Вы тут

Само вырасце? Эканомім у садзе і агародзе


«Каб не дзірка ў роце, дык хадзіў бы ў злоце» — трапны народнае выслоўе. Сапраўды, выдаткі на харчаванне сёння «з'ядаюць» значную частку бюджэту сярэднестатыстычнай беларускай сям'і. І прысядзібныя ды дачныя ўчасткі (дзе яшчэ пару гадоў таму модна было слаць газон і вырошчваць кветачкі — ну максімум «садок прыпраў») вяртаюцца да свайго спрадвечнага значэння: зноў становяцца кармільшчыкамі для гарадскіх і тым больш для сельскіх сем'яў. А значыць, узнікае пытанне рэнтабельнасці вытворчасці ўласнай сельгаспрадукцыі — то-бок укласці як мага менш сродкаў і атрымаць добры ўраджай.


Як сэканоміць у садзе і агародзе? Пытаемся ў дачнікаў і звяртаемся па каментарый да спецыялістаў.

Што кажуць дачнікі

Прыйшла вясна, і сапраўдныя садоўнікі-агароднікі думкамі ўжо на сваіх «сотках». І, акрамя расады, час падумаць аб засцярозе раслін і падкормках будучых зялёных насаджэнняў. Дасведчаныя дачнікі адпраўляюцца па гэтыя сродкі не толькі ў спецыялізаваныя крамы, але і ў аптэкі ды гаспадарчыя магазіны. Прапануем вашай увазе танных «памочнікаў» у садзе і агародзе, пра якія нам распавялі.

Антысептыкі для раслін. Ёд і зялёнка каштуюць капейкі і актыўна выкарыстоўваюцца агароднікамі. Ёд дапамагае ад гніляў і з'яўляецца прафілактыкай ад шматлікіх хвароб раслін. Ёдным растворам апырскваюць клубніцы і суніцы перад цвіценнем, гэта павышае імунітэт раслін і не дае развіцца шэрай гнілі. Робяцца ў дадзены прамежак часу два, часам тры апырскванні (у залежнасці ад таго, сухое або вільготнае лета). Рэцэпт — 8-10 кропель ёду на дзесяцілітровае вядро вады.

Больш слабым ёдным растворам (1 кропля на 3 л вады) падкормліваюць расаду таматаў — агароднікі кажуць, ад гэтага памідоры ў далейшым будуць буйнейшыя. Такую падкормку можна зрабіць яшчэ раз праз тыдзень пасля пасадкі расады ў грунт — з разліку 1 л раствору на кожную расліну. А рэцэпт апырсквання ад фітафторы — 35 кропель ёду плюс літр малочнай сыроваткі і 1 ст. л. перакісу вадароду на вядро вады. Таксама ад фітафторы дапамагае раствор зялёнкі — тыя ж 35 кропель на вядро вады. Калі ж апырскаць такім растворам агуркі, можна вылечыць іх ад мучністай расы.

Зялёнкай садоўнікі абеззаражваюць «ранкі» пасля абрэзкі раслін. А ад смаўжоў градкі паліваюць растворам зялёнкі ў прапорцыі 10 мл на 10 л вады. Акрамя таго, неканцэнтраваным растворам зялёнкі апырскваюць вішні падчас завязвання пладоў.

Трыхапол і аспірын. Шырока вядомы трыхапол ужываюць для лячэння інфекцыйных і скурных хвароб. У агародзе гэты бюджэтны прэпарат выкарыстоўваюць для барацьбы з фітафторай таматаў. Прапорцыі — 1 таблетка на літр вады. Апырскванні праводзяць двойчы ў месяц. Калі агрэст і парэчкі захварэлі мучністай расой, дапамогуць апырскванні на аснове аспірыну. Рэцэпт — 2 таблеткі + 1 ч. л. соды + сталовая лыжка стружкі гаспадарчага мыла на 1 л вады. Для прафілактыкі такога захворвання (калі рэзка пахаладала і пайшлі дажджы) расліны апырскваюць больш слабым растворам аспірыну — 1/2 таблеткі + 1 ст. л. мыльнай стружкі на 2 л вады. Акрамя таго, на форумах дачнікаў можна знайсці параду падкормліваць растворам аспірыну таматы і агуркі (ды і іншыя расліны) — 2 таблеткі расцерці і растварыць у 2 л цёплай вады, давесці аб'ём да 10 л і паліць расліны (літр на кусцік).

