Вы тут

Беларусы едуць на ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы


300 чалавек увойдуць у дэлегацыю, якая прадставіць Беларусь на ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы.


Мерапрыемства пройдзе з 14 па 22 кастрычніка і збярэ больш як 20 тысяч маладых людзей са 150 краін свету. На адной пляцоўцы сустрэнуцца прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый і прафсаюзныя лідары, маладыя журналісты і палітыкі, творчая і спартыўная моладзь, маладыя інжынеры і навукоўцы, выкладчыкі ВНУ і прадстаўнікі студэнцкага самакіравання.

Арганізатарам будзе дапамагаць добраахвотніцкі корпус #ВолонтерыМира, у склад якога ўвойдуць 5000 добраахвотнікаў як з Расіі, так і з іншых краін свету, у тым ліку і беларусы. Набор валанцёраў быў абвешчаны загадзя...

Беларусь як суверэнная краіна возьме ўдзел у Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў трэці раз: упершыню нашы хлопцы і дзяўчаты паўдзельнічалі ў фестывалі, які праводзіўся ў 1997 годзе на Кубе, а другі раз — у Венесуэле (у 2005 годзе).

— Беларуская дэлегацыя — не проста вялікая (а расіяне выдзелілі для нас адну з самых вялікіх квот) — яна інтэлектуальная, таленавітая і крэатыўная, — падкрэслівае намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна СІМАНОЎСКАЯ. — Члены дэлегацыі падбіраліся такім чынам, каб мы маглі паўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, прадугледжаных праграмай фестывалю: дыскусійнай, культурнай, спартыўнай, навукова-адукацыйнай і гэтак далей.

Упершыню ў гісторыі фестывальнага руху ў грандыёзным маладзёжным свяце будзе задзейнічана ўся краіна. У рамках форуму запланавана рэгіянальная праграма: больш як 1,5 тысячы замежных удзельнікаў у першыя тры дні свайго знаходжання ў Расіі наведаюць 15 розных рэгіёнаў — ад Калінінграда да Уладзівастока.

Старт фестывалю дасць міжнародны парад-карнавал, які адбудзецца 14 кастрычніка ў Маскве. Там жа збяруцца, каб абмеркаваць перспектывы маладзёжнай палітыкі, і кіраўнікі ведамстваў, якія адказваюць за яе рэалізацыю, з усіх краін-удзельніц мерапрыемства. Беларусь будзе прадстаўляць міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён жа і ўзначаліць беларускую дэлегацыю.

— Для Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі была выдзелена квота ў 30 месцаў, а ахвотных было ўтрая больш, — паведаміў старшыня Маладзёжнага савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Арцём ІГНАЦЕНКА, — таму мы імкнуліся падабраць сваіх дэлегатаў так, каб яны маглі прадставіць дзейнасць федэрацыі па самых розных кірунках. Тым больш што прафсаюзнаму руху будзе прысвечаны на фестывалі асобны блок. Гэта і прадстаўнікі нашых прафсаюзных здраўніц (а такім багажом можна пахваліцца далёка не кожны прафсаюз), прадпрыемстваў «Белшына», «Белмедпрэпараты», «БелАЗ», «Барысаўскі завод медпрэпаратаў», маладыя навукоўцы, прафсаюзныя лідары...

Для Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі выдзелілі квоту ў 70 чалавек. У кола шчасліўцаў трапілі пераможцы рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», конкурсу «Аўталэдзі-2016», леташняга конкурсу «Уладар сяла», найлепшыя байцы маладзёжных атрадаў аховы правапарадку...

Па словах Таццяны Сіманоўскай, для ўдзельнікаў фестывалю ўстаноўлены ўзроставы цэнз — ад 18 да 35 гадоў: «Вельмі скрупулёзна адбіраючы кожнага кандыдата, мы спрабавалі захаваць адначасова і гендарную роўнасць. А ўвогуле пра сваё жаданне паехаць у Сочы заявілі каля 1000 маладых чалавек, таму конкурс склаў тры чалавекі на месца».

Прадстаўніца галоўнага адукацыйнага ведамства паведаміла, што Беларусь будзе прадстаўлена ў Сочы таксама і на самай буйной выставачнай пляцоўцы. Асноўны змест нашай экспазіцыі прысвечаны папулярызацыі беларускай адукацыі, а таксама магчымасцям краіны ў правядзенні буйных спартыўных спаборніцтваў і маладзёжнаму турызму.

— Зараз завяршаецца работа над эскізамі адзінай для ўсіх членаў беларускай дэлегацыі формы, — дадала Таццяна Сіманоўская. — Прадугледжана два камплекты адзення: парадны — для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах і больш зручны — спартыўны, які ўключае штаны, красоўкі, майку-пола, модныя ў моладзі бомберы... У адзенні абавязкова захаваюцца і нацыянальныя матывы. У дзявочых блузах і кашулях для хлопцаў прадугледзяць элементы вышыванкі з нацыянальным арнаментам. Аўтары эскізаў і вытворцы формы для сочынскай дэлегацыі — прадпрыемствы канцэрна «Беллегпрам».

Дарэчы, рабочымі мовамі фестывалю абраныя афіцыйныя мовы ААН: англійская, арабская, іспанская, кітайская, руская і французская, таму свабоднае валоданне замежнай мовай не было абавязковым крытэрыем пры адборы членаў нашай дэлегацыі. Тым не менш без яе ведання будзе праблематычна ўстанаўліваць сяброўскія стасункі.

Кожны дзень, у адпаведнасці з традыцыямі фестывальнага руху, будзе прысвечаны аднаму з макрарэгіёнаў планеты: Амерыцы, Блізкаму Усходу, Азіі і Акіяніі, Еўропе і Расіі як гаспадыні мерапрыемства. Акрамя таго, у кожнага дня будзе свая скразная тэма, якая аб'яднае панэльныя дыскусіі, канферэнцыі і семінары: сярод іх культурнае ўзаемадзеянне, міжнародная бяспека, адукацыя, навука і навакольнае асяроддзе, ІT-сфера. Будуць закранацца таксама пытанні, звязаныя з працаўладкаваннем моладзі, праблемы экалогіі і іншыя.

Сімвалам фестывалю стаў рознакаляровы рамонак, які сімвалізуе пераемнасць традыцый, сувязь пакаленняў, мір і адзінства ўсёй сусветнай супольнасці. Па яго выніках плануецца прыняць зварот моладзі з усяго свету да міжнароднай грамадскасці. Адна з галоўных ідэй форуму — фарміраванне вобраза будучыні свету, над якім і будуць працаваць удзельнікі фестывалю.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Да яднаючага рамонка едзе моладзь на фестываль у Сочы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.