Вы тут

Дзеці павінны быць у полі зроку дарослых


Летам у дзіцячым садку дзяцей убавілася. У многіх бацькоў — адпачынак, праводзяць час з імі і дзеці. Іншыя ж вязуць сваю малечу да бабуль-дзядуляў — выдатны варыянт для дзяцей, асабліва калі сваякі жывуць не ў горадзе. Мой жа Цёмік, які тры гады рос у вёсцы, гэтае лета, за выключэннем некаторых выхадных, праводзіць у сталіцы...


Я, вядома, з такой нагоды не радуюся. У спёку сама б хутчэй з'ехала як мага далей ад гарачага асфальту да духмянай зялёнай травы і вадаёма. Аднак нічога не зробіш — мы з мужам гэтым летам у водпуск не пойдзем, а пакінуць малога маім бацькам, якія якраз жывуць у вёсцы, мы пакуль не гатовыя. Шчыра кажучы, «не падпісваюцца» на гэта і бабуля з дзядулем.

Добра дапамагаць гадаваць дзяцей, калі мама ці тата побач. Вядома, калі жылі разам, я адхілялася, аднак надоўга малога на бацькоў старалася не пакідаць. І справа не ў тым, што Цёмік — гэткі мамін сынок, які кроку без мяне не зробіць. Яшчэ як зробіць, толькі пільнуй! Баюся, што мае бацькі не справяцца з гэтым гарэзам, якому трэба ўсюды паспець: і на батуце паскакаць, і катоў паганяць, і на самакаце праехацца, а потым яшчэ на ровары... Тут мне, маладзейшай, як за ім угнацца, а бацькі ўсё ж ужо ва ўзросце, каторы год на пенсіі. Ды і жалезнае цярпенне трэба, каб гадаваць сучасных дзяцей: гэта не хачу, тое не буду. Часам, каб Цёмік памыў рукі, пачысціў зубы ці паеў, трэба такое прыдумаць, што наўрад ці ў маіх бацькоў хопіць на гэта фантазіі. Ну і, што скрываць, патураць любым «хацелкам» свайго адзінага ўнука мае бацькі вельмі добра ўмеюць. І тое, што было ў мамы і таты пад забаронай, у бабулі і дзядулі становіцца адразу дазволеным. Мульцікі падчас прыёму ежы — «калі ласка», дзясятую цукерку за дзень — «на здароўе, унучак», гуляць да апоўначы — «нічога страшнага»... І потым пасля такіх вакацый зноў перавыхоўвай дзіця!

Аднак усё гэта, вядома, неістотнае. Больш за ўсё, калі размова ідзе пра перадачу дзіцяці бабулі і дзядулі, мяне хвалюе пытанне бяспекі. Я сваім бацькам давяраю, але добра разумею, што з прычыны, у першую чаргу, свайго ўзросту яны могуць штосьці не прадугледзець. А небяспека і ў вёсцы паўсюль. На батуце, устаноўленым без сеткі; на дарогах, каля возера, у лесе — спіс можна пра-
цягваць.

Вядома, скажаце вы, не ўсё могуць прадугледзець і бацькі. Сама нядаўна назірала. Адпачываем каля вадаёма, побач — таксама сем'і з дзецьмі. Як раптам бачым заплаканую дзяўчынку гадоў чатырох. Аказваецца, малая маму згубіла. А мама недалёка — сядзіць у тэлефоне, праглядае стужкі сацыяльных сетак і нават не здагадваецца, што дачка яе шукае.

Ці ўзяць хоць бы наш двор у адным са спальных раёнаў Мінска. На сучаснай пляцоўцы, абкружанай чатырма шматпавярховікамі, заўсёды шмат дзяцей. Дарослых жа — адзінкі. Добра, падлеткі. Але без нагляду бацькоў гуляюць нават чатырох-пяцігадовыя дзеці. Кідаюцца камянямі, падаюць з горак, б'юцца з суседскімі дзецьмі. Заступіцца за іх, вядома, няма каму. І пасварыцца, калі яны вінаватыя, таксама. Няўжо бацькі так давяраюць сваім малым дзецям, што пускаюць іх адных на вуліцу?

Цяпер разумею, навошта на ўваходзе ў батанічны сад, куды мы надоечы выправіліся з Цёмікам і бабуляй Алінай, малому прыклеілі на кофтачку бірку з нумарам майго тэлефона. На наша здзіўленне — навошта (маўляў, з ім жа двое дарослых!), сказалі, што так трэба. Відаць, быў сумны вопыт, калі, прыйшоўшы з дарослымі, дзеці губляліся...

А яны, асабліва малыя, як не перастаюць паўтараць ратавальнікі, павінны заўсёды знаходзіцца ў полі зроку дарослых. Не забывайце пра гэта, мамы і таты!

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: У полі зроку дарослых

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.