Вы тут

«Нараджэнне легенды: Беларусь у ІХ—ХV стагоддзях» — новая кніга Івана Саверчанкі


Задачу, якую паставіў перад сабой адзін з вядучых крытыкаў і літаратуразнаўцаў, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Саверчанка ў сваёй новай кнізе «Нараджэнне легенды: Беларусь у ІХ—ХV стагоддзях», што пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука», — важная ў нашых сённяшніх намаганнях імкнуцца да найбольш аб’ектыўнай праўды аб тым, што адбывалася на тэрыторыі нашай краіны ў розныя часы — «раскрыць найважнейшыя старонкі нацыянальнай гісторыі, асвятліць вытокі, нараджэнне і фарміраванне беларускай народнасці, паказаць міжнародныя адносіны і супрацоўніцтва беларусаў з іншымі краінамі і народамі». Сказана па-акадэмічнаму дакладна і выверана, як і павінна быць у выданнях такой скіраванасці.


Не сумняваюся, што падобным зместам і будзе напоўнена яго чарговая даследчыцкая праца. Але, паколькі знаёмы з большасцю напісанага ім, ведаю і іншае. Тое, што заяўлена, канешне, будзе паспяхова выканана, ды і на такім аналітычным узроўні, без якога прызнаны аўтар не абыходзіцца. Упэўнены, аднак, і ў іншым: акадэмічная дасведчанасць у надзейных даследчыцкіх руках ніколі не шкодзіць пазнавальнасці. Выверанасць ацэнак не перашкаджае яму, адыходзячы ў пэўнай ступені ад асноўнай праблематыкі, выказваць тое ўласнае, у чым праяўляецца і чыста чалавечае стаўленне да падзей даўніх, да людзей слаўных.

Зазірнуў у змест, а ён для зручнасці карыстання змешчаны не ў канцы кнігі, як звычайна, а ў пачатку яе, што дазваляе лягчэй сарынтавацца ў дзесяці раздзелах, падзеленых на асобныя лаканічныя, але багатыя на змест нарысы, і зразумеў, што спадзяванні мае апраўдваюцца. Каб паказаць, як адбывалася «ўзмацненне эканамічнага і ваеннага патэнцыялу, захаванне суверэнітэту і незалежнасці ў ІХ—ХV стагоддзях», аўтар гаворку пачынае з часоў, калі славянскія народы толькі пачыналі выходзіць на гістарычную арэну. 

Для гэтага звяртаецца да такіх старажытных аўтараў, як Іліній Старэйшы і Карнелій Тацыт, якія нашых продкаў называлі ведамі, а візантыйскі гісторык Іардан — антамі. Усе гэтыя сведчанні з VІ стагоддзя. І так крок за крокам аўтар кнігі рухаецца ў часе, падыходзячы ўсё бліжэй да нашых дзён. Шмат іншых плямёнаў жыло на беларускай зямлі, пакуль не з’явіліся крывічы, дрыгавічы і радзімічы, якія склалі «этнічнае ядро беларускай народнасці». 

Чытаючы, дасведчаныя чытачы «ажывяць» сваю памяць, бо пра ўсё гэта ў асноўным добра ведаюць. Як і пра тое, калі быў закладзены пачатак назве, якую сёння і мае наша краіна: «Назва Белая Русь канчаткова замацавалася за рэгіёнам прыкладна з сярэдзіны ХІІІ ст., верагодна, пасля пасля адбіцця татара-мангольскіх ордаў, якія хацелі захапіць беларускія гарады і землі. Заходнія суседзі і падарожнікі шчыра захапляліся мужнасцю няскоранага народа і ўсё часцей у сваіх нататках і апісаннях сталі называць краіну Белай Руссю. З часам за яе свабодалюбівым народам, які адстаяў сваю незалежнасць ад арды, замацавалася назва беларусы». Не забывае Іван Саверчанка сказаць і пра тое, якой павагай у беларускіх сем’ях здаўна карыстаўся гаспадар, якога інакш не называлі, як бацька. 

Аметнасць гэтай кнігі Івана Саверчанкі, як, урэшце, шмат з таго, што ім напісана, у тым, што ён, апавядаючы пра постаці беларускай гісторыі, у нечым вядомыя і даследчыкам, і чытачам, знаходзячы ў іх біяграфіі і ўвогуле дзейнасці слаба вядомыя, а то і зусім невядомыя факты, мэтанакіравана звяртаецца і да воблікаў тых, пра каго апавядаецца менш. Калі ж яны і трапляюць у поле зроку даследчыкаў, то пра іх гаворыцца недаравальна мала. 

З такіх асоб і Глеб, сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча, які застаўся ў гісторыі як Усяслаў Чарадзей. Пра Глеба Усяславіча гаворка ў нарысе Івана Саверчанкі «Менскае княства». Гэтаму княству, поруч з яшчэ двума, таксама ўдзельнымі, Мсціслаўскім і Гарадзенскім, належыць важная роля ў ваенна-палітычным, эканамічным і духоўна-культурным жыцці Беларускай зямлі на працягу ХІ—ХІІ стагоддзяў. 

