Вы тут

Брат на варожым баку


Трагедыя рэальная і метафізічная

З'явілася падстава паглядзець кароткаметражны фільм Віктара Аслюка «Рускі». Па-першае, дзеянне карціны разгортваецца ў 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны, а ў сувязі са стагоддзем з яе пачатку гэтая тэма сёння актуальная. Нацыянальны кінематограф у асобе кінастудыі «Беларусьфільм» вышэйзгаданую тэму практычна абышоў бокам. Па-другое, стала вядома, што карціна будзе ўдзельнічаць у конкурсе міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно ў грэчаскім горадзе Драма. Пераканана, нам не хапае па-добраму неадназначных фільмаў, а карціна Віктара Аслюка падалася менавіта такой.

13-14

Віктар Аслюк — рэжысёр, які стаў вядомым менавіта сваімі дакументальнымі стужкамі, ён мае асаблівы погляд на свет, з'яўляецца аматарам беларускай літаратуры (маўляў, тут ёсць усё і пра ўсё) і членам Еўрапейскай кінаакадэміі (адзіны ў нашай краіне). Можна лічыць шматзначным крок да ігравога кіно (не першы раз, але ўсё ж такі).

«Рускі» зняты па матывах аповесці Максіма Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне». У карціне толькі два героі (нешматлікую масоўку, якая з'явілася ў кароткім эпізодзе, можна не браць у разлік). На шчасце, вайна не стала аднаасобным уладальнікам тэматычнай канвы фільма. Але і адвесці ёй толькі безаблічную ролю антуражу немагчыма. Нягледзячы на тое, што ў карціне няма ні адной батальнай сцэны, маштабных стратэгій і трагедый, актыўнага ваеннага дзеяння, вайна, тым не менш, пастаянна прысутнічае ў ролі аднаго з галоўных герояў, нечага фатальнага і невытлумачальнага, што так ці інакш заражае сабой паветра і кожнага, хто ім дыхае.

Галоўнымі героямі сталі двое мужчын з варожых армій (рускай і аўстрыйскай), але звязаных вузамі славянскай нацыянальнасці (беларус і ўкраінец). І мовы ў фільме дзве — беларуская і ўкраінская, хоць і мала магчымасцяў іх пачуць. І зварот «братка» тут шмат значыць, асабліва калі кожнае слова як гром сярод яснага неба. У герояў няма імёнаў, бо яны могуць толькі адцягнуць ад галоўных вызначальных ярлыкоў: нацыянальнасць і армія. Трэці — лішні.

Сярод бязмежных пейзажаў сустракаюцца два фактычныя ворагі. Адзін узводзіць на іншага ружжо, калі той жуе з флягай у руках. «Я маю горілку». Што тут скажаш (і зробіш)? Выпілі разам, пачаставаліся хлебам, украінец родную песню завёў. Як пасля гэтага адрэагуеш на дылему «адвесці да сваіх або разысціся ў розныя бакі»? Адназначна ў розныя бакі: маўляў, «Я табе нічога не зраблю, братка». І патупалі салдацкімі ботамі па славянскім брудзе, украінец завёў песню на нямецкай...

З першых хвілін карціна насцярожвае сваёй павольнай манерай, цягучым апавяданнем, напоўненым натуральнымі, але такімі ж мернымі гукамі крокаў, капання вады на дно кацялка, рыпання ручкі, шчабятання птушак і толькі рэдкімі дэцыбеламі чалавечага голасу. Цішыня абяцае адбыцца нечаму немінучаму і незваротнаму. Пацвярджае гэта і цёмны тон, але шэрасць у гэтым выпадку не варта ўспрымаць як нешта пасрэднае і нецікавае, бо характар мастацкай абмалёўкі кадра аказаўся неверагодна маляўнічым.

Мінімалізм у фільме праяўляецца ва ўсім: у колькасці герояў, дыялогах, дынаміцы, месцы дзеяння (прырода і больш нічога). Гэта служыць яшчэ большым кантрастам з усім, што суправаджаецца магутным словам «вайна». Але гэта сапраўды вайна, праўда, наўмысна адасоблены яе ўчастак.

Гэтую лакальную тэрыторыю, па сюжэце нейтральную, рэжысёр любоўна абмаляваў уражальнымі рыскамі (кадрамі), аскетычнымі фарбамі і панарамнымі ракурсамі. Вобраз прыроды тут відавочна без намеру ім любавацца, ён узноўлены без яркіх акцэнтаў і кантрастаў. Аднак, нягледзячы на гэта, ён мае велічны, грандыёзны выгляд, з-за чаго, далібог, я гатова аддаць прыродзе ролю чацвёртага галоўнага героя. Яна вельмі шматслоўная. Сваёй змрочнасцю яна адлюстроўвае бягучыя падзеі і трагедыю чалавека, у той жа час, нягледзячы на вайну, яна сапраўды маляўнічая, насуперак гідкай чалавечай прыродзе. Адзінокая постаць чалавека ў кадры сярод бясконцай і бязмежнай натуры яшчэ мацней адасабляе і месца, і героя ад меркаванага знешняга антуражу. Адзін з такіх захапляльных кадраў (ракурс зверху: салдат-беларус ідзе па сцежцы, а вакол — сонечныя пералівы і моцны вецер) паказаны на першых хвілінах карціны, і пасля яго хочацца канчаткова і беспаваротна гэтаму фільму верыць.

