Вы тут

Пестыцыды пакуюць, вывозяць з Беларусі і спальваюць на спецыяльных заводах


Вясной 2022-га Віцебская і Гродзенская вобласці павінны цалкам вызваліцца ад 920 тон непрыдатных пестыцыдаў, якія за дзесяцігоддзі работы ўтварыліся на айчынных сельгаспрадпрыемствах. Налета таксама возьмуцца і за ачыстку ад 500 тон пестыцыдаў Міншчыны. Небяспечную спадчыну пакрысе вывозіць на знішчэнне ў Германію польская кампанія Geocoma («Геакома»). На адгрузцы адной з такіх партый пабывала карэспандэнт «Звязды».


Ядавітыя бочкі

Усяго ў краіне з часоў СССР засталося звыш 10 тысяч тон пестыцыдаў, у тым ліку стойкіх арганічных забруджвальнікаў (САЗ). У 17 раёнах Віцебскай вобласці на складах, самы вялікі з якіх — «Дзёрнавічы» на Полаччыне, назбіралася каля 800 тон ядахімікатаў. Пяць раёнаў (Дубровенскі, Аршанскі, Сененскі, Браслаўскі, Шаркаўшчынскі) ужо пазбавіліся ад небяспечнага пестыцыднага грузу. А на Гродзеншчыне 120 тон небяспечнага прадукту ўжо звезены ў адзін склад пад Навагрудкам. Яны перапакаваныя і чакаюць вывазу ў 2022 годзе.

Польская кампанія Geocoma («Геакома») працуе ў Беларусі паводле дагавора з Мінпрыроды па экалагічна бяспечным знішчэнні непрыдатных пестыцыдаў. Небяспечныя рэчывы вывозяцца на знішчэнне ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6». Ён рэалізоўваецца ў краіне Мінпрыроды сумесна з Праграмай развіцця ААН у Беларусі, адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ:

— Дзякуючы праекту мяркуецца вырашыць праблему непрыдатных пестыцыдаў, якія захоўваюцца на складах сельгасарганізацый. Адходы будуць знішчаны экалагічна бяспечным спосабам — высокатэмпературным спальваннем.

Спецыялісты кампаніі пераўпакоўваюць, узважваюць і вывозяць пестыцыды на перапрацоўку ў Германію. На ўсіх гэтых этапах супрацоўнікам дапамагае служба МНС тых рэгіёнаў, дзе знаходзяцца склады пестыцыдаў.

Першыя дзве машыны па прыкладна 20 тон небяспечных адходаў з Віцебскай птушкафабрыкі, Дуброўна, Оршы, Лепеля, Талачына паехалі ў Германію яшчэ ў верасні. Каля 18 тон, запакаваных у чарговую фуру, што адправілася ў шлях у кастрычніку, якраз і давялося ўбачыць. Гэта бочкі з непрыдатнымі ядахімікатамі са склада прадпрыемства «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс».

— Сваіх тут было 11 тон небяспечнага прадукту, да якога дадалі папярэдне прывезеныя пестыцыды з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Глыбоцкага раёна: «Мнюта», «Ламашы-Агра», «Глыбоцкі аграсэрвіс». А ў наступнай машыне, мяркуецца, паедуць пестыцыды з вялікага склада ў Дзярновічах, — расказала Дзіяна ПАРУБІН, асістэнт кіраўніка кампаніі Geocoma, якая адказвае за хімічны аналіз пестыцыдаў.

Прывёз — праверыў — спаліў

Планавалася, што пестыцыды з Беларусі будуць знішчаць на пяці нямецкіх заводах: Currenta, Remondіs SAVA, AVG, HІM і SUEZ. Аднак пакуль адходы адпраўляюцца толькі на два: AVG і Remondіs SAVA. Хоць спецыялісты Geocoma спадзяюцца неўзабаве атрымаць дазволы на вываз яшчэ на два прадпрыемствы: SUEZ і HІM — тады і работа пойдзе ўдвая хутчэй, падзяліўся Яраслаў СУРМА, праектны дырэктар польскай кампаніі Geocoma:

— Для нас самае важнае — арганізаваць бяспечны правоз грузу і яго спальванне, а таксама вызваліць запланаваныя плошчы. Перад упакоўкай мы робім свой аналіз адходаў, аднак у Германіі перад утылізацыяй змесціва бочак таксама бярэцца на аналіз. І пратаколы першых тэстаў на спальванне ад папярэдняй фуры (якая з'ехала яшчэ ў верасні) таксама неўзабаве атрымаем — і згодна з імі зможам планаваць графік далейшай работы па абодвух заводах. Плануем адпраўляць дзве машыны на тыдзень.

Нямецкія прадпрыемствы скіраваны на аператыўную работу па прынцыпе «прывёз — праверыў — спаліў» і не зацікаўленыя складзіраваць небяспечныя пестыцыды на сваіх плошчах. Максімум — адзін-два тыдні, і іх спальваюць. Супрацоўнікі Geocoma мяркуюць, што далей справа пойдзе хутчэй, бо нямецкія эксперты ўжо будуць ведаць прыкладны састаў беларускіх пестыцыдаў і будуць падрыхтаваныя. Тым не менш, польскія спецыялісты заўважылі, што работа замаруджваецца доўгім працэсам сертыфікацыі і атрыманнем дазволаў.

Напакаваная ядавітымі бочкамі фура рушыла за мяжу, а ў Шаркаўшчыне засталіся тры пустыя склады з-пад пестыцыдаў. Іх далейшы лёс — хутчэй за ўсё, таксама быць знішчанымі, як і тое, што яны захоўвалі дзесяцігоддзямі.

Планы на заўтра

Частка пестыцыдаў захоўваецца таксама ў пяці падземных сховішчах Беларусі, тры з якіх — у Паставах, Верхнядзвінску і Гарадку — знаходзяцца ў Віцебскай вобласці.

— У рамках праекта адбываецца франтальнае даследаванне дадзеных сховішчаў, у выніку чаго будзе складзены план па ліквідацыі гэтых адходаў з разлікам фінансавых затрат, — заўважыў Дзяніс КАВАЛЕНКА, кіраўнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6». — Найбольшую небяспеку для наваколля выклікаюць менавіта паверхневыя склады, вывазам пестыцыдаў з якіх цяпер займаюцца, таму з іх і пачалі.

Акрамя Віцебшчыны і Гродзеншчыны, пестыцыды застаюцца яшчэ на Міншчыне, Магілёўшчыне і на Гомельшчыне. Апошні склад у Чачэрскім раёне — гэта арганізаванае сховішча на пяць тысяч тон, якія будуць знішчацца ў Беларусі пасля будаўніцтва спецыялізаванага аб'екта.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Пестыцыды — на знішчэнне

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.