам профільных інжынерных класаў паступаць на спецыяльнасці інжынерна-тэхналагічнага профілю без уступных іспытаў», — сказаў ён, падкрэсліўшы, што такая практыка ўжо ёсць для выпускнікоў аграрных, педагагічных, ваенна-патрыятычных класаў. Яшчэ адна прапанова рэктара Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта тычыцца медалістаў. Ён лічыць, што ім варта прадаставіць права паступаць без уступных іспытаў на ўсе спецыяльнасці, але толькі ў рэгіянальныя ВНУ. Сяргей Каспяровіч таксама звярнуў увагу на ўнутраны іспыт ў ВНУ, які зараз уведзены для набору мэтавікоў. Ёсць меркаванне, што яго трэба ўдасканальваць. «Унутраны іспыт, які складаецца з двух тэарэтычных пытанняў — гэтага недастаткова. Адказна заяўляю, што трэба ўводзіць яшчэ і практычную частку. Гэта дазволіць нам лепш бачыць нашага абітурыента», — сказаў ён.

Яшчэ адна прапанова рэктара, па яго словах, тычыцца руху наперад і руху уверх. «Цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне — ці дапамагаюць яны нам аб’ектыўна адабраць і ўбачыць (стаўлю націск на двух словах адначасова) матываваную і прафесійна арыентаваную моладзь? Варта адзначыць, што тэсціраванне аб’ектыўная, якасная ацэнка ведаў. Але калі паглядзець з боку ВНУ, то гэтае выстройванне ў чаргу абітурыентаў за месцамі на атрыманне вышэйшай адукацыі. У сувязі з гэтым нам неабходна рухацца да мадэлі прыёму ў ВНУ на аснове конкурсу сярэдняга балю атэстата (яго нельга не ўлічваць), двух сертыфікатаў цэнтралізаванага іспыту і ўнутранага ўступнага іспыту ў ВНУ. Планамерна і паслядоўна», — прапанаваў рэктар. Па яго словах, гэта дасць магчымасць ацаніць здольнасць абітурыента выражаць свае думкі дакладна і лагічна, аргументаваць. Абітурыент зможа прадэманстраваць узровень сваёй падрыхтоўкі. Па словах Сяргея Каспяровіча, такая форма пакажа ўніверсітэту чалавека, а не дакументы. 

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся, як будзе арганізавана такая форма работы, якія прадметы будуць здаваць абітурыенты, ці апраўдае сябе ўнутраны іспыт. Кіраўнік дзяржавы спытаў меркаванні па гэтым пытанні і ў рэктараў, якія прысутнічалі на гэтай нарадзе. Вадзім Богуш, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыцы і радыёэлектронікі, заўважыў: сістэма з’яўляецца аптымальнай і правілы прыёму не трэба чапаць на працягу чатырох-пяці гадоў. «Пераходзіць на масавыя ўступныя іспыты ў ВНУ— даволі рызыкоўныя крокі. Прапаную развіваць дзеючую мадэль у іншым напрамку. Мы павінны ісці па ўнутраных выпрабаваннях па тых прафесіях, па якіх гэта неабходна», — адзначыў Вадзім Богуш. Ён падкрэсліў, што такая практыка ўжо прымяняецца на некаторых спецыяльнасцях, напрыклад, на журналістыцы і філалогіі. Па тых прафесіях, дзе гэта неабходна ўступныя іспыты былі заўсёды.

Вадзім Богуш таксама пералічыў пытанні, на якія было б варта звярнуць больш пільную увагу. Сярод іх — павелічэнне актыўнасці заказчыкаў кадраў па падборы мэтавікоў. ВНУ працуюць са школамі, развіваюць профільныя класы і было б добра, калі б у гэтай працы ўдзельнічалі і прадпрыемствы. Яго калега, Сяргей Каспяровіч заўважыў, што пытанне пра ўступныя іспыты — гэта пытанне на перспектыву, накіраванае на ўдасканаленне сістэмы адукацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што яму гэты варыянт падабаецца і, магчыма, яго варта рэалізаваць на практыцы. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ён прыхільнік таго, каб ВНУ неслі адказнасць за падрыхтоўку абітурыентаў, якіх яны набралі. «Як прыняць чалавека і не бачыць — вось гэтага я зразумець не магу. Вы лічыце, што два цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванне ў наступным годзе і, можа быць яшчэ два-тры гады, трэба захаваць. Я тут таксама асабліва супярэчнасцяў не бачу. Калі мы потым зразумеем, што мадэль, калі ВНУ сама бачыць чалавека, які жадае стаць будаўніком ці архітэктарам, і яго адбярэ, дзейсная, укаранім і яе», — сказаў ён.