13-13

«Рускі» («На імперыялістычнай вайне») — роздум аб тым, што ўсё ж такі мацней у свеце, грамадстве, свядомасці чалавека і наогул. Нацыянальная блізкасць (украінец беларусу/славянін славяніну брат) або прыналежнасць да арміі, у якую звычайнага чалавека (не важна, селяніна, рамесніка або купца) мабілізавалі. І нягледзячы на тое, што гэта не толькі разважанне, але і рэзюмаванне, канчатковага адказу няма і быць не павінна.

Нарэшце можна загаварыць аб трэцяй прычыне актуальнасці карціны. Славянін славяніну брат — зараз самая гарачая і непазбежная тэма любой кампаніі. Карціна тлустымі мазкамі падкрэслівае набалелае і пацвярджае сённяшнія падзеі. Як думаеце, што робіць персанаж-беларус, пачуўшы нямецкую песню з вуснаў «брата»?..

Мастацтва кажа ўсё пра тое ж з года ў год, а славянін славяніну ўсё яшчэ не брат.

Маштабнасць трагедыі вайны, страты, лічбы і статыстыка выцеснены трагедыяй аднаго чалавека ва ўмовах, дзе кожная сітуацыя патавая. Напрыклад, калі і брат, і вораг у адной асобе, сямейны чалавек, такі ж салдат (а з другога боку, прынцыпова іншы) гіне ад тваёй рукі.

Прыналежнасць да арміі аказалася мацнейшай, але нельга ахрысціць зыход фільма толькі следствам вырашэння банальнай дылемы. У момант, калі ўкраінец спяваў нямецкую песню, пра што мог думаць беларус? Можа, гэта не проста ўспышка гневу, не проста нянавісць да ўсяго варожага, якая прачнулася ад нямецкай мовы, але і пачуццё абурэння ад таго, што брат змагаецца на супрацьлеглым, брыдкім, чужым баку. Ад таго, што ўсё атрымалася так, менавіта так. Наляцела вайна і банальна, бесцырымонна адабрала жыцці, пасварыла людзей, знішчыла надзеі на лепшую будучыню і перакрэсліла ўсе ранейшыя намаганні. І ўсё быццам бы зразумела, палярна і адназначна. Немец — вораг. Рускі — сябар. Геройства — добра. Дэзерцір — здраднік, а здрада — дрэнна. Усё вызначана да таго моманту, пакуль не сустрэнеш мабілізаванага ў аўстрыйскую армію ўкраінца, і тут сістэма поглядаў і паняццяў ламаецца. Калі ёсць чыста чалавечае рашэнне — разысціся ў розныя бакі, ёсць і ўчынак, сацыяльна абумоўлены. І невядома, ці можна сацыяльнае і маральнае ў гэтым выпадку размяжоўваць ці, наадварот, аб'ядноўваць.

Значыць, трагедыя, і не адна. Адчувальная, рэальная, матэрыяльная — смерць чалавека (у гэтым выпадку ўкраінца). Гэта азначае: яшчэ адзін страчаны чалавек, муж, які не вярнуўся, дзеці-сіроты, цяжар на жаночыя плечы. І трагедыя метафізічнага плана, трагедыя асобы (беларуса), якая заблыталася ў нетрах чалавечых адносін і ўмоў.

У фільме так мала слоў, што міміка, выраз твару і погляды аказваюцца куды больш красамоўнымі, хоць і наўмысна быццам не эмацыйнымі. На іх нельга не звярнуць увагу, буйныя кадры вылучаюць іх — жывыя — з агульных шэрых фарбаў. Насцярожанасць, спалох, падазрэнне, дапытлівасць, расслабленасць, напружанне — счытваюцца на раз. І кожны эпізод маркіруецца выразам твару герояў.

Неверагодная здольнасць акцёраў выказваць пачуцці з адначасовай стрыманасцю. Міхась Барсковіч і Алесь Ждановіч (беларус і ўкраінец) у дасканаласці арганічныя і выразныя ў сваіх ролях.

Адзіны раз герой фільма выкажа эмоцыі і гэта выклікае магутны эфект, становіцца апагеем паўгадзіннага фільма. Зашчэміць і не адпусціць.

Па-добраму неадназначны «Рускі».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

На здымках:
кадры з фільма «Рускі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.