Вы тут

ІD-карткавы ключ да адміністрацыйных дзвярэй


 

Два гады таму Беларусь стала на новыя лічбавыя рэйкі — у краіне пачалася выдача новых лічбавых біяметрычных дакументаў. Гэта ІD-картка, якая патрэбна для выкарыстання ўнутры дзяржавы, то-бок пасведчанне грамадзяніна. А таксама біяметрычны пашпарт, які служыць для сведчання асобы беларуса за межамі краіны. Чалавеку, які з дапамогай ІD-карткі аўтарызаваўся на адзіным партале электронных паслуг — сэрцы лічбавага свету па атрыманні розных паслуг і сэрвісаў ад дзяржавы, сёння даступна больш за 300 сэрвісаў, з іх больш за 50 — для фізічных асоб. Сёлета ўжо аказана 85 мільёнаў лічбавых паслуг (летась за ўвесь год было 76 мільёнаў). І колькасць сэрвісаў, даступных у лічбавай прасторы, паступова расце. Пра свежыя навінкі расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг (НЦЭП).


Сродак доступу, а не носьбіт

Беларус можа мець два біяметрычныя пашпарты, што вельмі зручна, калі трэба, напрыклад, адкрыць візу, для чаго неабходна ехаць у іншую краіну. Адзін пашпарт можна пакінуць у пасольстве, а па другім біяметрычным пашпарце вярнуцца ў Беларусь, расказала Святлана КАРАНЕВІЧ, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Тэхнічна ІD-картка гатовая для таго, каб яе можна было выкарыстоўваць для выезду за мяжу — на ёй ёсць прылада ІСАО, якая зроблена па міжнародных стандартах і дазваляе беларусу засведчыць сябе. Тады папяровы біяметрычны пашпарт будзе ўвогуле непатрэбны. Аднак для гэтага неабходна мець адпаведныя пагадненні з тымі краінамі, якія захочуць супрацоўнічаць з намі такім чынам. Думаецца, што ў хуткай будучыні можна будзе адмовіцца ад біяметрычных пашпартоў і карыстацца толькі ІD-карткай, у тым ліку для выезду за мяжу.

ІD-картка — ключ доступу да пэўных сістэм, дзе чалавек можа аўтарызавацца і набываць нейкія паслугі. Яна з'яўляецца носьбітам толькі дзвюх прылад: ідэнтыфікацыйнай і электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП). Абедзве прылады дазваляюць любому беларусу ідэнтыфікавацца ў любой з інфармацыйных сістэм і рэалізаваць некаторыя свае правы ці атрымаць пэўныя паўнамоцтвы. А ЭЛП на ІD-картцы дазваляе здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні.

— Раней, калі чалавек хацеў скарыстацца функцыямі лічбавага подпісу, ён мусіў ісці ў рэгістрацыйны цэнтр, дзе атрымліваў ЭЛП, тэрмін дзеяння якога абмяжоўваўся годам, двума ці трыма. Трэба было кантраляваць надыход гэтай даты, зноў ісці ў цэнтр і прадаўжаць тэрмін дзеяння ЭЛП (і зноў плаціць за гэта грошы), — нагадала спецыяліст. — Цяпер жа лічбавы подпіс утрымліваецца на ІD-картцы па ўмаўчанні і дзейнічае столькі ж, колькі сам дакумент, — дзесяць гадоў.

Міністэрства аховы здароўя, напрыклад, працуе над стварэннем цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя, каб гісторыя ўсіх зваротаў хворага ў медустановы таксама стала электроннай. Гэта і электронны пашпарт вакцынацыі, і дыспансерызацыя, і перавод у электронны выгляд амбулаторных картак хворага і лістоў непрацаздольнасці, а таксама магчымасць аўтаматычна накіроўваць у асабісты кабінет чалавека на партале даных пра наведванне ім пэўных медустаноў для стварэння цэльнай медгісторыі. Пакуль гэта ўсё ў распрацоўцы.

