Вы тут

Не «Псалтыр», а «Апостал»


З якіх меркаванняў «чатырохсотлецьце» беларускага друку адзначалі ў... 1925 годзе.

Гэта сёння ў Беларусі пра Скарыну і значэнне яго асветніцкай дзейнасці для нашага народа, якую інакш чым подзвіг і не называем, ведаюць усе. І юбілей ягонай першай кнігі адзначаем як нацыянальнае свята. Складана паверыць, што яшчэ сто гадоў назад імя Францыска Скарыны было для беларусаў фактычна невядомым...


Язэп Драз­до­віч на­пі­саў парт­рэт Ска­ры­ны так­са­ма да «ча­ты­рох­сот­лець­ця», у 1925 го­дзе.

А яно насамрэч так і было. Першая публікацыя пра Скарыну па-беларуску з'явілася ў 1909 годзе — гэта была невялікая замалёўка Сяргея Палуяна ў «Нашай ніве» пад назвай «Калі друкавалася першая беларуская Біблія». Замалёўка па сутнасці сваёй невялікая і ніякага адкрыцця для сучаснага чытача не змяшчае. Але адкуль Палуян, па сутнасці, сямнаццацігадовы юнак, няхай сабе і досыць адукаваны, валодаў нават такой, з пункту гледжання сённяшняга невялікай, інфармацыяй?

— Палуян мог ведаць гэта з некалькіх крыніц, і тут мог прыкласці руку Вацлаў Ластоўскі, які тэмай вельмі цікавіўся і заказваў артыкулы на яе розным аўтарам, — тлумачыць намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, скарыназнаўца Алесь СУША. — Дакладна вядома, што менавіта ён заказаў артыкул пра Скарыну Максіму Багдановічу. Вынікам стаў грунтоўны артыкул «Беларускае адраджэнне» — гэта быў своеасаблівы ўступ да тэмы ўласна кнігадрукавання, які можна лічыць пачаткам беларускай культуралогіі. Багдановіч, як вядома з дакументаў, напісаў артыкул і ўласна пра Францыска Скарыну. Гэта праца не была апублікаваная, рукапіс захоўваўся ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Акадэміі навук, але на гэты час яго месцазнаходжанне невядома, хутчэй за ўсё, ён быў знішчаны падчас вайны... Пісаў матэрыялы пра Скарыну і сам Ластоўскі, і Максім Гарэцкі, прычым яны згадвалі, што ў 1917-м — 400-гадовы юбілей беларускай кнігі... Але гэта была драбяза ў параўнанні з тымі навуковымі працамі па жыцці і дзейнасці Скарыны — манаграфіямі, дысертацыямі, — якія ўжо існавалі за мяжой, — у Польшчы, Расіі, Чэхіі. Беларусы пачалі адкрываць для сябе Скарыну ў той час, калі ўся Еўропа ўжо даўно аб ім ведала.

Калі ж настаў уласна 1917-ы — было не да юбілею кнігі, няхай сабе і чатырохсотгадовай. Пасля грамадзянская вайна, Рыжскі мір, які раскідаў народ па розных дзяржавах. Але рупліўцы нацыянальнай беларускай ідэі не забыліся пра імя чалавека, які мог стаць асноўнай постаццю гэтай ідэі. У 1924 годзе, як вядома, пачаўся нядоўгі, але вельмі важны для нашай гісторыі перыяд беларусізацыі. Тут жа і ўзнікла думка на самым высокім узроўні ўшанаваць імя Скарыны і яго асветніцкую дзейнасць, каб народ, які яшчэ да нядаўняга часу лічылі забітым і непісьменным, горда ўзняў галаву, дазнаўшыся, што адным з першых у Еўропе атрымаў калісьці сваю друкаваную кнігу... Але ж такі прыгожы і рэдкі юбілей ужо сем гадоў як мінуў...

Выйсце знайшлося, і цалкам лагічнае. Вырашылі адзначаць юбілей першай беларускай кнігі ў 1925 годзе. Было зроблена даволі слушнае абгрунтаванне, што пражскія выданні — гэта не зусім беларускае кнігадрукаванне. А вось кнігадрукаванне на беларускіх землях — гэта выданне ў Вільні «Малой падарожнай кніжкі» і «Апостала». (У 20-я гады дакладна была вядома толькі дата выдання «Апостала», заўважае Алесь Суша).

Пэў­на, укла­даль­ні­кі кні­гі сты­лі­за­ва­лі афарм­лен­не кож­най част­кі пад Ска­ры­на­вы гра­вю­ры  з са­вец­кай рэ­ча­іс­нас­цю, каб ад­цяг­нуць ува­гу цэн­за­раў ад са­праўд­ных гра­вюр пер­ша­дру­ка­ра.

Навуковую канферэнцыю ў снежні 1925 года праводзіў Інбелкульт, і гэта было настолькі ярка, што нават гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі святкавалася ў межах юбілею кнігадрукавання. Прайшла канферэнцыя на самым высокім узроўні, усё кіраўніцтва БССР прымала ў ёй удзел. Дзякуючы гэтаму падзея атрымала шырокі рэзананс у тагачаснай прэсе. Вынікам яе стаў зборнік «Чатырохсотлецьце беларускага друку» — комплексная праца некалькіх навукоўцаў. Тэмы даследавалі спецыялісты ў сваёй галіне. Уладзімір Пічэта напісаў артыкулы пра Полацкую зямлю ў часы Скарыны, пра беларускае адраджэнне, пра друк на Беларусі ў ХVІ—ХVІІ стагоддзях. Мікола Шчакаціхін даследаваў гравюры ў скарынаўскіх выданнях. Язэп Воўк-Левановіч — мову яго кніг...