Практыкаарыентаваная адукацыя нікуды не адыходзіла

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка звярнуў увагу на вельмі важнае пытанне — прахадныя балы на розныя спецыяльнасці. Ён звярнуў увагу, што назіраецца хранічны перакос, калі лепшыя абітурыенты ідуць не туды, куды патрэбна эканоміцы. Раман Галоўчанка прывёў прыклад. Так, у Брэсцкім тэхнічным універсітэце самы высокі прахадны бал на спецыяльнасць «электронная эканоміка» — 366 балаў, а самы нізкі на «будаўніцтва будынкаў і збудаванняў і меліярацыя воднай гаспадаркай» — 139 балаў. Падобная сітуацыя ў іншых ВНУ, асабліва тэхнічнага ўзроўню. У сельскагаспадарчых ВНУ самы высокі бал на «правазнаўства». Прычым, як звярнуў увагу Раман Галоўчанка, гэтыя менеджэры і маркетолагі на прадпрыемствах не паказваюць належнага эфекту. «Мне здаецца, гэта ключавая задача, над якой сістэмы вышэйшай адукацыі трэба працаваць. Мы пабудавалі сістэму адбору абітурыентаў, а куды яны ідуць? А самае галоўнае — куды яны трапляюць пасля заканчэння ВНУ?» — сказаў прэм’ер-міністр. Ён параіў рэктарскаму корпусу задумацца найперш над гэтым пытаннем.

Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымлівае заўвагу прэм’ер-міністра. Па яго словах, неабходна адладзіць сістэму, каб у ВНУ не было лішніх спецыяльнасцяў, па якіх можна рыхтаваць кадры і ў іншых універсітэтах. «Трэба прывесці гэта да розуму. Таму што ў нас рынак, на маіх вачах таксама было: «а свабода, давай дадзім права, хочуць на правазнаўства паступаць — ну мы і адкрываем іх ва ўсіх ВНУ». Трэба нам гэта? Наўрад ці. Таму правільная заўвага, але хутчэй у наш з вамі адрас, чым рэктарам, — звярнуўся ён да прэм’ер-міністра.

Раман Галоўчанка звярнуў увагу на якасць падрыхтоўкі кадраў, асабліва па папулярных эканамічных спецыяльнасцях. «У мяне такое ўражанне, што якасць падрыхтоўкі гэтых спецыялістаў пакуль недастатковая. Магчыма, гэта звязана з тым, што там голая тэорыя, выкладаюць людзі, якія практычна не працавалі ў рэальным сектары эканомікі. Іх шпігуюць тэорыяй чатыры гады, лепшыя з іх сыходзяць у прыватны сектар, хто сапраўды вучыўся. Давайце іх на трэцім-чацвёртым курсе адпраўляць на прадпрыемствы. Вось паслаць групу на МТЗ у аддзел маркетынгу, няхай яны займаюцца там практычнай працай», — акрэсліў праблему прэм’ер-міністр. Па яго словах, гэта дапаможа людзям зразумець, чым яны на самой справе займаюцца. Раман Галоўчанка падкрэсліў, што гэта задача для ўрада і міністэрства адукацыі.. Прэзідэнт адзначыў, што практыкаарыентаваная адукацыя нікуды не адыходзіла. «Па любой спецыяльнасці, чым раней акунем студэнта ў яго прафесію — тым лепш. Горш не будзе. Зноў жа, нам трэба дашліфоўваць гэтыя моманты» — сказаў ён. 


Падводзячы вынікі нарады, кіраўнік дзяржавы спыніўся на кожным пытанні, што абмяркоўвалася, даў адпаведныя даручэнні і паставіў канкрэтныя задачы. 

Вынікі атэстацыі за сярэднюю школу і паступленне ў ВНУ. «Два цэнтралізаваныя іспыты і адно тэсціраванне. Пакуль на гэтым спыняемся і даводзім людзям, каб яны ведалі, што на перспектыву будзем ісці гэтым шляхам. Для людзей гэта важна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён не выключае магчымасці якіх-небудзь эксперыментаў, галоўнае, каб яны ішлі на карысць. «Але глядзіце, каб супярэчнасцяў не было: іспыты і сумоўе. Чалавек выдатна здаў іспыты, а вы яго зарэзалі на сумоўі. Тут да гэтага трэба падыходзіць акуратна і асцярожна», — папярэдзіў ён.

