Сымон Будны


Сымон Будны быў бунтаром духу, які рваўся з кайданоў схаластыкі і рэлігійных догмаў. Ён прагнуў пазнання чалавека, Бога і Сусвету. І як мудрэц, ён не засмучаўся ад таго, што яго мала разумеюць. «Выбар зроблены, але я ўсё ж упэўнены, што працу маю лепш ацэняць нашчадкі», — быў перакананы ён у сваёй праваце, у каштоўнасці зробленага ім.


Гэты мысляр «родам з Літвы» спазнаваў веды ў Кракаўскім і Кёнігсбергскім універсітэтах. Рэфармацыйны дух закрануў яго дапытлівы розум. А калі чалавек пачынае задумвацца, ён бачыць недасканаласць свету, у якім жыве, несправядлівасць яго да чалавека і жадае зрабіць яго хоць на каліўца лепшым. Будны, як шчыры пратэстант, хацеў абнаўлення рэлігійнага жыцця, вяртання да ранніх хрысціянскіх традыцый, калі паміж вернікам і Богам не стаяла царква са шматлікім сонмам сваіх служак. Для многіх з іх вера зрабілася залатой сінекурай, якая забяспечыла ім сытнае жыццё. Для Буднага — гэта сляпцы, якія вялі людзей да духоўнай прорвы. Ён стаў гарачым пашыральнікам хрыстовых запаветаў.

Па запрашэнні пратэстанскага лідара ў ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага Будны ў 1558—1560 гадах выкладае тэалогію ў Віленскім зборы, пасля быў прапаведнікам у Клецкім кальвінісцкім зборы. Адначасова ён піша па-беларуску папулярны і зразумелы простаму народу выклад хрысціянскай навукі. Пры падтрымцы Радзівіла Чорнага Будны і ягоныя паплечнікі Мацей Кавячынскі і Лаўрэн Крышкоўскі заснавалі ў Нясвіжы друкарню, у якой у 1562 годзе яны і надрукавалі «Катихисис, то ест наука стародавная хрістіаньская от Светого Писма, для простых людей языка руского, въ пытаніах и отказех събрана». У гісторыі беларускай культуры гэтае выданне знамянальная з'ява! Сымон Будны аднавіў беларускае кнігадрукаванне, пачатае ў 1517 годзе Францыскам Скарынам і тым самым працягнуў ягоную асветніцкую місію. У прадмове да княжычаў Радзівілаў Будны заклікаў іх «народу язык миловати». Гэта быў заклік і да іншых высокіх «милостей» не цурацца роднай культуры, якая духоўна звязвала іх з продкамі. Тое, што не разумелі іх «милости», добра бачыў Будны — апалячванне вярхоў беларускай магнатэрыі, а за духоўным і культурным заняпадам ішоў і палітычны заняпад краіны.

Шкада, што другая беларускамоўная кніга Сымона Буднага «Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам» не дайшла да нашага часу. Яна таксама выйшла ў Нясвіжы ў 1562 годзе. Сама назва інтрыгуе і сведчыць аб смеласці думак беларускага мысляра. Нам невядомы філасофскія апраўданні Будным грэшнага чалавека перад усемагутным Богам. Але знамянальна, што мысляр абараняе чалавека, а ён і кволы, і няшчасны, і грэшны,
і замест спачування і даравання часцяком атрымлівае пакаранне. Няма чаму дзівіцца, што падобная кніга не магла ацалець; яе проста знішчылі як ерэтычную і шкодную. За Будным замацавалася чорная слава ерэтыка. Асаблівы шок выклікалі ягоныя сумненні ў бязгрэшным зачацці Дзевы Марыі. Гэтае сцверджанне — не са сферы тэалогіі, а са сферы крытычнага тлумачэння самой падзеі. Яго заклікалі адумацца і пакаяцца, а ён пайшоў шляхам крытычнага пазнання свету. Будны нават далучыўся да радыкальнага крыла рэфарматараў — сацынаў, але і для іх ён быў занадта смелы ў сваіх поглядах — таксама ерэтык. І сапраўды, дапытлівы розум Буднага пранікаў у таямніцы Бібліі. Ён сумняваўся ў догме аб Тройцы, адмаўляючы Божую іпастась Святога Духа. Хрыстос для Буднага не Сын Божы, а выдатны чалавек і прапаведнік маральнай чысціні, і самым гэтым сцверджаннем мысляр узносіў чалавека да «боскасці». Ён адмаўляў звыклы погляд на душу, для яго «душа — гэта не што іншае, як чалавечае жыццё...». І пасля смерці чалавека ягоная душа не адчувае ні райскіх асалод, ні пякельных пакут — усё гэта «старечьские басьни».

