Вы тут

Сям'я ў прыярытэце


Напярэдадні свята Дня маці ў сталіцы абмеркавалі мацярынскую місію жанчын, сямейнае чытанне як частку стратэгіі выхавання дзяцей і моладзі, а таксама ролю мастацкай літаратуры і СМІ ва ўмацаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.


«Давайце адыдзем крыху ад фармальных лічбаў, — прапанавала старшыня Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мар'яна Шчоткіна. — Бо ў жыцці кожнага чалавека няма нічога больш важнага за сям'ю, моцная сям'я — аснова любога грамадства, а з пункту гледжання сацыялогіі — гэта сацыяльны інстытут — самы маленькі, але самы моцны і надзейны. Для бацькоў створаны і замацаваны на заканадаўчым узроўні самыя спрыяльныя ўмовы, існуе 11 відаў матэрыяльнай дзяржаўнай падтрымкі мацярынства і дзяцінства... Спытайце любога чалавека, аб чым ён марыць — у адказе будзе прысутнічаць слова «шчасце», а шчасце ўключае ў тым ліку любоў, блізкіх людзей і, канешне, сям'ю. Безумоўна, трэба цаніць сваіх бацькоў — і маму, і тату, але сёння мы гаворым найперш пра ролю мамы. Нашы матулі вельмі моцныя і працавітыя, але і вельмі сціплыя, таму мы часам забываем пра тое, што ім неабходная падтрымка — з боку мужа і дзяцей, а таксама з боку грамадства і дзяржавы. Таму Беларускі саюз жанчын пастаянна ініцыюе і з'яўляецца ўдзельнікам новых праектаў па ўсебаковай падтрымцы жанчын-маці».

Адзін з такіх праектаў — сацыяльна-творчая акцыя «Сямейнае чытанне», у межах якога запланавана выданне серыі кніг беларускіх і замежных аўтараў, у тым ліку казак, пазнавальнай і іншай літаратуры для дзяцей і падлеткаў ад 3 да 14 гадоў. Зборнік з гэтай серыі народных казак «Не сілай, а розумам» ужо ўбачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура», і яго вельмі чакаюць, напрыклад, у дзіцячых і школьных бібліятэках. Акрамя таго, ужо традыцыйна ў кастрычніку ў розных гарадах Беларусі праходзіць не толькі дзень, але і Тыдзень, і Месяц маці — святочныя мерапрыемствы з удзелам шматдзетных сем'яў, матуль і бабуль, бацькоў, адноўленых у правах паводле Дэкрэта № 18, сем'яў, у якіх дзяцей выхоўвае толькі бацька... «Сэрца ёсць у кожнага чалавека, і яно павінна быць любячым, добрыя словы трэба спяшацца гаварыць, а добрыя справы — рабіць сёння, тут і цяпер», — нагадала Мар'яна Шчоткіна.

Старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка нагадала: амаль 30 гадоў таму, калі была ўтворана гэта арганізацыя, стаўленне грамадства і чыноўнікаў да шматдзетных сем'яў было рэзка адмоўным. Але з цягам часу Беларусь прыйшла да таго, што падтрымка мацярынства і дзяцінства стала адным з дзяржаўных прыярытэтаў: так, з 1996 года беларускія жанчыны, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей, зноў ушаноўваюцца ордэнам Маці, а за мінулую пяцігодку амаль 74 тысячы шматдзетных сем'яў змаглі аформіць сямейны капітал, што паспрыяла росту нараджальнасці.

Начальнік упраўлення медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Богдан адзначыла парадокс апошняга часу: калі большасць здаровай моладзі адкладвае нараджэнне дзяцей «на потым», то сем'і, у якіх адзін ці абодва бацькі з абмежаванымі магчымасцямі, са складанымі паталогіямі, альбо, напрыклад, хворыя на анкалогію — наадварот, адчуваюць павышаную патрэбу ў дзецях і не жадаюць чакаць. Намаганні медыкаў скіраваны на тое, каб захаваць кожную цяжарнасць і ўкараніць сістэму аказання медыцынскай дапамогі ўсім такім сем'ям. Дарэчы, у найбліжэйшы час будзе вынесена на грамадскае абмеркаванне Нацыянальная стратэгія планавання сям'і, якую распрацавалі прадстаўнікі розных ведамстваў і арганізацый.

Дарэчы

Падчас круглага стала «Сямейнае чытанне як фактар выхавання падрастаючага пакалення» арганізатары ўзнагародзілі пераможцаў штогадовага рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Сёлета ў ім удзельнічала 97 работ ад 81 рэдакцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ: друкаваных і электронных выданняў, тэле- і радыёканалаў. Дыпломамі Міністэрства інфармацыі і ГА «Беларускі саюз жанчын» былі адзначаны рэдакцыі газет «Знамя юности», «Мінскі кур'ер», «Віцьбічы» і «Вячэрні Віцебск», «Воранаўская газета», ганцавіцкага раённага выдання «Савецкае Палессе», творчая група Другога нацыянальнага тэлеканала і карэспандэнт Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Святлана Чарнова, тэлерадыёкампанія «Магілёў», Гомельскае гарадское радыё, фотакарэспандэнты «Голаса Касцюкоўшчыны» і гомельскай раённай газеты «Маяк». Шчыра віншуем калег з поспехам і жадаем ім, як, зрэшты, і журналістам, і чытачам «Звязды», яшчэ больш важных, нераўнадушных, цёплых і праблемных, словам, разнастайных і цікавых матэрыялаў сямейнай тэматыкі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.