Вы тут

Міхаіл Глінскі (? — 15.09.1534)


Самыя розныя і супярэчлівыя ацэнкі заслужыў князь Міхаіл Глінскі. Так звычайна бывае з яскравымі асобамі, мяцежная душа якіх штурхае іх на авантурныя ўчынкі. Вядомы нямецкі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн называў яго «чалавекам выдатнай вопытнасці і рэдкай доблесці». Другі сучаснік Глінскага — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Казіміравіч — гняўліва абвінавачваў яго ў дзяржаўнай здрадзе і атручванні свайго брата і папярэдніка Аляксандра Казіміравіча. Гісторыкам Міхаіл Глінскі ўяўляўся авантурыстам і інтрыганам без якіх-небудзь маральных прынцыпаў. Дзеля сваіх інтарэсаў ён прадаваў сваіх гаспадароў, здраджваў прысязе і расплачваўся трагедыяй свайго жыцця.


Нашчадак татарскіх ханаў князь Глінскі зрабіў бліскучую кар'еру. У маладосці ён служыў імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяну і саксонскаму герцагу Альберту. Дзейны і амбіцыйны князь спадабаўся вялікаму князю Аляксандру Казіміравічу, і той наблізіў яго да сябе, надаўшы яму пасаду дворнага маршалка — распарадчыка вялікакняжацкага двара. Па ўсіх найважнейшых справах гаспадар раіўся са сваім новым дарадчыкам. Шмат каму з кіруючай эліты не падабалася ўзвышэнне Глінскага. Адсюль і розныя чорныя намовы на князя, падазрэнні ў тайнай здрадзе. Асабліва напружаныя адносіны склаліся ў князя Міхаіла з троцкім ваяводам Янам Забярэзінскім. Узаемная нянавісць паміж імі магла закончыцца крывавай бойкай. Аляксандр на судзе памірыў абодвух непрыяцеляў. Забярэзінскага падтрымалі радныя паны, якія дружна выступілі супраць Глінскага ў 1505 годзе на Брэсцкім сойме. Намоўлены Глінскім («Пакуль у Літве будуць жыць гэтыя паны, да тых часоў у княстве не сціхнуць звадкі»), Аляксандр прагнаў іх прэч. Аднак яны адыграліся на Глінскім, калі Аляксандр смяротна захварэў. Глінскі лячыў хворага гаспадара, а таму рабілася ўсё горш. Паны казалі, што Глінскі «псуе» гаспадару здароўе, каб захапіць уладу ў Вялікім Княстве. І вось летам 1506 года гэты «авантурнік» у самы крытычны для краіны момант нашэсця крымскіх татар узначаліў войска ВКЛ. Ён мог адмовіцца, прыкінуцца хворым, як гэта зрабіў гетман Станіслаў Кішка, і не браць на сябе смяротнай адказнасці, бо ў выпадку паражэння падазрэнні ў здрадзе сталі б відавочнымі. Глінскі ўзначаліў войска і павёў яго супраць ворага. У бітве каля Клецка 5 жніўня 1506 года войска крымскіх татар было разбіта. У гэтай бітве Міхаіл Глінскі праявіў сябе і як умелы палкаводзец, і як правадыр, што сваім палымяным заклікам падняў баявы дух воінаў, і як гераічны віцязь, які біўся ў гушчы сечы (пад ім забіла двух коней). Тыя 40 тысяч чалавек, вызваленыя з татарскай няволі, — вось знамянальны вынік гэтай слаўнай перамогі. Яна паўплывала на пазіцыю Крымскага ханства, якое адмовілася ад саюза з Маскоўскай дзяржавай. У іншы час Міхаіла Глінскага чакалі б слава і пашана. Але памёр яго апякун Аляксандр Казіміравіч. Новы гаспадар Жыгімонт Казіміравіч, баючыся ўзвышэння Глінскага і паверыўшы намовам, пазбавіў яго дворнага маршальства. А прапанову князя апраўдацца на судзе гаспадар не прыняў. Герой ператварыўся ў ізгоя і нягодніка. Такое прыніжэнне Глінскі не мог дараваць. Калі не давёў сваю правату на судзе, дык вырашыў зброяй чыніць свой суд.

Энергія і рашучасць Глінскага зайздросныя. Жалезная воля і самавалоданне, энергічнасць і паслядоўнасць, палітычная дасведчанасць і хітрасць інтрыгана, смеласць воіна і талент палкаводца — усё тое, чаго, на думку тагачаснага гісторыка Мацея Мяхоўскага, не хапала ні Аляксандру, ні Жыгімонту Казіміравічам, было ў Глінскага.

