Вы тут

За два тыдні да вясны. Час прачынацца і — жыць


Хочаце, павесялю? Да вясны засталося ўсяго нічога — чатырнаццаць дзён. Роўна два тыдні. Што, не верыцца? Паглядзіце на каляндар. Зіма, нават на цэлыя суткі даўжэйшая, як сёлета, заканчваецца. Хутка праляцела, крыху пагаласіла завеямі, патрашчала маразамі, а цяпер вось расхлюпалася, адчуваючы, што ні сіл, ні часу ўжо не засталося. Праўда, яшчэ стараецца ўвечары забрацца халоднай вільгаццю пад паліто, бярэ сабе ў хаўруснікі цыклоны ды магнітныя буры, насылае галаўны боль, санлівасць ды прастуды. Але кожны дзень віднее ўсё раней, а вераб’і ды сініцы пачынаюць ладзіць у густых галінках елкі, што расце ля дома, такі бадзёра-задзірысты гармідар, што адкідваеш усе сумненні: вясна ўжо зусім блізка.


Фота pexels.com

Я вельмі люблю гэты час ранняга прадвесня. Ведаеш жа, што яшчэ можа быць і завея, і мароз, але справа тут зусім не ў надвор’і. Проста вось так аднойчы раніцай глядзіш у акно, пасля на каляндар — і нібы прачынаешся. Бы пераключаецца ў галаве нейкі тумблер, і з гэтага моманту настрой  (а разам з ім і жыццё) пачынае мяняцца. Няма ўжо той соннай заспакоенасці, якая пачынае ахопліваць з канца лістапада: хутчэй у цёплую кватэру, ды пад плед, ды чагосьці гарачага-салодкага, ды коціка на калені. Ловіш сябе на тым, што нават рухацца пачынаеш больш зухавата, і атрымліваецца рабіць усё хутчэй, і сам сабе ўсміхаешся ці нават штосьці ціхенька напяваеш. А ў пераходах ужо прадаюць цюльпаны — і так будзе ўжо аж да 8 Сакавіка: сярод шэрых сцен астраўкі кветак абсалютна неймаверных колераў — аранжавых, фіялетавых, цёмна-чырвоных...

Каб ужо зусім злавіць вясновы настрой і зразумець, што ў зімы няма ніякіх шанцаў, вельмі раю ўсім, хто сумняваецца і не можа ніяк страсянуць з сябе авітамінозную апатыю, схадзіць у магазін «Насенне» або ў садовы аддзел якога гіпермаркета. Нават калі нічога не трэба — проста на экскурсію. Жыццё ў гэты час проста віруе. Ля стэндаў з насеннем — цэлыя натоўпы. Сярод безлічы прапаноў кожны шукае сваё. Некаторыя прыходзяць з цэлым спісам і спрабуюць сярод мноства стракатых пачкаў знайсці менавіта той сорт, які параілі суседкі або які ўжо выпрабаваны на ўласным агародзе цягам некалькіх сезонаў. Знайсці ўдаецца не заўсёды: селекцыянеры (дакладней, іх маркетолагі) не сядзяць на месцы і кожны год прапануюць штосьці новае ды яшчэ і з мудрагелістымі назвамі. Ваша пакорная слуга, напрыклад, сёлета пасеяла перац «чорны конь». Хоць спытай у мяне, нахалеру мне на градцы чорныя, бы вугаль, перцы, дык і не адкажу дакладна. «Спадабаўся пачачак» — для дарослай цёткі так сабе апраўданне. А яшчэ пры падрабязным разглядзе (ужо дома) прачытала, што растуць яны пад паўтара метра ў вышыню (зрэшты, чаго здзіўляцца, на тое ён і «конь»), што значна вышэй за дугі, пад якія перцы садзяцца. Але ж не прападаць дабру, дый цікава, што ўрэшце вырасце. Таму некалькі семечак заморскага дзіва былі ўкінутыя ў зямлю разам з прывычным «каліфарнійскім дзівам» ды «падарункам Малдовы».

Даруйце, захапілася. Варта было толькі загаварыць пра расаду — і панеслася. Яшчэ адна прыкмета хуткай вясны — вясковыя клопаты. У пэўны момант, калі ўключаецца згаданы вышэй тумблер у галаве, за здзіўленнем ловіш сябе на тым, што ўжо засумаваў (хоць яшчэ ўчора ўздыхаў з палёгкай, што гэтага няма). А тут прачынаешся раніцай і разумееш: не хапае. Не хапае набітага дачнікамі прыгараднага аўтобуса з яго дубцамі, заплечнікамі, рукзакамі, не хапае паху адталай зямлі, не хапае прыемнага болю ў мышцах і гэтага незвычайнага задавальнення ад зробленай працы. Пачынаеш згадваць, дзе што восенню паклаў і паставіў, маляваць у галаве мінулагоднюю схему пасадак. Карацей, галава становіцца забітая, з пункту гледжання рафінаванага гараджаніна, абсалютнай лухтой. Але ж ад гэтай лухты ажываеш, пачынаеш варушыцца, часцей глядзець у неба ў прадчуванні цяпла. Нібы твае карані так і засталіся ў зямлі ля роднай хаты, і ты кожны год, як тыя расліны на падворку, пакрысе ажываеш пасля зімовага сну, цягнешся да сонца, якое хутка, вельмі хутка не толькі засвеціць, але і прыгрэе...

І будзе — вясна. Чорныя барозны на полі, белыя буслы ў блакіце. Кволенькія кветачкі падбелу і кураслепу, жвавыя вясёлкавыя ручаіны на вуліцы, лёгкі зеленаваты вэлюм на дрэвах. Ачмурэлыя ад цяпла каты і птушкі завядуць сваю какафонію на розныя галасы. А ў чыста вымытым вячэрнім небе над самым гарызонтам будзе ярка свяціць усім закаханым і ўсім, хто чакае кахання, вечная зорка Венера.

Трэба верыць. А не верыце — зазірніце ў каляндар. Роўна два тыдні. Усяго чатырнаццаць дзён. У параўнанні з вечнасцю — дык і зусім адно імгненне...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.