Вы тут

Як засцерагчыся ад паражэння электрычнасцю і атручвання газам, расказалі эксперты


За апошнія 20 гадоў у Беларусі адбылося 68 няшчасных выпадкаў электратраўматызму з дзецьмі (32 непаўналетнія пры гэтым загінулі). Сёлета, 24 жніўня, чацвёртакласнік касіў газон электракасілкай, падключанай да электрасеткі падаўжальнікам. У працэсе ён перарэзаў провад і вырашыў адрамантаваць яго (бачыў, як гэта робіць бацька), злучыўшы два канцы проваду, які так і застаўся падключаным да электрасеткі. Як вынік — удар токам. 14 верасня ў Баранавічах адразу два няшчасці з малымі. Дзяўчынка, якой няма і двух гадоў, атрымала электратраўму на кухні, дзе ішоў рамонт, дакрануўшыся да токавядучых частак разеткі (адтуліны ў разетцы для падключэння вілкі электрапрылад былі павялічаныя). Другая паўтарагадовая дзяўчынка ненадоўга засталася без нагляду ў пакоі, але за гэты час паспела зламаць блок сілкавання тэлевізара, падключаны да разеткі, і атрымала траўму. На шчасце, абедзве малечы засталіся жывыя. Усяго сёлета ў выніку няшчасных выпадкаў ад паражэння электрычным токам пацярпела 26 чалавек (12 асоб, двое з якіх непаўналетнія, праз гэта памерлі). Што трэба ведаць, каб пазбегнуць бяды, прадухіліць няшчасныя выпадкі, расказалі эксперты.


Культура і абавязак

Кожны чалавек штодня ўзаемадзейнічае з электра- і газазабяспечвальным абсталяваннем і прывык, што ўсе патрэбныя прылады пад рукой і дома, і на працы. Аднак не кожны і не заўжды ўяўляюць рызыку. Міністэрства энергетыкі цягам многіх гадоў праводзіць работу па прафілактыцы электра- і цеплатраўматызму, а таксама траўматызму пры карыстанні газам у побыце. Штогод пасля аналізу няшчасных выпадкаў Мінэнерга распрацоўвае комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, паведаміў Арцём МЕДВЯДОК, начальнік аддзела дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду і аховы працы Мінэнерга:

— У комплекс работ уваходзяць мерапрыемствы па папярэджанні правапарушэнняў, якія садзейнічаюць узнікненню пажараў у жыллі; растлумачальная работа ў працоўных калектывах, сярод насельніцтва і навучэнцаў; распаўсюджванне сацыяльнай рэкламы; удзел у развіцці рэгіянальных адукацыйных цэнтраў. Па ініцыятыве Мінэнерга сёлета распрацавана і зацверджана канцэпцыя развіцця прафілактычнай дзейнасці органаў дзяржэнергагазнагляду — сістэма прынцыпаў і прыярытэтаў прафілактычнай дзейнасці. У рамках канцэпцыі вызначаны дакладныя меры на кароткатэрміновую перспектыву.

Тым не менш, як сведчыць статыстыка, у параўнанні з такім жа перыядам летась, колькасць пацярпелых і няшчасных выпадкаў павялічылася. І тут важна памятаць, што электра- і цеплабяспека — абавязак не толькі спецыялістаў галіны энергетыкі, але і кожнага з нас. Веданне асноўных правіл бяспекі і карыстання электрычнасцю і газам у побыце — неад'емная частка агульнай культуры і грамадзянскай адказнасці, незалежна ад адукацыі і прафесіі чалавека.

Смяротная рыбалка

Сёлета сур'ёзна выраслі лічбы электратраўматызму, прычым асабліва непакояць энергетыкаў лічбы няшчасных выпадкаў сярод непаўналетніх. Несанкцыянаванае пранікненне на энергааб'екты (трансфарматарныя падстанцыі, паветраныя лініі электраперадачы, размеркавальныя шчыты) праз цікаўнасць ці гарэзлівасць; дакрананне да токавядучых частак няспраўнага абсталявання; рыбалка ў месцах перасячэння паветраных ліній электраперадачы з вадаёмамі; адсутнасць кантролю з боку дарослых — асноўныя прычыны няшчасцяў. Найбольш траўматычны перыяд — лета, асабліва жнівень, расказаў Аляксандр ГУЛЕВІЧ, намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер установы «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд»:

— Яшчэ адзін від няшчасных выпадкаў — электратраўматызм падчас рыбнай лоўлі. Падобныя здарэнні фіксуюцца ў краіне штогод, пачынаючы з 2011-га. Мы звязваем гэта са з'яўленнем вуглепластыкавых вудаў, вырабленых з матэрыялаў, якія добра праводзяць электрычны ток (ранейшыя вуды са шклапластыку былі добрымі ізалятарамі і ток не праводзілі). З таго часу здарыўся 41 няшчасны выпадак, пры гэтым 30 рыбакоў загінула, а сярод пацярпелых — пяцёра непаўналетніх.