Работа міністэрства адукацыі. Па словах беларускага лідара, у ведамстве трэба скончыць усялякія шараханні. «Мы вызначылі гэтую, як я кажу, каляіну. Не перашкаджайце працаваць міністру і Міністэрству адукацыі. Яны разумныя людзі і ведаюць, як вырашаць тыя ці іншыя пытанні паводле закона, заканадаўства і Канстытуцыі. Няхай працуюць. — адзначыў Прэзідэнт. — Хачу папярэдзіць работнікаў Мінадукацыі: калі кагосьці не задавальняе міністр або кіраўніцтва, тады трэба шукаць іншую работу. Вы разумееце мае намёкі і ведаеце, аб чым ідзе размова».

«Сёння мы скончылі размову па задачах, якія стаяць перад адукацыяй. Рухаемся, — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэтыя задачы датычацца менш за ўсё міністра адукацыі, больш — губернатараў. «Пачулі, як трэба дзейнічаць, — дзейнічайце. Без губернатараў ні ў ахове здароўя, ні ў адукацыі мы пытанні не вырашым». — падкрэсліў ён. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у полі зроку кіраўнікоў рэгіёнаў павінны быць найперш пытанні практычнага характару. Але міністр і ўрад павінны зверху бачыць, як на месцах вядзецца праца. «Канкрэтныя пытанні школы: аўтобусы, харчаванне і іншае — гэта пытанні губернатараў і старшыняў райвыканкамаў. Займіцеся гэтым». — адзначыў Прэзідэнт.

Працэс харчавання ў школах. Кіраўнік дзяржавы даручыў адказным асобам сур’ёзна ўглыбіцца ў пытанне таго, як арганізаваны працэс харчавання школьнікаў, работы харчаблокаў, закупкі прадуктаў і абсталявання. Ён звярнуў увагу, што на гэта ідзе дастаткова шмат сродкаў з бюджэту і не заўсёды яны выкарыстоўваюцца рацыянальна. «Не шкада для дзяцей. Мы дзяцей можам накарміць нашымі прадуктамі, у нас іх хапае. Але палова ўсяго ідзе не на дзяцей. Сур’ёзна вазьміцеся за гэтую праблему». — падкрэсліў ён. Таксама Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць усялякія эксперыменты ў гэтай сферы. Прэзідэнт запатрабаваў закупляць тэхніку без празмернасцей і не ствараць у школах рэстаранаў. 

Падручнікі і вучэбныя дапаможнікі. На думку кіраўніка дзяржавы, якасць некаторых падручнікаў вымушае жадаць лепшага. А ў некаторых выпадках «трэба павелічальнае шкло на лоб павесіць для таго, каб убачыць, што там напісана». «Хіба гэта падручнік? Не трэба на падручнікі шкадаваць грошы», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён настойвае на тым, што выданні павінны быць прыгожымі, на добрай паперы, тым больш што друкуюцца яны не на адзін год. «Вы лепш ведаеце, што рабіць з падручнікамі. Зрабіце нармальны падручнік. Не трэба бюракратызаваць гэтую працу, не трэба адцягваць і эксперыменты праводзіць. Вазьміце ўсе падручнікі, якія мы з вамі прайшлі, пачынаючы з савецкіх часоў, і зрабіце добры падручнік», — даручыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым пытанні на першым месцы стаіць не фінансаванне, а правільна падабраны аўтарскі калектыў. «Важна, каб да дадзенай працы былі прыцягнуты настаўнікі, якія працуюць са школьнікамі, а не акадэмікі. Яны (акадэмікі.) на сваім узроўні, у „космасе“ па ведах, досведу і іншаму. Яны адарваліся ад вучняў і мяркуюць, што і вучні ўжо такія. Не. Таму я заўсёды зазямляю на настаўнікаў», — адзначыў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу дапрацоўкі патрабуюць падручнікі па гуманітарных дысцыплінах. 

«Мы па падручніках дамовіліся: зрабіце нармальны падручнік і прынясіце, пакажыце мне яго», — падагульніў кіраўнік дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО, Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.