Ужо тое, што Глеб Усяславіч стаў першым вядомым нашым сучаснікам мінскім князем, шмат гаворыць. Аднак куды болей важна, што яго звычайна называюць Глебам Менскім. Не таму, што ў нейкай ступені быў першапраходцам. Славу сабе заслужыў дзякуючы таму, што княства, якое належала яму, будучы ўдзельным, годна пачувала сябе сярод іншых, у якіх на той час цэнтрам уладанняў былі гарады, што паспелі больш праславіцца. Менск хутка даказаў, што і ён зусім не збоку прыпёку. А пры неабходнасці пастаіць за сябе. Дакажа, што бываюць моманты, калі нельга не лічыцца з ім. Гэта ўсё і адбылося дзякуючы Глебу Усяславічу.

Іван Саверчанка пераканаўча, праўдзіва, наколькі дазваляюць гістарычныя факты, расказвае аб той часіне. І, канечне, з дапамогай творчай інтуіцыі, дзякуючы якой тое, што магло быць, паўстае не толькі як магчымае, але і як рэальнае. Прамаўляю гэта, не толькі адштурхоўваючыся ад згаданага нарыса, але і ад іншых, на адлегласці палемізуючы з тымі пісьменнікамі, якія не надта ўспрымаюць творы гістарычнай тэматыкі, а то і ледзь не адмаўляюць іх. 

Довады такія... Не ведаю, як дакладней сфармуляваць іх. Бадай, гэта адбываецца ад няведання законаў мастацкай творчасці. У творах аб мінулым якраз шмат значыць найбольш поўнае ўяўленне аб падзеях, што тады адбываліся, аб людзях, якія жылі раней. 

Глеб Менскі

І, канешне, шмат дае аўтарская інтуіцыя, якая і спрацоўвае тады, калі ў творцы прысутнічае гэтае веданне. Характэрны прыклад — творчасць Юрыя Тынянава, у асобных творах якога даследчыкі праз шмат гадоў пасля іх напісання знаходзілі ў архівах асобныя факты, наяўнасць якіх ён прадказаў з такой упэўненасцю, нібы ведаў іх.

Не збіраюся параўноўваць Івана Саверчанку з Юрыем Тынянавым. Кажу пра тое, як неабходна падступацца да гістарычнай праблематыкі ў творах. 

Каб усё адпавядала зместу эпохі, пра якую апавядаецца. 

Аўтарская інтуіцыя і дапамагае Саверчанку-празаіку, па сутнасці, вяртаць Глеба Менскага з небыцця. Ён не толькі ўзнаўляе вядомае пра гэтага князя, але і прыводзіць тое, што належным чынам яшчэ не асэнсоўвалася, а менавіта, як «ажыццявіў даўнюю мару полацкіх князёў. Ён авалодаў Смаленскім княствам і ўстанавіў кантроль над верхнім цячэннем Дняпра. Менавіта там праходзіў важны гандлёвы шлях — валокі з Дняпра ў Дзвіну, якія, верагодна, знаходзіліся паблізу Оршы, каля вёсак Лучоса і Чаркасава. Больш за тое, Смаленск вельмі спадабаўся Глебу Усяславічу. Таму ён перасяліўся туды разам з сям’ёй і ўсім сваім дваром». 

Не менш істотнае і іншае: «Мабыць, Глебу Менскаму першаму ў беларускай гісторыі ўдалося ў складаных абставінах істотна пацясніць кіеўскіх князёў на поўдні і ўсходе краіны, зменшыць іх палітычны ўплыў у басейнах Прыпяці, Сожа і Дняпра». А яшчэ гэта дазваляе ставіць яго ў шэраг найвыдатнейшых постацей перыяду, пра які расказваецца ў «Нараджэнні легенды...»: «Князь Глеб Менскі паспяхова ажыццявіў цэнтралізацыю значнай часткі Беларускай зямлі. Усё сваё жыццё ён умацоўваў дзяржаву, павышаў яе ваенны і эканамічны патэнцыял, служыў захаванню незалежнасці беларускага народа і ўсяляк ажыццяўляў яго развіццё».

Шмат увагі Іван Саверчанка ўдзяліў і Тройдзеню. Пра яго невыпадкова гаворыць «забытый князь». Сапраўды, ён мала згадваецца ў гісторыі Беларускай дзяржавы, а такім азначэннем нашай краіны Іван Васільевіч карыстаецца пастаянна, што і правільна. Да таго, як на карце свету з’явілася Рэспубліка Беларусь, землі гэтыя па-рознаму называліся, але ўсе яны, незалежна ад колішняй тэрыторыі, з’яўляліся правобразам сучаснай Беларусі. Тройдзень, як вялікі князь літоўскі, вёў зацятую барацьбу з Тэўтонскім ордэнам, Галіцка-Валынскім княствам. Ён значна пашырыў межы Вялікага Княства Літоўскага. 

