Вы тут

Якую перамогу заслужыў наш народ, што ляжыць у аснове ўсяго і чаму нельга тармазіць


Рабочы графік Прэзідэнта штодтыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы ўдзяляе пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя. Сабралі топ-5 цытат кіраўніка дзяржавы за мінулы тыдзень, якія акрэсліваюць сітуацыю ў розных сферах жыцця краіны і задаюць вектары яе развіцця. 


Фота: БелТА

1. «Мы — касмічная краіна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы падчас цырымоніі ўшанавання першага касманаўта Беларусі Марыны Васілеўскай і ўсіх, дзякуючы каму адбыўся палёт першага грамадзяніна суверэннай Беларусі ў космас. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што менавіта дзякуючы наяўнасці беларускіх напрацовак і тэхналогій у касмічнай сферы і стаў магчымы палёт беларускага касманаўта. «Калі б не было развіцця космасу ў Беларусі, з намі ніхто б не размаўляў. Нам бы ніхто і не прапанаваў ляцець у космас. Мы ўмеем рабіць для космасу вельмі шмат», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, у бліжэйшыя гады плануецца запуск на арбіту сучаснага спадарожніка з высокім вырашэннем. «Гэта найвышэйшыя тэхналогіі», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што касмічны палёт Марыны Васілеўскай — не проста імідж, гэта найвялікшая перамога нашага народа, якую ён, безумоўна, заслужыў. Роўна як заслужыў і іншыя вялікія праекты з разраду «касмічных». Напрыклад, Беларускую атамную электрастанцыю і Беларускую біятэхналагічную карпарацыю і іншыя. 

2. «Па вялікім рахунку эканоміка ў тым, калі мы ўжо "агрэсары", шчыра кажучы, то роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання і для людзей павінны быць роўнымі. Вось што нам трэба. Сёння вы, напэўна, зразумелі (расіяне), што беларусы шмат што могуць. Раней гэтага не бачылі. — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў Маскве падчас размовы з расійскімі журналістамі (у якіх ён надзвычай папулярны суразмоўнік). — Цяпер вы ўбачылі, што і электроніку мы закрываем (вялікі пласт), і сельскую гаспадарку, і ў прамысловасці, і ў станкабудаванні (нядаўна Уладзімір Уладзіміравіч пра гэта гаварыў), то бок вы зразумелі, што ў Беларусі мы не проста захавалі савецкі пласт навукі, прамысловасці, вёскі, але і асучаснілі, павысілі яго як трэба. Мы сёння вельмі патрэбны Расіі, як і Расія нам. Таму вельмі важна, каб мы цяпер ураўнялі людзей і нашы прадпрыемствы. Гэта галоўнае пытанне», — дадаў Прэзідэнт. Па словах беларускага лідара, адносіны дзвюх краін выйшлі на новы ўзровень, у тым ліку, дзякуючы і палёту Марыны Васілеўскай у космас: «Яе палёт — гэта новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах, паўтару, суверэннай Беларусі і новы ўзровень саюзных вельмі добрых, брацкіх адносін Беларусі і Расіі і нашых народаў. Сімвалам брацкай сувязі нашых народаў сталі дзяржаўныя сцягі, разгорнутыя на вышыні больш за чатырыста кіламетраў ад нашай планеты». У Маскве Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што на гэтым касмічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі не заканчваецца, наперадзе яшчэ шэраг касмічных праектаў. 

3. «Мы можам ствараць канкурэнтаздольную тэхніку з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і камплектуючых. Тут даказваць нічога не трэба. Мы можам», — гэту заяву Прэзідэнта можна лічыць лейтматывам вялікай нарады, прысвечанай стану і развіццю айчыннай прамысловасці. Падчас гэтай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка канкрэтна акрэсліў праблемныя моманты, якія сёння не даюць прамысловасці функцыянаваць на максімуме і нават больш. Адзін з іх, па словах кіраўніка дзяржавы, заключаецца ў тым, што па шэрагу напрамкаў абнаўленне прадукцыі і вытворчасцей ідзе вельмі марудна. А канкурэнты, як вядома, б’юць па самых слабых месцах. Таму тармажэнне сёння недапусціма. «Няўжо незразумела: будзем тармазіць і плесціся ў хвасце — нас затопчуць», — катэгарычна, але ёміста выказаўся беларускі лідар. 
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна прыняць меры па забеспячэнні максімальнай тэхналагічнай незалежнасці і стварэнні ўмоў для ўстойлівай работы эканомікі, якая не залежыць ні ад якіх санкцый. Аляксандр Лукашэнка назваў гэта стратэгічнай задачай для нашага прамысловага комплексу. «Праекты па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці, дапамагчы ўсёй эканоміцы выйсці на перадавы ўзровень эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці», — растлумачыў беларускі лідар. І тут важна ўсё: і імпартазамяшчэнне, якое кіраўнік дзяржавы назваў прыярытэтам прыярытэтаў, і працоўная дысцыпліна, і пошукі новых рынкаў, і, безумоўна, якасць прадукцыі. Логіка абсалютна простая: эканоміка, на якой сёння завязана ўсё, напрамую залежыць ад прамысловасці.

4. «У Год якасці (ды і заўсёды) вырабляемая прадукцыя павінна быць на найвысокім узроўні. І ніяк інакш. Гэта не капрыз, а суровая жыццёвая неабходнасць. Пытанне будучыні краіны і народа. Наша прадукцыя павінна быць якаснай па ўсіх характарыстыках і параметрах», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Напэўна, нікому не прыйдзе ў галаву аспрэчваць гэты тэзіс. Якасць — на першым месцы, бо менавіта яна дапамагае вытрымліваць канкурэнцыю і дапамагае эфектыўна вырашаць усе пастаўленыя задачы. 

5. Аснова ўсяго — праўда. Любыя псіхалагічныя аперацыі — яны нічога не вартыя, калі ў аснове не ляжыць праўда. Нам не трэба нічога прыдумляць. Вазьміце, дапусцім, інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі на мяжы. Навошта нам хлусіць? Паглядзіце, колькі трупаў валяецца сёння на мяжы. Снег сышоў — жах. Вось вам псіхалагічныя аперацыі — здымай і паказвай гэтых нягоднікаў, якія забіваюць людзей і выкідваюць на нашу тэрыторыю. Гэта як прыклад. І такіх прыкладаў можна шмат прывесці", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы Уладзіміра Пярцова намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. І даносіць гэту праўду трэба якасна, на што таксама звяртаў увагу беларускі лідар.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.