Вы тут

Аб зваротнай сувязі жыццёвай важнасці


Першае што зрабіла, прыехаўшы пасля зімы ў вёску, яшчэ не заходзячы ў хату, — пайшла цікавіцца, як там мой гадаванец, ці не змёрз у калядны трыццаціградусны мароз. Ужо за некалькі крокаў убачыла: жывы. Цягне ўгару ладныя ўжо галінкі з чырванаватымі пупышкамі, якія тыдні праз два засвецяцца сярод маладой зеляніны барвова-аксамітнымі цяпельцамі.


Гэткае дзіва — куст з цёмна-барвовым лісцем, якое зелянее толькі пад восень, калі ўжо яму час ападаць (імя яму, паводле навукі, — чырваналісты фундук), — з'явілася ў маім двары ажно з Гомельшчыны, з Буда-Кашалёўскага раёна. Гэта Юрый Кавалёў, прачытаўшы развагі пра тое, што на лецішчах мы апошнім часам адчуваем сябе не гаспадарамі, што садзяць агарод, каб пракарміцца, а мічурынцамі, якія на ўчастку пастаянна эскперыментуюць, прыслаў мне пазамінулай вясной гэткі вобразны адказ — эксперыментуй, маўляў. Пасылка з акуратна запакаваным парасткам дайшла паспяхова, карэньчыкі ў яго разам з зямлёй былі адмыслова абгорнутыя ў цэлафан. Фундук дачакаўся канца красавіка на балконе мінскай кватэры і ўжо ў першае сваё лета невялікім барвовым вогнішчам пасярод вясковага двара здзіўляў цікаўных аднавяскоўцаў і дачнікаў...

Юрый, які ўважліва чытае «Звязду», даволі часта піша мне на электронны адрас. І гэтыя пісьмы-водгукі, пісьмы-развагі прыносяць адчуванне далучанасці да жыцця людзей, якіх ніколі не бачыла і не ведаю асабіста.

Дзякуючы гэтым пісьмам, я ведаю, напрыклад, што ў тых мясцінах на Гомельшчыне летась і пазалетась было мала дажджоў, з-за чаго (а яшчэ і меліярацыя дапамагла) высахлі рачулкі і балацявіны, а буслы, якіх там спрадвеку сялілася шмат, засталіся без ежы. І вяскоўцы з болем назіралі, як выкідваюць бацькі з гнёздаў «лішніх» птушанят, як галодныя птушкі, бы хатнія, просяць у людзей есці (Юрый прыслаў відэа — ён скарміў буслам, якія зляцелі з гнязда на падворак, увесь улоў рыбы)... Як насамрэч даўно знаёмая, паўстае з яго допісаў бабуля са смешнай вясковай мянушкай, якая сумуе па родных мясцінах, калі дачка забірае яе ў горад... І разам з месцічамі хвалюешся за тую ліпавую алею, якую маглі спілаваць, бо тыя, хто адказвае за добраўпарадкаванне, «купілі новую адмысловую бензапілу і трымер, і ўжо свярбяць рукі...»

А з яшчэ адным чытачом, Сяргеем (ён менавіта так сціпла прадставіўся: Сяргей, 54 гады, нарадзіўся ў Слоніме, пасля палітэха працую на вытворчасці ў Мінску), мы завочна разважаем і дыскутуем пра стан роднай мовы. Ён у сваіх выказваннях катэгарычны: «Гэта тое самае, калі смяротна хвораму дактары кажуць: «Вам никто не запрещает выживать, но лечить не будем». А мове патрэбны рэанімацыйныя мерапрыемствы ў выглядзе змены заканадаўства, а «мы самі зробім» — ужо надта позна... Мы можам толькі «думаць пра цябе», бо «размаўляць ужо няма з кім». Сяргей з болем піша пра тое, што нават у вёсцы «верасень стаў сенцябром, а бэз — сирэнью», што ў Мінску кавярні памянялі свае назвы з беларускіх на замежныя: «Батлейка» стала «Фрэшам», «Крыніца» — «Айсбергам», «Бульбяная» — «Штолле»... А на маю заўвагу аб тым, што не варта скрушна ўздыхаць, адказаў зноў жа катэгарычна і ўпэўнена: «Я не скрушна ўздыхаю, я размаўляю — мовай», і ад гэткай упэўненасці і катэгарычнасці ажно пасвятлела на душы.

