Вы тут

Мадэратар тата-школы Яўген Голубеў: Прымусіць чалавека быць добрым бацькам немагчыма


Колькі б правільных і разумных ідэй дарослыя ні ўкладвалі яму ў галаву, дзіця бярэ прыклад з дзеянняў, а не са слоў. Дзецям нельга хлусіць, нельга падлізвацца да іх, нельга ўказваць ім. У гэтым перакананы Яўген Голубеў, мадэратар тата-школы, бацька двух сыноў (15-гадовага Артура і 8-гадовага Марата), які разам з хлопчыкамі з самага іх нараджэння. Ён кажа, што быць з дзецьмі паўсюль нескладана, і сыны — яго галоўны праект у жыцці. А як высветліць, ці добры ты тата? Проста спытай у свайго дзіцяці.


Белая варона ў пясочніцы

Яўген трапіў у тата-школу — праект па далучэнні мужчын да жыцця сям’і і актыўнага выхавання дзяцей — у 2008-м, калі ў яго нарадзіўся першы сын, ды так і застаўся валанцёрам, пакуль яму самому не прапанавалі стаць мадэратарам іншых груп. Ён кажа, што на свае вочы бачыў, як мянялася і мяняецца сітуацыя з татамі ў сям’і ў нашай краіне.

— На першых занятках у мяне была прапрацоўка ўласных страхаў — нарадзілася першае дзіця, нічога не разумеў... Але ж з самага пачатку ведаў, што дзеці — мой прыярытэт, і я буду заўжды імі займацца. У пясочніцы я быў з першым сынам адзіным татам і выглядаў як белая варона. Матулі падазрона пазіралі на мяне і пыталіся, што здарылася з вашай жонкай. Калі я гуляў з малодшым сынам, на пляцоўцы разам са мной ужо было некалькі татаў. Тое ж было і ў паліклініцы. Калі я ўваходзіў у кабінет з сынам, педыятр пыталася «А дзе мама?». Я адказваў, што з ёй усё добра — яна займаецца сваімі справамі. Вядома, ідэальная сітуацыя, калі абодва бацькі знаходзяць час на дзяцей, але не заўжды гэта магчыма.

У дзіцячым садку Яўген цалаваў старэйшага сына перад адыходам — і ўся група глядзела на гэта як на нешта небывалае. Суразмоўца кажа, што і дагэтуль можа абодвух сыноў і абняць, і пацалаваць перад школай. І гэта не перашкаджае ім расці самадастатковымі і быць «лепшымі версіямі мяне», кажа тата.

Ён цвёрда перакананы, што спрэчак адносна дзяцей паміж мамай і татам у прысутнасці малых быць не павінна — усе несупадзенні меркаванняў вырашаюцца без дзіцячых вачэй і вушэй. З жонкай Любоўю, кажа, пашанцавала, бо супалі ўяўленні аб дзецях і іх гадаванні. «Мы ўсё ўкладаем у іх. Чым бы дзіця ні займалася, галоўнае — падтрымліваць яго ў памкненнях».

Піца ў піжамах супраць Эміратаў

Можна старацца даць дзецям усё найлепшае, але галоўнае — увага і знаходжанне побач. Гэта агульнавядомая ісціна, але яе каштоўнасць разумееш, калі пра яе кажуць самі дзеці.

— Ёсць у нас адзін тата, які доўгі час вазіў дзяцей па свеце, паказваў ім і Эміраты, і Егіпет, і Францыю... Але потым з грашыма стала горш, і яны змаглі дазволіць сабе толькі адпачынак у вёсцы. І калі ён вырашыў патлумачыць становішча сваім тром сынам і спытаў, які ў іх самы класны ўспамін пра адпачынак, яны адказалі: «Памятаеш, неяк мамы не было дома, а мы заказалі піцу і елі яе ў піжамах?». Уяўляеце, дзеці аб’ехалі ўвесь свет, а самае класнае — есці піцу ў піжамах дома з татам.

А другі тата разам з дзецьмі актыўна бавіў час і на лыжах, і на санках, і на спортпляцоўцы, а яны яго аднойчы папрасілі проста пасядзець дома і згуляць у «Манаполію». Гэта сведчанне таго, што разам можна быць, проста знаходзячыся ў адным памяшканні, і тату не абавязкова рабіць звыш таго, што хочацца дзецям, каб ім падабалася.