Каб ягоная дзейнасць была накіравана на стваральную працу, дык мы мелі б у нашай гісторыі выдатнага дзяржаўнага мужа. Але так атрымалася, што людская зайздрасць штурхнула яго на разбурэнне, мяцяжы, распальванне крывавых канфліктаў.

У 1508 годзе Глінскі пры падтрымцы сваіх братоў — наваградскага ваяводы Івана і брэсцкага старасты Васіля — падняў мяцеж. Глінскі напаў на маёнтак Яна Забярэзінскага і забіў яго. А пасля ён пераходзіць на бок маскоўскага ўладара Васіля ІІІ і падтрымлівае яго ў вайне супраць ВКЛ. А гэта ўжо дзяржаўная здрада. Здраднікаў нідзе і ніколі не любілі, якімі б яны матывамі ні кіраваліся. І хоць католік па веравызнанні Глінскі абвясціў сябе абаронцам праваслаўя, аднак праваслаўная шляхта не падтрымала яго. Учарашні герой цяпер з ворагамі нішчыў сваю краіну. Ганарлівая слуцкая княгіня Анастасія не прыняла яго сватанне і сама ўзначаліла абарону роднага горада ад аблогі мяцежнікаў Глінскага. Абклаў ён разам з маскоўскімі атрадамі і Менск. Сваёй актыўнасцю Глінскі заслужыў ласку новага гаспадара. І той аддзячыў свайму памагатаму, даўшы яму два гарадкі.

Толькі Глінскі лічыў сябе пакрыўджаным. Яму хацелася вялікай улады. Сваю значнасць ён мог паказаць падчас вайны Масковіі з ВКЛ. Таму ён падбухторвае Васіля ІІІ на вайну, наладжвае сувязі з імператарам і дамаўляецца з ім аб саюзе імперыі з Масковіяй. У 1514 годзе Глінскі ўгаворвае смалян здаць Смаленск маскоўскім войскам. Глінскі сапраўды робіцца праклёнам для Жыгімонта. І вось раптам Жыгімонт атрымлівае ад яго патаемны ліст з паведамленнем аб жаданні перайсці на яго бок. І Жыгімонт даруе здрадніку, высылае да яго ганца. Але змова была выкрыта, і Глінскі апынуўся ў вязніцы. «Смерцю я заўсёды пагарджаў і без жаху сустрэну яе хаця б таму, каб не бачыць твайго твару, тыран. Душа мая не ў тваёй уладзе», — вось так ганарыста адказаў Глінскі Васілю ІІІ. Пераход у праваслаўе і заступніцтва мітрапаліта выратавала жыццё Глінскаму. Толькі якое яно было для дзейнага чалавека, пазбаўленага волі і сэнсу свайго жыцця? Танталавы пакуты!

Трынаццаць гадоў прамучыўся Міхаіл Глінскі за кратамі з цяжкімі кайданамі на руках і нагах. Але Васіль не дачакаўся ад яго мальбы аб літасці. Атрымаў волю Міхаіл Глінскі па просьбе сваёй пляменніцы, новай жонкі Васіля ІІІ, Алены Глінскай. Вось такі паварот лёсу.

Пасля няўдалага паходу ў 1530 годзе на Казань Міхаіл жыў у гарадку Старадубе-Рапанаўскім. Ён ажаніўся і меў сына Васіля. Але лёс зноў узвысіў князя, каб пасля канчаткова прынізіць ягоны ганарлівы дух. Васіль ІІІ у 1533 годзе перад сваёй смерцю прызначыў Міхаіла Глінскага апекуном сваіх малалетніх сыноў Івана (Грознага) і Юрыя, траюрадных пляменнікаў князя. Такім чынам Міхаіл Глінскі стаў рэгентам пры маленькім гаспадары Іване ІV. Здавалася, ён нарэшце дасягнуў сваёй запаветнай мэты — вялікай улады. Толькі цяпер ён перашкаджаў сваёй пляменніцы, вялікай княгіні Алене і яе палюбоўніку (магчымаму бацьку яе сыноў) баярыну Івану Аўчыне-Абаленскаму. Князя абвінавацілі ў здрадзе і замарылі голадам у вязніцы.

Трагічны лёс, сапраўды сатканы з шэкспіраўскіх жарсцяў. Як бачым, улада не прынесла Міхаілу Глінскаму ні шчасця, ні славы, ні багацця — адны пакуты і горкія расчараванні. Займальны гістарычны сюжэт для літаратуры, а вось для нашай гісторыі імя Міхаіла Глінскага засталося перш за ўсё як імя пераможцы ў слаўнай Клецкай бітве.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.