Вы тут

У Пінску праходзіць абласны фестываль-кірмаш «Берасцейскія сані»


Гэтым разам фестывалю «Берасцейскія сані» хапіла і зімы, і снегу. Сняжок церушыў з самага ранку. І Дзед Мароз са Снягуркай, а таксама госці свята змаглі праехаць па галоўнай вуліцы ў сапраўдных санях. Пінчукі здзіўлялі сваёй гасціннасцю, мноствам песень, забаў, вясёлымі каляднымі падворкамі.


Зранку ў сталіцу Палесся сталі прыбываць госці, да святочных лакацый падцягваліся пінчукі. Пакуль ў сілу ўбіраўся гандлёвы кірмаш, разгортвалі экспазіцыі выставы, на набярэжнай ракі Піны стартаваў «Вадохрышчанскі забег». Легкаатлетычны забег атрымаў статус рэспубліканскага, бо ўдзел у ім узялі каля 700 бегуноў з розных рэгіёнаў краіны. Іх сардэчна прывітаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, пажадаў мужнасці, сілы волі ў забегу і здароўя на цэлы год.

Побач сабраліся аматары зімовага плавання і паказалі клас: па чарзе спускаліся ў загадзя падрыхтаваную на рацэ купель. Смельчакоў знайшлося нямала. Пад наглядам спецыялістаў таварыства выратавання на водах і супрацоўнікаў МНС адважныя маржы акуналіся ў раку, а затым праходзілі для пераапранання ў цёплыя палаткі.

І вось на такой бадзёрай спартыўнай ноце ўдзельнікі свята накіраваліся да галоўнай сцэны, на якой адбылося адкрыццё фестывалю. Вядучыя нагадалі, што фэст праходзіць у трэці раз, што радзімай яго з’яўляецца, зразумела, горад Брэст, другі фестываль праходзіў летась у Баранавічах, трэці прымае Пінск у знамянальны год — 85 гадавіну заснавання Брэсцкай вобласці.

Пра ўрачыстае адкрыццё фестывалю- кірмашу «Берасцейскія сані»-2024 са сцэны аб’явіў кіраўнік першага рэгіёна Юрый Шулейка. Ён прывітаў пінчукоў і ўсіх палешукоў, сказаў, што на Піншчыне ў свой час ўтвараліся самыя паспяховыя гаспадаркі рэгіёна: «Бо жывуць тут працавітыя людзі, добрыя гаспадары!» 

— Прыемна, што на сённяшняе свята прыйшло шмат людзей, — працягваў далей губернатар. — Арганізатары падыйшлі да справы з душой, глядзіце, якія ў нас сёння артысты, якія касцюмы, якія праслаўленыя калектывы ствараюць нам з вамі настрой! Жадаю нам усім добрага кірмашу і вясёлага свята.

Прывітальны адрас гасцям і ўдзельнікам свята накіравала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава. У прывітанні, якое зачыталі са сцэны, адзначаецца, што фестываль становіцца традыцыйным, уяўляе сабой цудоўную ініцыятыву, якая абуджае інтарэс да самабытнай творчасці і ўкладу жыцця берасцейцаў: «У дні яго правядзення Брэсцкая вобласць дэманструе тысячам беларусаў і гасцям нашай краіны багацце духоўнай і культурнай спадчыны, дасягненні ў сельскагаспадарчай і прамысловай сферах, грамадны інтэлектуальны і крэатыўны патэнцыял, — гаворыцца ў прывітанні. — Сёлета эстафету свята прымае Пінск. Безумоўна, слаўная гісторыя гэтага старажытнага горада, закладзеная ў канцэпцыю фестывалю, нагадае нам пра сілу адзінсва, згуртавання, грамадскай згоды на падстваве любові да роднай зямлі, павагі да мінулага і гонару за сучаснае».
На гэты раз было шмат інтрыг, якія павіннны былі вырашыць «Сані». Да гэтай пары, напрыклад, ніхто не ведаў, ёлка якога раёна прызнаная лепшай. Праводзіўся конкурс, працавала журы, ішло народнае галасаванне ў тэлеграм-канале. І вось абвяшчаецца, што перамогу атрымала ёлка Жабінкаўскага раёна, а старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч прымае заслужаную ўзнагароду.

