Таленты з Беларускага таварыства інвалідаў па зроку спявалі, танчылі і паказвалі мастацкія вырабы
14 калектываў з розных куткоў нашай краіны прыехалі ў гродзенскі маёнтак «Каробчыцы» на ўжо традыцыйны творчы фестываль, што праводзіцца Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку. Летась, напрыклад, фестывалілі эстрадныя выканаўцы, а сёлета, на фолк-фэсце «Гуды», галоўнымі дзеючымі асобамі былі аматары народных песень і абрадаў. Акрамя таго, 45 майстроў прывезлі ў Каробчыцы вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — з дрэва, саломы, паперы, тканіны, бісеру…
Музычна-тэатральную замалёўку «Чортавы заручыны» прадставілі калектывы Гродзенскай абласной арганізацыі БелТІЗ — тэатр мініяцюр «Перасмешнікі» і гурт «Іаланта». У абодвух даўнія традыцыі, ганаровае званне народных, якое, дарэчы, не даецца раз і назаўсёды, а патрабуе штогадовага пацвярджэння творчымі работамі.
Гумарыстычную замалёўку «Чортавы заручыны», створаную на тэму Купалля, гледачы сустрэлі смехам і гучнымі апладысментамі. Аўтару гэтых радкоў асабліва спадабаўся «чорт» у цудоўным беларускамоўным выкананні Аляксандра Крывіцкага, які працуе культарганізатарам на прадпрыемстве «Фільтр». Свае акцёрскія здольнасці праявіла (у вобразе ведзьмы) і пенсіянерка Марыя Уладзіміраўна Валадашчык. Ролю Купалінкі, зноў жа на выдатнай беларускай мове, выканала кіраўніца тэатра «Перасмешнікі» Галіна Пальчэўская. А гурт «Іаланта» ўпрыгожыў тэатральнае дзейства купальскімі спевамі.
—Мы штогод праводзім для работнікаў нашага прадпрыемства «Фільтр» свята Купалле, прычым стараемся не паўтарацца па сцэнарыях. І паколькі аўтарскімі ідэямі, што ёсць у кнігах, раней ужо скарысталіся, то цяпер прыйшлося пісаць новы сцэнарый сваімі сіламі. Вось і прыдумалі гумарыстычны сюжэт пра заручыны чорта з ведзьмай на Купалле, — кажа Галіна Пальчэўская.
Аўтарка пастаноўкі, вершаў да яе — кіраўніца гурта «Іаланта» Таццяна Вянско. Яна працуе з гэтым калектывам 38 (!) гадоў. У рэпертуары, які пастаянна папаўняецца, песні і народныя, і класічныя, і эстрадныя. Двойчы на тыдзень рэпетуюць, удзельнічаюць у кожным канцэрце на гродзенскім прадпрыемстве «Фільтр» і ў іншых гарадскіх імпрэзах.
—Мы сябе ўжо проста не ўяўляем без песні. І я, і старажылы гурта Ганна Рыгораўна Сакалоўская, Надзея Сямёнаўна Удот, Ірына Станіславаўна Ільінкова, — зазначае Таццяна Васільеўна.
У музычна-тэатральнай замалёўцы «Чортавы заручыны» дзяўчаты, якія крыху бачаць, удзельнічаюць у карагодах, танцах. А спяваюць зусім невідушчыя.
—Праблемы са зрокам перашкодай для выступленняў на сцэне не становяцца? — цікаўлюся ў Галіны Пальчэўскай.
—Цяжкавата, зразумела, але мы ўжо прыстасаваліся. Маем свае напрацоўкі, нейкі алгарытм дзеянняў. Бачыце, нават на сцэне ёсць разметка жоўтага колеру для слабавідушчых. А зусім невідушчых прыгожа суправаджаюць на сцэну іх партнёры па пастаноўцы.
Застаецца дадаць, што замалёўцы «Чортавы заручыны» прафесійнае журы прысудзіла перамогу ў намінацыі «Тэатральны фальклор». І даю гарантыю, што не пашкадуе той, хто запросіць самадзейных артыстаў з Гродна на нейкую імпрэзу.
Міхаіл Антоненка, намеснік старшыні цэнтральнага праўлення грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку»:
—Такія фестывалі для нашых людзей — быццам нейкая аддушына сярод будняў. А таксама сведчанне таго, што некаторыя асаблівасці здароўя не замінаюць іх творчаму самавыяўленню. Дзякуй работнікам прадпрыемстваў БелТІЗа, якія сваёй працай зарабілі грошы на арганізацыю гэтага фэсту.
Барыс ПРАКОПЧЫК
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».