— І нават тады, калі гэта будзе рэалізавана, ні рэцэпта, ні медкарты на ІD-картцы не будзе — усе звесткі будуць непасрэдна на адзіным партале, які адмыкаецца з дапамогай ідэнтыфікацыйнага дакумента чалавека, — удакладніла прадстаўніца НЦЭП. — На ІD-картцы застанецца толькі ідэнтыфікацыйная прылада і ЭЛП. А той жа электронны рэцэпт, ідэя якога ўжо, дарэчы, рэалізавана, бачыць урач, які яго выпісаў, і фармацэўт, які па ім выдасць лекі. Аднак абодва спецыялісты, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой на карысць канкрэтнага пацыента, бачаць рэцэпт у інфармацыйнай сістэме, а не на ІD-картцы пацыента, з дапамогай якой ён толькі ідэнтыфікуе сваю асобу. І такіх працэдур, калі дзяржорганы ці юрасобы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой на карысць фізічнай асобы, шмат. У прынцыпе, менавіта з гэтай мэтай і ствараўся партал.

Больш сэрвісаў — больш цікавасці

На жаль, інфраструктура для выкарыстання ЭЛП на ІD-картцы менавіта фізічнымі асобамі не такая вялікая — паслуг і сэрвісаў, для якіх трэба ідэнтыфікаваць сябе ў лічбавым свеце з дапамогай ІD-карткі, не так шмат. Таму актуальная задача — папулярызаваць ІD-картку (тым самым павысіўшы цікавасць грамадзян да яе выкарыстання) за кошт павелічэння сэрвісаў.

У Беларусі дзейнічае распараджэнне прэм'ер-міністра № 119р, дзе распісана, якія адміністрацыйныя працэдуры да 2025 года павінны быць пераведзены ў электронны выгляд. Цяпер іх у краіне больш за тысячу, бо гэта амаль кожнае дзеянне чалавека: хоча ён папрасіць, каб ссеклі дрэва пад акном, запісаць дзіця ў чаргу ў дзіцячы садок або атрымаць патэнт на сваё даследаванне, паведаміла Святлана Караневіч:

— Сёння на партале з 307 сэрвісаў 112 — адміністрацыйныя працэдуры, так што работы яшчэ шмат. Практыка паказвае, што і 307 лічбавымі сэрвісамі актыўна карыстаюцца і дзяржорганы, і юрасобы, і грамадзяне. І паступова колькасць сэрвісаў расце, бо да адзінага партала са сваімі магчымасцямі і новымі інфармацыйнымі сістэмамі (з цікавай для людзей інфармацыяй) далучаюцца новыя ведамствы і міністэрствы. У лідарах сярод тых, хто актыўна ўкараняе свае базы ў лічбавае асяроддзе, — Міністэрства ўнутраных спраў, Мытны камітэт, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Чым больш адміністрацыйных дзвярэй (магчымасць заказу лічбавых сэрвісаў і адмінпрацэдур) зможа адмыкаць беларус з дапамогай ІD-карткавага ключа, тым больш прывабным будзе выкарыстанне грамадзянамі гэтага дакумента.

Да канца 2023-га, згодна з дакументам № 119р, у электронны выгляд павінна быць пераведзена, напрыклад, каля 130 адмінпрацэдур у сферы зямельна-маёмасных стасункаў. Гэта ўсё, што датычыцца правоў на нерухомасць і яе адчужэння. Актыўна ствараюць дакументы для пераводу паслуг у лічбу Міністэрства прыродных рэсурсаў, Міністэрства спорту, Мінсельгасхарч.

