Вы тут

Прыхільнікі міралюбівых і аб’яднаўчых ініцыятыў


Дамоўленасці па канкрэтных кірунках узаемадзеяння былі дасягнуты падчас сустрэчы Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра АНДРЭЙЧАНКІ з міністрам замежных спраў Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Іванам Хілем ПІНТА. Гэта першы візіт дыпламата ў нашу краіну ў новай пасадзе. Спікер ніжняй палаты парламента ўпэўнены, што работа міністра будзе садзейнічаць развіццю, паглыбленню і пашырэнню супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Венесуэлай.


«Больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял»

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што на працягу невялікага па маштабах гісторыі часу паміж дзвюма краінамі выбудаваны вельмі добрыя адносіны — трывалыя і дружалюбныя. Па яго словах, падмуркам гэтых адносін найперш з’яўляюцца шчырыя і даверлівыя адносіны, якія склаліся паміж прэзідэнтамі дзяржаў.

«Час сёння няпросты, і нягледзячы на тое, што нашымі апанентамі ствараюцца розныя перашкоды супраць сяброўства нашых краін, нашы адносіны, наша супрацоўніцтва паспяхова развіваюцца, — звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — У вашай краіне распрацавана праграма-план развіцця да 2025 года, і мы ведаем, што ў гэтым плане асаблівая роля адводзіцца Рэспубліцы Беларусь».

Кажучы аб няпростай сітуацыі ў свеце, Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што дзвюм краінам трэба аб’ядноўвацца. «Мы бачым, як Злучаныя Штаты Амерыкі, краіны Захаду вядуць актыўнае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых суверэнных дзяржаў: праводзяць палітыку ціску, шантажу, санкцый, — канкрэтызаваў ён. — І мы бачым, што ў гэтай сітуацыі вельмі важна кіравацца прапановай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб запуску новага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі.»

Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што ўважліва азнаёміўся з выступленнем міністра замежных спраў Венесуэлы на 78-й Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Рэспубліка Беларусь, па яго словах, мае падобныя погляды па многіх пазіцыях. «Наша краіна падтрымала ініцыятыву лідара вашай дзяржавы Нікаласа Мадуры аб стварэнні Групы сяброў у абарону Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, — адзначыў спікер. — Мы заўсёды былі і будзем прыхільныя міралюбівым і аб’яднаўчым ініцыятывам. Лічым, што нам патрэбна больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял створанай групы на нашых міжпарламенцкіх пляцоўках: такіх, як Міжпарламенцкі саюз, Рух недалучэння, Лацінаамерыканскі парламент. Што датычыцца механізмаў рэалізацыі гэтых задач, то яны ў нас маюцца і мы вітаем фарміраванне ў кастрычніку гэтага года Нацыянальнай асамблеяй Венесуэлы групы сяброўства з парламентам Рэспублікі Беларусь».

Уладзімір Андрэйчанка перадаў шчырыя словы ўдзячнасці свайму калегу — старшыні Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы, які пасля абрання на гэтую пасаду ў ліку першых унёс прапанову аб стварэнні групы сяброўства з Беларуссю. Праграма далейшай дзейнасці будзе вызначана ў бліжэйшы час. 

«Венесуэла і Беларусь прытрымліваюцца аднолькавых прынцыпаў»

Як адзначыў міністр замежных спраў Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Іван Хіль ПІНТА, Венесуэлу і Беларусь звязвае гісторыя, няхай і нядоўгая, але напоўненая плённай працай. «За 20 гадоў інтэнсіўнай работы ўдалося дасягнуць важных вынікаў, — нагадаў ён. — З моманту сустрэчы Уга Чавеса з Аляксандрам Лукашэнкам пачалі будавацца адносіны сяброўства паміж нашымі народамі, якія на сённяшні дзень непарушныя. Быў рэалізаваны шэраг сумесных праектаў у розных галінах эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўнічай сферы, у выніку чаго ў Венесуэле была пабудавана цэлая інфраструктура дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву».

Міністр замежных спраў заўважыў, што краінам удалося выбудаваць дружалюбныя адносіны, зыходзячы з пэўных прынцыпаў у зменлівай бягучай геапалітычнай сітуацыі. «Венесуэла і Беларусь прытрымліваюцца аднолькавых прынцыпаў, і гэта дае магчымасць мець падобную знешнюю палітыку, — удакладніў ён. — Мы, безумоўна, падзяляем прынцыпы суверэнітэту, правы народаў на самавызначэнне, неўмяшанне ва ўнутраныя справы замежных дзяржаў. Нашы адносіны — гэта не проста падтрымка пры галасаванні ў міжнародных арганізацыях. Мы з’яўляемся сапраўднымі стратэгічнымі партнёрамі на міжнароднай арэне. І, вядома, нягледзячы на тое, што ў выніку пандэміі і санкцый адносіны паміж нашымі дзяржавамі крыху пацярпелі, сёння мы знаходзімся ў адпраўным пункце, які дазволіць вярнуць іх на ранейшы ўзровень».

Бакі абмеркавалі аспекты магчымага супрацоўніцтва ў палітычнай і эканамічнай сферы. Чакаецца вялікая работа не толькі ў рамках рабочых груп па супрацоўніцтве паміж парламентамі, але і на ўсіх узроўнях.

Як паведаміў у размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентам Венесуэлы Сяргей КЛІШЭВІЧ, беларуска-венесуэльскія адносіны маюць трывалы падмурак, выбудаваны ў свой час Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавесам. «На базе гэтага падмурка мы можам развіваць нашы адносіны ў любой плоскасці, — дадаў дэпутат. — Размова ідзе аб перазагрузцы, яна актыўна пачалася. Нашы кампаніі аднаўляюць работу ў Венесуэле: у першую чаргу гэта будаўнічая галіна, сельская гаспадарка. Беларусь і Венесуэла з павагай адносяцца да палітыкі адна адной, таксама ў пэўнай ступені мы з’яўляемся маякамі для ўсяго свету ў пабудове ўласнай палітыкі, заснаванай на сацыяльнай справядлівасці, і выступаем за шматпалярны свет. Мы будзем развіваць нашы адносіны ў гандлёва-эканамічнай плоскасці, нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя, нам ёсць што прапанаваць адно аднаму. Безумоўна, пераадолеем санкцыі і будзем працаваць на тое, каб нашы народы жылі лепш, каб наша сяброўства мацнела ва ўсіх адносінах». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.