А вось у лісце спадара Аляксандра Матошкі з Расонскага раёна — пытанні больш «прыземленыя», але не менш праблемныя і надзённыя. «Мне як матацыклісту асабліва «падабаецца» стандарт на гравійныя дарогі. Гэта калі цябе і пылам, і граззю абдадуць падчас паездкі (у залежнасці ад надвор'я)». Дапытлівы чытач зрабіў разлік з магутнасці рухавіка транспартных сродкаў і прыйшоў да высновы, што, калі кіравацца гэтым разлікам, «за допуск да ўдзелу ў дарожным руху матацыклісты павінны плаціць у чатыры з паловай разы больш, чым аўтамабілісты... Няўжо матацыкл, дазволенай масай 260 кг, разбівае дарогу больш, чым аўтамабіль, дазволенай масай 1400 кг?..» У тым жа допісе ён дзеліцца яшчэ адным крытычным назіраннем: «Давялося неяк удзельнічаць у нарыхтоўцы яловых галінак для грамадскага статка адной гаспадаркі. Галінкі нарыхтоўвалі на дзялянцы лясгаса. Здаецца, усё па-гаспадарску: і лес высякаецца, і нейкая частка хвоі прыбіраецца. Але ж у той гаспадарцы галінкі гэтыя няма чым здрабняць. Яловыя ж цэлыя нават ласі, не тое што каровы, не ядуць. Колькі каштавала гэта «карысць» — ніхто не падлічыў»...

У пісьмах — штрыхі, адценні, паводле якіх уяўляеш чытачоў, якія табе пішуць, і радуешся, і ганарышся, што яны такія ў тваёй газеты ёсць.

Наталля Лапіна з Пастаўскага раёна так распавяла пра паездку ў Мінск сваёй сям'і: «Са сталіцай мы пазнаёміліся бліжэй толькі мінулым летам з нагоды паступлення на вучобу ў Мінск нашай малодшай дачкі. (Мы з мужам і двое старэйшых дзяцей атрымалі адукацыю ў Віцебску.) Аформіўшы ўсе неабходныя дакументы ў каледж, вырашылі перш за ўсё наведаць Нацыянальную бібліятэку...» (Не «Макдональдс», не парк забаў — бібліятэку! І хто абвінаваціць мяне ў нясціпласці, калі скажу, што чытачы ў «Звязды» — самыя-самыя?)

І самыя цікавыя камандзіроўкі, і самыя жыццёвыя матэрыялы заўжды атрымліваліся менавіта дзякуючы чытацкай пошце. З Нінай Маркаўнай Захарэвіч з Пастаў (на жаль, яе ўжо няма сярод жывых) мы калісьці прадзіраліся праз зараснікі старых могілак у Дунілавічах, каб знайсці магілу дзяўчыны, якая стала гераіняй народнай надзвычай папулярнай у тых мясцінах песні. Тэрэса Станіславаўна Ляшчынская з Воранава падказала ў допісе ў рэдакцыю адрас чалавека, які першы ў краіне пачаў вырошчваць жэньшэнь у прыродных умовах...

Можна згадваць яшчэ мясціны і імёны і кожны раз дзякаваць журналісцкаму лёсу за тое, што звёў з такімі цікавымі неабыякавымі людзьмі, дакладней, за тое, што прывёў у газету, якую гэтыя цікавыя неабыякавыя людзі чыталі і працягваюць чытаць і лічаць сваёй. І спадзявацца, што гэты лёс будзе літасцівы і што так яно будзе і надалей.

Такое вось крыху нязграбнае амаль прызнанне ў любові нечакана атрымалася. Зрэшты, здаецца, я ўжо здагадвалася, што менавіта так і выйдзе, яшчэ толькі набіраючы першыя словы, якія здаліся вельмі прывабнымі для загалоўка: «Чырваналісты фундук»...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чырваналісты фундук

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.