Вы тут

У Слуцкім раёне праходзіць комплекснае вучэнне МНС


У рамках вучэння па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароне аварыйныя службы раёна адпрацоўваюць дзеянні па рэагаванні на розныя няштатныя сітуацыі.


Адна з іх звязана з цыклонам, які характарызуецца парывамі ветру да 25 м/с і паніжэннем тэмпературы паветра да −20°С. Паводле легенды, у сувязі з неспрыяльным надвор’ем, моцным выпадзеннем ападкаў у выглядзе снегу і «ледзянога» дажджу на асобных участках аўтадарог магчымыя падзенні дрэў і ўтварэнне снежных замётаў. Не выключаюцца пашкоджанне будынкаў і збудаванняў, абрывы паветраных ліній электраперадачы, аварыі на сістэмах жыццезабеспячэння насельніцтва.

Каля 10 раніцы паступіла інфармацыя аб багатым выпадзенні снегу на ўчастку аўтадарогі паблізу вёскі Слабада. Згодна з ўступнай, снежныя замёты і падзенне дрэў на праезную частку прывялі да затору на дарозе. Тут жа адбылося ДТЗ з удзелам бензавоза, які перавозіў дызельнае паліва, і легкавога аўтамабіля. У выніку сутыкнення ў цыстэрне ўтварылася ўцечка. Дапамога ратавальнікаў і медыкаў патрабавалася людзям, заціснутым у легкавым аўтамабілі і вадзіцелю бензавоза. У некаторых аўтаўладальнікаў скончылася паліва. Тыя, хто адправіўся на пошукі бензіну, не змаглі выйсці з лесу самастойна.

На месца здарэння аператыўна прыбыла дарожная тэхніка для расчысткі пакрыцця і стварэння праезду для падраздзяленняў МНС і брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Да распілоўкі дрэў, якія ўпалі, падключыліся леснікі. Адно падраздзяленне ратавальнікаў аператыўна наклала бандаж на цыстэрну бензавоза і прадухіліла разліў небяспечнай вадкасці. Іншыя ратавальнікі дэблакіравалі вадзіцеляў легкавога аўтамабіля і бензавоза. Пасля агляду медыкаў пацярпелыя былі транспарціраваны ў карэту хуткай дапамогі і дастаўлены ў бальніцу.

Літаральна адразу паступіў сігнал аб новай надзвычайнай сітуацыі паблізу вёска Рудня. Падмыў і частковае разбурэнне плаціны на вадасховішчы «Рудня» прывялі да падтаплення домаўладанняў. Дапамога патрабавалася і рыбакам, якіяапынуліся ў вадзе. Ратавальнікі спусцілі лодку і выцягнулі двух мужчын на бераг. Выратаваных агледзелі медыкі і з дыягназам «пераахаладжэнне» даставілі людзей ва ўстанову аховы здароўя. Цэласнасць дамбы з дапамогай спецыяльнай тэхнікі аднаўлялі прадпрыемствы меліярацыйных сістэм. Супрацоўнікі ДАІ забяспечылі ачапленне месца здарэння, ахову дамоў і апавяшчэнне насельніцтва. Для часовага адсялення жыхароў вёскі былі арганізаваны адпаведныя пункты.

У гэты ж дзень адбылося ўмоўнае надзвычайнае здарэнне і ў горадзе Слуцку: ураганны вецер пашкодзіў дахі шматкватэрных і прыватных жылых дамоў і шэрагу аб’ектаў у горадзе. Пад заваламі аказаліся людзі. Для рэагавання на месца неадкладна прыбылі падраздзяленні МНС, медыкі, супрацоўнікі РАУС, камісія па НС. Выратаванне людзей, эвакуацыя і адсяленне насельніцтва ў пункты часовага размяшчэння, аднаўленчыя работы па рамонце жылога дома прадэманстравалі на практыцы службы раёна.

Заўтра вучэнні працягнуцца. Іспыт на прафесіяналізм будуць трымаць многія ведамствы і арганізацыі. 

— Гэтыя вучэнні дадуць магчымасць яшчэ раз адпрацаваць на практыцы ўсе магчымыя надзвычайныя і няштатныя сітуацыі ў нашым рэгіёне, праверыць узаемадзеянне ўсіх службаў для таго, каб у рэальным жыцці аператыўна рэагаваць і ліквідаваць іх наступствы, — адзначыў намеснік старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Харэвіч. 

Як заўважыў намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Віталь Пякурын, вучэнні --- гэта найважнейшая форма падрыхтоўкі, якая дае магчымасць прадэманстраваць гатоўнасць аварыйных службаў і іншых арганізацый на магчымыя надзвычайныя сітуацыі, у прыватнасці, у асенне-зімовы перыяд. «МНС аператыўна рэагуе на першапачатковай стадыі, затым падключаюцца ўсе службы, — удакладніў ён. — Асноўная мэта комплекснага вучэння — адпрацаваць узаемадзеянне ўсіх службаў так, каб яны рэагавалі як адзіны механізм. На ўступных усё павінна адпрацоўвацца, як у рэальнасці».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.