Мадэль паводзін выбраць самому

Нядаўна Яўген пачуў ад старэйшага сына: «Я толькі цяпер зразумеў, што выйграў джэк-пот з бацькамі». Да такой высновы ён прыйшоў, калі стаў больш кантактаваць з аднагодкамі і бачыць, якія адносіны могуць існаваць у іншых сем’ях. Спытаў: «А чаму мой сябар зусім нічога не робіць разам са сваім татам?».

— Я лічу, што ўсё ідзе ад бацькоў. Калі бацька маладога таты не займаўся з ім нічым, то такую мадэль паводзін ён яму і перадае, — мяркуе суразмоўца. — Задача тата-школ у прынцыпе ў гэтым і заключаецца — прадэманстраваць маладому тату мадэль паводзін. Вядома, у яго ёсць свае думкі, але на занятках ён бачыць і іншыя ўяўленні мужчын аб бацькоўстве. Адзін з заняткаў і прысвечаны абмеркаванню таго, якая мадэль узаемаадносін была ва ўдзельнікаў заняткаў са сваімі бацькамі і ці хацелі б мы перанесці яе ў сваю сям’ю. На жаль, амаль у палове выпадкаў удзельнікі кажуць «не», таму што быццам і больш-менш добра было, але ж бацька піў. 

І ў маіх адносінах з бацькамі было тое ж самае.

Цяперашнія маладыя людзі, якія толькі сталі бацькамі, расказваюць на занятках, што іх адносіны з бацькамі значна лепшыя, чым тыя, што былі ў татаў гадоў 20 таму. Першае, што хвалюе сучасных татаў нават тых немаўлят, якія яшчэ не нарадзіліся, — выбудоўванне адносін з уласным дзіцем. І гэта добра. З іншага боку, прыходзяць бацькі, якія просяць дапамагчы наладзіць адносіны з сынам, якому ўжо 13 гадоў. «А дзе ты быў дагэтуль?» — хочацца спытаць.

— Нядаўна на заняткі прыйшоў тата, які ўсё жыццё быў на заробках. Аднойчы ён сказаў сыну, ці не час таму рабіць урокі. А той у адказ: «Тата, едзь назад у камандзіроўку». Мужчына зразумеў, што ўсіх грошай не зарабіць, і змяніў сваё жыццё, бо ўбачыў, што страціў камунікацыю з дзецьмі. Любыя адносіны — гэта час, жаданне, укладанні — проста так нічога не адбываецца.

Любоў і агрэсія

Празмернай любові бацькоў у адносінах да дзяцей не бывае — ім заўжды трэба больш, гэта закладзена ў бацькоўска-дзіцячых адносінах. Малыя заўжды чэрпаюць яе, хоць у пяць гадоў дзіця — ужо даволі самастойная адзінка, якая можа сама апрануцца, паесці і нават нешта прыгатаваць, упэўнены Яўген.

— Апошнія гадоў 30 чалавецтва робіць усё, каб падоўжыць дзяцінства — гадоў да 40, — смяецца ён. — Але гэта зусім не абавязкова прывядзе да інфантыльнасці. Наша з сястрой маці — повар, але мы дома не гатавалі. Калі сястра з’ехала жыць самастойна, я неяк убачыў, што яна робіць адбіўныя, і пасмяяўся: «А ты, аказваецца, умееш гатаваць». А яна адказала, што і сама пра гэта не ведала, пакуль не прыйшлося. І нічога страшнага няма ў тым, калі дзіця ў дзявятым класе яшчэ не ведае, кім хоча стаць. У любы момант у яго з’явіцца мэта, і яно будзе яе дасягаць.

Тое ж самае датычыцца і дзіцячай агрэсіі. Насілля ў свеце, нягледзячы на ўсе войны, становіцца менш, бо людзі ўжо менш цярпімыя да любых форм яго праяўлення і імкнуцца разабрацца, што адбываецца, не праходзяць міма. І нават сумесныя камп’ютарныя гульні ў сетцы робяць дзяцей менш агрэсіўнымі — яны спускаюць пару ў віртуальным свеце. І не трэба баяцца, што дзіця можа табе нечакана нагрубіць, лічыць Яўген:

— Калі малому выгаворваеш за правіннасці, магчыма, у яго будзе менавіта такая рэакцыя, аднак дзіця павінна ведаць, што яно адкажа за свой учынак. Пакаранне падоўжыцца і санкцыі павялічацца. І заўжды яно павінна выбачыцца за свае паводзіны. Бацькі таксама павінны ўмець прасіць прабачэння ў дзяцей, калі зрабілі нешта няправільна. Мы з жонкай гэта практыкуем, хоць і цяжка даецца. А дзецям выбачыцца яшчэ цяжэй. Ёсць малыя, якія ніколі не скажуць «прабач», але калі яно проста прыйдзе і сядзе побач, гэта ўжо таксама форма выбачэння.