Пра Тройдзеня аўтар кнігі расказвае захоплена. Адчуванне, што ў асобе яго бачыць надзейнага сына зямлі, якой ён служыў, змагаючыся за яе далейшы росквіт. Зразумела, паказаны, як і трэба ў праўдзівых гістарычных творах, у сваім часе. Не апярэджвае яго ды і, пры ўсім сваім жаданні, апярэдзіць не мог. Не толькі мужнасцю — гераізмам напоўнены радкі аповеду. Ёсць разбой, прысутнічаюць людскія ахвяры, часам сярод нявінных. Ад гэтага нікуды не дзенешся: такі быў час, такая была эпоха. Ды пра гэта забываеш, калі бачыш, колькі Тройдзень зрабіў добрага. Таму завяршэнне нарыса пра яго ўспрымаеш самотліва-тужліва. Гэта свайго роду элегія аб вялікім князі, загінулым ад наёмных забойцаў: «Не стала мужнага абаронцы Белай Русі. У дзяржаве запанавалі адчай і безвыходнасць. На берагах Нёмана і Дзвіны, Бярэзіны і Дняпра слаўся густы туман. Зямля імкнулася змякчыць боль страты, жадаючы як мага хутчэй вырасціць новыя пабегі».

Аповеду пра Глеба Менскага і Тройдзеня я невыпадкова надаў так шмат увагі. Мог бы і больш паразважаць над тым, наколькі Іван Васільевіч пранікае ў сутнасць тых гадоў, калі на Беларусі правілі такія слынныя гістарычныя асобы, прозвішчы якіх у аматараў даўніны на слыху. Але чытаць пра менш вядомых для мяне большае задавальненне. Бо калі Іван Васільевіч згадвае пра іх, фіранка часу адкрываецца больш шырока. Пачынаеш бачыць, уяўляць і тых, каго за смугою часу менш відаць. Без іх немагчыма ўявіць гісторыю сваёй краіны, свайго народа найбольш поўна і шматгранна.

Гэтая кніга пра гісторыю Беларускай дзяржавы, пра беларускі народ. Праўда, сёй-той гатовы сказаць, а ці не лепш было выдаць яе па-беларуску. Але ж па-беларуску такіх выданняў апошнім часам з’явілася шмат. Рускамоўны варыянт таму да месца, што тым самым кола чытачоў пашыраецца. З развагамі Івана Саверчанкі могуць пазнаёміцца і чытачы, якія жывуць за межамі Беларусі. Няблага было б, калі б гэтая кніга выйшла і ў перакладзе на адну з моў, як мы любім казаць, далёкага замежжа. 

Няхай і ў іншых краінах пабольш ведаюць пра Беларусь, беларускі народ. І не толькі пра беларусаў, але і прадстаўнікоў іншых народаў, якія годна адчуваюць сябе ў адзінай дружалюбнай сям’і. Зрэшты, так было заўсёды, у чым пераконвае і кніга Івана Саверчанкі. 

Невыпадкова яна называецца менавіта так: «Нараджэнне легенды...». 

Легендай яна была заўсёды, пачынаючы яшчэ з часоў Герадота, які пабываў тут у дагістарычныя часы. Бачыў не толькі мора — сутыкаўся з плямёнамі, якія дагэтуль нідзе не даводзілася бачыць. З-за непадобнасці на іншыя яе таксама ўспрымаў легендай. Легендай яна паўставала і значна пазней. 

У гэтым неаднаразова ўпэўніліся розныя захопнікі, якія імкнуліся пакарыць яе. Здавалася, поспех забяспечаны, ды часцей складвалася так, што многім прыходзілася ратавацца ўцёкамі. Астатнія назаўсёды засталіся ляжаць у сырой зямлі. Для сваіх яна была цёплая і ўраджайная, а для прышлых толькі мулкая. 

Па сёння яна застаецца легендай для замежных «добразычліўцаў» усіх масцей. Як ні стараюцца «прыручыць», ніяк не ўдаецца. А ўсё таму, што была легендай, легендай і застаецца. Таму і назва майго водгука менавіта такая: «Легенда: нараджэнне і працяг». А завяршыць сваю рэцэнзію хачу словамі Івана Васільевіча: «Для ўсіх грамадзян сучаснай Беларусі важна, каб краіна-легенда, якая дыхае вялікай гісторыяй, ператварылася ва ўзорную, прававую і справядлівую дзяржаву, дзе ажыццяўляюцца смелыя ідэі і рэалізоўваюцца грандыёзныя планы, дзе збываюцца найлепшыя мары і надзеі, а людзі розных пакаленняў з гонарам і аптымізмам глядзяць у будучыню». 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.