Вы тут

Віртуальны музей створаны на Уздзеншчыне


У апошнія дзесяцігоддзі галоўнымі асяродкамі краязнаўчай работы ў краіне па праве з’яўляюцца бібліятэкі. Абласныя, раённыя, гарадскія, гарпасялковыя, сельскія, бібліятэкі аграгарадкоў... Зладжаная праца захавальнікаў і прапагандыстаў кніжных скарбаў самым цесным чынам звязана са збіраннем матэрыялаў па гісторыі роднага краю. І пры гэтым бібліятэкары ў сваіх памкненнях захаваць памяць мінулых часін, біяграфію нашых прашчураў актыўна карыстаюцца найноўшымі лічбавымі тэхналогіямі.


Яркі прыклад — стварэнне розных электронных рэсурсаў, карыстацца якімі можна і пры наведванні бібліятэк, а таксама анлайн. У дзяржаўнай установе культуры «Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса» створаны і працуе «Віртуальны музей Алеся Махнача». Каб наведаць яго, дастаткова зайсці на сайт раённай бібліятэкі.

— Мы з вялікай пашанай ставімся да творчай спадчыны пісьменнікаў-землякоў, — расказвае дырэктар раённай бібліятэкі Аксана Драчан. — Уздзеншчына — сапраўднае гняздо паэтаў, празаікаў... Варта згадаць хаця б народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапіву, славутага драматурга, які нарадзіўся ў вёсцы Нізок, Петруся Броўку, Паўлюка Труса, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіля Шырко, класіка дзіцячай літаратуры Алеся Якімовіча, не менш цікавага дзіцячага пісьменніка Алеся Пальчэўскага, кандыдата філалагічных навук, аўтара кніг пра Цётку Лідзію Арабей, краязнаўчага пісьменніка Уладзіміра Кісялёва, публіцыста Мікалая Караля, празаіка і драматурга, галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва» Ілью Гурскага, паэта Антона Бялевіча... Дарэчы, пра Нізок. І Крапіва, і Арабей, і Паўлюк Трус — усе родам з гэтай вёсачкі. А яшчэ тут нарадзіўся народны артыст Беларусі Анатоль Трус. З Нізка родам адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсамольска-маладзёжнага антыфашысцкага падполля на Міншчыне і Магілёўшчыне ў Вялікую Айчынную вайну Павел Фаміч Валожын. У вёсцы Забалацце на Уздзеншчыне нарадзіўся пісьменнік і драматург Алесь Махнач. Закончыўшы ў 1941 годзе Калінкавіцкае ваеннае вучылішча, ён быў размеркаваны на службу ў Брэсцкую крэпасць. У час абароны крэпасці трапіў у палон. Быў вызвалены з канцлагера ў 1945 годзе. Доўгі час правёў у ваенных шпіталях. А з 1947 да 1953 года загадваў Прысынкаўскай сельскай бібліятэкай. Пасля працаваў у «Літаратуры і мастацтве». Закончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага... Алесь Іванавіч займаўся драматургіяй, пісаў творы для юнага чытача. 

І, што выклікае ў нас асаблівыя пачуцці, быў частым госцем ва Уздзе, у бібліятэцы. Ён, здаецца, і цяпер застаецца для нас дарадцам, добрым і жывым сябрам…

У «Віртуальным музеі Алеся Махнача» — некалькі раздзелаў: «З аўтабіяграфіі Алеся Махнача»; «Я пазнаёміўся з табой, вайна...»; «На ніве культуры»; «Радкі, напісаныя сэрцам»; «Летапіс краязнаўчай працы»; «З архіва Алеся Махнача»; «Успаміны пра пісьменніка»; «Перапіска з землякамі»; «Алесь Махнач на радзіме»; «Фільмаграфія»; «Ушанаванне памяці». Надзвычай багаты дакументальны і мастацкі архіў!.. У ім захоўваюцца і ненадрукаваныя раней творы. І калі не цяпер, то з часам, несумненна, яны будуць надрукаваны на паперы. У электронным архіве Алеся Махнача ва Уздзе — і яго ўнікальныя ўспаміны пра жыццё на Уздзеншчыне ў пасляваенныя гады. Старонкі пра побыт, сацыяльныя зносіны, стасункі чалавека і ўлады чытаюцца лепей і цікавей, чым іншыя раманы, дзе часам і на каліва не было праўды пра жыццё.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіль Шырко так аднойчы выказаўся пра любімага уздзенцамі пісьменніка-франтавіка: «Ёсць людзі, знаёмства з якімі не толькі застаецца назаўсёды ў памяці, але і аказвае ўплыў на светапогляд іншых. Такім для многіх жыхароў Уздзеншчыны быў Алесь Іванавіч Махнач».

А вось гэтыя словы пра Махнача належаць былому дырэктару Уздзенскага раённага краязнаўчага музея Анатолю Папко: «Цудоўны быў чалавек. Шчыры ў адносінах з аднавяскоўцамі, землякамі, ён поўнасцю аддаваў сябе працы па ўшанаванні людзей, вартых добрага слова, падзей, што пакінулі адметны след у гісторыі»…

...Сярод многіх кніг Алеся Махнача, што знаходзяцца ў фондах і на экспазіцыйных паліцах Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса, — краязнаўчыя нарысы «Забалацце» і «Нізок». Яны выйшлі дзякуючы намаганням руплівага выдаўца Віктара Хурсіка ў серыі вясковазнаўчых нарысаў «Ведаць свой край Беларусь». Алесь Махнач быў захоплены краязнаўствам, ён, нягледзячы на ўсе праблемы са здароўем, карпеў у архівах, часта наведваўся на Уздзеншчыну. І нават незадоўга перад смерцю разам з аматарамі пошукаў сакральных аб’ектаў прайшоўся уздзенскімі сцежкамі, выступіў у ролі дасведчанага і шчыра зацікаўленага ў прадстаўленні роднай старонкі экскурсавода. Згадкі пра ўспаміны, краязнаўчыя нарысы падказваюць неабходнасць валодання ёмістай, асобнай, паўнавартаснай творчай спадчынай Алеся Махнача. Добра было б зрабіць гэта ў пярэдадзень 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ці хаця б да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Салдат-пакутнік, чалавек драматычнага і разам з тым шчаслівага лёсу, шчыры служка роднаму краю, аўтар многіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну, пра Брэсцкую крэпасць і яе абаронцаў, несумненна, варты гэтага.

Раман СЭРВАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.