Будны, як ідэаліст, марыў аб ідэальным жыцці. «Дай нам, Божа, такую ўладу, пры якой мы не думалі б пра сябе, не прыніжалі іншых, дазвалялі казаць праўду адно аднаму, не лічылі б сябе бязгрэшнымі...» Ён утапіст, калі марыць аб ідэальным уладару — богабаязным, справядлівым, міласэрным... Ён вучыў жыць па-хрысціянску іншых, а сам не змог ужыцца з людзьмі. Ён зрабіўся ізгоем. Нават яго «мілыя браты» — сацыяне, адракліся ад яго. А ягоны апякун Ян Кішка забараніў яму карыстацца друкарняй. У 1582 годзе Сымон Будны «за бязбожныя перакананні і дзеянні» быў зняты з пасады прапаведніка ў Лоскім зборы.

Будны зрабіўся грамадскім ізгоем. Любы мог яго зняважыць і пакрыўдзіць, а то і проста паздзекавацца. Гэтак п'яныя жаўнеры патрабавалі ад яго адрачыся ад сваіх перакананняў і паклясціся аб вяртанні да сапраўднай веры на дзяржанні шаблі. І нібыта ён выракся і пакляўся.

Ён быў даследчыкам. «Неабходна выпрабоўваць усё, з чым вы маеце справу. У адваротным выпадку мы не толькі не пазбавімся памылак, але яшчэ больш увязнем у іх». Вось і выпрабоўваў усё, вывучаў, аналізаваў, каб пазбавіць іншых ад памылак. Гэтае жаданне прымушала яго не толькі тлумачыць сваё разуменне Святога Пісьма, але і выпраўляць шматлікія памылкі, якія ўнеслі ў кнігу перапісчыкі. Ён узяўся перакласці Святое Пісьмо на польскую мову. Ад напружанай працы Сымон Будны страціў зрок, і тады ён узмаліўся да Бога, каб вярнуць зрок на час перакладу Бібліі. І цуд адбыўся! Ягоны пераклад выйшаў у 1572 годзе, але ад свайго аўтарства Будны адмовіўся з-за рэдактарскіх правак. Ён быў выдатным філолагам, бо ў сваім перакладзе выкарыстоўваў, паводле яго прызнання «словы велікапольскія, мазавецкія, кракаўскія, падляшскія, сандамірскія і вельмі шмат рускіх». Па сутнасці, гэта была спроба стварэння інтэрнацыянальнай мовы для ўсіх народаў Рэчы Паспалітай — своеасаблівае эсперанта.

І як дысідэнта, яго абвясцілі вар'ятам. Нібыта ён не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Калі перад смерцю яго прасілі звярнуцца да Бога, дык Будны нібыта адказаў: «Клянуся, я не ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста». Ягоная магіла ў Вішневе, дзе ён памёр у доме свайго сябра пана Льва Малкона, з часам згубілася. І каб не ягоныя пісьмовыя творы, дык забылася б і само імя. Але жыў ён не дзеля асабістай славы, а дзеля пошуку ісціны, якую так і не знайшоў. Але не быў расчараваны, бо ісціна не ў ісціне... «Шчыра скажу: мне досыць і таго, што не закапаў свайго малога таленту, а прынёс карысць», — лічыў Сымон Будны.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.