Вы тут

Напярэдадні Дня бацькі прэзентавалі зборнік «Бацькоўскі дар»


Мерапрыемства стала часткай маштабнага сацыяльна-творчага праекта Беларускага саюза жанчын «Сямейнае чытанне». У галерэі «З’ява» сабраліся барысаўскія сем’і, у тым ліку шматдзетныя, школьнікі, прыхільнікі беларускай літаратуры, супрацоўнікі бібліятэкі. Сярод ганаровых гасцей — унучаты пляменнік Якуба Коласа, барысаўчанін Іван Белы, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч.


Дарэчы, парламентарый з’яўляецца ініцыятарам, натхняльнікам і куратарам стварэння зборніка твораў беларускай класікі «Бацькоўскі дар». Над выдавецтвам кнігі сумесна працавалі Беларускі саюз жанчын, міністэрствы інфармацыі і адукацыі, выдавецтва «Народная асвета». Дзякуючы праекту, на працягу некалькіх гадоў выдаюцца кнігі, якія павінны быць на кніжных паліцах у беларускіх сем’ях.

— У нашай рэспубліцы гэтымі днямі праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові, які злучае два цудоўныя беларускія святы — Дзень маці і Дзень бацькі, — звярнула ўвагу Лілія Ананіч. — Год таму, у такія ж радасныя кастрычніцкія дні, убачыла свет новая кніга «Бацькоўскі дар», у якой сабраны шэдэўры айчыннай класікі. І сёння разам з прадстаўнікамі выдавецтва «Народная асвета» — дырэктарам Вікторыяй Калістратавай і загадчыкам аддзела рэалізацыі і рэкламы Жаннай Рэзнік — мы прывезлі яе ў Барысаў. У выданні — творы Янкі Купалы («Спадчына», «Курган») і Якуба Коласа («Новая зямля»), якія простымі і вельмі пранікнёнымі словамі, шырока і дзіўна дакладна паказваюць нам, беларусам, што такое «спадчына» і «родная зямля».

Па словах дэпутата, кніга нагадвае чытачам, што сям’я — гэта найвышэйшая каштоўнасць беларускага грамадства і дзяржавы. «Менавіта ў традыцыйнай сям’і закладваюцца ў дзіцяці асновы любові да сваіх блізкіх, да сваёй роднай краіны — Беларусі, — лічыць парламентарый. — Гэта і павінна быць найважнейшым нашым, бацькоўскім, дарам».

Лілія Ананіч перакананая, што фармат сямейнага чытання не страціў сваёй актуальнасці. «Гэта працэс, які спрыяе камунікацыі паміж бацькамі і дзецьмі, магчымасць для бацькоў фарміраваць багаты ўнутраны свет свайго дзіцяці, — патлумачыла яна. — Надышоў час інтэрнэту і гаджэтаў, дзеці паглынаюць без разбору ўсё, што прадстаўлена ў сетцы. Таму нам, дарослым, так важна вярнуцца да чытання кніг і прывучаць да гэтага дзяцей».

Не толькі ўнутранае напаўненне вылучае выданне, а і яго афармленне. Кніга аформлена ў спрадвечна беларускіх традыцыях: на вокладцы — ручнікі колеру лёну з вышыўкай. Вялікая колькасць ілюстрацый робіць яе яшчэ больш цікавай. Дарэчы, аўтарам фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны любімыя мясціны Купалы і Коласа, з’яўляецца наш калега, шматгадовы фотакарэспандэнт «Звязды» Анатоль Кляшчук, які нядаўна пайшоў з жыцця. Чалавека ўжо няма, а яго работы радуюць сучаснікаў і, варта спадзявацца, будуць радаваць яшчэ ні адно пакаленне беларусаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота Барысаўскай раённай газеты «Адзінства»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.