Ствараць праграмнае забеспячэнне для пераводу адмінпрацэдур у электронны выгляд можа не толькі цэнтр электронных паслуг, які з'яўляецца аператарам адзінага партала, але і яшчэ два суб'екты. А да 2025 года, як мяркуецца, з'явіцца тэставае асяроддзе ў канструктары электронных паслуг і сэрвісаў, дзе, уласна кажучы, і адбываецца ўся распрацоўка. Тады ў канструктар можна будзе дапускаць пабочных распрацоўшчыкаў, што яшчэ больш паскорыць працу. Большасць часу і пытанняў займае якраз не стварэнне праграмнага забеспячэння, а падрыхтоўка неабходных дакументаў, дадала начальнік аддзела.

Пра рэгістрацыю, сям'ю, аўто, правапарушэнні і грамадзянства

Колькасць лічбавых паслуг, даступных па строгай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем ІD-карткі), штогод павялічваецца. Толькі сёлета іх стала больш на 60. Самае актыўнае ў справе лічбавізацыі ведамства — Міністэрства ўнутраных спраў (МУС). Па ўмаўчанні асабістыя кабінеты беларусаў ствараюцца на падставе звестак з рэгістра насельніцтва МУС. Штодня гэтая інфармацыя актуалізуецца, каб ствараліся новыя кабінеты і блакіраваліся кабінеты памерлых асоб, заўважыла Святлана Караневіч:

— З агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай (ААІС) інтэгравана яшчэ некалькі рэсурсаў МУС: рэгістрацыйны ўлік, з дапамогай якога можна даведацца месца рэгістрацыі, сямейнае становішча і наяўнасць дзяцей. Звесткі з гэтага рэсурсу і з рэгістра насельніцтва прадастаўляюць даныя, якія адсутнічаюць на ІD-картцы, і запытаў на іх атрыманне мноства, што сведчыць пра выкарыстанне беларусамі новых пашпартоў.

Праз МУС у лічбавае асяроддзе інтэгравана таксама АІС «Пашпарт» — сістэма, якая да з'яўлення рэгістра насельніцтва вяла ўлік машынасчытвальных дакументаў, то-бок папяровых пашпартоў, відаў на жыхарства, пасведчанняў бежанца. Шмат электронных паслуг і адмінпрацэдур арыентавана на тое, каб запаўняць даныя пра заяўніка не ўручную, а на падставе запыту ў АІС «Пашпарт». У сістэму ўводзіцца нумар пашпарта, ціснецца кнопка «пошук» — і даныя запаўняюцца аўтаматычна, падкрэсліла спецыяліст.

У юрысдыкцыі МУС знаходзіцца і сістэма «Адзіны дзяржаўны банк даных аб правапарушэннях» (з яе чалавек можа атрымаць даведку пра наяўнасць ці адсутнасць уласных правіннасцяў, напрыклад пры працаўладкаванні). А яшчэ — некалькі рэсурсаў, інтэграваных па лініі ДАІ. У прыватнасці, комплексная паслуга «Прадастаўленне сістэматызаваных звестак пра аўто».

Не так даўно МУС рэалізавала новую паслугу, даступную толькі па строгай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем ІD-карткі) — 3.77.01 «Інфармаванне аб наяўнасці (спыненні) грамадзянства (падданства) замежнай дзяржавы, віду на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, які прадастаўляе права на ільготы і іншыя перавагі». Аднак іншаземцы, у якіх няма ЭЛП Беларусі, выкарыстаць яе не могуць, адзначыла Святлана Караневіч.

— Гэтая паслуга можа спатрэбіцца, напрыклад, беларусам, якія маюць карту паляка або від на жыхарства ў Літве. Аднак каб паведаміць пра гэта МУС, трэба мець ЭЛП Беларусі.

У верасні з'явілася таксама паслуга, у рамках якой можна праверыць любы тып дакументаў. Раней праверыць можна было толькі асобны дакумент: з дапамогай адной паслугі — пашпарт, з дапамогай іншай — ІD-картку, пасведчанне бежанца і г. д. Гэта будзе зручным і для прадстаўнікоў банкаў, і аператараў электрасувязі, да якіх звяртаюцца людзі з рознымі тыпамі дакументаў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.