Ну і галоўная інтрыга — месца правядзення наступнага фэсту. Юрый Шулейка абвясціў, што ім стане Кобрын.

Самай відовішчнай часткай фестывалю, несумненна, стаў маляўнічы парад-карнавал прадпрыемстваў рэгіёна. На розных формаў грузавіках праехалі цэлыя інсталяцыі, дзе часам разгортваліся самыя неверагодныя сюжэты. Якія толькі казачныя героі не сустракаліся, якія тэатралізаваныя мініяцюры не адбываліся на рухомых сцэнах!

Сваю інсталяцыю «Брэстжылбуд» назваў «Дом мары», Але ж машына, якая везла гэты дом, уяўляла сабой галаву дракона, што дыхае дымам. А вакол яго віліся-ехалі квадрацыклы ў выглядзе саней, іх суправаджалі вясёлыя навагоднія героі. Пры гэтым вядучы абявіў, што усе персанажы прадстаўлення — работнікі прадпрыемства. Вось, аказваецца, колькі талентаў працуе на прадпрыемствах і ўстановах рэгіёна!

«Нашы сані едуць самі» — сцвярджала імправізаваная павозка газавікоў, Пінскага філіяла «Брэстаблгазу». А Пінскія электрасеткі наогул аздобілі машыну тройкай белых коней. Парадавалі крэатывам РУП «Граніт», «Савушкін прадукт», птушкафабрыка «Дружба», ды і іншыя таксама. Кожную інсталяцыю можна было разглядваць, фатаграфаваць, што і рабілі госці свята.

Тут усё выглядала цікавым: шэсце Дзядоў Марозаў са Снягуркамі, маладзёжны флэш-моб «Пад сцягам Айчыны».

Варта сказаць і пра калядныя гулянні. Яны ўяўлялі сабой не толькі рады падворкаў з забаўлянкамі, прысмакамі. Кожны прапанаваў сваю разыначку. Пінскія кавалі падрыхтавалі адмысловую манету фестывалю. Адчаканіць яе ўдарам молата гонар выпаў Юрыю Шулейку. Манету-сувенір адразу перадалі на захаванне у Музей беларускага Палесся. Губернатар таксама спрычыніўся да пачатку напісання Кнігі рэкордаў фестывалю. У названую кнігу занеслі самую вялікую кашу фестывалю. Кашу варылі ў каструлі аб’ёмам 165 літраў. А Юрый Шулейка дадаў у кашу масла, яго спатрэбілася сем кілаграмаў. Пасля чаго кашай маглі частавацца ўсе ахвотныя. Факт яе прыгатавання занеслі ў прыгожы фаліянт, які вырабілі майстры пінскай друкарні. Сюды цяпер будуць заносіць і іншыя рэкорды гэтага і будучых фестываляў. Дарэчы, да кашы прапанавалі травяны чай, яго зварылі ў 400-літровым самавары.

Шумеў-гуляў кірмаш. Пчаляр Мікалай Янушкевіч з вёскі Яглевічы Івацэвіцкага раёна не першы раз на падобных мерапрыемствах. У яго вельмі шмат відаў мёду, ёсць лячэбны мёд з праполісам, арэшкі ў мёдзе, сувенірная прадукцыя.

А вось пінчанка Алена прадпрымальнік-пачатковец, яна прадае падметы дэкору, мілыя дробязі, якія могуць упрыгожыць любы інтэр’ер. Побач — рамеснікі з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Да іх падыходзяць, разглядаюць, купляюць.

Сувенір набыла Ірына Саўчук з Брэста. Цікаўлюся ўражаннямі. Ірына прыехала з сям’ёй ў госці да матулі: «На свята прыйшлі з мужам, сынам, нявесткай, і ўсім вельмі цікава. Маме маёй 83 гады, яна не змагла пайсці з намі, але яна глядзіць прамую трансляцыю тэлеканала „Пінск“, за што асобная падзяка тэлевізіёншчыкам. А мы зараз накіроўвемся глядзець канцэрт».

Канцэнт працягваецца ўжо некалькі гадзін, а вечарам абяцаюць дыскатэку і лазернае шоу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала Брэсцкага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.