Марганцоўка і борная кіслата. Без марганцоўкі агародніку не абысціся. Ёю абеззаражваюць грунт для расады, а таксама ёмістасці для яе высаджвання. Яна выкарыстоўваецца для абеззаражвання насення перад пасадкай. Ранняй вясной (якраз цяпер) растворам марганцоўкі з борнай кіслатой (2-3 г марганцоўкі на 10 л вады + трохі (на кончыку нажа) борнай кіслаты) падкормліваюць ягадныя кусты (агрэст, чырвоныя і чорныя парэчкі, маліны) на пясчаных глебах. Кажуць, так ягады будуць саладзейшыя. А пасля цвіцення канцэнтраваным растворам марганцоўкі апырскваюць клубніцы ад шэрай гнілі (2 ч. л. на вядро вады). Раствор борнай кіслаты выкарыстоўваецца ў якасці стымулятару фарміравання завязяў. 2 г прэпарату раствараюць у 0,5 л вады, даводзяць аб'ём да поўнага вядра і апырскваюць расліны.

Перакіс і мыла. Агароднікі выкарыстоўваюць перакіс вадароду як стымулятар росту (замочваюць на 12—24 гадзіны насенне, якое цяжка ўсходзіць, перад пасадкай у 0,4 %-ным растворы перакісу). Таксама з дапамогай гэтага антысептыку змагаюцца з фітафторай — напрыклад, для апырсквання памідораў на 10 л вады дадаюць 1 ст. л. перакісу. Для ўзмацнення эфекту ў раствор можна дадаць ёд.

Ну а гаспадарчае мыла — гэта ідэальны «клей», які не дазваляе дажджу змываць «лекі» з лісця і сцёблаў. Растворам 150 г мыла на вядро вады апырскваюць расліны ад тлі. Мыла дадаюць у розныя лячэбныя растворы — ад раствору попелу да настою цыбульнага шалупінння.

Вітаміны і глюкоза. Яны карысныя не толькі для людзей, але і для раслін, сцвярджаюць агароднікі і садоўнікі. Напрыклад, кветкі гаспадыні падкормліваюць глюкозай раз у два тыдні, каб падоўжыць цвіценне і зрабіць яго больш пышным: 5 мл глюкозы на 5 л вады. А самыя запатрабаваныя ў агародзе вітаміны — групы В, В1 паляпшае цыркуляцыю сокаў, В3 і В6 павышаюць імунітэт раслін, В12 насычае клеткі раслін кіслародам. Для паліву і апырсквання 1 мл вітаміну В1 раствараюць у літры вады. З вітамінам В3 нельга дапусціць перадазіроўку. Яго змешваюць з рознымі ўгнаеннямі. Але 1 мл на літр вады — максімальная доза для раслін, і падкормліваць ім можна не часцей чым раз у 2 тыдні. У той жа дазіроўцы і з той жа перыядычнасцю дачнікі выкарыстоўваюць вітамін В12.

Кіслае малако. Старажытны метад сёння зноў папулярны сярод агароднікаў: дзякуючы кісламалочным бактэрыям расліны засцерагаюць ад фітафторы, кіслае малако выкарыстоўваюць у якасці стымулятару цвіцення і завязвання пладоў, з яго дапамогай змагаюцца са шкоднікамі. Напрыклад, вось рэцэпт прафілактычнага апырсквання ад фітафтарозу памідораў — 1 л кіслага малака на вядро вады. У сумесь дадаюць 1 ч. л. нашатырнага спірту і 5 кропель ёду. Падкормка для росту памідораў і агуркоў — 2 л кіслага малака на 10 л вады. Для паскарэння завязвання пладоў малочную сыроватку злучаюць з борнай кіслатой, а ад тлі выкарыстоўваюць водны раствор кіслага малака (1:1).