Нават калі вы бачыце, што дзіця ў інтэрнэце шукае інфармацыю пра маньякаў, не панікуйце: гэта не азначае, што ў яго нейкія нездаровыя схільнасці. Проста такая спроба дзіцяці навучыцца баяцца. У нашым лічбавым свеце, дарэчы, знайсці павука ці жабу больш складана.

Агульны інтарэс

З дзіцем быць паўсюль зусім няцяжка, калі ёсць жаданне. У стасунках бацькі і дзіцяці вельмі важны агульны інтарэс. Да пэўнага ўзросту малому будзе падабацца тое, што падабаецца бацьку. Пасля яно знойдзе тое, што больш цікава менавіта яму, аднак час, праведзены разам за сумесным заняткам, застанецца вашым, лічыць Яўген:

— Старэйшы сын гуляе ў «Роблакс», дзе можна гандляваць. Паколькі я займаюся вэб-дызайнам, мы зрабілі некалькі рэчаў і выставілі там на продаж. І гэта было больш не дзеля заробку, а каб разам нешта стварыць.

Дзіця трэба слухаць і вывучаць тое, што яму цікава, калі ты не разумееш яго сучасных прыхільнасцяў. Як толькі ты перастанеш яго слухаць, малы перастане табе расказваць пра сябе, сведчыць тата двух сыноў:

— А яшчэ ў нашай сям’і ёсць правіла: калі нехта кагосьці кліча, трэба адразу падысці або сказаць, што ты нечым заняты і хутка будзеш. І гэта правіла працуе ў абодва бакі.

Некалькі месяцаў Яўген разам са старэйшым сынам хадзіў займацца на турнікі, бо ў Артура была мэта — падкачацца. Разам яны яе дасягнулі, пры гэтым займаючыся штодня адной справай. Летам яшчэ і малодшага бралі з сабой, так што атрымалася агульная мужчынская справа.

Прымусіць быць бацькам немагчыма

У жыцці сучаснага мужчыны шмат «птушачак»: уласная справа, адпачынак у Дубаі, крутая машына... Але ж у яго няма, у адрозненне ад жанчын, «птушачкі» стварыць сям’ю.

— Праблема нават не ў тым, што яе няма, а ў тым, што яна не залічваецца. У сучасным грамадстве пабудаваць добрую сям’ю для большасці мужчын не дасягненне, — разважае Яўген Голубеў. — Мужчына не лічыць сям’ю рэсурсам, і гэта праблема выхавання: хлопчыку кажуць, што ён будзе класным лётчыкам ці касманаўтам, але ніхто не кажа, што ён стане класным сем’янінам. Толькі з часам мужчыны пачынаюць разумець каштоўнасць сям’і, і асабліва выразна яны разумець, што сям’я была каштоўным рэсурсам, толькі пасля разводу.

Добры бацька — цалкам сацыяльнае паняцце, якое ідзе ў разрэз з біялогіяй. Грамадства намагаецца прывязаць мужчыну да сям’і, стварыць яму добрыя ўмовы, але ж біялогія кажа, што для самца пераваг у сям’і няма. Ужо прайшлі часы, калі мужчыну трэба было ганяцца за антылопай для абеду — яна сама вывальваецца са скрыні з дастаўкай на дом, але ж самец працягвае некуды бегчы. Аднак статыстыка сведчыць, што жанатыя жывуць на дзесяць гадоў даўжэй, узровень стрэсу ў іх жыцці ніжэйшы.

— Прымусіць чалавека быць добрым бацькам немагчыма. Калі ён кажа «я выбраў сям’ю», асабліва калі дзеля гэтага давялося адмовіцца ад сваёй мары ці справы жыцця, то шчасця не будзе ні яму, ні сям’і. Добра, калі людзі, якія не хочуць ствараць сям’ю, не забіваюць сабе гэтым галаву і не імкнуцца зрабіць гэта проста для таго, каб быць такімі, як усе.

Яўген лічыць, што сёння мужчынскі погляд на ролю бацькі ў сям’і пачынае мяняцца, і гэтаму шмат дапамагае сама сям’я (жонка і дзеці). Паступова, але зацвярджаецца глабальны трэнд, што бацькам быць крута.

Ірына СІДАРОК

Фота дадзена героем артыкула

Загаловак у газеце: Проста спытай у свайго дзіцяці...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.