Інтэр'ер звычайнай вясковай хаты пад Гомелем хутчэй нагадвае карцінную галерэю. На старых, яшчэ даваенных сценах, паклееных просценькімі шпалерамі, — партрэты і пейзажы, напісаныя нямецкімі мастакамі. Не Дзюрэрам і Рыхтэрам, вядома, але на аматарства гэта мала падобна...
Гаспадар «карціннай галерэі» Міхаіл Нартаў ведае толькі тое, што аўтарамі палотнаў з'яўляюцца ваеннапалонныя немцы, якія пасля Вялікай Айчыннай вайны ўтрымліваліся ў адным з гомельскіх лагераў. Старшым інжынерам планава-вытворчага аддзела пры лагеры працаваў яго бацька. Але перш Аляксей Нартаў сустракаўся з немцамі пры іншых абставінах...
— У 1943 годзе, пасля заканчэння Растоўскага артылерыйскага вучылішча, бацька трапіў на фронт, — расказвае Міхаіл Нартаў. — Быў камандзірам мінамётнага ўзвода. У складзе 65-й арміі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем Маршала Перамогі Канстанціна Ракасоўскага дайшоў да Германіі. Пры фарсіраванні ракі Одэр у лютым 1945-га быў цяжка паранены. Не адчуваў ні рук, ні ног. Казаў, што і хацеў бы застрэліцца, але не мог — быў як паралізаваны.
У шпіталі жанчына-хірург цудам захавала яму нагу: з такім раненнем пазбегнуць ампутацыі было амаль немагчыма. Але ўрач рызыкнула, і Аляксей Нартаў зноўку вучыўся хадзіць. На працягу ўсяго жыцця моцныя болі ў назе, а таксама ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў нагадвалі яму пра той бой на Одэры.
Аляксея Нартава не камісавалі, але і вайна хутка скончылася. З ліпеня 1945-га працаваў пры лагеры ваеннапалонных. У той жа час аднаўляў разбураны фашыстамі Гомель, у тым ліку «Гомсельмаш».
На новабудоўлях працавалі і палонныя немцы. Па словах сына Аляксея Нартава, эсэсаўцаў сярод іх не было. У лагеры ўтрымліваліся звычайныя працаўнікі: цесляры, сталяры, будаўнікі. Былі сярод іх і прадстаўнікі нямецкай інтэлігенцыі: настаўнікі, урачы, мастакі. Колішнія франтавікі ставіліся да іх больш-менш лаяльна. Ваеннапалонныя нават свабодна хадзілі па горадзе, у вольны час займаліся тым, чым хацелі.
— Бацька пасябраваў з нямецкімі мастакамі, — гаворыць Міхаіл Нартаў. — Нават даставаў для іх фарбы, пэндзлі... У якасці палатна яны выкарыстоўвалі будаўнічыя матэрыялы. І трэба сказаць, карціны ў добрым стане і сёння. Нават фарба не патрэскалася!
Колькі Міхаіл Нартаў сябе памятае, у бацькоўскай хаце заўсёды былі гэтыя карціны. У 1948 годзе лагер расфарміравалі, ваеннапалонных адпусцілі дамоў. Але перш чым з'ехаць на радзіму, мастакі падарылі некалькі карцін Аляксею Нартаву. А яшчэ — зробленыя ў лагеры шафу, тумбачкі, этажэркі, шкатулкі.
Такія падарункі ў той час мелі многія супрацоўнікі лагера, па меншай меры тыя, хто па-добраму ставіўся да ваеннапалонных. Ёсць адна карціна, напісаная немцам, і ў Ноны Паткевіч, якая працавала ў харчовай службе лагера.
Зімні пейзаж — дагэтуль у хатнім інтэр'еры. Паглядзіць на яго жанчына і прыгадвае той час, калі вярнулася ў родны Гомель з эвакуацыі. Тады ўладкавацца на работу было складана, вось і пайшла ў лагер. Працавала там тры гады, пакуль яго не расфарміравалі.
Для Нартавых напісаныя немцамі карціны — сямейная рэліквія. Асабліва дарагія для іх партрэты бацькоў, якія засталіся ў памяці менавіта такімі: маладымі і шчаслівымі.
На жаль, імёны мастакоў сёння не вядомыя. Аб асобе аднаго з іх сведчыць толькі подпіс, пакінуты на дзвюх карцінах. Праўда, неразборліва. Міхаіл Нартаў ужо не адзін год вядзе пошукі нямецкіх мастакоў або іх нашчадкаў.
— Магчыма, на радзіме іх добра ведаюць, — мяркуе ўладальнік карцін. — Калі тыя ўжо пайшлі з жыцця, то добра было б звязацца з іх нашчадкамі. Можа, ім будзе цікава даведацца пра жыццё сваіх продкаў у савецкім палоне. Мне здаецца, што гэтыя карціны могуць дапамагчы разгадаць некаторыя таямніцы...
Ці, можа, іх разгадаюць людзі? Калі раптам у вашай сям'і або знаёмых захоўваюцца карціны невядомых нямецкіх мастакоў і вы ведаеце больш пра іх аўтараў, просім звязацца з рэдакцыяй.
Вераніка КАНЮТА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».