Два няшчасці з рыбакамі здарыліся і сёлета. 28 мая ў Пінскім раёне мужчына ад паражэння токам загінуў у ахоўнай зоне паветранай лініі электраперадачы напружаннем 110 кВ, літаральна побач з забараняльным знакам. Паколькі з рыбакамі дамовіцца не ўдаецца, спецыялісты Мінэнерга ў месцах перасячэння з вадаёмамі паветраных ліній, якія знаходзяцца на балансе энергазабяспечвальных арганізацый, так званыя голыя правады мяняюць на ізаляваныя, дакрананне да якіх бяспечнае. Сёлета энергетыкі плануюць завяршыць гэту работу ва ўсіх выяўленых месцах (нават на тэрыторыях паводкі), аднак зрабіць гэта можна толькі на лініях напружаннем 0,4—10 кВ. Там, дзе ток большай магутнасці, так не зробіш.

Асноўныя прычыны электратраўматызму сярод дарослых акрамя рыбалкі ў забароненых месцах — парушэнне тэхнікі бяспекі падчас выканання работ у электраўстаноўках і выкарыстанне няспраўных ці самаробных падаўжальнікаў.

Да 30—40 % электратраўм можна было пазбегнуць, калі б у электрасетцы прысутнічала прылада ахоўнага адключэння, перакананы Аляксандр Гулевіч:

— Усталяваныя ў дамах і кватэрах засцерагальнікі або аўтаматычныя выключальнікі забяспечваюць абарону электраабсталявання ад кароткіх замыканняў і перагрузак. Аднак у якасці абароны чалавека ад дакранання да токавядучых частак ці корпуса няспраўнага абсталявання пад напружаннем яны малаэфектыўныя. Абараніць ад няшчасных выпадкаў пры такіх дакрананнях можа прылада ахоўнага адключэння ці дыферэнцыяльны аўтаматычны выключальнік. Цяпер вырабляюць нават разеткі з убудаванай у іх прыладай ахоўнага адключэння.

Калі ў кватэры газ...

У жыллі беларусаў выкарыстоўваецца звыш 3,6 мільёна бытавых газавых пліт, каля 720 тысяч ацяпляльных газавых катлоў і 215 тысяч газавых воданагравальнікаў. У якасці прафілактычных мерапрыемстваў па ўтрыманні ў рабочым стане газавага абсталявання дзейнічае сістэма тэхнічнага абслугоўвання, у памяшканнях устанаўліваюцца сігналізатары і кантролеры канцэнтрацыі метану і чаднага газу, падзяліўся Мікалай СТРУЦКІ, намеснік начальніка ўпраўлення сістэм газазабеспячэння аб'яднання «Белпалівагаз»:

— Газ, які выкарыстоўваецца ў побыце, — пажаранебяспечны, а ў сумесі з паветрам у пэўных прапорцыях — яшчэ і выбухованебяспечны. Уцечка газу і неасцярожнае абыходжанне з крыніцамі адкрытага агню могуць прывесці да пажару ці выбуху. Небяспечныя таксама і таксічныя прадукты няпоўнага згарання газу, найперш чадны газ, які ўтвараецца пры парушэнні рэжымаў гарэння і дымаадвядзення ў катлах і калонках.

Спецыяліст дадаў, што спажыўцы часта самі бяспечна ставяцца да свайго газавага абсталявання: эксплуатуюць састарэлыя прылады, ігнаруюць лістоўкі з часам прыходу газавікоў на абследаванне. Летась з-за невытрымлівання правіл карыстання газам у побыце адбылося 11 здарэнняў: пяць пажараў, тры атручванні прадуктамі згарання, тры ўзрывы. Сёлета здарыліся тры няшчасці: два выпадкі атручвання чадным газам (у Мінску і Бабруйску), падчас якіх пацярпелі сем чалавек (двое з іх памерлі)...

— За восем месяцаў газавікі замянілі каля 93 тысяч адзінак састарэлага газавага абсталявання. Летась было адключана 3200 адзінак газавага абсталявання з-за няспраўнасці дымавых і вентканалаў або адсутнасці адпаведных актаў праверкі (гэта 20 % ад агульнай колькасці адключанага абсталявання). Сёлета з гэтай прычыны адключылі ўжо 1400 адзінак.


Калі вы пачулі пах газу

  • Закрыйце кран падачы газу!
  • Адчыніце вокны і дзверы для праветрывання!
  • Не запальвайце святло і агонь, не карыстайцеся электрапрыладамі, нават тэлефонам!
  • Выклічце газавую службу (з незагазаванага памяшкання!) па нумары 104.

Правілы электрабяспекі

  • Ніколі не кранайце электрапрылады мокрымі рукамі!
  • Карыстайцеся прыладамі толькі заводскага вырабу!
  • Перад абслугоўваннем ці рамонтам электрапрылад упэўніцеся, што яны адключаны ад электрасеткі!
  • Не рамантуйце электраправодку самастойна, калі не маеце неабходных навыкаў і ведаў!
  • Перад выкарыстаннем электрапрылады вывучыце інструкцыю па яе прымяненні і вытрымлівайце рэкамендацыі!
  • Памятайце, што электрычнасць небяспечная не толькі пры прамым кантакце, але і на адлегласці! У высакавольтных устаноўках, калі провад падае на зямлю, набліжэнне бліжэй за восем метраў да эпіцэнтра (кропкі судакранання з зямлёй) прывядзе да ўзнікнення электрычнай дугі і чалавек атрымае моцны ўдар токам.
  • Падчас навальніцы заўжды ёсць верагоднасць, што маланка трапіць у дом, таму ў ім лепш адключаць на гэты час электрапрылады.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.