Вы тут

500 = Бясконцасць


6 жніўня 1517 года. Прага. Можна ўзяць у рукі асобнік кнігі — і лічыць сябе пераможцам. Ужо хоць бы таму, што гэты першы асобнік «Псалтыра» так ці інакш стане гісторыяй: на яго радзіме такога пакуль ніхто не зрабіў… Ці думаў ён, што робіць гісторыю? Альбо гісторыя ствараецца менавіта тады, калі ёсць асобы, што, не зважаючы на абставіны і спрыяльнасць ці неспрыяльнасць умоў, робяць тое, чаго патрабуе час? Час, згодна з якім жыве свет, па якім існуе Еўропа. Які раствараецца на стрэлках гадзінніка недзе там, дзе імгненне дало пачатак жыццю. Ён не прыспешвае час, ён фіксуе развіццё, пераадольваючы несупадзенне. Змог, і свет з гэтым пагадзіўся: 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання пацверджана рашэннем ЮНЕСКА аб уключэнні юбілею ў каляндар памятных дат міжнароднай арганізацыі.


Кніга «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» створана па замове Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»

Пацверджаннем бясконцасці Скарыны стала яшчэ адно выданне, што напярэдадні юбілею прадставіла «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» і Нацыянальная бібліятэка Беларусі: «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» накіравана на тое, каб падкрэсліць знітаванасць беларускага часу і часу наогул. Звязаць час Скарыны і наш, каб зразумець яго мог кожны грамадзянін нашай краіны. Таму выданне падтрымала Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Яно ўжо паспела атрымаць Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі» і Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі «Eurasian Book Fair-2017». Пра адметнасць выдання «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», а таксама бясконцасць яе спасціжэння мы размаўляем з укладальнікам кнігі, намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушам:

— Бясконцасць выданняў, прысвечаных Скарыну, абумоўлена бясконцасцю гэтай асобы, яе спадчыны. Скарына невычарпальны як у сэнсе кірункаў сваёй дзейнасці, так і ў сэнсе геніяльнасці праяваў гэтай дзей- насці. Невычарпальны і праз тыя багацці, якія ён нам пакінуў. Мы добра ведаем, што ён і пісьменнік, і пе- ракладчык, і выдавец, і друкар, і мысліцель, і асветнік, які займаўся адукацыйнай працай, і лекар, і батанік… І ва ўсіх гэтых кірунках ён меў дасягненні, якія і праз 500 год нам падаюцца вартымі ўвагі. Натуральна, што падыходы да разумення гэтай асобы ў нас розна- аспектныя: кожнаму цікава нешта сваё. Тое ж мы мо- жам сказаць і пра яго спадчыну: кнігі, выдадзеныя 500 год таму, настолькі багатыя на мастацкае слова, на глыбокую філасофскую думку, на канкрэтныя вузкія развагі, на навуковасць і на чалавечнасць, што кожны чалавек можа знайсці ў іх нешта сваё, на гэта разлічваў і сам Скарына. Ён прапаноўваў, дзеля чаго якую кнігу чытаць, у якім узросце: адна патрэбна для навучання матэматыцы, другая — астраноміі, іншыя — музыцы ці вайсковай справе... Сёння так і ёсць, мы па-рознаму спасцігаем талент Скарыны: часам вывучаем гравюры ў яго выданнях, якія з’яўляюцца бясконца цікавым фено- менам, часам звяртаемся да яго літаратурнай спадчы- ны, вывучаем арыгінальныя тэксты, а часам звяртаем увагу на багаслоўскі аспект яго дзейнасці — на пераклад Бібліі, на моўны фактар, на характар перакладу Святога Пісання. Кожнаму аспекту можна прысвяціць асобнае даследаванне.