Што кажуць навукоўцы

— Сёння прэпараты для апрацоўкі і падкормкі раслін досыць дорага каштуюць, — канстатуе загадчык аддзела абароны раслін РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» Іван Бусько. — Менавіта таму людзі на прысядзібных і дачных участках успамінаюць «дзедаўскія метады». Акрамя таго, у святле актуальнасці экалагічна чыстай вытворчасці сельгаспрадукцыі дачнікі імкнуцца не выкарыстоўваць «хімію». Іншая справа, што эфектыўнасць такіх народных спосабаў і рэцэптаў малавывучаная. Гэта ненавуковыя метады, і каментаваць іх я не бяруся.

— Якім чынам (з пункту гледжання вучонага) варта эканоміць у садзе і агародзе?

— Перш за ўсё, я рэкамендую старанна выбіраць сарты перад пасадкай. Не гібрыды — яны больш капрызныя, а менавіта сарты. І будзе лепш, калі гэта сарты мясцовай селекцыі. У такім выпадку шанцаў атрымаць высокі ўраджай будзе больш. Таксама я раіў бы набываць пасадачны матэрыял толькі ў праверанага прадаўца — лепш за ўсё непасрэдна ў вытворцы. Вядома: на рынку з аднаго мяшка вам прададуць 10 розных сартоў. Акрамя таго, важна выбіраць пераважна ранняспелыя сарты. За кошт кароткага вегетацыйнага перыяду гэта скарачае колькасць неабходных апрацовак раслін.

— А калі казаць аб абароне і падкормках раслін з пункту гледжання эканоміі?..

— Што датычыцца абароны раслін, значна больш эфектыўныя за сучасныя народныя сродкі — класічныя народныя. Тым больш што яны вывучаныя, устаноўлена выразная рэцэптура і вызначана эфектыўнасць, ёсць навуковыя працы па іх выкарыстанні. Я кажу аб настоях і адварах раслін, іншых старадаўніх сродках. Напрыклад, супраць шкоднікаў (таго ж каларадскага жука) на бульбе, памідорах і іншых паслёнавых дапамагае раствор драўнянага попелу, у які сапраўды можна дадаць стружку гаспадарчага мыла ў якасці «прыліпальніку». Супраць тлі эфектыўныя адвары палыну, лісця тамата, горкага перцу, лопуху.

— Рэцэпты на аснове кіслага малака быццам бы якраз старадаўнія...

— Сапраўды, бактэрыі здольныя змагацца з пэўнымі хваробамі раслін і стымуляваць іх рост. Але сёння існуюць значна больш эфектыўныя прэпараты на аснове бактэрыяльнай выцяжкі. Яны нашмат таннейшыя за хімічныя, а па эфектыўнасці не саступаюць ім. Праўда, калі эфект ад хімічнай апрацоўкі ад фітафторы, напрыклад, доўжыцца 12—14 дзён, то біялагічны прэпарат абараняе расліны 6-8 дзён. Калі казаць аб вітамінах і мікраэлементах, раслінам яны сапраўды патрэбныя. Але лепш выбіраць усё ж вітаміны для раслін, а не для людзей, яны недарагія.

— Паколькі мы кажам пра эканомію, ці можна дачніку ў нашай краіне атрымаць сякі-такі ўраджай без сродкаў засцярогі і падкормак?

— У навуцы ёсць паняцце «атрыманне ўраджаю за кошт натуральнай урадлівасці глеб». Зразумела, ключавым тут становіцца пытанне, якая глеба на вашым участку. Супясчаныя глебы бедныя, ураджаю не будзе. Як і на цяжкім суглінку. Калі ўтрыманне перагною ў глебе складае ад 2 да 2,5 %, то за кошт натуральнай урадлівасці можна атрымаць (дапусцім, будзем казаць пра бульбу) 18 ц з гектара, не ўкладваючы нічога. Але гэта вельмі невысокі ўраджай. Бо сіл і энергіі вы ўкладзяце аднолькава і на 18 ц/га, і на 50: будзеце паліваць, праполваць, садзіць і ўбіраць ураджай. Але аддача будзе розная.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.