Вы тут

На кані не аб'едзеш?


Калі «выбар» і «лёс» — паняцці тоесныя.


Прайсціся вечарам па вясковай доўгай вуліцы — адзін з абавязковых атрыбутаў пачатку летняга сезона, непарушнае сведчанне таго, што ты сапраўды — дома. Тыя ж знаёмыя з дзяцінства хаты, тыя ж абліччы — з цікавасцю ўглядаюцца ў прыцемках, хто там ідзе, пазнаўшы, прыветліва здароўкаюцца. Мяняюцца пакаленні, а твары тыя ж — дочкі, сталеючы, становяцца так падобныя на сваіх матуль, якіх няма ўжо на гэтым свеце; у постаці і паходцы сівога ўжо мужчыны пазнаеш былога гаспадара хаты, і толькі пасля даходзіць — гэта ж яго сын тупае па бацькоўскім двары, наводзіць парадак, бо ўжо ён — гаспадар... Ідзём, бы на экскурсіі, зазіраем у двары: хто якія новыя адмысловыя кветкі пасадзіў, якую прыбудову паставіў (аднавяскоўцы, нават жывучы ў горадзе, ніколі не стануць звычайнымі дачнікамі, ім заўжды будзе да ўсяго і да ўсіх справа), напаўголаса гаворым. Спыняемся ля аднаго двара, ля другога — сястра ўбачылася з сяброўкамі маладосці, з якімі хадзілі разам у школу ды на танцы. Усе ўжо на пенсіі, з унукамі, але ж маладжавыя, спрытныя, усе так падобныя на сваіх матуль, якіх ужо няма. І гавораць — спачатку пра дзяцей ды ўнукаў, а пасля — раптам, зусім нечакана — пра маладосць, пра лёс, пра шкадаванне...

Гляджу на іх — маладых яшчэ жанчын, якія даўно ўжо жывуць без мужчынскай ласкі, увагі, без мужчынскага моцнага пляча, якія адны ставілі на ногі дзяцей, — і як тут не задумацца пра лёс, пра наканаванне. А можа, пра выбар, права на які, кажуць, Неба дае кожнаму? Менавіта пра яго, пра выбар, і гавораць гэтыя маладыя бабулі са стомленымі (можа, проста ад гарачыні?) тварамі і сумнымі вачыма. Дзеці выраслі, паляцелі ў свае гнёзды, толькі ўнукаў падкідваюць на выхадныя ды на канікулы. Пачуццё адзіноты, а можа, і пакінутасці (бо ў дзяцей сваё жыццё) разважанням пра тое, што і калі зрабіў не так, толькі спрыяе.

Галіна — і сёння ў свае без малога шэсцьдзясят яркая прыгажуня. Расказвае, як выходзіла замуж у дваццаць два: «Не любіла я яго. І ён мяне, мусіць, не любіў. Хлопцаў жа многа было. Асабліва адзін упадаў за мной, як сёння помню, Іванам звалі. Харошы хлопец быў, спакойна з ім побач было. Але мой — настырны, сілком з танцаў за сабой гуляць цягнуў. А той Ваня сціплы такі, ненастойлівы, толькі ўздыхаў. Я і падумала, што той больш любіць, калі так за руку з сабой цягне. Хоць Ваня больш падабаўся. Але ж баялася, што так і праўздыхае, а замуж не возьме. Вось і пайшла за таго, хто паклікаў. Намучылася. Піў бязбожна. Наташка нарадзілася, думала, ўсё выправіцца. Дзе там — руку пачаў падымаць. Не вытрымала — сышла. Дачку гадаваць амаль не дапамагаў, дый я надта і не патрабавала. Так апрыкраў, што ні бачыць, ні чуць яго не хацела... Ай, ды што тут гаварыць. Тым больш, колькі гадоў ужо на свеце яго няма. Вось у дачушкі ўсё добра, муж харошы, дзеткі — і мне радасць. Толькі вось пад старасць неяк думаецца, што адна я зусім засталася»... Яна стаіць, абапершыся на брамку бацькоўскага падворка і глядзіць на асветленыя вокны суседняга дыхтоўнага дома, які пабудавалі дачка з зяцем, — побач, але не разам.

І дзе ў дзяўчат вочы бываюць? — гэта ўжо Ліля, гады на тры старэйшая за астатніх, маленькая і жвавая, бы дзяўчынка, пачынае расказваць пра сваё. (А я прыгадваю яе вяселле, якія прыгожыя ды шчаслівыя былі маладыя, які ў маладой быў на дзіва вясковай дзятве карункавы капялюш замест вэлюму). — Мой жа выпіваў, і я гэта бачыла, яшчэ як заляцацца пачаў. Але, думала, хлапечае гэта ўсё, ажэніцца, іншае жыццё пачнецца. Ці любіла яго — ужо і не памятаю. Пэўна, любіла, бо кінула пакой у інтэрнаце, прапіскі мінскай пазбавілася і пайшла з ім на кватэру. Трохі апомнілася, калі ўбачыла, што за кватэру тую плачу са сваіх грошай, а ён усе на п'янкі-гулянкі спускае. А як сышла ў дэкрэт, а пасля малы нарадзіўся, зусім не стала за што жыць. Але я і тады кінуць яго баялася, бо як гэта — адна, з дзіцем. Дзякуй маме — прыехала, забрала. Сашку тады двух месяцаў не было. Аліментаў я ад яго не атрымлівала, дый якія з п'яніцы аліменты? Ён пасля яшчэ, ведаю, ажаніўся, двое дзяцей яшчэ нарадзілася, але і тая жонка доўга не вытрымала. Памёр малады — ледзь за пяцьдзясят было, а да гэтага яшчэ і абязножыў. Гэта Сашка даведаўся, як дакументы на нешта збіраў... Ён, дзякуй богу, не ў бацьку пайшоў, талковы хлопец. А мне што трэба — абы дзецям шчасце»...

Слухала іх, згадвала вечныя вясковыя ісціны, якія мы чулі ад сваіх бабуль. Пра «Выйсці замуж — трэба знаць...», пра «Планэта, значыць, такая...», пра лёс, які «на кані не аб'едзеш...». Углядалася ў іх твары, але так і не зразумела, ці раскажуць яны пра гэтыя ісціны сваім унучкам.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.