Калі казаць пра тое выданне, якое прадстаўлена ця- пер, — гэта адна са спробаў па-новаму асэнсаваць спадчыну Францыска Скарыны. Справа ў тым, што беларусы не мелі магчымасці азнаёміцца з усім ком- плексам яго спадчыны, што заха- валася да нашых дзён. Дзякуй богу, 25 гадоў таму пабачыла свет факсіміль- нае выданне пражскіх кніг Скарыны, хаця яно было недасканалым у палігра- фічным сэнсе і паказвала толькі частку агульнай спадчыны. Цяпер мы зрабілі поўнае факсімільнае ўзнаўленне, але і яно не паказвае ўсю спадчыну: з усіх збораў, з усіх краін, з усіх калекцый — і ў гэтым Скарына бясконцы!.. Такую задачу мы паставілі яшчэ гады чатыры таму, калі вырашылі ўлічыць усе вы- данні першадрукара, якія захаваліся ў свеце (на цяперашні час вядома каля 520 асобнікаў і яшчэ каля 45 рукапісных кніг Скарыны): няхай недзе ёсць толькі адна старонка ці палова староначкі, але калі яны ёсць, мы іх улічваем. Важна апісаць такія выданні на ўзроўні экзэм- пляра: вось «Псалтыр», такая-та частка, захоўваецца там-та. Поўнага экзэмпля- ра, напрыклад, пражскага «Псалтыра», няма нідзе, і каб гэтую кнігу ўявіць, трэба пабачыць адзін асобнік, які ёсць у Маскве, і другі, які ў Пецярбургу. Па- ставіўшы іх разам, можна рабіць ней- кія высновы. Наступным этапам пасля выяўлення ўсіх вядомых асобнікаў, іх уліку і падра- бязнага дэталёвага апісання стала алічбоўка і збіранне лічбавых копій разам, каб даследчыкі маглі іх параўна- ць, вылучыць асаблівасці, вывучыць характар кожнага асобніка. І апошняй справай стала публікацыя гэтых матэрыялаў у выглядзе альбома, які ўяўляе сабой спро- бу паказаць усе выданні Францыска Скарыны праз максімальна разнастайныя асобнікі з 10 краін свету: з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Гер- маніі, Вялікабрытаніі, Даніі, Славеніі, дзе, як мы ведаем, захаваліся кнігі Скарыны. Гэта было важным крокам дзеля таго, каб пабачыць хай сабе і няпоўныя асобнікі. Гэта дазволіла зрабіць шэраг адкрыццяў, былі вылуча- ныя новыя ідэі і гіпотэзы, напрыклад, калі мы пабачы- лі аркушы з выданняў Скарыны, якія потым трапілі ў пераплёты іншых выданняў (гэты лёс напаткаў многія выданні XV — XVI стагоддзяў). Такая праца была важ- ная з навуковага пункту гледжання, але яна аказалася вельмі цікавай і з грамадскага пункту гледжання. Мы вырашылі, што вельмі цікава гэтую спадчыну зрабіць даступнай для шырокай аўдыторыі, каб любы ахвотны мог пабачыць, як выглядалі кнігі Скарыны, што захоў- ваюцца ў Варшаве, Кракаве ці Вроцлаве, а як выглядае асобнік з 11 кніг, што знаходзіцца ў Германіі, што ёсць у Вялікабрытаніі… Напрыклад, уявіць, як выглядае дацкі экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкі» да гэтага часу было немагчыма.

 — Усе ведаюць, што першай кніжкай, выдадзе- най Францыскам Скарынам, быў «Псалтыр». Чым ён кіраваўся, калі вырашаў, з чаго пачынаць? Бо можна было выдаваць Біблію з пачатку — з «Кнігі Быцця»…

— Гэтае пытанне паўстала, як толькі пачалі выву- чаць спадчыну Скарыны. Сапраўды, ён выдаваў Біблію. «Псалтыр» — адна з кніг Бібліі, але часта выдаецца асоб- на, бо мае шмат прызначэнняў: гэта не толькі і не столькі кніга Святога Пісання ў складзе Бібліі, але гэта яшчэ і пад- ручнік для шырокіх колаў, па якім нярэдка навучаліся гра- маце і чытанню. Фактычна гэта спеўны зборнік з псалмоў Давідавых. Яны выконваліся царом Давідам, а пасля сталі выкарыстоўвацца як песнапенні ў царкве і ў пазацаркоў- ным ужытку. Многія з гэтых псалмоў адаптаваныя да су- часнай сілабатанічнай паэзіі ці іншых паэтычных формаў. «Псалтыр» — гэта ўніверсальны зборнік шырокага зме- сту і прызначэння, які быў вельмі запатрабаваным ужо ў часы Скарыны, але і да таго, і пасля. Скарына гэта цудоўна разумеў. Выданне іншых кніг Старога запавету якраз вы- глядала б большай рызыкай, нават авантурай. Гэтыя кнігі былі тады важнымі для багасловаў, асабліва ў часы Рэфар- мацыі, — надрукаваць Святое Пісанне. Але тэксты асаблі- ва Старога запавету мелі вельмі лакальнае выкарыстанне. Іх не так часта выкарыстоўвалі ў набажэнствах (для гэтага былі іншыя кнігі) і для чытання бралі толькі фрагменты са старазапаветных кніг. Скарына меў нашмат большыя планы і задачы. Ён пачаў выпускаць кнігі не ў кананіч- ным біблейскім парадку, а ў іншым. Чаму? На гэта ёсць розныя погляды. Можна здагадвацца, чаму для пачатку быў абраны «Псалтыр»: гэта кніга, запатрабаваная ў хрыс- ціянскім свеце, да якога была далучана беларуская зямля. Але «Кніга Іова», што была другім выданнем, — філасоф- скі, маральна-выхаваўчы тэкст, не падобны да «Псалтыра» і наступных выданняў. Потым ішлі «Кніга Прытчаў», «Кні- га Ісуса, сына Сараха» і іншыя, якія таксама адрозніваліся ад папярэдніх. «Саламонавы кнігі», выпушчаныя разам, — з аднаго боку, гэта кнігі Старога запавету, але і яны маюць сваю адметнасць. Складана выявіць заканамернасць. Але верагодна, што Скарына меў задачу, як ён пісаў у прадмове да ўсёй Бібліі ў «Кнізе Быцця»: выпусціць усе кнігі Святога Пісання, бо кожная з іх вельмі патрэбная грамадству і кан- крэтнаму чалавеку для адукацыі, для самавыхавання і для хрысціянскага самаўдасканалення ды іншых мэтаў. Магчы- ма, паслядоўнасць не была істотнай для кнігадрукара. Хоць выданне «Псалтыра» — невыпадковае. Бо «Псалтыр» — гэта кніга, якую Скарына выдаў двойчы: у Віленскі перыяд фактычна з «Псалтыра» пачалася яго выдавецкая дзей- насць, бо асноўны аб’ём «Малой падарожнай кніжкі» складае менавіта «Псалтыр».