— Настолькі грунтоўнай калектыўнай манаграфіі, прысвечанай Скарыну, пасля гэтай, бадай, і не было, — лічыць Алесь Суша. — Канешне, некаторыя тагачасныя гіпотэзы не пацвердзіліся, выявіліся і фактычныя памылкі. Але гэта праца з агульнай канцэпцыяй, з закончанай кампазіцыяй. Многія з пытанняў, у ёй вывучаных, дагэтуль глыбей не аналізаваліся...

Трымаю ў руках гэта выданне, датаванае 1926 годам. На пажаўцелых старонках — крыху непрывычная мова дарэформеннага правапісу. Сапраўды, праца грунтоўная: не толькі пра Скарыну, але і пра час, у які ён жыў і працаваў. Тут і гуманізм у Італіі, і артыкул пра Падуанскі ўніверсітэт, і пра тагачасныя Полацк і Вільню — нібы трапляеш у скарынаўскую эпоху. Скарыніяна — гісторыя вывучэння скарынаўскай спадчыны замежнымі, у прыватнасці расійскімі, даследчыкамі. Найцікавейшыя факты дазнаешся: напрыклад, як знайшоўся арыгінальны «Псалтыр», той самы, 1517 года, — яго маскоўскі калекцыянер Хлудаў купіў на ніжагародскім кірмашы...

Асаблівую ўвагу прыцягваюць ілюстрацыі. У якасці аздаблення кожнай новай працы выкарыстаныя фрагменты Скарынавых гравюр з дамаляванай... савецкай сімволікай. Артыкул Антона Ясінскага аб культурным жыцці Чэхіі вянчае вядомае «Сонца маладзіковае», якое плячыма падпіраюць беларускія сяляне — дзяўчына ў андараку і хлопец у лапцях. Наступную працу — Мацея Любаўскага пра Літоўска-беларускую дзяржаву ХVІ стагоддзя — тыя ж хлопец з дзяўчынай каля серпа і молата. А «Skоrіnіаnа» Уладзіміра Пічэты мае «ў галавах» і сонца з месяцам, і серп з молатам.

Пэўна, гэткая стылізацыя была прыёмам адцягвання ўвагі цэнзараў ад галоўнага — ад сапраўдных гравюр Скарынавых кніг, якія ў якасці ілюстрацыі да работы Мікалая Шчакаціхіна змешчаны ў вялікай колькасці і без «фоташопа» — на іх ва ўсёй красе і біблейскія героі, і рагаты нячысцік з хвастом, і светлы, з промнямі вакол, твар Хрыста...

Ілюст­ра­цыя пад­пі­са­на так:  «Трой­ца» на ад­ва­ро­це за­га­лоў­на­га ар­ку­шу пра­скае Біб­ліі».

Увогуле, тое, што святкаванне, звязанае з імем Скарыны, адзначалася на высокім дзяржаўным узроўні ў той час, як па краіне гуляў ваяўнічы атэізм, — факт, калі задумацца, унікальны... Бо Скарына, канешне, асоба, але якія кнігі ён друкаваў? Біблію! У тыя часы адно гэта слова выклікала адпаведную рэакцыю... Але ўвага на рэлігіі зусім не акцэнтавалася, звярталіся найперш да кніжнай тэмы. Асноўным пасылам зрабілі асветніцтва Скарыны, што ў час барацьбы з непісьменнасцю было надзвычай актуальным.

Трэба сказаць, што «чатырохсотлецьце» адзначылі і па іншы бок мяжы — у Коўне, тагачаснай сталіцы Літвы, на грошы літоўскага ўрада Вацлаў Ластоўскі выпусціў зборнік «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». У 1926 годзе ён ужо вяртаўся ў БССР з тыражом гэтай кнігі, акурат пад святкаванне, бо яно пачалося ў канцы 1925 года і працягвалася ўвесь 26-ы... Быў аб'яўлены і конкурс сярод мастакоў (славуты партрэт Скарыны Язэп Драздовіч напісаў у 1925 годзе акурат для яго).

А ў савецкай Беларусі юбілей кнігадрукавання быў фактычна кульмінацыяй беларусізацыі. Да юбілею ў ленінградскага калекцыянера Камарніцкага купілі дзесяць Скарынавых кніг. У 1925 годзе ў Мінску з'явілася вуліца імя Скарыны (перайменавалі Казьмадзям'янаўскую, яна была паміж Верхнім і Ніжнім горадам, цяпер не існуе). БДТ-3 паставіў п'есу Міхаіла Грамыкі, прысвечаную Скарыну, тэкст якой, на жаль, не захаваўся да нашых дзён. У Полацку нават паставілі фундамент помніка, але сам помнік адліць не паспелі...

...А пасля насталі іншыя часы. Ужо ў 1927 годзе Вільгельм Кнорын, які ў той час быў першым сакратаром беларускай кампартыі, назваў Скарыну царкоўнікам, ледзь не манахам. Мінскую вуліцу вельмі хутка перайменавалі ў вуліцу Дзям'яна Беднага. Навукоўцы, што пісалі кнігу, ужо ў пачатку 30-х апынуліся ў ссылцы ці лагерах...

Але для наступных пакаленняў засталося галоўнае веданне: у нас ёсць Скарына. У нас ёсць свая кніга на нашай мове, якую мы мелі нашмат раней, чым многія суседзі. Мы — еўрапейскі народ, які здаўна жыў прынцыпамі асветы і гуманізму.

І гэта веданне — важкая нагода ўспомніць добрым словам тых, хто даў нам тое «чатырохсотлецьце». Успомніць акурат цяпер, калі 500-годдзе кнігадрукавання адзначаем на дзяржаўным узроўні як нацыянальнае свята.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.