Вы тут

Як рыбгас у Любанскім раёне выходзіць з заняпаду


Рыбная галіна Беларусі выходзіць на новы ўзровень: на прылаўках крам з'яўляецца ўсё больш рыбы ўласнай вытворчасці. Гэта не толькі карп, таўсталобік, белы амур, сом, шчупак, карась, але і асятровыя. «Звязда» неаднойчы пісала аб цяжкім становішчы, што склалася ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Рыбакамбінат «Любань».

У 2012 годзе тут пачалося будаўніцтва цэха па выпуску рыбных кансерваў. Планавалася, што вытворчасць запусцяць у 2015-м. Але працэс прыпыніўся. Справа ў тым, што былое кіраўніцтва прадпрыемства закупіла старую лінію ў Калінінградзе, якая прызначалася для перапрацоўкі буйной акіянічнай рыбы, а ніякім чынам не «прадстаўнікоў» сямейства карпавых. Прычым розныя дэталі абсталявання не стыкаваліся паміж сабой. У выніку машына замест таго, каб адсякаць у рыбы галаву і хвост, пераразала яе папалам. Таму асобныя аперацыі даводзілася выконваць уручную. Справы паступова пачалі наладжвацца, калі рыбгас узначаліў вопытны кіраўнік Валерый Гормаш.

Карэспандэнт «Звязды» пабывала на прадпрыемстве і на свае вочы ўпэўнілася, што тут адбыліся значныя змены.


— Вясной нам удалося памяняць абсталяванне, якое не адпавядала тэхнічным патрабаванням, яго запусцілі і яно працуе ў нармальным рэжыме, у змену выпускаем 10 тыс. бляшанак рыбных кансерваў, — паказвае Валерый Іванавіч. — Пакуль дзейнічае адна лінія, у найбліжэйшы час запусцім другую. На прадпрыемстве працуюць 186 чалавек, сярэдняя зарплата 500 рублёў. З уводам у дзеянне другой чаргі з'явяцца яшчэ 16 новых рабочых месцаў. А гэта значыць удвайне павялічыцца вытворчасць працы. Цяпер абучаем персанал. У нас ёсць свой інтэрнат. Тых, хто мае патрэбу ў жыллі, можам забяспечыць пакоямі або месцамі.

Сёння на прадпрыемстве выпускаюць два віды кансерваў: таўсталобік і карп з дабаўленнем алею. Налета плануецца вырабляць восем найменняў кансерваў, а да канца года іх асартымент пашырыцца да 15 відаў: белы амур, карп, таўсталобік у жэле, уласным саку, у тамаце. Рэцэптуру распрацоўваюць спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук. Хутка з'явіцца і ўласны брэнд — «Карп па-любанску».

Прадукцыю ў асноўным набываюць спажывецкія таварыствы Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей, індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватныя фірмы, лясгас, сельгаспрадпрыемствы, арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадарскі. На камбінаце працуюць над магчымасцямі выхаду на расійскі рынак. У прыватнасці, тут пабывалі ўласнікі з Масквы, якія маюць аналагічны завод. Яны згодныя супрацоўнічаць з беларускімі калегамі. Прынамсі, купляць рыбу пад свае патрэбы і пастаўляць марскую рыбу і печань траскі любанцам. «Мы гатовы разгледзець гэтую прапанову», — кажа Валерый Гормаш.

Вядома, вырасціць рыбу — гэта толькі палова справы. Яе неабходна яшчэ прадаць па прымальных цэнах, каб выгадна было і пакупніку, і вытворцы. Акрамя Любанскага камбіната выпускаюць аналагічныя кансервы яшчэ два айчынныя прадпрыемствы. Але сабекошт любанскай прадукцыі і адпускная цана на яе ніжэйшыя, паколькі для вытворчасці выкарыстоўваюць сваю сыравіну.

Любанскі камбінат — адна з найбуйнейшых рыбных гаспадарак Беларусі: 49 сажалак, што займаюць 2 тыс. гектараў воднай паверхні. З кожным годам тут павялічваецца вылаў рыбы: летась атрымалі 1,1 тыс. тон, сёлета ўжо 1,5 тыс. У асноўным вырошчваецца карп, але ёсць і сом, белы амур, таўсталобік. У 2010 годзе тут адкрылі цэх, дзе вырабляецца філе свежай рыбы ў вакуумнай упакоўцы, вэнджаная і вяленая рыба, наборы для юшкі, шашлык у пластыкавых вядзерцах, прэсервы.

У рыбгасе арганізавалі і зімнюю рыбалку на шчупака, за пяць кілаграмаў — 25 рублёў. За тое, што вылаўлена звыш нормы, — дадатковая плата. Пакупнікам прапануюць таксама юшку, якую гатуюць на тэрыторыі камбіната ў палявой кухні. Яе ахвотна набываюць жыхары Любані, госці. За выручку, што набягае за месяц, можна купіць два бензавозы паліва.

У прадпрыемства вялікія планы, у тым ліку знізіць сабекошт прадукцыі. Для гэтага робіцца шмат. У прыватнасці, акрамя камбікорму пераважна закупляюцца мясцовыя віды кармоў: брага і бульбяная мязга — адходы спіртавой і крухмальнай вытворчасці. У калгасах набываюць збожжа і яго адходы, арганіку. Сёлета своечасова правялі зарыбленне і спадзяюцца на добры «ўраджай».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Карп па-любанску

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.