— Ці мог ён прэтэндаваць на грамадска-свецкі ці пазаканфесійны характар сваёй працы?

— Бясспрэчна, гэта вельмі вылучае выдавецкія іні- цыятывы Скарыны: ён не заручаецца падтрымкай ні- воднай з канфесій, не просіць, прынамсі, не прапісвае блаславення ні ад аднаго з царкоўных іерархаў — ні ўсходніх, ні заходніх. Ён не выконвае замову (прынам- сі, нам гэта невядома) нейкай з цэркваў. Мы ведаем пра прыватных асобаў, пра мецэнатаў, якія спансіравалі яго дзейнасць, але не ведаем такіх фактаў у дачыненні да хрысціянскіх цэркваў. Ён не кажа пра арыентацыю сваіх выданняў для богаслужбовых патрэб. Не кажа пра тое, што гэтыя кнігі патрэбныя святарам для набажэн- стваў ці пазаслужбовага, ці манастырскага ці хатняга чытання. Ён кажа пра тое, што гэтыя кнігі патрэбныя кожнаму: людзям «паспалітым» яны патрэбныя дома, патрэбныя ў дарозе, для асабістага самаўдасканалення. Падыход, характэрны для эпохі Рэфармацыі. Гэта вы- лучае выданні Францыска Скарыны з усяго, што было перад тым на беларускіх землях.

— Новае выданне выпушчана вамі на трох мовах (беларускай, рускай, англійскай), што падкрэслівае касмапалітызм Скарыны: ён сапраўды шмат дзе быў. Але фактычна прыйшоў да таго, што сёння акрэсліла- ся ў нацыянальную ідэю. Якім чынам ён прыйшоў да разумення важнасці кнігавыдавецкай справы ў кан- крэтнай кропцы свету?

 — Сапраўды, мы часцей за ўсё маем узоры супраць- леглыя: калі чалавек арыентаваны на свет, на ўзоры іншых, часам іх узносіць вышэй за сваю культуру. Аль- бо адваротны варыянт: замкнуцца на нацыянальнай культуры. Скарына не ішоў ні адным з гэтых шляхоў. Ён разумеў неабходнасць вывучэння сусветнага досведу ў кнігадрукаванні, у медычнай справе, у філасофскай ці тэалагічнай думцы, у прыкладных кірунках дзейнасці. Пры гэ- тым заўсёды памятаў, дзе яго карані і дзе яго родная зямля. Падкрэсліваў, адкуль паходзіць у кожнай сваёй публікацыі, а часам не адзін раз: што ён са слаўнага го- рада Полацка. У дакументах кракаўска- га ўніверсітэта ён названы ліцвінам, у дакументах падуанскага ўніверсітэта — русінам. У дадзеным сэнсе хутчэй за ўсё гаворка пра прыналежнасць да палітыч- най супольнасці. Прытым у пазнейшых дакументах і дзеці Скарыны імкнуліся вызначыць сваё паходжанне. Сын Ска- рыны, які ледзь не ўсё жыццё пражыў на чужыне і памёр у Чэхіі, назваў сябе Сы- монам Русам, значыць, паходжаннем з Рускай зямлі — так сябе называлі акурат беларусы, адрозніваючыся ад палякаў і маскавітаў, на той час гэта было белару- ска-ўкраінскім этнонімам. Таму Скары- на — яркі прыклад таго, як, карыстаючы- ся дасягненнямі сусветнай цывілізацыі, паважаючы, развіваючы агульнаеўрапей- скую сусветную культурную традыцыю, уздымаць сваю, а не толькі ставіць яе на адзін узровень з іншымі, каб заняць пачэснае месца паміж народамі.

Мне падаецца, гэта харошы шлях — спалучэнне сусветнага досведу і нацыянальных традыцый. Вель- мі важна, што сёння гэты шлях адкрывае вялікія маг- чымасці і праз прыклад Скарыны, бо яго вобраз стаў сімвалічным. Праз Скарыну, праз яго спадчыну ўсё часцей беларуская культура ўспрымаецца светам. Праз яго персону многія замежнікі бачаць Беларусь як край з багатай культурай, з вялікай колькасцю дасягненняў, з развітой моўнай, літаратурнай традыцыяй, з найбага- цейшымі набыткамі ў сферы мастацкай культуры.

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.